Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЮ́КСБУРГІ
(ням. Glücksburg, лац. Glücksborg),
Шлезвіг-Гольштэйн-Сёнерборг-Глюксбургі, дацкая, нарв. і грэч. каралеўскія дынастыі. У Даніі правілі Глюксбургі: Крысціян IX [1863—1906], Фрэдэрык VIII [1906—12], Крысціян Х [1912—47], Фрэдэрык IX [1947—72], Маргрэтэ II з 1972; у Нарвегіі: Хокан VII [1905—57], Улаф V [1957—1991], Харальд V [з 1991]; у Грэцыі: Георг І, Канстанцін І [1913—17, 1920—22], Аляксандр [1917—20], Георг II, Канстанцін II [1964—74].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́НГЕ (Lange) Крысціян
(17.9.1869, г. Ставангер, Нарвегія — 11.12.1938),
дзеяч нарв. і міжнар. руху прыхільнікаў міру. Скончыў ун-т у Осла (1893). Настаўнічаў. У 1909—33 ген. сакратар Міжпарламенцкага саюза. Выступаў з пазіцый пацыфізму. У 1920—37 дэлегат ад Нарвегіі ў Лізе нацый. Нобелеўская прэмія міру 1921 (разам з Х.Я.Брантынгам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУ́ГМАН (Brugmann) Карл Фрыдрых Крысціян
(16.3.1849, г. Вісбадэн, Германія — 29.6.1919),
нямецкі мовазнавец. Праф. Лейпцыгскага ун-та (з 1882). Даследаванні ў галіне параўнальнай граматыкі індаеўрап. моў. Адзін з заснавальнікаў младаграматызму ў мовазнаўстве. Прадмова да працы «Марфалагічныя даследаванні ў галіне індаеўрапейскіх моў» (разам з Г.Остгафам; т. 1—6, 1878—1910) адыграла ролю маніфеста младаграматыкаў. З 1891 разам з В.Штрэйтбергам выдаваў час. «Indogermanische Forschungen» («Індагерманскія даследаванні»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЬ (Dahl) Юхан Крысціян Клаўсен
(24.2.1788, г. Берген, Нарвегія — 14.10.1857),
нарвежскі жывапісец і графік; заснавальнік нарв.нац. пейзажа. Вучыўся ў Бергене (каля 1808) і ў АМ у Капенгагене (з 1811). З 1818 жыў у Дрэздэне (з 1824 праф.АМ). Зазнаў уплыў ням. рамантызму. Пісаў пераважна суровыя горы, бурлівыя рэкі, ціхія даліны і азёры Нарвегіі: «Від на Фортундаль» (1836), «Стальхейм. Пейзаж з вясёлкай» (1842) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ТГУС (Grotthuss, Grothuβ) Крысціян Іаган Дзітрых (Тэадор) фон (20.1.1785, г. Лейпцыг, Германія — 26.3.1822), фізік і хімік. У 1803—08 вучыўся ў Лейпцыгу, Парыжы, Рыме. З 1808 праводзіў навук. даследаванні ў сваім маёнтку Гедучай у Літве. Навук. працы па электра- і фотахіміі, будове рэчыва. Прапанаваў тэорыю электролізу (1805), сфармуляваў першы закон фотахіміі (закон Гротгуса): фотахім. рэакцыю ў рэчыве можа выклікаць толькі тая частка падаючага на яго святла, якую рэчыва паглынае (1818).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЛЕРТ (Gellert) Крысціян Фюрхтэгот
(4.7.1715, г. Гайніхен, Германія — 13.12.1769),
нямецкі пісьменнік. Прадстаўнік Асветніцтва. Праф. Лейпцыгскага ун-та (1745). Пропаведзі рэліг. абавязку і сямейнай дабрачыннасці прысвечаны «Маральныя лекцыі» (т. 1—2, 1770), «Духоўныя оды і вершы» (1757). У «Байках і апавяданнях» (т. 1—2, 1746—48) адлюстраваў побыт і свядомасць ням. бюргерства. Гелерт першы з ням. пісьменнікаў паспрабаваў стварыць ням.бурж. камедыю («Пяшчотныя сёстры», 1747, і інш.), а таксама асветніцкі раман («Жыццё шведскай графіні фон Гелерт» (т. 1—2, 1747—48).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ФМАНСВА́ЛЬДАЎ (Hofmannswaldau) Крысціян Гофман фон
(25.12.1616, г. Брэслаў, цяпер г. Вроцлаў, Польшча — 18.4.1679),
нямецкі паэт, адзін з буйных прадстаўнікоў барока; стваральнік т.зв. другой сілезскай школы паэтаў, блізкай да марынізму. Скончыў Лейдэнскі ун-т (Нідэрланды). Дэбютаваў перакладамі з італьян. паэзіі. Дыяпазон лірыкі Гофмансвальдаў (надрукавана пасмяротна) вельмі шырокі: ад галантнай любоўнай паэзіі (эратычныя оды, мадрыгалы, рандо) да трагічнай філас. лірыкі, эпітафій і эпіграм, дзе геданістычныя матывы спалучаюцца з адчуваннем марнасці, тленнасці быцця. Вядомасць Гофмансвальдаў прынеслі «Гераічныя лісты» (1679), узорам для якіх паслужылі «Гераіды» Авідзія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НФІНСЕН (Anfinsen) Крысціян Бемер
(н. 26.3.1916, г. Манесен, шт. Пенсільванія, ЗША),
амерыканскі біяхімік. Чл.Нац.АН ЗША (1963), Дацкага каралеўскага т-ва навук (1964). Скончыў Пенсільванскі ун-т (1939). У 1948—50 і 1962—63 выкладаў у Гарвардскім ун-це, у 1950—62 і з 1963 у Нац. ін-це здароўя ў Бетэсдзе (каля Вашынгтона). Навук. працы па біяхіміі бялкоў і ферментаў. Прапанаваў новую трактоўку працэсу біял. эвалюцыі (1959). Нобелеўская прэмія 1972 (з С.Мурам і У.Х.Стайнам).
Тв.:
Молекулярные основы эволюции: Пер. с англ. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́БЕ (Grabbe) Крысціян Дзітрых
(11.12.1801, г. Дэтмальд, Германія — 12.9.1836),
нямецкі драматург. Вывучаў права ва ун-тах Лейпцыга і Берліна. Яго ранняя творчасць адзначана самабытнасцю, асаблівай «неўтаймаванасцю», тытанізмам вобразаў: камедыя «Жарт, сатыра, іронія і больш глыбокі сэнс» (1827), напісаныя ў рэчышчы рамант. «драмы лёсу» трагедыі «Герцаг фон Готланд» (1827), «Дон Жуан і Фауст» (1829). Аўтар гіст. драм, прысвечаных буйным гіст. падзеям і вострым супярэчнасцям сучаснасці: незавершаны цыкл «Гогенштаўфены» («Фрыдрых Барбароса», 1829, «Генрых VI», 1830), «Напалеон, або Сто дзён» (1831), «Ганібал» і «Бітва Германа» (1835).