БРОМІНДЫ́ГА (5,5, 7,7тэтраброміндыга),

кубавы фарбавальнік; вытворнае індыга. Цёмна-сінія крышталі; не раствараецца ў вадзе. Атрымліваецца пры браміраванні індыга ў канцэнтраванай сернай кіслаце. Больш устойлівы і яркі, чым індыга. Выкарыстоўваюць для фарбавання баваўняных і віскозных тканін.

т. 3, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

інды́га, нескл., н.

1. Фарбавальнік цёмна-сіняга колеру, які ў мінулым здабываўся з соку некаторых трапічных раслін, а цяпер атрымліваецца хімічным спосабам.

2. у знач. прым. Цёмна-сіні, кубавы. Сукенка колеру індыга.

[Ісп. indigo.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ку́ба1 ’род шаблі’ (Гарб.). Няясна. Ці не запазычана з цюрк. (параўн. тур. kubur ’футляр, калчан’)? Тады першаснае значэнне для куба — ’род ножан’.

Ку́ба2 ’матэрыял бурачковага колеру’ (Нар. сл.). Скарочаная форма да кубавы (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ІНДЫ́ГА (ісп. indigo ад грэч. indikos індыйскі),

арганічнае злучэнне, вытворнае індолу; кубавы фарбавальнік сіняга колеру. Крышталі цёмна-сіняга колеру з медным адценнем, плавяцца з раскладаннем, tпл 390—392 °C. Не раствараецца ў вадзе, этаноле, эфіры, раствараецца ў аніліне, нітрабензоле, ледзяной воцатнай кіслаце. Натуральны І. вядомы з глыбокай старажытнасці. Атрымлівалі з трапічных раслін роду Indigofera і інш. індыганосаў. У 16 ст. завезены ў Еўропу. У канцы 19 ст. распачалі вытв-сць сінт. І., больш таннага і чыстага. Выкарыстоўваюць для афарбоўкі тэкст. матэрыялаў (у асн. джынсавай тканіны), у вытв-сці чарніла, фарбаў.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 7, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

бромінды́га

(ад бром + індыга)

бромзамешчаны індыга, кубавы фарбавальнік яркіх тонаў ад чырвона-фіялетавага да зеленавата-сіняга колеру; выкарыстоўваецца для фарбавання баваўняных і віскозных тканін.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)