ІШЫ́МАВА (Аляксандра Восіпаўна) (16.1.1805, г. Кастрама, Расія — 16.6.1881),

руская дзіцячая пісьменніца. Друкавалася з 1831. Выдавала час. для дзяцей «Звездочка» (1842—63) і «Лучи» (1850—60). Аўтар кніг «Гісторыя Расіі ў апавяданнях для дзяцей» (ч. 1—6. 1837—40), «Апавяданні бабулькі» (1839), «Свяшчэнная гісторыя ў размовах для маленькіх дзяцей» (1841), «Рускім дзецям» (1881) і інш., большая частка якіх была пераказам гіст. твораў (напр., М.​М.​Карамзіна).

т. 7, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯДКО́Ў (Ігар Аляксандравіч) (11.4.1934, г. Смаленск, Расія — 27.12.1994),

рускі крытык і літ.-знавец. Скончыў Маскоўскі ун-т (1957). У 1957—76 у газ. «Северная правда» (Кастрама). Літ. дзейнасць пачаў у 1958. Даследаваў сучасную прозу. Аўтар кн. «Васіль Быкаў» (1980), у якой падрабязна прааналізаваў творчасць бел. пісьменніка, рэцэнзій на аповесці В.​Быкава «Дажыць да світання» і «Пайсці і не вярнуцца», раман «Карнікі» А.​Адамовіча.

Тв.:

Возвращение к себе. М., 1978;

Во все концы дорога далека. Ярославль, 1981.

т. 6, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКІ́ЦІН (Кінешамцаў) Гурый

(1630-я г.—1691),

расійскі жывапісец. Жыў пераважна ў г. Кастрама, дзе кіраваў т-вам іканапісцаў. Яго размалёўкам (сумесна з С.​Савіным) у Троіцкім саборы ў г. Пераяслаўль-Залескі (1662—68), у царкве Ільі Прарока ў г. Яраслаўль (1680—81), у Троіцкім саборы Іпацьеўскага манастыра ў Кастраме (1685), Праабражэнскім саборы ў г. Суздаль (1689) і інш., а таксама абразам уласцівы багацце фантазіі, цікавасць да навакольнага жыцця, дэкар. маляўнічасць.

Літ.:

Брюсова В.Г. Г.​Никитин. М., 1982.

т. 11, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛКА́НАЎ (Аляксандр Аляксеевіч) (25.5.1888, г. Кастрама, Расія — 10.1.1963),

расійскі геолаг. Акад. АН СССР (1943). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1911). У 1917—21 праф. Пермскага, з 1930 Ленінградскага ун-таў. У 1939—45 дырэктар Ін-та зямной кары пры Ленінградскім ун-це, арганізатар (1949) і дырэктар Лабараторыі геалогіі дакембрыю АН СССР. Навук. працы па петралогіі інтрузіўных парод і геахраналогіі дакембрыйскіх парод Балтыйскага шчыта і Украіны. Распрацаваў структурную класіфікацыю плутонаў, прапанаваў калій-аргонавы метад вызначэння абс. ўзросту геал. фармацый. Ленінская прэмія 1962.

т. 12, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЕ́ГІН (Яўген Яўгенавіч) (н. 17.7.1932, г. Кастрама),

бел. вучоны ў галіне электроннага машынабудавання. Чл.-кар. АН Беларусі (1986), д-р тэхн. н. (1982), праф. (1989). Скончыў БПІ (1950). З 1957 на Мінскім з-дзе аўтам. ліній, з 1963 у навукова-вытв. аб’яднанні «ПЛАНАР», з 1973 яго ген. дырэктар. Навук. працы па дакладным машынабудаванні для мікраэлектронікі, асновах праектавання прэцызійнага тэхнал. абсталявання для вытв-сці інтэгральных схем. Дзярж. прэмія СССР 1973.

Тв.:

Точное машиностроение для микроэлектроники. М., 1986;

Автоматическая сборка ИС: Технол. процесс. Оборудование. Управление. Техн. зрение. Привод: Справ. пособие. Мн., 1990 (разам з В.​А.​Зяньковічам, Л.​Р.​Бітно).

т. 1, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУБІ́НСКІ (сапр. Пяскоў) Яўген Еўсцігнеевіч

(12.3.1834, г. Кастрама, Расія — 20.1.1912),

гісторык рус. правасл. царквы. Д-р багаслоўя (1880), праф. (1881), акад. Пецярбургскай АН (1903; чл.-кар. 1882). Скончыў Кастрамскую семінарыю, Маскоўскую духоўную акадэмію (1858), дзе з 1861 выкладаў гісторыю рус. царквы. У гал. працы «Гісторыя рускай царквы» (т. 1—2, 1880—1900; ахоплівае перыяд з 10 да сярэдзіны 16 ст.) змешчаны вял. фактычны матэрыял, у т. л. па гісторыі правасл. царквы ў ВКЛ. Быў лібералам-заходнікам, падзяляў гісторыю рус. царквы на перыяд «пісьменнасці» (дапятроўскі) і «асветы» (пасляпятроўскі), абверг верагоднасць шэрагу царк. легенд.

т. 4, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́СІН (Ілья Аляксандравіч) (6.1.1904, г. Кастрама, Расія — 6.6.1999),

дырыжор, педагог. Засл. арт. Беларусі (1939). Засл. дз. маст. Узбекістана (1942). Нар. арт. Расіі (1983). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1930, вучань М.Малько, А.Гаўка), у 1934—37 і 1944—52 кіраваў яе сімф. аркестрам. З 1932 выкладаў у С.-Пецярбургскай кансерваторыі (з 1961 праф.). У 1937—41 гал. дырыжор сімф. аркестра Бел. філармоніі і педагог Бел. кансерваторыі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы і правядзенні Дэкады бел. мастацтва ў Маскве (1940). Стварыў адметную пед. сістэму, якую выклаў у кн. «Тэхніка дырыжыравання» (1967) і «Аб выхаванні дырыжора. Нарысы» (1987). Сярод яго вучняў Ю.Домаркас, А.Дымітрыядзі, К.Сімяонаў, В.Сінайскі, Ю.Цемірканаў, Ю.Яфімаў і інш.

т. 11, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАМЕ́ЙЧЫК (Канстанцін Міхайлавіч) (26.5.1912, г. Кастрама, Расія — 3.3.1990),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1966). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1930 у самадзейнасці. З 1935 у т-рах Кастрамы і Бранска. З 1946 у т-ры імя Я.​Купалы, у 1947—54 і 1957—73 у Рус. драм. т-ры БССР, у 1955—57 у Бел. т-ры юнага гледача. Характарны акцёр. Выконваў пераважна эпізадычныя ролі. Створаныя ім вобразы вызначаліся яскравасцю і акрэсленасцю: Кукушкін, Палойка («Брэсцкая крэпасць», «Галоўная стаўка» К.​Губарэвіча), Радзіёнаў («Порт-Артур» паводле А.​Сцяпанава), Усцін («Узнятая цаліна» паводле М.​Шолахава), Пётр («Лада цемры» Л.​Талстога), Прытыкін («Варвары» М.​Горкага), Мітрафанаў («Барабаншчыца» А.​Салынскага), Менас («Антоній і Клеапатра» У.​Шэкспіра) і інш.

т. 4, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛКАЎ (Фёдар Рыгоравіч) (20.2.1729, г. Кастрама, Расія — 15.4.1763),

рускі акцёр і тэатр. дзеяч. У 1741—48 вучыўся ў Маскве. Арганізаваў у Яраслаўлі аматарскую трупу, з 1750 — публічны т-р. У 1752 Волкаў і некалькі акцёраў былі выкліканы імператрыцай Елізаветай Пятроўнай у С.-Пецярбург; выступаў на прыватнай і прыдворнай сцэнах. Пазней залічаны ў трупу першага пастаяннага рус. публічнага т-ра (арганізаваны ў 1756 у Пецярбургу), з 1761 — дырэктар гэтага т-ра. У творчасці адышоў ад эстэт. канонаў класіцызму, ад пашыранай у той час урачыстай дэкламацыі. Праславіўся як выканаўца гал. роляў у трагедыях А.​Сумарокава: Аскольд («Семіра»), Амерыканец («Прыстанішча дабрачыннасці»), Марс («Новыя лаўры»), з вял. майстэрствам іграў і ў камедыях. Імя Волкава прысвоена Яраслаўскаму драм. т-ру (1911).

Ф.Р.Волкаў. Партрэт работы А.​Ласенкі. 1763.

т. 4, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРА́СІМАЎ (Інакенцій Пятровіч) (22.12.1905, г. Кастрама, Расія — 30.3.1985),

савецкі геолаг, геамарфолаг, глебазнавец. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. 1946). Чл. Балгарскай АН (1962), акадэміі «Леапальдзіна» (1965), Акадэміі с.-г. навук ГДР (1968) і Германскай АН у Берліне (1968). Скончыў Ленінградскі ун-т (1926). У 1936—56 у Глебавым ін-це імя В.​В.​Дакучаева, з 1945 у Ін-це геаграфіі АН СССР (з 1951 дырэктар). Удзельнік экспедыцый у Казахстан, Сярэднюю Азію, на Д.​Усход, Урал. Падарожнічаў па Індыі, Кітаі, Японіі, Аўстраліі, краінах Паўн. і Паўд. Амерыкі, Афрыкі і Зах. Еўропы. Навук. працы па генезісе і геаграфіі глеб, фіз. геаграфіі, палеагеаграфіі і геамарфалогіі. Аўтар (разам з К.​К.​Маркавым) першай зводкі «Ледавіковы перыяд на тэрыторыі СССР» (1939). Распрацаваў новыя прынцыпы класіфікацыі рэльефу Зямлі. Узначальваў рэдкалегію «Фізіка-геаграфічнага атласа Свету» (1964). Дзярж. прэмія СССР 1973.

т. 5, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)