АГУРО́К (Cucumis),

род аднагадовых травяністых раслін сям. гарбузовых. Вядома каля 30 відаў, гал. ч. у Афрыцы, некалькі відаў у Азіі. Найб. Пашыраны агурок пасяўны (C. sativus). Радзіма — Індыя, дзе агурок вядомы за 3 тыс. г. да н.э. Вырошчваецца ў многіх краінах свету, пераважна ў зоне ўмеранага клімату. Адна з пашыраных харч. культур.

Сцябло паўзучае, даўж. да 1,5 м, з простымі вусікамі, шорсткаапушанае. Лісце чаргаванае, 5-лопасцевае, радзей суцэльнае. Кветкі ў пазухах, аднаполыя, мужчынскія, адзіночныя або ў шчытках, жан. адзіночныя. Плод — гарбузіна, розная па форме і велічыні (даўж. 5—70 см); ёсць партэнакарпічныя (безнасенныя) формы. Святло- і вільгацелюбівая расліна кароткага дня, скараспелая, патрабавальная да цяпла і ўрадлівасці глебы. Вырошчваецца ў адкрытым грунце і ў цяпліцах з насення або расады. Вегетац. перыяд ва ўмовах Беларусі 90—105 сут. Добра расце на супясчаных і лёгкіх сугліністых глебах, багатых перагноем. Ураджайнасць у адкрытым грунце 12—46 т/га, у цяпліцах 15—25 кг з 1 м². Плады маюць у сабе ваду (95—96%), цукры, бялковыя рэчывы, клятчатку, мінер. элементы, вітаміны, арган. к-ты і інш. рэчывы. Найб. папулярныя сарты на Беларусі Доўжык, Зграбны, Нежынскі мясцовы, Нерасімы 40; перспектыўныя — Беларускі, Вадалей, Дэкан, Канкурэнт, Куставы і інш. Асн. шкоднікі агурка: парасткавая муха, тля, павуцінны клешчык; хваробы: перанаспароз, мучністая раса, аліўкавая плямістасць.

Літ.:

Огурцы. 2 изд. Мн., 1987;

Ерохин И.Е., Стрельцов С.Д. Огурцы и томаты: на грядке, в теплице, в комнате. 2 изд. Донецк, 1991.

Агурок.

т. 1, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯ́ТЫ І СВЯТО́ЧНЫЯ ДНІ,

замацаваныя звычаямі і абрадамі дні, якія выражаюць пэўныя погляды, адносіны людзей да прыроды і паміж сабою. Многія склаліся ў старажытнасці. У працэсе гіст. развіцця зменьваліся, некат. адміралі, узнікалі новыя. На ранняй стадыі чалавечага грамадства, калі асн. заняткамі людзей было паляўніцтва, рыбалоўства і збіральніцтва, важнае значэнне надавалася святам, што наладжваліся ў гонар татэма, якому пакланяўся род і лічыў сваім апекуном. Татэмныя святы адбываліся ў спец. месцах, дзе захоўваліся родавыя святыні, суправаджаліся песнямі і танцамі, расказамі міфаў пра ўзнікненне роду. Святы ў гонар татэма ў некат. месцах захоўваліся і пасля таго, як род знік. Больш трывалымі і разнастайнымі былі земляробчыя святы. На Беларусі яны з’явіліся пераважна ў бронзавым і жалезным вяках, пастаянна развіваліся і сталі характэрнай рысаю культуры бел. этнасу, яго календара. Першым веснавым святам было гуканне вясны. Яго гал. элемент — спяванне веснавых песень, якімі заклікалі хутчэйшы прыход вясны, ваджэнне карагодаў, гушканне на арэлях. Абрадавай ежаю свята было печыва, якое нагадвала птушак. Гал. веснавым святам у земляробаў было валачобнае, якое пазней атрымала назву Вялікдзень. У старажытнасці яно было пачаткам новага каляндарнага года, таму ў час свята выказвалі добрыя пажаданні на ўвесь год. Ім адзначалі таксама пачатак веснавых земляробчых работ. Асн. яго элементы — абход валачобным гуртом усіх двароў (хат), спяванне валачобных песень, віншаванні. Лічылася, што валачобныя абрады спрыяюць ураджаю, дабрабыту сям’і, засцерагаюць ад хвароб. Продкаў паміналі на Радаўніцу. У канцы вясны — пачатку лета, праз сем тыдняў пасля Вялікадня, спраўлялі Сёмуху («зялёныя святкі»). Хаты ўпрыгожвалі галінкамі дрэў, двары высцілалі аерам. У гэты час у некат. рэгіёнах Беларусі спраўлялі абрад кумавання, або куставы (гл. Куст). Абавязковай абрадавай стравай у час кумавання была яечня. Гал. летнім святам беларусаў было Купалле. Яно звязана з летнім сонцастаяннем і накіравана пераважна на тое, каб садзейнічаць паспяванню ўраджаю. Для яго характэрны ўяўленні, што агонь (вогнішча — сімвал сонца), вада. расліннасць спрыяюць ураджаю, здароўю людзей. З купальскім святам звязаны шматлікія абрады, багатая купальская міфалогія бел. этнасу, у якой адлюстраваны яго паэтычны погляд на прыроду і мары пра шчаслівае жыццё. Купальская міфалогія ўвасоблена ў купальскіх песнях, карагодах, паданнях і займае важнае месца ў нац. культуры беларусаў. Цэнтральнае восеньскае свята — Багач. Яго спраўлялі пасля ўборкі збожжавых культур, напярэдадні сяўбы азімых. Сімвал свята — сявенька з жытам і васковай свечкай, якую называлі багачом. З гэтым сімвалам абыходзілі ўсе двары, пасля яго ставілі ў хаце пэўнага гаспадара і пакідалі да наступнага жніва. З культам продкаў звязаны восеньскія Дзяды. У сярэдневякоўі ў сувязі са зменамі ў календары і пераносам пачатку новага года з вясны на зіму сфарміравалася зімовае свята Каляды. Асн. яго абрад — калядаванне. Яго ўдзельнікі хадзілі па хатах, выконвалі віншавальныя калядныя песні з пажаданнем добрага ўраджаю, дабрабыту, атрымлівалі за гэта дарункі. Істотны элемент гэтага свята — абрадавая вячэра (куцця). У час свята наладжвалі шматлікія гульні, танцы, забавы («Жаніцьба Цярэшкі», «Яшчур» і інш.), варажбу. З пашырэннем хрысціянства на Беларусі ўсталяваліся і хрысц. святы. Іх спраўляюць паводле царк. календара (правасл. і каталіцкага). Многія земляробчыя каляндарныя святы прымеркаваны да хрысціянскіх (гл. Святы рэлігійныя). Перапляліся даты правядзення хрысц. і земляробчых каляндарных свят і іх абрады. Сінкрэтычны характар у побыце набыла і міфалогія. Са з’яўленнем у сярэдневякоўі на Беларусі яўрэяў і татараў у іх асяроддзі спраўляюць іудаісцкія і мусульманскія святы. Шмат новых свят з’явілася на Беларусі ў 20 ст. Сярод іх дзярж.: Дзень Канстытуцыі (15 сак.), Дзень Перамогі (9 мая), Дзень Дзярж. герба Рэспублікі Беларусь і Дзярж. сцяга Рэспублікі Беларусь (2-я нядзеля мая), Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі — 3 ліп.), Дзень Кастр. сацыяліст. рэвалюцыі — 7 ліст. Адзначаюць таксама Дзень абаронцаў Айчыны і Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь (23 лют.), Дзень жанчын (8 сак.), Свята працы (1 мая). З’явілася многа свят, прысвечаных работнікам асобных прафесій, галін прамысловасці і сфер дзейнасці: Дзень работнікаў сац. абароны (5 студз.), Дзень бел. навукі (апошняя нядзеля студз.), Дзень міліцыі (4 сак.), Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі (7 мая), Дзень хіміка (апошняя нядзеля мая), Дзень мед. работніка (3-я нядзеля чэрв.), Дзень будаўніка (2-я нядзеля жн.), Дзень настаўніка (1-я нядзеля кастр.), Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысл. комплексу (3-я нядзеля ліст.) і інш. Апрача гэтых свят, на Беларусі пачалі адзначаць Дзень сям’і (15 мая), Дзень моладзі (апошняя нядзеля чэрв.), Дзень бел. пісьменства (1-я нядзеля вер.), Дзень маці (14 кастр.), Дзень памяці (2 ліст.), Дзень правоў чалавека (10 снеж.) і інш. Нерабочымі святочнымі днямі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца: 1 студз. — Новы год; 7 студз. — Каляды правасл.; 8 сак. — Дзень жанчын; 1 мая — Свята працы; 9 мая — Дзень Перамогі; 3 ліп. — Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі); 7 ліст. — Дзень Кастр. сацыяліст. рэвалюцыі; 25 снеж. — Каляды каталіцкія.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 14, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)