каці́ць, качу, коціш, коціць; незак.

1. каго-што. Рухаць, перамяшчаць які‑н. круглы прадмет, прымушаючы яго вярцецца. Каціць бочку. Каціць мяч. □ А самым цікавым для мяне было пабачыць, як з высокага яруса бярвення кацілі ў Нёман калоды. Колас. // Рухаць, везці што‑н. на колах. Шашура ў гэты час з двума таварышамі каціў на фланг процітанкавую гармату. Мележ. Па цяністай алеі малады мужчына асцярожна каціў дзіцячую каляску. Гроднеў.

2. што. Перамяшчаць сілай цячэння, павеву ветру і пад. Толькі Бярэзіна, вада ў якой пацямнела ад холаду і хмурнага неба, спакойна і велічна коціць сваю плынь. С. Александровіч. Наша возера хвалямі б’ецца, Коціць пену сваю на пяскі. Калачынскі.

3. перан.; што. Губіць, нішчыць (пра эпідэмія), павальную хваробу). Геня ніяк не мог адразу зразумець, што хоча сказаць Кася, бо тая так хвалявалася, нібы на ферме .. чума.. коціць усю жывёлу. Пташнікаў.

4. Разм. Тое, што і каціцца ​1 (у 2, 3, 4 і 5 знач.). І машына коціць.. мякка, бясшумна. Лынькоў. Па дарозе, уздымаючы слуп пылу, коціць на кірмаш айцец Парфіры. Чарот. А час ідзе, на захад коціць сонца. Шушкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасла́ць 1, пашлю, пашлеся, пашле; пашлём, пашляце; заг. пашлі; зак.

1. каго-што. Адправіць каму‑н. па пошце, праз пасланца і інш. Грошы.. [Марына Паўлаўна] падзяліла на дзве роўныя часткі і адну пакінула сабе, а другую паслала дачцэ. Зарэцкі. Жэрдзін за подпісам камбата паслаў дакладную ў штаб палка. Няхай. Насушыш семечак, адкрыеш кубельчык, калі ён ёсць у цябе, і складзеш пасылачку. Аднаму пашлеш, пашлеш другому... Ракітны. // што. Выказаць свае адносіны, пачуцці да каго‑н. словамі, жэстамі. Паслаць пацалунак.

2. каго-што. Накіраваць, выправіць каго‑н. куды‑н. з якой‑н. мэтай. [Патапаў:] Мяне і маіх сяброў паслала сюды партыя, каб мы перадалі маладым беларускім кадрам свой вопыт. Крапіва. Вось і сёння паслала маці Натальку прынесці абед. Колас. Пашлі дурнога, а за ім другога. Прыказка.

3. што. Накіраваць што‑н. у які‑н. бок. Раптам з боку вёскі кулямёт паслаў доўгую чаргу. Дамашэвіч. // Перадаць тэхнічнымі сродкамі на адлегласць. Паслаць у эфір пазыўныя.

4. што. Перадаць, кінуць (мяч, кап’ё і пад.). Пецька паслаў мне пас, і трэба было прымаць яго. Васілёнак.

•••

(Сам) бог паслаў гл. бог.

пасла́ць 2, ‑сцялю, ‑сцелеш, ‑сцеле; заг. пасцялі; зак., што.

1. Пакласці, накрываючы паверхню чаго‑н. Паслаць абрус на стол. □ Кася дастала саган, адцадзіла, паслала на стол шараваты льняны ручнік і высыпала на яго бульбу. Арабей. // Падрыхтаваць пасцель, месца для спання. Няміра нарэшце стаміўся слухаць. Ён папрасіў, каб яму паслалі дзе. Чорны. Калі я дамоў прыеду, Усіх трывог зазнаўшы меру, Пасцялі ты мне, матуля, Пасцялі пасцель з аеру. Кірэенка.

2. Раскласці тонкім слоем на лузе для вылежкі пад дажджом, расой (лён, каноплі). Кончыцца кананне бульбы, мо’ хто на дзень-другі пазаве лён паслаць ці патрапаць. Гартны.

3. Укласці шчыльна дошкі, пліткі і пад. [Пякарня] некалі яшчэ тут была, прыватная, трэба было печы перакласці, з новай цэглы пады паслаць. Лобан.

4. Разаслаць, распаўсюдзіць па паверхні або над паверхняй што‑н. І кроплі срэбнае расы Туман паслаў на ціхім доле. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)