ГО́РКАЎСКАЯ ПАРО́ДА коз малочнага кірунку. Выведзена ў Ніжагародскай вобл. працяглым адборам мясц. коз па малочнай прадукцыйнасці. Гадуюць у Расіі, на Беларусі — аматары.

Паводле целаскладу падобныя да коз зааненскай пароды. Жывая маса казлоў 50—60 (да 75 кг), матак 38—42 (да 50 кг). Масць пераважна белая. Воўна кароткая, восцевая, з пуховым падшэрсткам. Настрыг воўны 250 г. Сярэдняя малочнасць 500—600 кг, найб. 1200 кг. Лактацыя да 11 месяцаў. Тлустасць малака 4,5—5%. Пладавітасць 150—170%. Шкуру выкарыстоўваюць на скураныя вырабы.

т. 5, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЗАМЕ́ННЫЯ АМІНАКІСЛО́ТЫ,

кіслоты, якія не сінтэзуюцца ў арганізме жывёл і чалавека або сінтэзуюцца ў недастатковай колькасці і павінны паступаць з ежай. Для чалавека неабходны 8 Н.а.: валін, ізалейцын, лейцын, лізін, метыянін, трыптафан, трэанін, фенілаланін. Астатнія амінакіслоты адносяць да заменных, але некат. ўмоўна. Напр., тыразін у арганізме ўтвараецца толькі з фенілаланіну, пры недахопе якога ў ежы можа стаць незаменным. Для розных жывёл набор Н.а. абумоўлены іх відам, узростам і інш. (напр., для белага пацука Н.а. — 10, для кураняці — 15). Адсутнасць або недахоп адной ці некалькіх Н.а. у ежы прыводзіць да адмоўнага балансу азоту ў арганізме, парушэння біясінтэзу бялкоў, развіцця, росту, паяўлення цяжкіх захворванняў, асабліва ў дзяцей (квашыаркор). У пэўныя перыяды (напр., лактацыя, цяжарнасць, некат. захворванні) патрэбнасць ў Н.а. павялічваецца.

С.​С.​Ермакова.

т. 11, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫКО́РМЛІВАННЕ дзіцяці.

Адрозніваюць выкормліванне натуральнае, штучнае і змешанае. Натуральнае,

або грудное выкормліванне малаком маці — найлепшы і самы бяспечны спосаб выкормлівання. Арганізм дзіцяці забяспечваецца неабходнымі пажыўнымі рэчывамі, змяншаецца рызыка захворванняў, умацоўваецца і здароўе жанчыны-маці. Натуральнае выкормліванне не выключае з харчавання дзіцяці 1-га месяца жыцця харч. дабавак (адвары садавіны, гародніны), а пазней і прыкорму (сокі, працёртыя яблыкі, пюрэ, жаўток, тварог, мясныя булёны, кашы і інш.). Склад і тэрміны ўвядзення прыкорму ўзгадняюцца з педыятрам. Доўжыцца грудное выкормліванне 1—1,5 года (па апошніх звестках, 2 гады і больш). Штучнае выкормліванне выкарыстоўваецца пры адсутнасці малака ў маці або калі лактацыя забяспечвае не болей як 20% патрэбы дзіцяці ў малацэ, пры хваробах маці, прыроджаных дэфектах ротавага апарату ў дзіцяці і інш. Грунтуецца пераважна на спажыванні штучных заменнікаў малака — салодкіх і кіслых малочных сумесей, патрабуе рэгулярнага мед. кантролю і назірання за фіз. развіццём дзіцяці. Пры змешаным выкормліванні аб’ём заменнікаў жаночага малака ў агульным рацыёне дзіцяці складае не больш за 20% сутачнай колькасці ежы.

Р.​У.​Дэрфліа.

т. 4, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́МЯ,

малочныя залозы млекакормячых жывёл. У жвачных і кабыл размяшчаецца ў пахвіннай вобласці, паміж сцёгнамі; у свіней — сіметрычна справа і злева ад «белай» лініі жывата. У самцоў рудыментарныя малочныя залозы ёсць спераду машонкі. Адрозніваюць множнае вымя з 4—8 доляў (напр., у сабакі, свінні). Вымя з 1 пары доляў (у авечкі, казы) або з 2 пар доляў, якія зліліся ў адзінае цэлае (у каровы, кабылы і інш.).

Малако ўтрымліваецца ў вымі дзякуючы капілярнасці, а таксама наяўнасці кругавых запіральных мышцаў (сфінктэраў) у сасках. Лактацыя мае сезонны характар. Рост і развіццё вымя цесна звязаны з дзейнасцю яечнікаў. Пад уплывам іх гармонаў вымя цельнай каровы расце ў 2-й пал. сухастойнага перыяду (за месяц да ацёлу). Росту вымя спрыяе масаж.

Схема будовы вымя каровы ў разрэзе: 1 — скура; 2 — паверхневая фасцыя вымя; 3 — глыбокая фасцыя вымя; 4 — альвеолы; 5 — вывадныя канальцы; 6 і 7 — малочныя хады; 8 — малочная цыстэрна; 9 — сасковы канал; 10 — сфінктар саска; 11 — пучкі гладкай мускулатуры вакол малочных хадоў; 12 — нерв; 13 — артэрыя; 14 — вена; 15 — злучальная тканка.

т. 4, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)