ГАЛУБЫ́ СВО́ЙСКІЯ,

птушкі сямейства галубоў атр. голубападобных. Паходзяць ад дзікага шызага голуба (Columba livia). Вядома больш за 150 парод галубоў свойскіх, якія падзяляюцца на паштовых, спартыўных, дэкаратыўных і мясных. Паштовыя галубы свойскія (чырвоны паштар, бельгійскія) здольныя пралятаць да 1000 км са скорасцю 100 км/гадз. Раней іх выкарыстоўвалі для сувязі. Спартыўных (мікалаеўскі, нежынскі, курскі і інш.) і дэкаратыўных галубоў свойскіх (дутышы, паўліны, якабіны, турманы, чайкі і інш.) гадуюць аматары дзеля хуткага палёту, прыгожага апярэння, своеасаблівай формы цела і буркавання. Мясных галубоў свойскіх (карно, кінг, рымскія і інш.) у многіх краінах гадуюць на мяса.

Жывая маса мясных галубоў 700—1100 г, самак 600—700 г. Спароўванне з 5-месячнага ўзросту. Наседжваюць яйцы галубка і голуб 18 сутак. Бацькі выкормліваюць птушанят «валлёвым малаком» (малакападобнай кашкай). У 30—40-дзённым узросце выкарыстоўваюцца на мяса.

т. 4, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЧА́НАЎ (Кірыл Уладзіміравіч) (7.9. 1922, Масква — 14.3.1982),

расійскі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1963). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1949, клас А.Аляксандрава). У 1951—56 сакратар праўлення Саюза кампазітараў СССР. У 1973—75 дырэктар Вял. т-ра ў Маскве. Працаваў пераважна ў муз.-сцэн. жанрах, выкарыстоўваў мелодыку, інтанацыйна звязаную з рус. песеннасцю. Сярод твораў: оперы «Каменная кветка» (паст. 1950), «Вуліца дэль Карно» (паст. 1960), «Рамэо, Джульета і цемра» (паст. 1963), «Невядомы салдат» («Брэсцкая крэпасць», паст. 1967), «Руская жанчына» (паст. 1969), «Досвіткі тут ціхія» паводле Б.Васільева (паст. 1973), балет «Макбет» (паст. 1980), тэлебалет «Тры карты» паводле А Пушкіна (паст. 1983), мюзікл «Адысей, Пенелопа і іншыя» паводле Гамера (1970); фп. і вак. цыклы; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар папулярных песень, лібрэта 4 уласных опер.

Літ.:

Корев Ю.К.Молчанов. М., 1971.

т. 10, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ЛЕВА А́ЛГЕБРА,

апарат сімвалічнай логікі; сукупнасць аб’ектаў з аперацыямі алгебры логікі, якія падпарадкаваны пэўным аксіёмам. Прапанавана Дж.Булем для аналізу рэлейных схем. Знайшла дастасаванне ў тапалогіі, тэорыі імавернасцей і інш. раздзелах матэматыкі. У аксіёмах булева алгебры адлюстравана аналогія паміж паняццямі «мноства», «падзея», «выказванне». Асн. паняцці булева алгебры: логікавая (булева) функцыя, элементарная логікавая функцыя, функцыйна поўная сістэма логікавых функцый, мінімізацыя булевых функцый.

Логікавая функцыя n булевых аргументаў прымае значэнні 0 і 1, азначаецца праўдзіваснай табліцай або аналітычнай залежнасцю ад элементарных логікавых функцый. Вызначана 16 элементарных функцый: кан’юнкцыі (логікавае множанне; аперацыя «І»), дыз’юнкцыі (складанне; «АБО»), інверсіі (адмаўленне; «НЕ»), эквівалентнасці (тоеснасць), складання па модулі 2 (выключальнае «АБО») і інш. Функцыйна поўная сістэма логікавых функцый — сукупнасць функцый, дастатковая для выражэння логікавай функцыі любой складанасці, напр., аперацыя Пірса, аперацыя Шэфера. Мінімізацыя логікавых функцый праводзіцца з мэтай упарадкавання і спрашчэння складаных функцый з дапамогай аксіём булева алгебры, картаў Карно, метадаў Квайна і Мак-Класкі і інш.

Булева алгебра з’яўляецца логікавай асновай функцыянальнай арганізацыі лічбавых ЭВМ; элементарныя логікавыя функцыі рэалізаваны ў спец. інтэгральных мікрасхемах для ЭВМ.

Літ.:

Янсен Й. Курс цифровой электроники: Пер. с голланд.: В 4 т. Т. 1. М., 1987.

А.С.Кабайла.

т. 3, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)