ГАМАЛО́ГІЯ (ад грэч. homologia адпаведнасць) у біялогіі, 1) адпаведнасць органаў у арганізмах розных відаў, абумоўленая іх філагенетычнай роднасцю. Падобныя органы або іх часткі звычайна развіваюцца ад эвалюцыйна аднолькавых зыходных зачаткаў, якія могуць выконваць розныя функцыі. Такія органы наз. гомалагічнымі. Напр., канечнасці пазваночных — ногі, ласты, крылы лятучых мышэй. Гамалогія як падабенства, заснаванае на роднасці, процістаіць аналогіі. Гамалогія органаў у розных відаў мае 3 крытэрыі: падабенства марфалагічнага плана будовы органаў, таксама іх стану ў арганізме ў адносінах да інш. органаў і падабенства іх морфагенезу.

2) Ідэнтычнасць структуры 2 (у дыплоідаў) або большай колькасці (у аўтапаліплоідаў) храмасом, якая азначае, што ў гомалагічных храмасомах аднолькавыя локусы размешчаны ў той жа лінейнай паслядоўнасці. Доказам гамалогіі генет. структур служыць дакладная кан’югацыя іх храмасом у прафазе меёзу і ўтварэнне жыццяздольных гамет і зігот.

т. 5, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́ДНЫ СПОРТ,

від спорту. Уключае падводнае арыентаванне. плаванне ў ластах, падводныя спартыўныя паляванне і стральбу па мішэнях, падводны турызм. Спарт. інвентар: акваланг, дыхальная трубка, ласты, маска і інш.

П.с. узнік у 1920-я г., інтэнсіўна развіваецца пасля вынаходства акваланга. Сусветная канфедэрацыя падводнай дзейнасці (падводнага спорту) створана ў 1959 (Манака); першы прэзідэнт Ж.А.Кусто. Канфедэрацыя аб’ядноўвае 112 краін (2000). Чэмпіянаты свету і Еўропы па падводным паляванні праводзяцца з 1950-х г., па падводным арыентаванні і плаванні ў ластах — з 1960-х г. (з 1967 кожны год), спаборніцтвы на Кубак Еўропы — з 1969.

На Беларусі культывуюцца (з 1959) падводныя спарт. паляванне і стральба па мішэнях, плаванне ў ластах. Чэмпіянаты рэспублікі і спаборніцтвы на Кубак Беларусі па падводным паляванні і плаванні ў ластах праводзяцца з 1972. У чэмпіянатах свету бел. спартсмены ўдзельнічаюць з 1976. Федэрацыя П.с. Беларусі створана ў 1992. Майстры спорту Беларусі В.​Сашынскі (чэмпіён Беларусі, 1996, 1997) і А.​Шапавалаў (чэмпіён Беларусі, 1998, 1999).

С.​А.​Патрыкееў.

т. 11, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ласт1 ’хвост у бабра’ (Інстр. 2), рус. арханг. ласт ’невялікая драўляная лапатка, якой бяруць цеста з дзежкі’. Да прасл. lapstъ, якое з’яўляецца роднасным да лат. lâpsla ’лапата’, lãpa ’лапа’, літ. lópa ’тс’ (Фасмер, 2, 462–463). Сучаснае літаратурнае ласт ’відазмененая канечнасць некаторых водных жывёл і птушак’ (ТСБМ) — з рус. ласт ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 72) таксама, як і ласты ’прыстасаванне ў выглядзе вясла для палягчэння плавання пад вадой’ (ТСБМ).

Ласт2 ’застаронак’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. ласт ’дранка, рэйкі, якімі прашываюць пазы ў лодках, суднах’, лост ’тс’, лостить ’абшалёўваць корпус судна, лодкі’. З фін., алан. lasta ’дранка, планка’ (Фасмер, 2, 463). Параўн. таксама вепс. лаst ’расколатае палена для лучыны’, лastęńik ’палукаш у простыя сані’, і рус. ла́сти ’памост з бярвення для праезду, праходу праз балота, гаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)