ГАЛУ́ЗА (Іларыён Рыгоравіч) (7.4.1899, в. Даргейка Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 10.10.1977),

савецкі заолаг і паразітолаг. Акад. АН Казахстана (1946). Д-р біял. н., праф. (1943). Скончыў Ленінградскі вет. ін-т (1925). З 1937 у Ін-це заалогіі АН Казахстана (у 1951 — 67 дырэктар), у 1946—51 акадэмік-сакратар Аддзялення біял. навук АН Казахстана. Навук. працы па вывучэнні фауны і экалогіі кляшчоў — пераносчыкаў узбуджальнікаў кровапаразітарных хвароб жывёл і чалавека, распрацоўцы біял. метаду барацьбы з імі. Выявіў прыродныя асяродкі лептаспірозаў і бруцэлёзу, прыродную ачаговасць таксаплазмозу, даказаў магчымасць перадачы ўзбуджальніка бруцэлёзу праз іксодавых кляшчоў. Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 4, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІКСО́ДАВЫЯ КЛЯШЧЫ́ (Ixodidae),

сямейства кляшчоў атр. паразітыформных. Каля 1000 вілаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. На Беларусі 12 відаў. Часовыя паразіты млекакормячых, птушак, паўзуноў, земнаводных. Адрозніваюць І.к. пашавых, гняздованоравых і прамежкавых.

Даўж. галодных кляшчоў 1—10 мм, якія лапіліся крыві — да 25 мм. Цела нерасчлянёнае, сплюшчанае. Маюць 4 пары канечнасцей. Ротавыя органы ўтвараюць галоўку, якой клешч прысмоктваецца да гаспадара на некалькі сутак. Яйцы адкладаюць на зямлю. У развіцці праходзяць фазы лічынкі, німфы і дарослай асобіны. Многія І.к. — пераносчыкі ўзбуджальнікаў інфекц. і паразітарных хвароб чалавека, жывёл (кляшчовага энцэфаліту, чумы, бруцэлёзу і інш.).

Іксодавы клешч.

т. 7, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Аргазіды (сям. кляшчоў) 1/412; 6/36

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АРАХНАЛО́ГІЯ (ад грэч. arachnē павук + ...логія),

раздзел заалогіі, які вывучае павукападобных. Вылучылася ў самастойную дысцыпліну ў сувязі з вял. пашырэннем павукападобных у свеце, стратамі, якія яны наносяць сельскай гаспадарцы, а таксама з небяспечнасцю для здароўя чалавека і жывёл ядавітых павукападобных, розных відаў кляшчоў — узбуджальнікаў і пераносчыкаў хвароб. Распрацоўка тэарэт. асноў арахналогіі звязана з імёнамі рус. вучоных М.​А.​Халадкоўскага, Я.​М.​Паўлоўскага, А.​А.​Бялыніцкага-Бірулі, У.​М.​Беклямішава. На Беларусі развіваецца з 1920-х г.; найб. ўвага аддаецца вывучэнню кляшчоў (гл. Акаралогія). Навукова-даследчая работа вядзецца ў ін-тах АН Беларусі (заалогіі, лесу), НДІ эксперым. ветэрынарыі, эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, ВНУ. Вывучаюцца відавы склад, экалогія і ўплыў антрапагенных фактараў на згуртаванне павукападобных. Распрацоўваюцца практычныя мерапрыемствы па ахове чалавека, жывёл і раслін ад шкодных павукападобных і выкарыстанні карысных відаў.

І.​У.​Рачкоўская.

т. 1, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВУКАПАДО́БНЫЯ (Arachnida, або Arachnoidea),

клас беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Вядомы з сілуру (каля 440 млн. гадоў назад). 13 атр.: жгутаногія, кляшчы, павукі, сальпугі, сенакосцы, скарпіёны, ілжэскарпіёны (Pseudoscorpiones, або Chelonethi), кененіі, або шчупальцаходавыя (Palpigradi), рыцынулеі (Ricinulei), тартарыды, або схізапельтыдыі (Tartarides, або Schizopeltidia), тэліфоны (Uropygi); каля 60 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць пераважна на сушы, некат. (вадзяныя кляшчы, вадзяны павук) у вадзе. На Беларусі найб. трапляюцца прадстаўнікі атр. кляшчоў, павукоў, сенакосцаў і інш. Некат. П. — паразіты, пераносчыкі ўзбуджальнікаў інфекц. хвароб, шкоднікі раслін і харч. запасаў.

Даўж. ад 0,1 мм да 17 см. Цела падзяляецца на галавагрудзі і брушка, укрыта кутыкулай. Афарбоўка разнастайная. Галавагрудзі не падзелены на сегменты, у большасці 6 пар канечнасцей; брушка пераважна сегментаванае. Ротавы апарат сысучага тыпу. Вачэй ад 1 да 5 пар (няма ў кененій, многіх кляшчоў, рыцынулей). З органаў пачуццяў найб. развіты дотык. Дыхаюць трахеямі, лёгкімі, радзей паверхняй цела. Крывяносная сістэма незамкнёная (у многіх кляшчоў няма). Органы выдзялення — каксальныя залозы і мальпігіевыя сасуды. Некат. (павукі, скарпіёны) маюць ядавітыя залозы. Пераважна драпежнікі. Раздзельнаполыя. Большасць адкладвае яйцы, некат. (кляшчы, скарпіёны) жывародныя. Звычайна 1, радзей 2—3 пакаленні за год.

Літ.:

Акимушкин И.И. Первопоселенцы суши. М., 1972;

Жизнь животных. Т. 3. 2 изд. М., 1984.

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Павукападобныя: 1 — павук-кругапрад нефіла плямістая; 2 — павук-скакун геліяфанус; 3 — сенакосец абідосус; 4 — павук-бакаход; 5 — вадзяны клешч піёна; 6 — ілжэскарпіён пячорны.

т. 11, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАПЛАЦЭФАЛІДО́ЗЫ КО́НЕЙ,

гельмінтозныя хваробы, якія выклікаюцца ўзбуджальнікамі — стужачнымі чарвямі (цэстоды сям. Anoplocephalidae). Прамежкавыя гаспадары — панцырныя кляшчы. Жывёлы заражаюцца ў асноўным летам і восенню на пашы пры заглынанні з травой інвазійных кляшчоў. Хваробы характарызуюцца прыступамі колікаў, нерв. прыпадкамі, сутаргамі, паносамі, схудненнем, разрывам страўніка і перытанітам. Лячэнне тэрапеўтычнае. Праводзяць прафілактычныя дэгельмінтызацыі.

т. 1, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГАФА́ГІ [ад аліга... + ...фаг(і)],

жывёлы, якія спажываюць вельмі абмежаваны набор кармоў. Да іх належаць многія членістаногія, чэрві, малюскі, рыбы, птушкі, млекакормячыя. Найб. пашыраны ў трапічных лясах. У фауне Беларусі алігафагі ёсць сярод насякомых (клубеньчыкавыя даўганосікі, каларадскі жук), павукоў, кляшчоў, чарвей, рыб, птушак (насякомаедныя — асаед звычайны, драпежнікі-рыбаеды — скапа, драпежнікі-арнітафагі — ястраб-перапёлачнік, ястраб-цецяроўнік), млекакормячых (траваедныя, пладаедныя і інш.). Гл. таксама Манафагі, Паліфагі.

т. 1, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВА́ЗІЯ (ад лац. invasio напад),

пранікненне ў арганізм чалавека, жывёлы і расліны паразітаў жывёльнага паходжання (прасцейшых, кляшчоў, гельмінтаў). Яны трапляюць праз скуру (актыўная І.), плацэнту (унутрычэраўная І.), заносяцца з ядой, вадой (пасіўная І.); здольныя паразітаваць за кошт арганізма гаспадара. Пры ўзаемадзеянні ўзнікаюць пэўныя сімптомы, іншы раз са смяротным зыходам (узаемадзеянне бывае і адносна няшкодным). Інвазійныя працэсы жывёл і чалавека вывучае паразіталогія, раслін — фітапаталогія. Гл. таксама Інвазійныя хваробы.

т. 7, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

акарало́гія

(ад гр. akari = клешч + -логія)

раздзел заалогіі, які вывучае кляшчоў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ДЭЗІНСЕ́КЦЫЯ (ад дэз... + лац. insectum насякомае),

комплекс ветэрынарна-сан. мерапрыемстваў па знішчэнні або зніжэнні колькасці шкодных членістаногіх (насякомых, кляшчоў і інш.). Метады Д.: мех. (сеткі, ліпкія стужкі, пасты, ачыстка ферм і тэрыторый), фіз. (уздзеянне высокіх і нізкіх тэмператур, гама-выпрамянення), хім. (інсектыцыды), біял. (выкарыстанне прыродных ворагаў членістаногіх — птушак, рыб, бактэрый, вірусаў, грыбоў). Выкарыстоўваюць супраць пераносчыкаў узбуджальнікаў інфекц. і інвазійных хвароб жывёл, чалавека і раслін, а таксама свірнавых шкоднікаў.

т. 6, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)