ПЕРШАМА́ЙСКАЯ,

вёска ў Бярозаўскім р-не Брэсцкай вобл.; чыг. ст. Бяроза-Картузская на лініі Брэст—Баранавічы. Да 1964 наз. Блудзень. Цэнтр сельсавета. За 5 км на З ад г. Бяроза, 96 км ад Брэста. 1842 ж., 832 двары (2000). Бярозаўскі камбікормавы з-д, Бярозаагразабеспячэнне, хлебапякарня, база сельгасхіміі, 6-ы акалодак Жабінкаўскай дыстанцыі пуці, прыёмны пункт Жабінкаўскага цукр. з-да. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 12, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗА (да 1940 Бяроза-Картузская, Картуз-Бяроза),

горад у Беларусі, цэнтр Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл., на р. Ясельда. За 102 км ад Брэста, 6 км ад чыг. ст. Бяроза-Картузская на лініі Брэст—Баранавічы, на аўтадарозе Кобрын—Баранавічы. 30,5 тыс. ж. (1995).

У пісьмовых крыніцах вядома з 1477 як вёска Слонімскага, у 1521 — Кобрынскага пав. ВКЛ. Належала Гамшэям, Вештартовічам, Гастоўскім, Рудзінскім, з канца 16 ст. — Сапегам. З 1629 мястэчка. У 1648—89 пабудаваны Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў (картузаў, адсюль назва Картуз-Бяроза). У 1706 тут адбылася сустрэча рас. цара Пятра I з каралём польскім і вял. кн. літ. Аўгустам II. У час Паўночнай вайны 1700—21 швед. войскі разбурылі Бярозу і абрабавалі кляштар. З 1795 Бяроза ў складзе Рас. імперыі, мястэчка Пружанскага пав. (з 1801 Гродзенскай губ.). У 1-й пал. 19 ст. праводзілася 8 кірмашоў на год, дзейнічалі 2 гарбарныя і суконныя мануфактуры. У 1871 праз Бярозу пракладзена Маскоўска-Брэсцкая чыгунка. У 1897 — 6,2 тыс. ж. У 1-ю сусв. вайну ў 1915 акупіравана герм. войскам, у 1919—20 занята польскім войскам, Чырв. Арміяй. З 1921 у Польшчы, мястэчка Пружанскага пав. Палескага ваяв. У 1934 створаны Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 горад, цэнтр раёна. З 23.6.1941 да 15.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія ў створаным імі лагеры смерці загубілі 7 тыс. чал. Дзейнічала патрыят. падполле. Бяроза вызвалена войскамі 28-й арміі 1-га Бел. фронту ў ходзе Беларускай аперацыі 1944. У 1969 — 7,5 тыс. чал.

У Бярозе прадпрыемствы маш.-буд., буд. матэрыялаў (Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў), харч. (Бярозаўскі мясакансервавы камбінат, Бярозаўскі сыраробны камбінат) прам-сці і сац.-быт. абслугоўвання. Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў, Бярозаўская Петрапаўлаўская царква. Помнікі на месцы б. канцэнтрацыйнага лагера, сав. лётчыкам.

Я.​В.​Сяленя (гісторыя)

Горад Бяроза. Забудова жылога раёна.

т. 3, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗА-КАРТУ́ЗСКІ КАНЦЭНТРАЦЫ́ЙНЫ ЛА́ГЕР,

месца зняволення паліт. вязняў у Польшчы ў 1934—39. Створаны паводле распараджэння прэзідэнта Польскай рэспублікі ад 17.6.1934 для ізаляцыі «левых элементаў» (камуністаў, рэвалюцыянераў і інш.). Размяшчаўся ў колішніх вайск. казармах мяст. Бяроза-Картузская Палескага ваяв. (г. Бяроза Брэсцкай вобл.). Людзей найчасцей знявольвалі без суда, на падставе даносаў мясц. адміністрацыі, часта на неабмежаваны тэрмін. Вызначаўся жорсткім рэжымам. У канцлагеры былі зняволены актыўныя дзеячы КПЗБ, КПЗУ і КПП, сярод іх А.​І.​Кароль, Ф.​Р.​Маркаў, укр. паэт А.​Гаўрылюк. Тут закатаваны камуністы А.​А.​Мазырка, А.​В.​Германіскі, Ю.​Нядзельскі і інш. У канцлагеры дзейнічала заканспіраваная камуніст. арг-цыя. Канцлагер ліквідаваны ў вер. 1939 з прыходам Чырв. Арміі на тэр. Зах. Беларусі. Паводле няпоўных звестак, за гады існавання праз лагер прайшло больш за 10 тыс. вязняў. Помнік вязням Бяроза-Картузскага канцэнтрацыйнага лагеру.

т. 3, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЎРЫЛЮ́К (Аляксандр Якімавіч) (23.4.1911, в. Забалоцце Бельскага ваяв., Польшча — 22.6.1941),

украінскі пісьменнік. Удзельнік нац.-вызв. руху ў Зах. Украіне і Зах. Беларусі. На працягу 1929—39 шмат разоў быў арыштаваны, двойчы быў вязнем канцлагера Бяроза-Картузская. Дэбютаваў вершам «Успаміны зняволенага» (1929), які стаў песняй падпольшчыкаў. Аўтар паэт. твораў «Паэма пра пятлю» (1932), «Плакаты» (1935), «Непрадбачаны эпілог» (1941), памфлета «Паны і панічы над «Кабзаром» (выд. 1936), паэмы «Песня з Бярозы» (1937, выд. 1941), «Львоў» (1941), дакумент. аповесці «Бяроза» (1941, выд. 1946) і інш., у якіх адлюстраваў жыццё працоўных былой Зах. Украіны і Зах. Беларусі, нязломнасць духу паліт. вязняў канцлагера. На бел. мову творы Гаўрылюка перакладалі Н.​Мацяш, М.​Рудкоўскі, Р.​Семашкевіч.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Украінская савецкая паэзія: Анталогія. Мн., 1952;

У кн.: Украінская савецкая паэзія. Т. 2. Мн., 1975;

Пісня з Берези (На ўкр., рус. і бел. мовах). Львів, 1979.

Літ.:

Калеснік У. Час і песні. Мн., 1962. С. 197—238.

В.​А.​Чабаненка.

т. 5, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЕЧ,

вёска ў Бярозаўскім р-не Брэсцкай вобл., каля меліярацыйнага канала Вінец. Цэнтр сельсавета і калгаса-аграфірмы. За 20 км на З ад г. Бяроза, 89 км ад Брэста, 14 км ад чыг. ст. Бяроза-Картузская. 2437 ж., 786 двароў (1999).

У 16 ст. мястэчка ў Брэсцкім пав. ВКЛ. У 1645 атрымала права на самакіраванне. З 1795 у Рас. імперыі. У 1886 мястэчка, цэнтр воласці ў Пружанскім пав. Гродзенскай губ., 1428 ж.. 71 двор, 2 царквы, яўр. малітоўны дом, сукнавальня, 16 крам, 12 кірмашоў на год. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны ў Пружанскім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Пружанскага р-на, з 1960 у Бярозаўскім р-не. У 1972—1656 ж., 444 двары.

Пякарня, сярэдняя і муз. школы, школа-інтэрнат, вучэбна-вытв. камбінат, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Сямёнаўская царква (1928). Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 10, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)