ГЕ́СЭ ((Hesse) Герман) (2.7.1877, г. Кальв, Германія — 9.8.1962),

нямецка-швейцарскі пісьменнік. У 1891—92 вучыўся ў Маўльбронскай семінарыі. З 1912 жыў у Швейцарыі, у 1923 адмовіўся ад герм. грамадзянства і прыняў швейцарскае. Зведаў уплыў псіхааналізу З.Фрэйда і «аналітычнай псіхалогіі» К.Г.Юнга. Пачынаў як паэт-неарамантык (зб. «Рамантычныя песні», 1899). Філас. раманы «Петэр Каменцынд» (1904), «Гертруда» (1910), «Росхальдэ» (1914), «Дэміян» (1919), «Стэпавы воўк» (1927), раман-утопія «Гульня шкляных перлаў» (1943; бел. пер. В.​Сёмухі, 1992), аповесці «Пад коламі» (1906), «Кнульп» (1915), «Клейн і Вагнер» (1920), «Курортнік» (1925), «Паездка ў Нюрнберг» (1932), «Нарцыс і Гольдмунд» (1930), «Паломніцтва ў Краіну Усходу» (1932) прысвечаны праблемам сцвярджэння асобы ў дэталізаваным грамадстве, ролі мастака ў сучасным свеце, лёсу культуры, цывілізацыі, чалавека-творцы. Яго проза адметная літ. гульнёй, стылістычным поліфанізмам, іроніяй, парадыйнасцю, стылізацыяй пад трактат, навук. даследаванне і інш. Аўтар паэмы ў прозе «Сідхартха» («Індыйская паэма», 1922), паэтычных цыклаў, апавяданняў, эсэ, публіцыст. артыкулаў, дарожных нататкаў. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі В.​Сёмуха, М.​Сяднёў. Нобелеўская прэмія 1946.

Тв.:

Бел. пер. — Пра мастацкую творчасць: [Эсэ] // Сяднёў М. Масеева кніга. Мн., 1994;

Паэт;

Воўк // Крыніца. 1995. № 3;

Рус. пер. — Паломничество в Страну Востока: Повесть;

Игра в бисер: Роман;

Рассказы. М., 1984;

Последнее лето Клингзора. М., 1986;

Письма по кругу: Худож. публицистика. М., 1987;

Сиддхартха. Мн., 1993;

Собр. соч. Т. 1—8. М.;

Харьков, 1994—95.

Літ.:

Березина А.Г. Герман Гессе. Л., 1976;

Седельник В.Д. Гессе и швейцарская литература. М., 1970;

Павлова Н.С. Герман Гессе // Павлова Н.С. Типология немецкого романа, 1900—1945. М., 1982;

Каралашвили Р. Мир романа Германа Гессе. Тбилиси, 1984;

Залоска Ю. Майстар гульні // Крыніца. 1995. № 3;

Лявонава Е. Паэтыка душы ў творах Германа Гесэ // Там жа.

Е.​А.​Лявонава.

т. 5, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́СНАЯ ПЛО́ШЧА ў Маскве,

цэнтральная плошча горада. Размешчана каля Крамля Маскоўскага. Створана ў канцы 15 ст. Першапачаткова наз. Торгам, у 16 ст. — Троіцкай, пасля пажару 1571 — Пажарам, з 1662 — Красная (прыгожая). У фарміраванні яе арх. ансамбля вядучую ролю адыгрывае Крамлёўская сцяна са Спаскай (Фралоўскай), Сенацкай і Нікольскай вежамі Крамля, што вызначае падоўжную кампазіцыю плошчы, і Васіля Блажэннага храм, які замыкае яе з Пд. У 16—17 ст. уздоўж сцяны праходзіў абарончы роў (засыпаны пасля 1812) з мастамі, агароджанымі зубчастымі сценамі. У 1-й пал. 16 ст. на плошчы ўстаноўлены памост-трыбуна, т. зв. Лобнае месца (перабудавана ў 1786, арх. М.​Ф.​Казакоў), у канцы 17 ст. пастаўлены будынкі Манетнага двара, Земскага прыхода, Гал. аптэкі. У пач. 18 ст. К.п. — культ. цэнтр горада: каля Спаскіх варот ішоў кніжны гандаль (існаваў да канца 19 ст.) і адкрылася першая публічная б-ка, каля Нікольскіх варот — т-р («камедыйная хараміна»), У 1755 у будынку Гал. аптэкі адкрыўся Маск. ун-т, з 1785 — дзярж. ўстановы. У 1786 перабудаваны старыя гандл. рады (паводле праекта Дж.​Кварэнгі), узнік новы корпус насупраць Крамлёўскай сцяны (перабудаваны ў 1814—15 арх. В.​І.​Бавэ; не захаваўся). У 1818 пастаўлены помнік К.​Мініну і Дз.​Пажарскаму (скульпт. І.​П.​Мартас), які разам з купалам Сената (1776—87, арх. Казакоў) ствараў папярочную вось ансамбля. Пабудовы 2-й пал. 19 ст. ў псеўдарус. стылі: будынак Гіст. музея (1875—81, арх. У.​В.​Шэрвуд), Верхнія (цяпер дзярж. універмаг, 1889—93, арх. А.​Н.​Памяранцаў) і Сярэднія (1892, арх. Р.​І.​Клейн) гандл. рады. З К.п. звязаны некат. гіст. падзеі ў Маскве: «саляны бунт» (1648), «медны бунт» (1662), стралецкае паўстанне (1682) і інш. У сав. часы на плошчы пабудаваны маўзалей У.​І.​Леніна (1924—30, арх. А.​В.​Шчусеў), у 1930—31 створаны трыбуны (арх. І.​А.​Француз), пасаджаны елкі, плошча забрукавана. Каля Крамлёўскай сцяны магілы, у сцяне урны з прахам рас., сав. і замежных дзеячаў. У 1992—94 тут адноўлены Казанскі сабор (каля 1636, разабраны ў 1936). К.п. — месца правядзення ўрачыстасцей. Ад яе вядзецца адлік адлегласці па ўсіх дарогах, што ідуць ад Масквы. К.п. разам з Крамлём уключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Красная плошча ў Маскве.

т. 8, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСКО́Ў (Мікалай Сямёнавіч) (16.2. 1831, с. Гарохава Арлоўскай вобл., Расія — 5.3.1895),

рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1860. У ранніх апавяданнях і аповесцях («Жыціе адной бабы», 1863; «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета», 1865; «Ваяўніца», 1866 і інш.) шырока паказаў жыццё рус. народа, лёс жанчыны. Антынігілістычныя раманы, напісаныя на бел. тэматыку: «Няма куды» (1864, эпізоды паўстання 1863—64 у Белавежы) і «На нажах» (1870—71). У рамане-хроніцы «Сабаране» (1872), аповесці «Зачараваны вандроўнік» (1873), апавяданнях «Паўлін», «Аднадум» і інш. стварыў галерэю тыпаў праведнікаў. Цяжкі лёс мастака з народу ў цэнтры аповесцей «Увасоблены анёл» (1873), «Тупейны мастак» (1883), «Чортавы лялькі» (1890). Вытрыманы ў гратэскавай манеры сказ «Ляўша» (1881) — услаўленне кемлівасці і прыроднага таленту рус. чалавека. У жанры вострай сац. сатыры напісана аповесць «Заечы рэміз» (1891—94, апубл. 1917) і інш. Аўтар п’есы «Марнатравец» (1867), легенд на тэмы жыцця першахрысціян, літ.-крытычных і публіцыстычных артыкулаў, артыкулаў пра мастацтва, успамінаў і інш. Творчасці Л. ўласцівы жанравае і вобразнае багацце, непаўторная сказавая манера. Паводле аповесці «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.​Шастаковіч стварыў аднайм. оперу (1934; адноўлена ў 1962 пад назвай «Кацярына Ізмайлава»; пастаўлена Нац. т-рам оперы Беларусі, 1994). У вер. 1862 прыязджаў у Вільню; зблізіўся з В.​Каратынскім, падарожнічаў з ім па Беларусі, наведаў Гродна, Пінск, Пружаны, Белавежскую пушчу, прысвяціў яму аповесць «Жыціе адной бабы». Уражанні ад паездкі па Беларусі выкарыстаў у серыі карэспандэнцый «З аднаго дарожнага дзённіка» (час. «Северная пчела», 1862). Шэраг твораў Л. экранізаваны. Асобныя творы Л. на бел. мову пераклалі І.​Сакалоўскі, М.​Сеўрук.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—12. М., 1989;

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1993;

О любви: Повести. М., 1993;

Бел. пер. — Тупейны мастак. Мн., 1937;

Чалавек на варце. Мн., 1947.

Літ.:

Лесков А.Н. Жизнь Николая Лескова. Т. 1—2. М., 1984;

Аннинский Л. Лесковское ожерелье. 2 изд. М., 1986;

Горелов А.А. Н.​С.​Лесков и народная культура. Л., 1988;

Лесков и русская литература. М., 1988;

Творчество Н.​С.​Лескова. Курск, 1988;

Гапава В. Вінцэсь Каратынскі і М.​С.​Ляскоў // ЛіМ. 1970. 30 студз.;

Клейн Б. В годину смятения: Бел. поездка Н.​Лескова // Неман. 1979. № 2.

У.​І.​Мархель.

М.С.Ляскоў.

т. 9, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)