ГЕЛІЯЎСТАНО́ЎКА,

прыстасаванне для пераўтварэння энергіі сонечнай радыяцыі ў іншыя віды энергіі з мэтай іх практычнага выкарыстання. Бываюць з геліяканцэнтратарамі і без іх.

Геліяўстаноўкі з канцэнтратарамі забяспечваюць значнае павышэнне шчыльнасці сонечнай радыяцыі, выкарыстоўваюцца для ажыццяўлення высокатэмпературных (да 3000—3500 °C пры ккдз 0,4—0,6) тэхнал. працэсаў (сонечныя печы для плаўкі металаў і тэрмаапрацоўкі вогнетрывалых матэрыялаў, сонечныя энергетычныя ўстаноўкі). Геліяўстаноўкі без канцэнтратараў непасрэдна ўлоўліваюць сонечныя прамяні — працуюць па прынцыпе «гарачай скрыні», маюць больш шырокі спектр выкарыстання (сонечныя батарэі, сонечныя воданагравальнікі, апрасняльнікі вады, сушылкі, кандыцыянеры, халадзільнікі і інш.). У геліяэнергетыцы для атрымання пары прамысл. параметраў выкарыстоўваюцца прыблізна парабалічныя геліяўстаноўкі (гл. Сонечная электрастанцыя). Перспектыўныя геліяўстаноўкі з сонечнымі цеплаакумулятарамі (ЦА). У ЦА лішак цеплавой энергіі, створаны за кошт прытоку сонечнага цяпла ў дзённы час, забіраецца цеплаакумулюючым матэрыялам, захоўваецца (да 10 сут) і паступова выкарыстоўваецца для тэхнал. або быт. патрэб.

На Беларусі даследаванні і распрацоўкі геліяўстановак і іх элементнай базы вядуцца ў Акад. навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.​В.​Лыкава» (АНК ІЦМА), Ін-це фізікі цвёрдага цела паўправаднікоў Нац. АН Беларусі, Бел. політэхн. акадэміі, Цэнтр. НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі і інш. У АНК ІЦМА распрацаваны 2 тыпы ЦА, якія назапашваюць сонечную цеплавую энергію, што паступае праз сцены, вокны і ад геліякалектараў (тэмпературны дыяпазон ЦА 10—150 °C).

Літ.:

Гл. пры арт. Геліятэхніка.

У.​Л.​Драгун, С.​У.​Конеў.

т. 5, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЭНЕРГЕ́ТЫКА,

раздзел біялогіі, які вывучае ператварэнне энергіі ў біясістэмах: атрыманне энергіі (у першую чаргу сонечнай) з навакольнага асяроддзя, яе назапашванне і выкарыстанне для жыццядзейнасці арганізмаў.

Пачаткам біяэнергетыкі лічацца работы ням. ўрача Ю.​Р.​Маера, які адкрыў закон захавання і ператварэння энергіі (1841) на прыкладзе чалавека. Атрымала шырокае развіццё ў 2-й пал. 20 ст. Вял. ўклад зрабілі вучоныя франц. Л.Пастэр, ням. Г.​Эмбдэн, О.Меергоф, О.​Варбург (браджэнне і дыханне), рус. У.А.Энгельгарт, У.​А.​Беліцэр, амер. А.​Ленінджэр (акісляльнае фасфарыліраванне), англ. П.​Мітчэл (хеміасматычная тэорыя спалучэння паміж акісленнем і фасфарыліраваннем).

На Беларусі навук. даследаванні па біяэнергетыцы пачаліся ў 1960-я г., звязаны з імёнамі А.Н.Разумовіча, А.Ц.Пікулева, Ю.М.Астроўскага, В.М.Іванчанкі, Э.​П.​Цітаўца, А.​М.​Стажарава, Л.С.Чаркасавай, М.Ю.Тайца і інш. (цыкл Крэбса, энергет. стан арганізма пры розных вонкавых, у т. л. радыяцыйных, уздзеяннях і паталогіях). У працах С.В.Конева і А.​М.​Рудэнкі даказана вырашальная роля канфармацыйнай рухомасці бялкоў унутр. мембраны мітахондрый у трансмембранным выкідзе пратонаў. Істотны ўклад у разуменне біясінтэзу фотасінт. апарату раслін і яго арганізацыі зрабілі Ц.М.Годнеў, А.А.Шлык, М.М.Ганчарык, Л.​І.​Фрадкін, Н.​Г.​Аверына, А.​Б.​Руды. Даследаванні па біяэнергетыцы вядуцца ў ін-тах АН Беларусі (фотабіялогіі, эксперым. батанікі), Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, БДУ, Мінскім мед. ін-це і інш.

Літ.:

Ясайтис А.А. Молекулярная биоэнергетика. М., 1973;

Конев С.В., Волотовский И.Д. Фотобиология. 2 изд. Мн., 1979;

Рубин А.Б. Биофизика. Кн. 1—2. М., 1987;

Скулачев В.П. Энергетика биологических мембран. М., 1989.

С.​В.​Конеў.

т. 3, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́СЛА-О́ДЭРСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,

наступальная аперацыя войск Сав. Арміі ў міжрэччы Віслы і Одэра 12 студз. — 3 лютага; састаўная частка стратэгічнага наступлення па завяршэнні разгрому ням.-фаш. войск у 2-ю сусв. вайну.

Удзельнічалі войскі 1-га Бел. (Маршал Сав. Саюза Г.​К.​Жукаў), 1-га Укр. (Маршал Сав. Саюза І.​С.​Конеў) франтоў (1,5 млн. чал. у баявых часцях, больш за 37 тыс. гармат і мінамётаў, больш за 7 тыс. танкаў і самаходна-артыл. установак, 5047 самалётаў), левы фланг 2-га Бел. (Маршал Сав. Саюза К.​К.​Ракасоўскі) і правы фланг 4-га Укр. (ген. арміі І.​Я.​Пятроў) франтоў, Чэхаславацкі корпус (ген.-л. Л.​Свобада), 1-я армія Войска Польскага (ген.-л. С.​Паплаўскі).

На Варшаўска-Берлінскім напрамку герм. камандаванне стварыла 7 абарончых рубяжоў глыбінёй да 600 км, сканцэнтравала групу армій «А» (ген.-палк. І.​Гарпе), з 26 студз. «Цэнтр» (ген.-палк. Ф.​Шорнер). Варожая групоўка з 3 армій (28 дывізій і 2 брыгады) налічвала каля 400 тыс. чал., 4103 гарматы, 1136 танкаў, 270 самалётаў.

Наступленне сав. войск планавалася на 20 студз. У сувязі з прарывам ням.-фаш. арміяй фронту ў Ардэнах (гл. Ардэнская аперацыя 1944—45) 1-ы Укр. фронт пачаў наступаць 12 студз. з Сандамірскага плацдарма на г. Брэслаў (Вроцлаў). 17 студз. вызвалена Варшава, 19 студз. — Кракаў. 1-ы Бел. фронт прарваў пазнанскі рубеж абароны і да 25 студз. выйшаў да б. герм.-польск. граніцы. 1-ы Укр. фронт 20—23 студз. ўступіў на тэр. Германіі і 25 студз. выйшаў да Одэра. Сав. войскі авалодалі Сілезскім прамысл. раёнам, акружылі варожыя групоўкі ў Познані, Шнайдэмюлі (Піла) і ўсім фронтам выйшлі да Одэра. У ходзе Вісла-Одэрскай аперацыі сав. войскамі вызвалена Польшча, значная ч. Чэхаславакіі; знішчана 35 дывізій ворага, а 25 дывізій страцілі ад 50 да 70% асабовага складу, узята ў палон каля 150 тыс. чалавек.

т. 4, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІ ФРОНТ 1941—44 у Вялікую Айчынную вайну.

Утвораны 22.6.1941 на базе Заходняй Асобай ваеннай акругі. 24.7.1941 пасля разгрому у навагрудскім «катле» (камандуючыя Дз.​Р.​Паўлаў, ген. А.​А.​Грыгор’еў, А.​А.​Караткоў, У.​Я.​Кліманоўскіх і інш. расстраляны, у 1956 рэабілітаваны) сфарміраваны нанава і падзелены на Зах. і Цэнтр. (да 25.8.1941) франты. Камандуючыя: ген. арміі Дз.​Р.​Паўлаў (22—30.7.1941), ген.-лейт. А.​І.​Яроменка (30.6—2.7, 19—29.7.1941), Маршал Сав. Саюза С.​К.​Цімашэнка (2—19.7, 30.7—12.9.1941), ген.-палк. І.​С.​Конеў (12.9—12.10.1941, 26.8.1942—27.2.1943), ген. арміі Г.​К.​Жукаў (13.10.1941—26.8.1942), ген.арміі В.​Д.​Сакалоўскі (28.2.1943—15.4.1944), ген.-палк. І.​Д.​Чарняхоўскі (15—24.4.1944); чл. ваен. савета: А.​Я.​Фаміных, П.​К.​Панамарэнка, М.​А.​Булганін, Л.​З.​Мехліс, В.​Е.​Макараў; нач. штаба: У.​Я.​Клімаўскіх, Г.​К.​Маландзін, Сакалоўскі, У.​С.​Галушкевіч, А.​П.​Пакроўскі. У розны час у склад З.ф. ўваходзілі арміі: 3, 4, 5, 10, 11, 13, 16, 19, 20, 21, 22, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 39, 43, 49, 50, 61, 68, 1-я Ударная, 10-я і 11-я гвардз., 3-я і 4-я танк., 1-я і 4-я паветраныя. Войскі фронту ўдзельнічалі ў Брэсцкай крэпасці абароне 1941, Магілёва абароне 1941, Мінска абароне 1941, Віцебска абароне 1941, Гомеля абароне 1941, нанеслі Лепельскі контрудар 1941, правялі Рагачоўска-Жлобінскую аперацыю 1941. Разам з інш. франтамі прымалі ўдзел у Смаленскай бітве 1941, Маскоўскай бітве 1941—42, Курскай бітве 1943, Смаленскай аперацыі 1943. У канцы 1943 — пач. 1944 войскі З.ф. развівалі наступленне на Віцебскім і Аршанскім напрамках, выйшлі да ўсх. раёнаў Беларусі. 24.4.1944 З.ф. перайменаваны ў Беларускі фронт трэці, яго левае крыло — у Беларускі фронт другі (2-га фарміравання).

М.​І.​Камінскі.

т. 7, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРША́ЎСКІ ДАГАВО́Р 1955 аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе паміж Албаніяй, Балгарыяй, Венгрыяй, Германскай Дэмакратычнай Рэспублікай (ГДР), Польшчай, Румыніяй, Чэхаславакіяй і СССР,

падпісаны 14.5.1955 у Варшаве на нарадзе кіраўнікоў урадаў еўрап. сацыяліст. краін. Набыў сілу 5.6.1955. Тэрмін дзеяння — 20 гадоў, у 1975 працягнуты на 10 гадоў, у 1985 на 20 гадоў. Аформіў ва ўмовах «халоднай вайны» ў процівагу Арганізацыі паўночнаатлантычнага дагавору (НАТО) пасля ўступлення туды ФРГ (9.5.1955) Арг-цыю Варшаўскага дагавора (АВД) — ваен.-паліт. саюз сацыяліст. дзяржаў Еўропы на чале з СССР. Дагавор абавязваў бакі да кансультацый па ўсіх важных пытаннях міжнар. палітыкі, да ўзаемнай ваен. дапамогі ў выпадку ўзбр. нападу ў Еўропе на адну ці некалькі дзяржаў-удзельніц, да падпарадкавання ўзбр. сіл агульнаму камандаванню і інш. Вышэйшы паліт. кіраўнічы орган — Паліт. кансультатыўны к-т (ПКК) прадстаўнікоў урадаў, у 1976 створаны дапаможныя органы з рэзідэнцыяй у Маскве — Аб’яднаны сакратарыят і К-т міністраў замежных спраў (распрацоўваў рэкамендацыі па знешнепаліт. пытаннях). Ваен. кіраўніцтва ажыццяўляла Аб’яднанае камандаванне ўзбр. сіл з рэзідэнцыяй у Маскве; камандуючыя — І.​С.​Конеў (1955—60), А.​А.​Грэчка (1960—67), І.​І.​Якубоўскі (1967—76), В.​Г.​Кулікоў (1977—91). У 1969 створаны таксама Ваен. савет і К-т міністраў абароны. СССР заключыў дагаворы аб размяшчэнні сваіх войск з Польшчай (1956), ГДР (1957), Румыніяй (1957), Венгрыяй (1957) і Чэхаславакіяй (1968). Войскі краін-удзельніц Варшаўскага дагавора ўводзіліся з мэтай прадухілення змены дзярж. ладу ў Венгрыі (1956), Чэхаславакіі (1968, у адпаведнасці з т.зв. «дактрынай Брэжнева»). У 1968 з Варшаўскага дагавору афіцыйна выйшла Албанія (фактычна з 1962), пасля аб’яднання Германіі (1990) — ГДР. У 1987 прынята абарончая ваен. дактрына. Пасля паліт. змен 1989—90 у Цэнтр., Усх. і Паўд.-Усх. Еўропе ў лют. 1990 скасаваны ваен. органы АВД. 1.7.1991 у Празе прадстаўнікі Балгарыі, Венгрыі, Польшчы, Румыніі, СССР і Чэхаславакіі падпісалі пратакол аб спыненні дзейнасці Варшаўскага дагавора 1955.

Літ.:

Варшавский Договор и НАТО: соотношение стл в Европе. М., 1989;

Варшавский Договор: история и современность. М., 1990.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 4, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯФІ́ЗІКА (ад бія... + фізіка),

біялагічная фізіка, навука пра фіз.-хім. асновы і заканамернасці жыццядзейнасці, а таксама ультраструктуры біял. сістэм на ўсіх узроўнях арганізацыі ад субмалекулярнага да клеткі і цэлага арганізма. Падзяляецца на квантавую, малекулярную, мембранную, клетачную, біяфізіку кіравання і рэгуляцыі, біяфізіку складаных сістэм. Вылучаюць таксама біяфізіку рухомасці, узбуджальнасці, рэцэпцыі, біяэнергет., трансп. працэсаў і інш.

Біяфізіка як навука сфарміравалася ў сярэдзіне 20 ст. Першыя даследаванні біяфіз. характару вядомы з 17 ст. (працы франц. вучонага Дэкарта па вывучэнні органаў пачуццяў). У 1791 адкрыта жывёльная электрычнасць (італьян. вучоны Л.Гальвані). У 2-й пал. 19 ст. ням. вучоныя Г.Гельмгольц і В.Вунт паклалі пачатак фізіял. акустыцы і оптыцы. У Расіі развіццю біяфіз. даследаванняў спрыялі працы І.М.Сечанава (біямеханіка рухаў, канец 19 ст.), П.​П.​Лазарава (іонная тэорыя ўзбуджэння, 1916), Г.М.Франка і С.​Ф.​Радыёнава (фіз. метад выяўлення звышслабага свячэння біяаб’екта, 1950-я г.). У 1953 англ. Вучоныя Дж.Кендру і М.Перуц адкрылі структуру міяглабіну і гемаглабіну.

Станаўленне біяфізікі на Беларусі пачалося з даследаванняў М.М.Гайдукова і Ц.М.Годнева па фотасінтэзе (1924—27). Навукова-даследчыя работы па малекулярнай і мембраннай біяфізіцы вядуцца ў ін-тах АН Беларусі (фотабіялогіі, біяарган. хіміі, біяхіміі, фізікі), БДУ, Гродзенскім і Віцебскім мед. ін-тах. Высветлены прырода і інфарм. магчымасць УФ-флюарэсцэнцыі бялкоў (С.В.Конеў, Я.А.Чарніцкі), рэгуляцыя фотасінтэзу пры адаптацыі праз змяненне структурна-функцыян. стану хларапластаў (В.М.Іванчанка), раскрыты асаблівасці фатонікі малекулы хларафілу (Г.П.Гурыновіч, К.М.Салаўёў), залежнасці радыеадчувальнасці дэзоксірыбануклеапратэідаў ад колькасці міжмалекулярных кантактаў (А.​М.​Пісарэўскі, В.​Т.​Андрыянаў, С.​М.​Чаранкевіч), адкрыты новыя рэгулятарныя механізмы ў палачцы сятчаткі вока (І.​Дз.Валатоўскі). Праведзены даследаванні па матэм. разліку канфармацыі поліпептыдаў і бялкоў (С.​Г.​Галакціёнаў), мембранна-структурным кантролі праліферацыі мікробных клетак (У.​М.​Мажуль), кааператыўных эфектах у пратэаліпасомах (П.​А.​Кісялёў), электрафізіялогіі расліннай клеткі (У.​М.​Юрын), структурнай і рэцэпторнай рэарганізацыі мембранаў мозга пры старэнні (С.​Л.​Аксёнцаў і А.​А.​Мілюцін).

Літ.:

Конев С.В., Волотовский И.Д. Фотобиология. 2 изд. Мн., 1979;

Биофизика. М., 1983;

Рубин А.Б. Биофизика. Кн. 1—2. М., 1987;

Волькенштейн М.В. Общая биофизика. М., 1978.

С.​В.​Конеў.

т. 3, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ТВА ЗА ДНЯПРО́ 1943,

наступальныя аперацыі сав. войск у жн.снеж. 1943 з мэтай вызвалення Левабярэжнай Украіны, Данбаса і Кіева ў Вял. Айч. вайну. Мела на мэце таксама выхад да Крыма і Дняпра ў яго сярэднім цячэнні, фарсіраванне яго і захоп плацдармаў на правым беразе.

Удзельнічалі франты: Цэнтр. (каманд. ген. арміі К.​К.​Ракасоўскі), Варонежскі (ген. арміі М.​Ф.​Ватуцін), Сцяпны (ген. арміі І.​С.​Конеў), Паўд.-Зах. (ген. арміі Р.​Я.​Маліноўскі) і Паўд. (ген.-палк., з 21 вер. ген. арміі Ф.​І.​Талбухін); з 20 кастр. адпаведна Бел., 1, 2, 3 і 4-ы Укр. франты. Адначасова Зах. фронт (ген. арміі В.​Д.​Сакалоўскі) і левае крыло Калінінскага фронту (ген. арміі А.​І.​Яроменка) павінны былі наступаць на Смаленскім напрамку, каб не даць магчымасці ворагу перакідваць войскі з гэтага ўчастка.

Гітлераўцы стварылі магутны стратэгічны рубеж абароны «Усходні вал» на лініі ад вусця Нарвы да Азоўскага мора, асабліва моцная абарона была на правым беразе Дняпра, у яго сярэднім цячэнні. Тут сав. войскам процістаялі войскі з групы армій «Цэнтр» (ген.-фельдмаршал Г.​Клюге) і асн. сілы групы армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Э.​Манштэйн). Бітва развівалася ў 2 этапы. На 1-м (жн.вер. 1943) Чырв. Армія разграміла ням.-фаш. войскі на Левабярэжнай Украіне і ў Данбасе, выйшла да Дняпра ў яго сярэднім цячэнні, захапіла шэраг плацдармаў на правым беразе ракі і сарвала планы ворага па арганізацыі абароны на гэтым рубяжы. На 2-м этапе (кастр.снеж. 1943) сав. войскі разграмілі сілы гітлераўцаў у сярэднім і ніжнім цячэнні Дняпра, вызвалілі Кіеў, стварылі плацдармы стратэгічнага значэння і адбілі ўсе спробы ворага аднавіць абарону на Дняпры (гл. таксама Гомельска-Рэчыцкая аперацыя 1943).

У ходзе аперацыі вызвалена 38 буйных нас. пунктаў, у т. л. гарады Беларусі Гомель, Ветка, Брагін, Добруш, Лоеў, Нароўля, Рэчыца, Хойнікі і інш. Значную дапамогу наступаючым сав. войскам аказалі партыз. атрады і злучэнні Украіны, Гомельскай і Палескай абл. Беларусі (гл. Рэйкавая вайна). Фарсіраванне Дняпра адначасова сіламі 4 франтоў з’явілася выключнай падзеяй у Вял. Айч. вайне і ўзбагаціла Чырв. Армію вопытам пераадолення буйных водных перашкод з ходу. Сав. войскі страцілі ў гэтай бітве каля 1,7 млн. чал. забітымі, параненымі, прапаўшымі без вестак (з іх забітымі 417 323 чал.). 2438 удзельнікам бітвы прысвоена званне Героя Сав. Саюза, з іх каля 700 чал. вызначыліся на тэр. Беларусі. Бітва стварыла ўмовы для поўнага вызвалення Правабярэжнай Украіны і Беларусі.

А.​С.​Харэбін.

т. 3, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛІЯТЭ́ХНІКА (ад гелія... + тэхніка),

галіна тэхнікі, якая займаецца распрацоўкай тэарэт. асноў, практычных метадаў і тэхн. сродкаў пераўтварэння энергіі сонечнай радыяцыі ў інш. віды энергіі. Выкарыстоўвае розныя спосабы пераўтварэння сонечнай энергіі: цеплавы (ажыццяўляецца ў сонечных печах, сонечных воданагравальніках, апрасняльніках, сушылках, цяпліцах і інш.), фотаэлектрычны (у сонечных батарэях), тэрмаэлектрычны (у сонечных тэрмаэлектрычных генератарах), тэрмаэмісійны (у тэрмаэмісійных пераўтваральніках энергіі). Паводле рабочых т-р геліятэхніка падзяляецца на высока- (да 3000—3500 °C) і нізкатэмпературную (100—200 °C).

Паток сонечнай радыяцыі «дармавы» і невычэрпны, яго шчыльнасць на ўзроўні мора прыкладна 1 кВт/м² (у геліятэхн. разліках 0,815 кВт/м²). Спробы выкарыстання гэтага выпрамянення рабіліся яшчэ ў старажытнасці, аднак практычнага значэння не мелі. У 1770 Х.Б. дэ Сасюр (Швейцарыя) пабудаваў геліяўстаноўку тыпу «гарачая скрыня». Як асобная галіна тэхнікі геліятэхніка развіваецца з 2-й пал. 19 ст., калі былі створаны доследныя ўзоры паветраных і паравых сонечных рухавікоў (Францыя, Швецыя, ЗША). У Расіі ў 1890 В.​К.​Цэраскі правёў эксперыменты па плаўцы розных металаў у фокусе парабалічнага люстэрка. У 1912 каля Каіра (Егіпет) пабудавана сонечная энергетычная ўстаноўка магутнасцю каля 45 кВт. У 1930-я г. распрацаваны метады разліку геліяўстановак для атрымання эл. энергіі, апраснення вады, сушкі і інш. Даследаванні па прамым пераўтварэнні прамянёвай энергіі ў электрычную пашырыліся ў сувязі з асваеннем касм. прасторы. Значнае развіццё геліятэхніка атрымала ў Францыі, ЗША, Японіі, ПАР, Аўстраліі, Германіі, з краін СНД — у Расіі, Арменіі, Туркменіі, Узбекістане. Выкарыстанне сродкаў геліятэхнікі найб. эфектыўнае ў шыротах са значнай сонечнай радыяцыяй для энергазабеспячэння малаэнергаёмістых разгрупаваных спажыўцоў. У сувязі са збядненнем традыц. крыніц энергіі яны перспектыўныя і ў рэгіёнах з умераным кліматам, напр., геліятэхніка развіваецца ў Канадзе, Даніі, Швецыі. Павышэнне эфектыўнасці геліясістэм і пераадоленне прынцыповых недахопаў (невысокая шчыльнасць і няўстойлівасць сонечнай энергіі) забяспечваюцца значнымі памерамі паверхні, якая ўлоўлівае сонечную радыяцыю, яе канцэнтрацыяй на паверхні геліяпераўтваральніка, акумуляваннем цеплавымі, эл., хім. і інш. акумулятарамі. У адпаведнасці з гэтымі патрабаваннямі ствараецца шырокі спектр геліяўстановак рознага прызначэння.

На Беларусі даследаванні і распрацоўкі сродкаў і элементнай базы геліятэхнікі вядуцца з 1980-х г. у Акад. навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.​В.​Лыкава» (АНК ІЦМА), Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН Беларусі, Цэнтр. НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі і інш. У АНК ІЦМА створаны доследныя ўзоры калектараў сонечнай энергіі на цеплавых трубах (разам з Армянскім аддз. Усесаюзнага НДІ крыніц току), распрацаваны праект «Сядзіба 21 стагоддзя», у энергабалансе якога значная роля сонечнай энергіі, розныя тыпы геліяцеплапераўтваральных сістэм — геліяводападагравальнікі магутнасцю 0,4—100 кВт, сонечныя радыятары (абагравальнік, сонечныя кухня, цяпліца, сушылка і інш.). Асвоены выпуск геліямодуляў, аснашчаных бакам-акумулятарам (захоўвае цяпло на працягу тыдня).

Літ.:

Драгун В.Л., Конев С.В. В мире тепла. Мн., 1991;

Мак-Вейг Д. Применение солнечной энергии: Пер. с. англ. М., 1981.

У.​Л.​Драгун, С.​У.​Конеў.

т. 5, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ВАЕ́ННАЯ АКРУ́ГА (БВА),

ваенна-адм. аб’яднанне вайск. часцей, злучэнняў, ваен. навучальных і інш. ваен. устаноў, улікова-мабілізацыйных органаў (ваенкаматаў), якія дыслацыраваліся на тэр. Беларусі. Існавала ў 1918—92. Утворана 28.11.1918 як Мінская ваен. акруга. 14.12.1918 перайменавана ў Зах. ваен. акругу, у склад якой увайшлі Мінская, Смаленская, Віцебская, Магілёўская і Віленскай губ. Кіраванне ажыццяўляў акруговы ваен. камісарыят (размяшчаўся ў Смаленску). 20.12.1918 створаны ваен.-акруговы штаб; фарміраваліся мясц. ваенна-адм. органы. Першыя акр. камісары — І.​Я.​Алібегаў і У.С.​Селязнёў. У крас. 1918 ва ўмовах грамадз. вайны і іншаземнай інтэрвенцыі створаны Зах. ўчастак атрадаў заслоны, потым Заходні раён абароны 1918, які перайменаваны ў Заходнюю Армію 1918—19, з 19.2.1919 у Заходні фронт 1919—24. 8.4.1924 Зах. фронт перайменаваны ў Зах. ваен. акругу. У 1924—25 у войсках акругі праводзілася ваен. рэформа, якая прадугледжвала пераход да адзінаначалля, змену структуры кіравання акругай, перавод войскаў на новыя штаты, увядзенне тэр. прынцыпу камплектавання і падрыхтоўкі злучэнняў і часцей Чырв. Арміі, стварэнне нац. злучэнняў і часцей. Першае ў акрузе нац. фарміраванне — 2-я Бел. стралк. дывізія. 2.10.1926 Зах. ваен. акруга перайменавана ў БВА. У 1930-я г. на яе тэр. вялося будаўніцтва ўмацаваных раёнаў (Полацкага, Мінскага і Палескага), праводзілася тэхн. перааснашчэнне, упраўленне акругі аб’яднана са штабам. У 1935—38 тэрытарыяльныя стралк. дывізіі БВА пераўтвораны ў кадравыя. Беспадстаўныя рэпрэсіі ў 1937—38 супраць кіруючых работнікаў, камандзіраў і палітработнікаў сур’ёзна аслабілі ваен. кадры акругі. У 1938 БВА названа Бел. асобай ваен. акругай, у 1939 яе ўпраўленне пераведзена ў Мінск. 11.7.1940 БВА перайменавана ў Зах. асобую ваен. акругу, войскі пачалі аснашчацца новымі відамі зброі і тэхнікі. На пач. Вял. Айч. вайны 22.6.1941 акруга пераўтворана ў Заходні фронт 1941—44, які 24.4.1944 перайменаваны ў 3-і Бел. фронт. З 15.10.1943 на базе ўпраўлення Маскоўскай зоны абароны ў Смаленску (са жн. 1944 у Мінску) сфарміравана ўпраўленне БВА (камандуючы В.​Ф.​Якаўлеў). У ліп. 1944 у склад акругі ўключана тэр. Літ. ССР, і са студз. 1945 БВА стала называцца Бел.-Літ. ваен. акругай. 9.7.1945 яна падзелена на 2 акругі: Мінскую (аб’ядноўвала Мінскую, Полацкую, Маладзечанскую, Віцебскую і Магілёўскую вобл., упраўленне ў Мінску) і Баранавіцкую (Баранавіцкая, Брэсцкая, Гродзенская, Пінская, Бабруйская, Палеская і Гомельская вобл., упраўленне ў Бабруйску). 4.12.1946 яны зноў аб’яднаны ў адну акругу — БВА (упраўленне напачатку размяшчалася ў Бабруйску, са студз. 1947 — у Мінску). З 1950-х г. войскі БВА аснашчаліся новымі відамі зброі, у т. л. ракетнай зброяй рознага прызначэння, адбываліся змены ў арганізац. структуры існуючых злучэнняў, уведзены новыя роды войскаў, у т. л. ракетныя. 6.5.1992 БВА ліквідавана ў сувязі са стварэннем Мін-ва абароны Рэспублікі Беларусь і будаўніцтвам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

У розны час войскамі акругі (франтоў) камандавалі: Я.​З.​Барсукоў (1918), М.​М.​Дамажыраў (1919), Дз.​М.​Надзёжны (1919), У.​М.​Гіціс (1919—20), М.​М.​Тухачэўскі (1920—21, 1922—24), П.​М.​Захараў (1921), А.​І.​Ягораў (1921—22, 1927—31), А.​І.​Кук (1924), А.​І.​Корк (1924—27), Е.​П.​Убарэвіч (1931—37), І.​П.​Бялоў (1937), М.​П.​Кавалёў (1938—40), Дз.​Р.​Паўлаў (1940—41), А.​І.​Яроменка (1941), С.​К.​Цімашэнка (1941, 1945—46, 1949—60), І.​С.​Конеў (1941, 1942—43), Г.​К.​Жукаў (1941—42), В.​Д.​Сакалоўскі (1943—44), І.​Д.​Чарняхоўскі (1944—45), А.​М.​Васілеўскі (1945), І.​Х.​Баграмян (1945), С.​Г.​Трафіменка (1946—49), У.​М.​Камароў (1960—61), В.​А.​Пянькоўскі (1961—64), С.​С.​Марахін (1964—67), І.​М.​Траццяк (1967—76), М.​М.​Зайцаў (1976—80), Я.​П.​Іваноўскі (1980—85), У.​М.​Шуралёў (1985—89), А.​І.​Кастэнка (1989—92).

т. 2, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНАДРАМАТУРГІ́Я,

галіна літаратурна-кінематаграфічнай творчасці; твор К. — сцэнарыйліт. і ідэйна-маст. аснова фільма.

Узнікла і фарміравалася ў працэсе развіцця кінематаграфіі ў выніку творчага засваення вобразных сродкаў літ. прозы і драматургіі ў непасрэднай сувязі з развіццём спецыфічных сродкаў выразнасці кінамастацтва. Па паходжанні і прызначэнні мае дваістую прыроду: сцэнарый з’яўляецца адначасова літ. (публікуецца самастойна) і кінематаграфічным творам, прызначаным для ўзнаўлення на экране. К. вызначае своеасаблівасць увасаблення канфлікту ў сцэнарыі, у будове сюжэта, спецыфіцы кампазіцыі, спосабах характарыстыкі персанажаў. Кінадраматургі звяртаюцца да непасрэднага адлюстравання рэчаіснасці або адаптуюць для экрана літ. творы (гл. Экранізацыя). На розных этапах развіцця кіно ў розных кінематаграфіях свету існавалі розныя погляды на сутнасць і функцыю К. У сучаснай К. існуе імкненне да спалучэння вобразных сродкаў, яна стала больш свабоднай, разнастайнай па драматургічных канструкцыях, валодае багатай жанравай і стылявой палітрай. У развіццё К. зрабілі ўклад кінадраматургі, кінарэжысёры, літаратары розных краін: Д.​Грыфіт, Ч.​Чаплін, Д.​Нікалс, Б.​Хект, О.​Уэлс (ЗША), Ж.​Прэвер, Ф.​Труфо, А.​Рэнэ (Францыя), Ч.​Дзаваціні, Ф.​Феліні, Т.​Гуэра (Італія), І.​Бергман (Швецыя), А.​Курасава (Японія) і інш. На фарміраванне сав. К. паўплывалі Я.​Габрыловіч, С.​Герасімаў, А.​Даўжэнка, Н.​Зархі, В.​Туркін, Ю.​Тынянаў, В.​Шклоўскі, С.​Эйзенштэйн і інш. Сярод найб. вядомых сцэнарыстаў апошніх дзесяцігоддзяў А.​Агішаў, А.​Адабаш’ян, Э.​Брагінскі, А.​Грэбнеў, Ю.​Дунскі, Р.​Ібрагімбекаў, А.​Міндадзе, В.​Мярэжка, П.​Фін, В.​Фрыд і інш.

У станаўленні бел. К. ў 1920—30-я г. ўдзельнічалі бел. пісьменнікі М.​Чарот («Лясная быль», 1926, паводле яго аповесці «Свінапас»), П.​Броўка («Хто твой сябар?», 1934, паводле яго аповесці «Каландры»), Я.​Маўр («Палескія рабінзоны», 1935), З.​Бядуля («Салавей», 1937, з М.​Таўбе) і інш.; прафес. сцэнарысты А.​Вольны («Хвоі гамоняць», 1929; «У агні народжаная» і «Атэль «Савой», 1930), Р.​Кобец («Ураган», 1931, з Б.​Брадзянскім; «Двойчы народжаны», 1934; «Шукальнікі шчасця», 1936, з І.​Зэльцэрам) і інш. З канца 1940-х г. сцэнарыі стваралі бел. пісьменнікі А.​Маўзон («Канстанцін Заслонаў», 1949), К.​Крапіва («Пяюць жаваранкі», 1950; «Хто смяецца апошнім», 1954), М.​Лынькоў («Міколка-паравоз», 1957, з М.​Садковічам), А.​Куляшоў («Чырвонае лісце», 1958, з А.​Кучарам), Кучар («Гадзіннік спыніўся апоўначы», 1958, з М.​Фігуроўскім), К.​Губарэвіч («Дзяўчынка шукае бацьку», 1959, з Я.​Рысам; «Паланэз Агінскага», 1971), В.​Быкаў («Трэцяя ракета», 1963; «Альпійская балада», 1966; «Доўгія вёрсты вайны», «Дажыць да світання», абодва 1975; «Воўчая зграя», 1976; «Абеліск», 1977; «Яго батальён», 1989), А.​Адамовіч («Вайна пад стрэхамі», 1970; «Сыны ідуць у бой», 1971; «Ідзі і глядзі», 1985, з Э.​Клімавым), І.​Шамякін («Хлеб пахне порахам», 1974; «Вазьму твой боль», 1981; «Эпілог», 1994, з І.​Дабралюбавым), А.​Петрашкевіч («Нядзельная ноч», 1977), М.​Матукоўскі («Сын старшыні», 1976; «Мудрамер», 1988), У.​Караткевіч («Дзікае паляванне караля Стаха», 1980, з В.​Рубінчыкам; «Чорны замак Альшанскі», 1984), А.​Дудараў («Белыя росы», 1984; «Восеньскія сны», 1987) і інш. Часам сцэнарыі ствараліся калектывамі аўтараў, у якія ўваходзілі кінадраматургі, кінарэжысёры, пісьменнікі («Час яе сыноў», 1976, А.​Каштанаў, В.​Тулушаў, В.​Тураў; «Трэцяга не дадзена», 1981, А.​Асіпенка, М.​Балгарын, М.​Пяцігорская). У 1980—90-я г. працуюць кінадраматургі Ф.​Конеў («Асабістая зацікаўленасць», 1986; «Усе кагосьці кахаюць», 1988; «Белае возера», 1992, з І.​Белавусам; «Ятрынская ведзьма», 1991, паводле В.​Адамчыка; «Чорны бусел, 1993), А.​Зайцаў («На чыгунцы», 1988; «Франка», «Мёд асы», абодва 1991) і інш. Здымаліся таксама фільмы па сцэнарыях пісьменнікаў Л.​Касіля, А.​Ліханава, Ю.​Нагібіна, П.​Ніліна, І.​Стаднюка, В.​Токаравай, Ю.​Эдліса, Ю.​Якаўлева і інш., кінадраматургаў Балгарына, Я.​Грыгор’ева, А.​Ініна, В.​Мярэжкі, У.​Трыфанава, П.​Фіна, В.​Чарных і інш.

Літ.:

Вайсфельд И.В. Новая область литературы. М., 1970;

Яго ж. О сущности кинодраматургии. М., 1981;

Белова Л.И. Советская кинодраматургия. М., 1981.

Л.​М.​Зайцава.

т. 8, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)