рыхленне (без пераварочвання) апрацаванай глебы з падразаннем пустазелля. У выніку К. паляпшаецца паветраны і водны рэжым глебы, узмацняецца дзейнасць глебавых мікраарганізмаў, забяспечваюцца лепшыя ўмовы для прарастання насення культ. раслін, іх росту і развіцця. Праводзіцца прычапнымі і навяснымі культыватарамі з рабочымі органамі розных тыпаў. Бывае суцэльнай і міжрадковай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫХЛЕ́ННЕ ГЛЕ́БЫ,
механічнае ўздзеянне на глебу, якое змяняе ўзаемнае размеркаванне глебавых асобнасцей. Праводзяць з дапамогай плугоў, лушчыльнікаў, фрэзаў, ратацыйных матык і інш. для памяншэння шчыльнасці глебы і хуткасці выпарэння з яе вільгаці, павелічэння глебавай паветра- і водапранікальнасці, узмацнення біял. актыўнасці і назапашвання пажыўных рэчываў, знішчэння паверхневай глебавай скарынкі (найб. рыхлення патрабуюць цяжкія глебы, якія былі асушаны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНТА́Ж (франц. plantage ад лац. plantare высаджваць),
глыбокая апрацоўка глебы спец. плугамі, на глыб. 50—70 (да 100) см пад гадавальнікі, вінаграднікі, сады, лесапасадкі. Паляпшае якасць глебы, спрыяе развіццю каранёў. Каб пазбегнуць вынасу на паверхню малаўрадлівага ніжняга пласта глебы, на плантажныя плугі ставяць дадатковыя рабочыя органы — перадплужнікі, выразныя адвалы, глебапаглыбнікі і інш.; адначасова ўносяць арган. і мінер. ўгнаенні, вапну ці гіпс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУШЧЭ́ННЕ,
паверхневае рыхленне глебы з частковым пераварочваннем і перамешваннем, падразаннем пустазелля і знішчэннем шкодных насякомых; агратэхнічны прыём апрацоўкі. Зніжае шчыльнасць глебы, павышае аэрацыю, спрыяе захаванню вільгаці. Праводзіцца адначасова або пасля жніва збожжавых і перад пераворваннем шматгадовых траў дыскавымі або лямешнымі лушчыльнікамі на глыб. 8—12 см. Можа замяняць узорванне з-пад прапашных культур на рыхлых глебах і чыстых ад пустазелля палях, а таксама на пераўвільготненых цяжкіх глебах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСКАВА́ННЕ,
дробная апрацоўка глебы на глыб. 5—15 см дыскавымі лушчыльнікамі або баронамі. Тэхналагічны прыём Д. — рыхленне зніжае страты вільгаці на выпарэнне і ўзмацняе яе прыток з ніжэйшых гарызонтаў глебы, знішчае пустазелле, паскарае мінералізацыю раслінных рэшткаў. Д. зніжае шчыльнасць, павышае порыстасць, аэрацыю глебы. У сістэме зяблевага ворыва шырока выкарыстоўваецца для папярочнага разроблівання пластоў пасля ўзворвання цаліны, дзярніны шматгадовых траў, малапрадукцыйных лугоў і пашы, выраўноўвання камлыжыстай раллі, перадпасяўной апрацоўкі азімых і яравых культур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЯ ПЛАЦІ́НА,
бетонная або каменная плаціна, устойлівасць якой супраць зруху пад дзеяннем вады, ільду, хваль, наносаў і інш. абумоўлена пераважна ўласнай сілай цяжару. Звычайна мае трохвугольны або трапецападобны папярочны профіль. Бываюць глухія (праз іх не прадугледжаны пропуск вады) і вадаскідныя, у т. л. вадазліўныя (гл.Вадаскід). Найб. пашыраны вадазліўныя гравітацыйныя плаціны, папярочны профіль якіх мае плаўны абрыс паверхні, па якой зліваецца вада. Найвышэйшая гравітацыйная плаціна (284 м) — Гранд-Дыксанс (Швейцарыя). На Беларусі гравітацыйныя плаціны звычайна вадаскідныя; глухія будуюцца з грунтавых матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТРЫФІКА́ЦЫЯ (ад нітр + лац. facere рабіць),
працэс акіслення біялагічнага злучэнняў азоту з утварэннем неарган. солей. Завяршае мінералізацыю арган. злучэнняў, пачатую аманіфікацыяй. У прыродзе адбываецца ў глебе, вадзе і арган. рэштках пры добрай аэрацыі. У асяроддзі, блізкім да нейтральнага (pH 5—9), ажыццяўляецца аўтатрофнымі нітрыфікуючымі бактэрыямі, у кіслым з прыгнечанай аўтатрофнай мікрафлорай — гетэратрофамі (некат. грыбамі і бактэрыямі). Аўтатрофная Н. ідзе ў 2 фазы (прыблізная схема: амоній — гідраксіламін — пераксанітрыт — нітрыт; нітрыт — нітрат), якія спалучаюцца з акісляльным фасфарыліраваннем (энергія ідзе на сінтэз арган. злучэнняў з вуглекіслаты). Пры гетэратрофнай Н. акісляюцца акрамя мінеральных і арган. злучэнні азоту. Гл. таксама Дэнітрыфікацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЯЎНА́Я ПЛО́ШЧА,
агранамічны і статыстычны паказчык, які адлюстроўвае фактычныя плошчы пасеваў с.-г. культур за вегетац.перыяд. Колькасна адрозніваецца ад рэальнай плошчы пашы, бо ўлічвае магчымасць яе неаднаразовага выкарыстання за с.-г. сезон (напр., пасеў пасляўкосных культур). Адносіны плошчы, занятай адной культурай, да П.п. ўсіх культур (у працэнтах) — структура П.п. (асн. паказчык спецыялізацыі севазвароту). Аптымальная структура П.п. забяспечвае глебаахову, праца- і энергазберажэнне, ахову навакольнага асяроддзя, высокую рэнтабельнасць вытв-сці. На Беларусі рэальная плошча пашы — 5165,7 тыс.га, П.п. — 5124 тыс.га (1999), збожжавыя і зернебабовыя культуры займаюць каля паловы П.п.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎГІДРАМО́РФНЫЯ ГЛЕ́БЫ,
глебы, якія фарміруюцца ва ўмовах перыядычнага празмернага ўвільгатнення (больш за 15—20 сут за год) паверхневымі ці грунтавымі водамі. Прысутнічаюць прыкметы агляення глебы. Асаблівасці паўгідраморфнага глебаўтварэння — анаэробныя ўмовы, падзолаўтварэнне, інтэнсіўны вынас спалучэнняў жалеза, паніжэнне акісляльна-аднаўленчага патэнцыялу, лесіваж. Марфалагічны профіль характарызуецца наяўнасцю шызых і белаватых плям з іржавымі пражылкамі, афарбоўка якіх залежыць ад ступені акіслення іонаў жалеза. На Беларусі да П.г. адносяцца дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы, дзярновыя забалочаныя глебы, падзолістыя забалочаныя, поймавыя дзярновыя забалочаныя і інш. Займаюць больш за 30% плошчы с.-г. угоддзяў. Для с.-г. выкарыстання П.г. патрабуюць рэгулявання вільготнага рэжыму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭТАРДА́НТЫ (ад лац. retardo затрымліваю, запавольваю),
форма пестыцыдаў, якія прыгнечваюць рост сцёблаў і парасткаў і надаюць раслінам устойлівасць да палягання. Павышаюць эфектыўнасць інш. аграпрыёмаў і ўраджайнасць збожжавых культур, зніжаюць страты прадукцыі ў час збору і захавання. Выкарыстоўваюцца ў выглядзе раствораў, сумяшчаюць з інш. пестыцыдамі і пазакаранёвымі падкормкамі мікраэлементамі. Найб. пашыраныя Р.: хлорхалінхларыд (прадухіляе паляганне азімай пшаніцы, павялічвае выхад насеннай прадукцыі шматгадовых злакавых траў, паляпшае якасць расады памідораў, паскарае плоданашэнне яблынь, абмяжоўвае рост вусоў суніцы); кампазан (прадухіляе паляганне азімага жыта, ячменю, лёну-даўгунцу); гідрэл (прадухіляе прарастанне клубняў бульбы пры захоўванні) і інш.