ЛУ́ЖЫЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён канца бронзавага і ранняга жал. вякоў (15—4 ст. да н.э.), якія насялялі зах. землі Польшчы, усх. вобласці Германіі, паўн. раёны Чэхіі і Славакіі. Назва ад Лужыцкай вобл. (Германія), дзе ўпершыню выяўлены характэрныя помнікі. Насельніцтва жыло на паселішчах у наземных жытлах слупавой канструкцыі і ў паўзямлянках з глінянымі печамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне ў грунтавых могільніках, трапляецца і трупапалажэнне ў курганных могільніках. Плямёны Л.к. займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. Выраблялі метал. прылады працы, зброю, упрыгожанні, цюльпана- і яйцападобныя гаршкі, біканічныя і пукатыя вазы, інш. посуд, арнаментаваны шышкападобнымі выступамі і гарыз. жалабкамі. Скіфскія набегі з 6 ст. да н.э. паскорылі заняпад Л.к. На Беларусі зафіксаваны асобныя знаходкі рэчаў Л.к. каля Навагрудка, вёсак Здзітава Бярозаўскага, Барысы Брэсцкага р-наў Брэсцкай вобл. і інш.

В.​І.​Шадыра.

Бронзавы бранзалет лужыцкай культуры.

т. 9, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́НЦАРАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямёнаў, якія ў 6—8 ст. жылі ў Верхнім Падняпроўі, Верхнім Панямонні, Верхнім і Сярэднім Падзвінні. Назва ад гарадзішча Банцараўшчына пад Мінскам. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй; жыло на селішчах у паўзямлянкавых жытлах зрубнай канструкцыі і наземных слупавой канструкцыі, унутры жытлаў размяшчаліся печы-каменкі. У якасці сховішчаў часта выкарыстоўваліся ранейшыя гарадзішчы, якія дадаткова ўмацоўваліся валамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне на бескурганных і курганных могільніках. Рэшткі спаленых нябожчыкаў змяшчаліся ў гліняныя урны або ссыпаліся ў магільныя ямы. У курганах (круглых, падоўжаных, доўгіх) пахаванні на гарызонце, у насыпе або адразу пад яго дзярновым пакрыццём. Характэрны слабапрафіляваны пласкадонны неарнаментаваны посуд. Большасць даследчыкаў лічыць, што Банцараўская культура належала балтам; яна сфарміравалася ў выніку пранікнення на Пн Беларусі носьбітаў кіеўскай культуры і змяшэння іх з плямёнамі днепра-дзвінскай культуры і штрыхаванай керамікі культуры.

Кераміка банцараўскай культуры.

т. 2, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВЕ́СКА,

від стараж. падвесных упрыгожанняў да адзення (часцей жаночага), збруі і інш. Служылі таксама амулетамі. Найчасцей іх насілі разам з каралямі і пацеркамі, на ланцужках, шнурках, прышывалі на адзенне На Беларусі найб. стараж. П. адносяцца да палеаліту (з зубоў жывёл). У бронзавым веку выкарыстоўвалі бурштынавыя П. з вял. адтулінай пасярэдзіне, а таксама медныя акулярападобныя П. У жал. веку пашыраны П. металічныя (бронзавыя і жал.), касцяныя, гліняныя розных геам. форм. У 10—13 ст. з каляровых і каштоўных металаў выраблялі П. ў выглядзе плоскіх сімвалаў нябесных свяціл, жывёл, птушак, бытавых рэчаў, крыжыкаў, званочкаў. П. знаходзяць на паселішчах і ў пахаваннях. Найб. цікавыя П. знойдзены ў Барысаве, Віцебску, гарадзішчы Маскавічы, курганных могільніках каля в. Лудчыцы Быхаўскага р-на і в. Калодзецкая Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.

Л.​У.​Дучыц.

Падвескі-конікі з гарадзішча Маскавічы. 13 ст.

т. 11, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКА́-РАЙКАВЕ́ЦКАЯ, культура тыпу Лукі-Райкавецкай,

археалагічная культура плямён, якія ў 8—10 ст. жылі на тэр. Украіны, Малдовы, Пд Беларусі, у Балгарыі, Румыніі. Назва ад селішча ва ўрочышчы Лука каля в. Райкі Бярдзічаўскага р-на Жытомірскай вобл. (Украіна). Насельніцтва жыло на селішчах і гарадзішчах па берагах рэк. Пахавальны абрад — трупаспаленне на грунтавых і курганных могільніках. Кераміка ляпная (таўстасценныя пасудзіны з адагнутымі венчыкамі, аздобленыя па ўсёй паверхні кругавым хвалістым арнаментам) і ганчарная (таўстасценныя гаршкі з адагнутымі венчыкамі, з кругавым хвалістым і лінейным арнаментам па ўсёй паверхні). Культура тыпу Л.-Р. складалася на аснове пражскай культуры, яе пакінулі ўсх. славяне на этапе фарміравання дзяржаўнасці ў раннім сярэдневякоўі. У Беларусі да гэтай культуры належаць гарадзішчы і селішчы Хатомель і Струга Столінскага, Гарадзішча Пінскага, Дружба Брэсцкага р-наў Брэсцкай вобл., курганны могільнік Радасць Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. і інш.

В.​С.​Вяргей.

т. 9, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЁРСКІ ГІСТО́РЫКА-ЭТНАГРАФІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1983 у г. Міёры Віцебскай вобл. на базе музея на грамадскіх пачатках, адкрыты ў 1994. Нл. экспазіцыі 131 м², каля 2,5 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999), 6 залаў. У зале археалогіі сярод экспанатаў прылады працы, касцяныя грабеньчыкі, шпількі-амулеты, шкляныя пацеркі, спражкі, вітыя бранзалеты з зааморфнымі выявамі з курганных могільнікаў і гарадзішчаў Міёршчыны. У залах ткацтва, ганчарства і бандарства тканыя вырабы, вышыванкі, прылады працы для апрацоўкі лёну і воўны, гаршкі, гарлачыкі, бандарны посуд, вырабы мясц. майстроў. 2 залы прысвечаны гісторыі краю з пач. 19 ст., у т. л. падзеям вайны 1812, паўстанняў 1830—31, 1863—64, рэвалюцыі 1905, 1-й сусв. вайны, дзейнасці падполля і партыз. руху ў Вял. Айч. вайну, развіццю сельскай гаспадаркі і прамысловасці ў пасляваенны час. У зале пляцення карабы і абутак з саломы, мэбля, кошыкі з лазы, маляваныя дываны мясц. мастакоў.

Т.​Л.​Мішчышына.

т. 10, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛО́ЧЫНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён, якія ў 3-й чвэрці 1-га тыс. н.э. (храналаг. рамкі: канец 4—9 ст., найб. абгрунтаваная дата 5—7 ст.) насялялі большую частку бас. Дзясны, Сейма, вярхоўяў рэк Сула і Псёл, Гомельскае і Магілёўскае Падняпроўе, ніжняе цячэнне Бярэзіны, левабярэжжа Прыпяці ад вусця Пцічы да зліцця з Дняпром. Назва ад гарадзішча каля в. Калочын Рэчыцкага р-на. Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем і хатнімі промысламі. Асн. тыпам пасяленняў былі неўмацаваныя селішчы; нешматлікія гарадзішчы служылі сховішчамі на выпадак ваен. небяспекі. Жыллё — аднакамерныя паўзямлянкі зрубнай ці слупавой канструкцыі (часта з апорным слупам ў цэнтры), чатырохвугольныя ў плане. Характэрны адкрытыя агнішчы, трапляюцца печы-каменкі. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі пахаванняў на бескурганных і курганных могільніках, пахаванні урнавыя і ямныя. Насельніцтва вырабляла ляпныя гаршкі пераважна слоіка- і цюльпанападобных рабрыстых форм, а таксама прылады працы і зброю з жалеза, бронзавыя ўпрыгожанні і інш. Этнічная прыналежнасць К.к. спрэчная: В.​В.​Сядоў, І.​П.​Русанава, А.​Р.​Мітрафанаў, В.​Б.​Перхаўка адносяць яе да балтаў; П.​М.​Траццякоў, ЭА.​Сымановіч, Я.​А.​Гаруноў, Л.​Д.​Побаль — да славян.

Алег Макушнікаў.

т. 7, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ ГУБЕ́РНСКАЯ ДРУКА́РНЯ.

Дзейнічала ў 1833—1917 у Магілёве пры губернскім праўленні. У 1846 ёй перададзена абсталяванне кансісторскай друкарні (гл. Магілёўская друкарня). Друкавала газ. «Могилевские губернские ведомости», штогадовыя даведнікі «Агляд Магілёўскай губерні» (1879—1915) і «Памятныя кніжкі Магілёўскай губерні» (1861—1916), афіц. матэрыялы губернскага праўлення, матэрыялы мясц. дзярж. устаноў і грамадскіх арг-цый і інш. У 1853—55 выдадзена першая кніга «Магілёўская флора» Р.​Пабо і К.​А.​Чалоўскага. Сістэматычнае кнігадрукаванне пачалося з 1861. Усяго выдадзена каля 217 назваў кніг, пераважна свецкай тэматыкі (маст., навук., даведачныя і інш.) на рус. мове (рэліг. л-ра складала 4,6% ад агульнай колькасці). Сярод выданняў краязнаўчыя працы па гісторыі, археалогіі і этнаграфіі: «Гістарычны нарыс Магілёўскай губерні» М.​В.​Фурсава (1882), «Дзённік курганных раскопак, зробленых ... на працягу лета 1892 г. ў паветах Рагачоўскім, Быхаўскім, Клімавіцкім, Чэрыкаўскім і Мсціслаўскім» Фурсава і С.​Ю.​Чалоўскага (1892), «З хронікі г. Магілёва за час з 1706—09 гг.» (1904), «Бялыніцкі Раства-Багародзіцкі манастыр» Ф.​А.​Жудро (1911), «Гістарычная даведка Магілёўскай мужчынскай гімназіі, 1809—1909» М.​П.​Сазонава (1909), збор гіст. матэрыялаў «Магілёўская даўніна», «Спроба апісання Магілёўскай губерні...» пад рэд. А.​Дамбавецкага (кн. 1—3, 1882—84), «Вясельныя песні беларускія» Дамбавецкага (1884), «Беларускі зборнік» Е.​Раманава (вып. 6, 1901), «Кароткая даведка аб пяцідзесяцігадовым існаванні Магілёўскай жаночай гімназіі (1865—1915)» (1915) і інш. На бел. мове надрукавана кн. «Тарас на Парнасе і іншыя беларускія вершы» (1900—02).

І.​А.​Пушкін.

т. 9, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́НЗАВЫ ВЕК,

перыяд у гісторыі чалавецтва, калі пашыралася металургія і апрацоўка бронзы, з якой выраблялі ўпрыгожанні, прылады працы, зброю. На некаторых тэрыторыях яму папярэднічаў энеаліт, калі побач з каменнымі ўжываліся медныя прылады. У 4—3-м тыс. да н.э. бронзу пачалі выплаўляць у краінах Пярэдняй Азіі, Егіпце, Індыі, Кітаі. У Еўропе пачатак эпохі бронзы прыпадае на мяжу 3-га і 2-га тыс. да н.э. ў Міжземнамор’і, на Пд Балканскага п-ва, Зах. Каўказе. Да канца 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. бронзавы век складваецца на ўскраінах Паўн.-Зах. і Паўн.-Усх. Еўропы. Заключны этап бронзавага веку прыпадае на 1300—700 да н.э. Першыя распрацоўкі медных, алавяных і інш. руд у Еўропе пачаліся на Балканах і Карпатах, з 1700—1500 да н.э. — ва Усх. Альпах. У гэты час усталёўваліся міжрэгіянальныя сувязі па абмене меддзю, бронзаю, золатам і інш., узніклі ўмацаваныя паселішчы — гарадзішчы, паглыблялася сац. дыферэнцыяцыя грамадства. Вял. значэнне набывалі войны і рабаўнічыя паходы. Важнай крыніцай існавання станавілася земляробства і жывёлагадоўля, распаўсюджваліся культы і вера ў багоў, звязаныя з гэтымі заняткамі. На тэр. Зах. і Цэнтр. Еўропы развіваліся археал. культуры унеціцкая, эльаргарвесекская, палёў пахаванняў і інш.; на тэр. Усх. Еўропы — тшцінецкая, камароўска-сосніцкая, катакомбавая, зрубная. Позні бронзавы век — перыяд буйных перамяшчэнняў народаў, што суправаджалася пашырэннем культуры курганных магіл, палёў пахавальных урнаў культуры, якія ў 12—10 ст. да н.э. ахоплівалі тэр. Цэнтр., а ў 10—8 ст. да н.э. паўшывалі на Зах. і часткова Паўн. і Паўд.-Усх. Еўропу. З культурамі эпохі бронзы звязваюць паходжанне многіх еўрап. народаў (ілірыйцаў, кельтаў, германцаў, балтаў і інш.).

На тэр. Беларусі аддаленасць ад стараж. цэнтраў металургіі стала прычынай захавання тут на больш працяглы час каменных прылад працы, але апрацоўваліся яны лепш, ужываліся шліфаванне, свідраванне, пілаванне, апрацоўка крэменю струменістай рэтушшу. Распаўсюдзілася здабыча крэменю шахтавым спосабам (гл. Шахты крэменездабыўныя). Бронзавых рэчаў на тэр. Беларусі мала — шылы, сякеры, наканечнікі коп’яў, упрыгожанні. Мясц. вытворчасць некаторых бронз. рэчаў з прывазной сыравіны і пераплаўка сапсаваных вырабаў пачаліся з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. Пашырыўся пласкадонны посуд разнастайнага асартыменту, што было выклікана паяўленнем агнішчаў з роўнай чарэнню, сталоў са шчапаных і часаных дошак і больш разнастайнай ежы. З Прыбалтыкі ў абмен на крэмень трапляў бурштын, з Прычарнамор’я і Каўказа — упрыгожанні са шклопадобнай масы і бронз. вырабы, з Карпата-Альпійскай вобл. і Скандынавіі — некаторыя метал. вырабы. Ужо ў пач. Бронзавага веку на тэр. Беларусі распаўсюдзіліся пахаванні нябожчыкаў на бескурганных і курганных могільніках, паявіўся пахавальны абрад трупаспалення. На заселеную аўтахтонным познанеаліт. насельніцтвам тэрыторыю праніклі плямёны розных культур шнуравой керамікі. Тэр. паўд.-ўсх. Беларусі занялі плямёны сярэднедняпроўскай, на зах. Палессі жылі плямёны шнуравой керамікі Палесся, у Панямонні — прыбалтыйскай культур (пра кожную культуру гл. асобны арт.), у Паазер’і — паўночнабеларускай культуры. Узаемаадносіны прышлых плямён і абарыгенаў у бронзавым веку характарызаваліся рознымі формамі ўзаемаўплыву і асіміляцыі. Гэтыя працэсы прывялі да фарміравання да сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. тшцінецкай культуры ў бас. Прыпяці і на Паўд. Панямонні і роднаснай ёй сосніцкай культуры ў Падняпроўі. У канцы бронзавага веку пачалі складвацца пач. этапы мілаградскай, штрыхаванай керамікі, днепра-дзвінскай культур. Трапляюцца сляды шматвалікавай керамікі культуры і лебядоўскай культуры, на ПдЗ Беларусі — лужыцкай культуры.

Літ.:

Артеменко И.И. Племена Верхнего и Среднего Поднепронья в эпоху бронзы. М., 1967;

Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1. Мн., 1972;

Исаенко В.Ф. Археологическая карта Белоруссии. Вып. 3. Памятники бронзового века. Мн., 1976;

История Европы: В 8 т. Т. 1. Древняя Европа. М., 1988.

М.​М.​Крывальцэвіч, М.​М.​Чарняўскі.

Да арт. Бронзавы век. Посуд сярэднедняпроўскай культуры з Беларускага Падняпроўя.

т. 3, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАТРАПЕ́Й (ад грэч. apotropaios які адводзіць бяду),

амулет, абярэг, прадмет, выява або дзеянне, якім прыпісвалі магічную здольнасць засцерагаць ад няшчасця і злога духу.

Апатрапеямі былі выявы жахлівых божастваў, звяроў і прадметаў (егіпецкага Беза, Гарпагоны, льва, грыфона, фаласа, складзеных пальцаў і г.д.), якія насілі як нацельныя амулеты; архітэктурныя рэльефы ў выглядзе звярыных мордаў і падобныя выявы на пасудзінах, зброі; нацельныя крыжыкі і ладанкі, што быццам аберагаюць вернікаў ад «нячыстай сілы».

Бел. нар. назва абярэ́г. З эпохі палеаліту як апатрапей выкарыстоўвалі амулеты з зубоў, кіпцюроў і касцей жывёл. Розныя амулеты-апатрапеі былі ў эпоху язычніцтва і ранняга хрысціянства: у курганных могільніках 9—13 ст. на Беларусі знойдзены амулеты-падвескі (лунніцы, крыжыкі), амулеты-змеевікі, змеегаловыя бранзалеты і інш. Апатрапейная сімволіка прысутнічала ў традыц. сямейнай і каляндарнай абраднасці. На Палессі апатрапеем было «завівала», якім накрывалі маладую ў найб. адказныя моманты вяселля; да вянца незалежна ад пары года надзявалі верхняе суконнае або футравае адзенне. Апатрапейная заклінальная магія — неад’емная частка вясенне-летніх абрадаў: сцябанне людзей і жывёлы асвячонай вярбой з традыц. прыгаворамі, асвячэнне вуглоў новай хаты свянцонай вадою; магічны круг вакол двара ў час падрыхтоўкі да веснавой сяўбы; трохразовы абход жывёлы з магічнымі прадметамі і заклінаннямі перад першым выганам у поле; юраўская раса, абрадавае печыва ў выглядзе крыжа і інш. Апатрапейны кірунак мелі такія формы калектыўнай абраднасці, як абворванне вёскі, хрэсны ход, тканне ручніка за дзень ці ноч, здабыванне «жывога» агню трэннем і інш. Адным з дзейсных апатрапеяў здаўна лічыўся чырвоны колер і арнамент. Апатрапеем лічыліся хлеб, вада, агонь, раса, зямля, вострыя металічныя прадметы, чалавечыя валасы, бурштын, зерне, ільняное валакно і семя, мак, пахучыя расліны (цыбуля, часнок, мята, палын) і інш.

т. 1, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)