лока́тор спец. лака́тар, -ра м.;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

гідралака́тар

(ад гідра- + лакатар)

гідраакустычны прыбор для вызначэння месцазнаходжання падводных аб’ектаў пры дапамозе гукавых сігналаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЛІДА́Р (англ. Lidar скарачэнне ад Light detection and ranging выяўленне і вызначэнне далёкасці пры дапамозе святла),

аптычны лакатар для дыстанцыйнага зандзіравання паветраных і водных асяроддзяў. Мае крыніцу аптычнага выпрамянення (лазер), тэлескоп з фотапрыёмнікам, сістэму рэгістрацыі і апрацоўкі вынікаў зандзіравання, устройствы кіравання і адлюстравання інфармацыі, блок сілкавання. Дзеянне Л. заснавана на прынцыпе дзеяння радыёлакацыйнай станцыі. Бываюць стацыянарныя і перасоўныя. Гл. таксама Лазернае зандзіраванне.

т. 9, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

радыёлака́тар

(ад радыё- + лакатар)

комплекс радыёапаратуры для выяўлення і вызначэння месцазнаходжання аб’ектаў у прасторы па адбітых ад іх радыёхвалях.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

рэхалака́тар

(ад рэха + лакатар)

гідраакустычны навігацыйны прыбор для знаходжання і вызначэння месцазнаходжання ў вадзе рознага роду цел і прадметаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЛАКА́ЦЫЯ (ад лац. locatio размяшчэнне, размеркаванне),

вызначэнне лакатарам месцазнаходжання і інш. характарыстык аб’ектаў. Заснавана на аналізе адбітых аб’ектам сігналаў — гукавых або эл.-магн. хваль, якія генерыруе лакатар (актыўная Л., пры якой выкарыстоўваюцца імпульсныя і неперарыўныя сігналы), і хваль, якія стварае сам аб’ект (пасіўная Л.).

У залежнасці ад фіз. прыроды сігналаў адрозніваюць Л. гукавую (для назірання за аб’ектамі, што знаходзяцца на зямлі, у паветры і пад вадой; гл. Гідралакацыя), аптычную лакацыю, радыёлакацыю. Пры гукавой Л. ў імпульсным рэжыме адлегласць да аб’екта вызначаецца па часе спазнення адбітага рэхасігналу, пры неперарыўным рэжыме — па рознасці частот пасланага і адбітага частотна-мадуляваных сігналаў. Пасіўная Л. аб’ектаў, якія ствараюць шум, ажыццяўляецца з дапамогай вузканакіраваных прыёмнікаў гуку або з дапамогай карэляцыйных метадаў прыёму. На гукавых і ультрагукавых частотах працуюць гідралакатары, шумапеленгатары і рэхалоты. Уласцівасці Л. маюць многія жывёлы: яны здольныя вызначаць становішча любога аб’екта адносна сябе або сваё становішча ў прасторы (гл. Біялакацыя).

т. 9, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЛАКА́ТАР (ад гідра... + лакатар),

гідралакацыйная станцыя, комплекс прылад і прыстасаванняў для пошуку падводных аб’ектаў, вымярэння іх прасторавых каардынат і параметраў руху, а таксама вызначэння іх прыроды шляхам аналізу адбітых акустычных сігналаў (рэхасігналаў); сродак актыўнай гідралакацыі. Выкарыстоўваюцца ў мараплаўстве (для вызначэння падводных перашкод), у ваен. справе (пошук цэлей, забеспячэнне дзеяння зброі), для картаграфавання дна і адшуквання затанулых аб’ектаў (гідралакатар бакавога агляду і рэхалоты), пры выратавальных работах, у рыбапрамысл. разведцы і інш.

Гідралакатар мае: генератар эл. сігналаў зададзенага віду (імпульсных, неперарыўных, простых, складаных, з рознымі мадуляцыямі); перадавальную і прыёмную акустычныя антэны, якія апускаюцца ў ваду (уяўляюць сабой электраакустычныя пераўтваральнікі эл. сігналаў у акустычныя і наадварот; можа выкарыстоўвацца адна антэна з пераключальнікам «перадача-прыём»); прыстасаванне вылучэння і апрацоўкі рэхасігналаў, якія прымаюцца на фоне перашкод (шумы мора і суднаходства); прыстасаванні адвображання інфармацыі пра аб’екты, якая ўтрымліваецца ў рэхасігналах. Існуе мноства разнавіднасцей гідраклакатараў, якія ўстанаўліваюцца на суднах, самалётах і верталётах, на дне акіяна, а таксама дрэйфуюць, пераносяцца вадалазамі і г.д. У большасці выпадкаў гідралакатары працуюць на частотах ад адзінак да 100 кГц і маюць далёкасць дзеяння да дзесяткаў кіламетраў.

Літ.:

Митько В.Б., Евтютов А.П., Гущин С.Е. Гидроакустические средства связи и наблюдения. Л., 1982;

Колчеданцев А.С. Гидроакустические станции. Л., 1982.

В.І.Вараб’ёў.

т. 5, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)