БАРГУЗІ́НСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у Бураціі, на паўн.-ўсх. узбярэжжы воз. Байкал і зах. схілах Баргузінскага хр. (выш. да 3000 м). Засн. ў 1916 у мэтах аховы прыроднага комплексу горнай байкальскай тайгі, захавання баргузінскага собаля. Пл. больш за 263 тыс. га (у т. л. 15 тыс. га займае трохкіламетровая паласа акваторыі воз. Байкал).
Добра выяўлены вышынныя паясы расліннасці. Пераважае цемнахвойная тайга (піхта, кедр, з дамешкамі лістоўніцы і хвоі). Усяго ў флоры запаведніка больш за 600 відаў раслін. У фауне 39 відаў млекакормячых, 243 — птушак, 4 — рэптылій і 2 — амфібій. Шматлікія баргузінскі собаль і эндэмічная байкальская нерпа; звычайныя вавёрка, буры мядзведзь, лось, таежны паўночны алень; трапляюцца выдра, каланок, расамаха, гарнастай; з птушак — каменны глушэц, рабчык, арлан-белахвост, трохпальцавы дзяцел, кедраўка, сойка, пеначкі, бурагаловая гаічка, попаўзень і інш.
т. 2, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЧО́РА-І́ЛЫЦКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
біясферны запаведнік у Рэспубліцы Комі, Расія, у зах. перадгор’ях Паўн. Урала. Засн. ў 1930 для аховы лясных масіваў вадазборнай пл. рэк Пячора і Ілыч і каштоўных жывёл. Пл. 721,3 тыс. га, у т. л. пад лесам 628,5 тыс. га.
Ахоплівае 3 ландшафтныя раёны: Прыпячорскую нізіну, парослую хваёвымі барамі; перадгор’і з яловымі, піхтавымі і ялова-піхтавымі лясамі (месцамі з дамешкамі кедра); горы Урала (з добра выяўленай верт. пояснасцю) з цемнахвойнай тайгой, крывалессем, субальпійскімі лугамі, тундрай, камяністымі россыпамі. У фауне звычайныя лось, паўн. алень, мядзведзь. ліс, вавёрка і інш., сустракаюцца расамаха, выдра, воўк, куніца лясная, собаль і іх помесь — кідас. Рэакліматызаваны бабёр. У арнітафауне больш за 200 відаў, у т. л. глушэц, цецярук, рабчык, курапаткі белая і тундравая, крыжадзюб, кедраўка і інш. Адно з асн. нерасцілішчаў сёмгі; сустракаюцца таймень, харыус, сіг. Доследная ласяферма.
т. 13, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)