ВОГНЕТРЫВА́ЛЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

матэрыялы і вырабы, устойлівыя да ўздзеяння высокай (больш за 1580 °C) т-ры. Падзяляюцца на ўласна вогнетрывалыя (з вогнетрываласцю 1580—1770 °C; дынасавыя, кварцавыя, шамотавыя, паўкіслыя вогнетрывалыя матэрыялы), высокавогнетрывалыя (1770—2000 °C; высокагліназёмістыя, даламітавыя, карбарундавыя, форстэрытавыя, храмітавыя) і найвышэйшай вогнетрываласці (больш за 2000 °C; магнезітавыя, шпінельныя, цырконіевыя, коксавыя, графітавыя, з чыстых вокіслаў і інш.).

Вогнетрывалыя матэрыялы бываюць: рознай шчыльнасці, у т. л. легкаважныя (цеплаізаляцыйныя); з пластычных (маюць гліны) і непластычных мас; абпальныя, безабпальныя, плаўленыя, выпілаваныя з горных парод; фармаваныя (фасонная і звычайная цэгла, трубы, пліты) і нефармаваныя (парашкі, растворы, абмазкі, бетоны). Выкарыстоўваюцца для муроўкі металургічных, шклаварных і інш. пячэй, топак, цеплавых агрэгатаў. З іх робяць тыглі, рэторты, дэталі шклоразлівачных каўшоў і інш. Найб. пашыраны ў прам-сці шамотныя вогнетрывалыя матэрыялы, іх атрымліваюць з вогнетрывалай гліны (радовішчы ў Беларусі) і кааліну. Вогнетрывалыя матэрыялы з бескіслародных злучэнняў і чыстых вокіслаў атрымліваюць метадам парашковай металургіі (канчатковая аперацыя — спяканне). Тэхналогія вытв-сці керамічных вогнетрывалых матэрыялаў уключае абпальванне мінер. сыравіны, памол, дабаўку клейкіх рэчываў (гліны, вадкага шкла, вапны, смалы), фармаванне, абпальванне вырабаў. Вогнетрывалыя вырабы выпускае Мінскі фарфоравы з-д. Гл. таксама Вогнетрывалых матэрыялаў прамысловасць.

т. 4, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЎЛІ́ЧНАЯ ТУРБІ́НА,

гідратурбіна, лопасцевы гідраўлічны рухавік, які пераўтварае мех. энергію патоку вады ў энергію вярчальнага вала. Паводле прынцыпу дзеяння падзяляюцца на актыўныя турбіны (свабоднаструменныя) і рэактыўныя турбіны (напорнаструменныя), паводле размяшчэння вала рабочага кола — на вертыкальныя, гарызантальныя і нахіленыя. Выкарыстоўваюцца пераважна на гідраэлектрычных станцыях для прывода гідрагенератара (спалучаныя з ім гідраўлічныя турбіны наз. гідраагрэгатамі).

Актыўныя гідраўлічныя турбіны падзяляюцца на каўшовыя, нахіленаструменныя і двухкратныя. У каўшовых гідраўлічных турбінах рабочым колам з’яўляецца дыск, па акружнасці якога размешчаны лопасці ў выглядзе падвойных каўшоў. Накіравальным апаратам (адным або некалькімі сопламі) струмень вады пад атм. ціскам з вял. скорасцю падаецца на лопасці (каўшы) і з малой скорасцю зыходзіць з кола. Бываюць з верт. або гарыз. валам. Магутнасцю да 250 МВт, рабочы напор 40—2000 м. Рэактыўныя гідраўлічныя турбіны паводле напрамку руху вады ў рабочым коле падзяляюцца на восевыя (паваротна-лопасцевыя, прапелерныя) і нявосевыя (радыяльна-восевыя, дыяганальныя). Маюць турбінную (спіральную) камеру (забяспечвае раўнамернае паступленне вады па ўсім контуры накіравальнага апарата), накіравальны апарат з прафіляванымі лапаткамі (рэгулюе расход вады), рабочае кола з паваротнымі або нерухомымі лопасцямі (яго вал злучаны з валам эл. генератара), адсмоктвальную трубу (змяншае скорасць вады, што паляпшае выкарыстанне энергіі вадзянога патоку). Магутнасць паваротна-лопасцевых гідраўлічных турбін да 250 МВт, рабочы напор 2—70 м; дыяганальных адпаведна да 350 МВт, 40—120 м; радыяльна-восевых — да 800 МВт і болей, 2—600 м.

Разнавіднасцю гідраўлічнай турбіны было вадзяное кола, вядомае са старажытнасці. Першая рэактыўная гідраўлічная турбіна вынайдзена франц. інж. Б.Фурнеронам у 1827, радыяльна-восевая — амер. інж. Дж.Фрэнсісам у 1855, актыўная каўшовая — амер. інж. А.Пелтанам у 1889, паваротна-лопасцевая — аўстр. інж. В.Капланам у 1913. Вытв-сць гідраўлічных турбін у б. СССР наладжана ў 1924. Найб. вядомыя гідраўлічныя турбіны фірмаў Японіі, ЗША, Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Швецыі і інш. На Беларусі малыя гідраўлічныя турбіны выпускаў у 1949—58 Бабруйскі маш.-буд. з-д. ГЭС Беларусі абсталяваны верт. і гарыз. радыяльна-восевымі гідраўлічнымі турбінамі. Перспектыўныя турбіны малой (10—50 кВт) магутнасці з рабочым напорам 2—5 м.

Я.П.Забела.

т. 5, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОГНЕТРЫВА́ЛЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

падгаліна чорнай металургіі, спецыялізаваная на вытв-сці шамотных, дынасавых, магнезітавых, алюмасілікатных, вугляродзістых і інш. вырабаў і вогнетрывалых матэрыялаў. З мінер. сыравіны, якая мае вогнетрываласць не ніжэй за 1580 °C, вырабляецца цэгла (фасонная і буйнаблочная) і нефармаваныя матэрыялы мертэлі — парашкі, пластычныя масы і вадкія сумесі. У якасці сыравіны выкарыстоўваюць вогнетрывалыя гліны, кварцыты, магнезіт, баксіты, даламіты, а таксама сінтэзаваныя або ўзбагачаныя пылападобныя адходы і шламы вытв-сці абразіваў, каталізатары сінт. каўчуку, адходы нафтахім. прам-сці. Прадукцыя вогнетрывалых матэрыялаў прамысловасці выкарыстоўваецца пры буд-ве і эксплуатацыі цеплавых агрэгатаў у металургічнай, цэментнай галінах і энергетыцы (пры пабудове доменных, мартэнаўскіх, коксавых і награвальных, шклаварных і тунэльных пячэй), для футэроўкі сталеразліўных і чыгунавозных каўшоў, вырабу гарачатрывалага бетону, тыгляў, рэтортаў і інш.

Прыродныя вогнетрывалыя матэрыялы (гліну, кварцавы пясок, талькавы камень і інш.) выкарыстоўвалі з даўніх часоў. Шамотныя матэрыялы ў Расіі пачалі вырабляць з сярэдзіны 18 ст., дынасавыя і магнезітавыя — з канца 19 ст., калі ўзніклі першыя спецыялізаваныя з-ды на Украіне (Часаваярскі, 1887, цяпер у Данецкай вобл.) і на Урале. У 1913 у Расіі выраблена 582 тыс. т вогнетрывалых матэрыялаў. Сучасная вогнетрывалых матэрыялаў прамысловасць Расіі мае 14 прадпрыемстваў па вытв-сці крэменязёмістых, алюмасілікатных і перыклаззмяшчальных вогнетрывалых матэрыялаў і вырабаў і 3 рудаўпраўленні, выпускаецца больш за 3 млн. т прадукцыі (1992). Найб. прадпрыемствы на Урале (камбінат «Магнезіт» у Чэлябінскай вобл.), у Падмаскоўі, Варонежскай вобл., Сібіры. Развітую вогнетрывалых матэрыялаў прамысловасць маюць Украіна і Казахстан. Сярод вядучых вытворцаў вогнетрывалых матэрыялаў у свеце ЗША, Канада, Японія, Германія, Расія і інш.

Большая ч. вогнетрывалых матэрыялаў (60%) выкарыстоўваецца ў чорнай і каляровай металургіі, агульная патрэба ў іх, адносна колькасці, неабходнай для выплаўкі 1 т сталі, вагаецца ад 25 да 100 кг. Вогнетрывалыя вырабы і матэрыялы атрымліваюць шляхам выпілоўвання з горных парод, ліццём, прасаваннем, трамбаваннем, плаўленнем. Сучасная вогнетрывалых матэрыялаў прамысловасць выкарыстоўвае новыя віды сыравіны (напр., храмітавую, алівінавую, цырконіевую, тытаніт, алюміній, алюмамагнезіяльную шпінель і інш.), пашырае вытв-сць малаадходных, энергазберагальных матэрыялаў.

Спажыўцамі прадукцыі вогнетрывалых матэрыялаў прамысловасці на Беларусі з’яўляюцца прадпрыемствы энергетыкі (ЦЭЦ і інш.), цэментнай прам-сці і металургіі (Беларускі металургічны завод і інш.). Сваёй галіны краіна не мае, патрэба ў вогнетрывалых матэрыялах задавальняецца за кошт імпарту, пераважна з Украіны. За апошнія дзесяцігоддзі разведана сыравінная база, на якой магчыма развіццё вытв-сці шамотных вырабаў агульнага прызначэння (каалін), легкаважнай вогнетрывалай цэглы (трэпелы, апокі і крэменязёмістыя мергелі з цэалітамі), керамічных і вогнетрывалых вырабаў (пірафіліты).

т. 4, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)