АРУТЧА́Н (Міхаіл) (Мікаэл) Аветавіч (29.7.1897, г. Шуша, Нагорны Карабах — 20.6.1961),

армянскі тэатральны мастак і графік. Нар. мастак Арменіі (1958). Вучыўся ў Саратаве (1920—23), у Парыжы (у акадэміі Каларосі, 1924—25). Адзін з заснавальнікаў арм. тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва. Аформіў больш як 100 спектакляў, у т. л. «Жаніцьба Фігара» П.​А.​Бамаршэ (1933), «Атэла» У.​Шэкспіра (1940), «Пікавая дама» П.​І.​Чайкоўскага (1956) і інш.

т. 1, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЮРДЖА́Н (Акоп Маркаравіч) (17.12.1881, г. Шуша, Нагорны Карабах — 28.12.1948),

армянскі скульптар. Вучыўся ў маст. акадэміі Жуліяна ў Парыжы (1906—10), наведваў майстэрню А.Радэна. Працаваў у Маскве (з 1914), Парыжы (з 1921). Адметнае ў творчасці Гюрджана — своеасаблівае спалучэнне рыс стараж. мастацтва Усходу і тагачасных зах.-еўрап. плыней. Аўтар партрэтаў М.​Горкага (1914), С.​Рахманінава (1915), М.​Сар’яна (1927), статуі «Саламея» (1925), помніка Л.​Талстому ў Парыжы (устаноўлены ў 1955), надмагілляў.

Літ.:

Дрампян Р.Г. А. Гюрджян. Ереван, 1973.

т. 5, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЗІ́РАЎ (Наджаф-бек Фаталі-бек аглы) (17.2.1854, г. Шуша, Нагорны Карабах — 9.7.1926),

азербайджанскі драматург. Адзін з заснавальнікаў нац. тэатра. Скончыў Пятроўскую с.-г. акадэмію ў Маскве (1878). Вывучаў рус. і зах.-еўрап. л-ру. Аўтар п’ес пра жыццё і норавы азерб. сялян, памешчыкаў, бурж. дзялкоў канца 19 — пач. 20 ст. (камедыі «Мяса табе, а косці мне», 1873; «З-пад дажджу ды ў лівень», 1895; «Героі нашых дзён», 1898; трагедыя «Гора Фахрэдзіна», 1896, і інш.). Вял. ўплыў на яго творчасць зрабілі п’есы А.​М.​Астроўскага. У фельетонах, публіцыст. артыкулах выкрываў коснасць, рэліг. фанатызм, прапагандаваў навуку і асвету.

т. 4, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАГАРША́Н (сапр. Пагасян) Вагарш Багданавіч

(14.2.1894, г. Шуша, Нагорны Карабах — 6.5.1959),

армянскі акцёр, рэжысёр, драматург. Нар. арт. СССР (1954). З 1923 у армянскім т-ры імя Г.​Сундукяна (Ерэван). Праф. Ерэванскага тэатр. ін-та (з 1946). Акцёр шырокага творчага дыяпазону, майстар пераўвасаблення. З роляў: Гагік («Краіна родная» Д.​Дэмірчана), Арбенін («Маскарад» М.​Лермантава), Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля), Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра). Сярод пастановак: «Дасцігаеў і іншыя» (1934) і «Васа Жалязнова» (1937) М.​Горкага, «Каварства і каханне» Ф.​Шылера (1938). Аўтар п’ес «У кальцы» (1930), «Давід Сасунскі» (1940) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1952.

т. 3, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЧАРА́Н (Роберт Седракавіч) (н. 31.8.1954, г. Ханкэнды, Нагорны Карабах),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Арменіі. Скончыў Ерэванскі політэхн. ін-т (1982). У 1980—88 на камсамольскай і парт. рабоце ў Нагорным Карабаху. З лют. 1988 адзін з удзельнікаў руху за незалежнасць Нагорнага Карабаха, адзін са стваральнікаў (1989) і кіраўнік грамадска-паліт. арг-цыі «Міяцум» («Уз’яднанне»). З 1989 дэп. Вярх. Савета Арменіі, адначасова (з 1997) дэп. Вярх. Савета Нагорна-Карабахскай Рэспублікі (НКР). У 1992—94 прэм’ер-міністр НКР, выконваючы абавязкі старшыні Дзярж. к-та абароны НКР. Са снеж. 1994 прэзідэнт НКР. З сак. 1997 прэм’ер-міністр Арменіі. З сак. 1998 прэзідэнт Арменіі.

Р.С.Качаран.

т. 8, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРАЦА́Н (сапр. Тэр-Аванесян) Грыгор

(13.12.1854, г. Шуша, Нагорны Карабах — 25.9.1908),

армянскі пісьменнік. Скончыў епархіяльную школу (1873, г. Шуша). З 1878 у Тбілісі.

Друкаваўся з пач. 1880-х г. У ранніх творах прапагандаваў хрысц. мараль. У аповесцях «Ноеў воран» (1899), «Апостал» (1902) і інш. — складанасць сац. становішча арм. сялянства, у шматлікіх апавяданнях і рамане «Цэнтр адукацыі» (1892) — побыт і норавы гар. буржуазіі. Аўтар гіст. рамана «Геворг Марзпетуні» (1896, выд. 1912) пра драматычны лёс арм. народа ў 10 ст., п’есы «Рузан» (паст. 1882, выд. 1900).

Тв.:

Рус. пер. — Ноев ворон: Повести и рассказы. М., 1961;

Геворг Марзпетуни. М., 1963.

С.​Сарынян.

т. 11, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАНЕ́САЎ (Рубен Іванавіч) (14.2.1902, г. Шуша, Нагорны Карабах — 1.5.1982),

рускі мовазнавец. Чл.-кар. АН СССР (1958). Д-р філал. н. (1948), праф. (1937). Скончыў Маскоўскі ун-т (1925). Працы па фанетыцы і фаналогіі (адзін з заснавальнікаў Маскоўскай фаналагічнай школы), арфаэпіі і арфаграфіі, гісторыі і дыялекталогіі рус. мовы. Кіраўнік і гал. рэдактар «Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа» (1958—82). Адзін з аўтараў і рэдактараў «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» (1963) і «Лінгвістычнай геаграфіі і групоўкі беларускіх гаворак» (1968—69; Дзярж. прэмія СССР 1971). Пад яго кіраўніцтвам падрыхтавана першае пасляваен. пакаленне бел. лінгвістаў.

Літ.:

Библиография трудов Р.​И.​Аванесова // Русское и славянское языкознание: К 70-летию Р.​И.​Аванесова. М., 1972;

Бірыла М.В. Р.​І.​Аванесаў // Бел. лінгвістыка. Мн., 1983. Вып. 22.

Р.І.Аванесаў.

т. 1, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДЖЫБЕ́КАЎ (Султан Ісмаіл аглы) (8.5.1919, г. Шуша, Нагорны Карабах — 19.9.1974),

азербайджанскі кампазітар. Нар. арт. Азербайджана (1960). Нар. арт. СССР (1973). Скончыў Азерб. кансерваторыю (1946), выкладаў у ёй (з 1965 праф., з 1969 рэктар). З 1948 маст. кіраўнік (у 1955—61 дырэктар) Азерб. філармоніі. Сярод твораў: дзіцячая опера «Іскендэр і пастух» (паст. 1947), балет «Гюльшэн» (паст. 1950), муз. камедыя «Чырвоная ружа» (паст. 1940); 2 сімфоніі (1944, 1946), сімф. карціна «Караван» (1945), канцэрты для аркестра (1964), для скрыпкі з аркестрам (1945); камерна-інстр. ансамблі, інстр. і вак. п’есы, творы для арк. нар. інструментаў, рамансы, песні, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія СССР 1952, Дзярж. прэмія Азербайджана 1970.

Літ.:

Тагизаде А. Султан Гаджибеков: (жизнь и творчество). Баку, 1985.

т. 4, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІ́НІН (Мікалай Мікалаевіч) (25.8.1812, г. Шуша, Нагорны Карабах — 18.2.1880),

расійскі хімік, заснавальнік рускай навук. школы па арган. хіміі. Акад. Пецярбургскай АН (1865). Скончыў Казанскі ун-т (1833). З 1837 у Германіі, Францыі, Англіі. З 1841 праф. Казанскага ун-та, у 1848—74 у Медыка-хірург. акадэміі ў Пецярбургу. Навук. працы па атрыманні новых класаў хім. злучэнняў аднаўленнем і акісленнем арган. рэчываў. Адкрыў універсальны метад атрымання араматычных амінаў аднаўленнем нітразлучэнняў з дапамогай серавадароду ці сульфідаў амонію або шчолачных металаў (рэакцыя З., 1842) і сінтэзаваў анілін, α-нафтыламін, бензідзін (n, n′-дыанілін), а таксама рэакцыю ізамерызацыі гідразазлучэння у бензідзіны пад уздзеяннем моцных кіслот (бензідзінавая перагрупоўка, 1845). Адзін з заснавальнікаў і прэзідэнт (1868—77) Рускага фізіка-хім. т-ва.

Тв.:

Труды по органической химии. М., 1982.

Літ.:

Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 2. 3 изд. М., 1986;

Гумилевский Л. И. Зинин. М., 1965.

М.М.Зінін.

т. 7, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНУНЯ́НЦ (Іван Людвігавіч) (4.6.1906, г. Шуша, Нагорны Карабах — 21.12.1990),

расійскі хімік-арганік, заснавальнік навук. школы фторарганікаў. Акад. АН СССР (1953; чл.-кар. 1946), ген.-маёр-інжынер (1949). Герой Сац. Працы (1966). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1928), дзе і працаваў да 1932. З 1938 у Ін-це арган. хіміі, з 1954 у Ін-це элементаарган. злучэнняў АН СССР, адначасова з 1932 у Ваен. акадэміі хім. аховы. Навук. працы па хіміі фторарган. злучэнняў, біяхіміі фізіял. актыўных рэчываў. Сінтэзаваў процімалярыйныя сродкі — акрыхін і плазмахін (1933). Прапанаваў спосаб атрымання 5-фторурацылу (проціпухлінны прэпарат). Паказаў магчымасць полімерызацыі капралактаму і распрацаваў метад атрымання капрону (1944, разам з З.​А.​Раговіным). Адкрыў рэакцыю далучэння фторавадароду да этыленаксіду (1949). Распрацаваў прамысл. метады сінтэзу новых фторзмяшчальных манамераў і тэрмаўстойлівых палімераў, а таксама электрахім. метад увядзення атамаў фтору ў арган. малекулы. Ленінская прэмія 1972, Дзярж. прэміі СССР 1943, 1948, 1950.

Літ.:

И.​А.​Кнунянц. М., 1978.

А.​І.​Валожын.

І.Л.Кнунянц.

т. 8, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)