ПАЛЕ́СКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1938—54. Утворана 15.1.1938. Цэнтр — г. Мазыр. Пл. 26 тыс. км², нас. 680 тыс. чал. (1941). Уключала 17 раёнаў: Акцябрскі (утвораны 28.6.1939; з 20.9.1944 з Глускім і Парыцкім р-намі ў складзе Бабруйскай вобл.), Брагінскі, Васілевіцкі, Глускі, Даманавіцкі, Ельскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі (утвораны 3.7.1939), Камарынскі, Капаткевіцкі, Лельчыцкі, Мазырскі, Нараўлянскі, Парыцкі, Петрыкаўскі, Тураўскі, Хойніцкі; гарады Калінкавічы, Мазыр (з 17.3.1938 у абл. падпарадкаванні), Петрыкаў; гар. пасёлкі Брагін, Глуск, Ельск, Жыткавічы, Капаткевічы, Лельчыцы, Нароўля. Парычы, Тураў, Хойнікі, рабочыя пасёлкі Капцэвічы, Пастала, Пціч. Выходзіла газ. «Савецкае Палессе» (да 1952 «Бальшавік Палесся»). Пасля скасавання 8.1.1954 тэр. П.в. далучана да Гомельскай вобл.

т. 11, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́ 1812, Айчынная вайна 1812,

абарончая вайна Расіі супраць французскай агрэсіі; першы этап агульнаеўрапейскай антынапалеонаўскай вайны 1812—14.

У 1810-я г. франц. імператар Напалеон I Банапарт падпарадкаваў сабе амаль усе дзяржавы Еўропы. Пасля перамог над рус.-аўстр. войскамі пад Аўстэрліцам (1805) і рускімі пад Фрыдландам (1807) Напалеон навязаў нявыгадны для Расіі Тыльзіцкі мір 1807 і прымусіў яе далучыцца да кантынентальнай блакады Англіі, што цяжка адбілася на эканоміцы Расіі. Франка-рус. адносіны абвастрыліся з-за палітыкі Францыі на Б. Усходзе і асабліва са стварэннем Варшаўскага герцагства. З 1810 абодва бакі пачалі рыхтавацца да вайны. Выкарыстаўшы эканам., паліт. і ваен. націск, шчодрыя абяцанкі саюзнікам (Прыбалтыку — Прусіі, Валынь — Аўстрыі, Беларусь, Літву і частку Украіны ў межах 1772 — Польшчы), Напалеон фактычна стварыў супраць Расіі агульнаеўрап. кааліцыю. Была падрыхтавана вялізная на тыя часы 600-тысячная т.зв. «Вялікая армія». Набытыя арміяй вопыт, дысцыпліна і ваенны геній Напалеона зрабілі яе грознай сілай. Слабасцю арміі Напалеона была рознапляменнасць і чужыя салдатам мэты вайны.

Ваен. міністр Расіі М.Б.Барклай дэ Толі (з 1810) распрацаваў буйнамаштабную праграму павышэння баяздольнасці рус. арміі, ажыццявіў шэраг мер па падрыхтоўцы тэатра ваен. дзеянняў супраць Варшаўскага герцагства і Францыі. Рамантаваліся старыя крэпасці, будаваліся новыя, фарміраваліся новыя для рус. арміі пастаянныя злучэнні — пях. карпусы і кав. дывізіі. Аляксандр I з канца 1810 усё больш схіляўся да ідэі наступальнай вайны ў саюзе з Прусіяй, ліквідацыі Варшаўскага герцагства і абвяшчэння сябе польскім каралём. 17.10.1811 Расія і Прусія заключылі саюзную ваен. канвенцыю, якая прадугледжвала рус. акупацыю ўсх. ч. Варшаўскага герцагства. У хуткім часе пасля гэтага Аляксандр I аддаў загад аб гатоўнасці ўсіх карпусоў на зах. граніцы да паходу.

У сак. 1812 сфарміраваны 3 рус. зах. арміі: 1-я (каля 120 тыс. чал., галоўнакаманд. Барклай дэ Толі) у Літве і зах. Беларусі, 2-я (каля 49 тыс. чал., галоўнакаманд. П.І.Баграціён) у наваколлі Луцка (у маі 1812 набліжана да 1-й арміі і заняла пазіцыі ў раёне Ваўкавыск—Зэльва), 3-я рэзервовая (каля 44 тыс. чал., галоўнакаманд. А.П.Тармасаў) у раёне Жытоміра, потым перамешчана пад Луцк. Іх дапаўнялі 3 асобныя корпусы (каля 103 тыс. чал.) — П.​К.​Эсена каля Рыгі, П.​І.​Мелер-Закамельскага каля Тарапца і Ф.​Ф.​Эртэля каля Мазыра.

21.4.1812 Аляксандр I выехаў з Пецярбурга ў Вільню ў гал. кватэру 1-й арміі і прыняў вярх. камандаванне. Даведаўшыся пра гэта, Напалеон таксама накіраваўся да сваіх войск, якія разгортваліся ў раёне Віслы. 22.6.1812 Францыя аб’явіла Расіі вайну, і 24 чэрв. яе гал. сілы перайшлі рас.-польск. граніцу ў раёне Коўна. У ходзе Віленскай аперацыі 1812 французы без бою 28 чэрв. занялі Вільню; армія Барклая дэ Толі, якую праследаваў узмоцнены авангард І.​Мюрата, пачала адступаць на Свянцяны ў напрамку на Дрысенскі лагер. Франц. войскі ўклініліся паміж 1-й і 2-й рус. арміямі і атрымалі магчымасць сканцэнтраваць амаль усе сілы супраць Баграціёна, на армію якога з фронту наступалі войскі Жэрома Банапарта, а шляхі адступлення адрэзала група Даву, што накіравалася з Вільні на Мінск. Аднак Баграціён здолеў адарвацца ад праціўніка і пачаў адступленне ад Мінска. Напалеон рушыў на Глыбокае, каб перарэзаць шлях адступлення 1-й арміі і прымусіць яе прыняць бітву. Але Барклай дэ Толі, выйшаўшы з Дрысенскага лагера, пакінуў П.Х.Вітгенштэйна прыкрываць Пецярбургскі напрамак, а сам пайшоў правым берагам Зах. Дзвіны да Полацка. Аляксандр I па патрабаванні вышэйшых саноўнікаў пакінуў армію, падпісаўшы адозву «Першапрастольнай сталіцы нашай Маскве» і маніфест пра збор апалчэння. Баграціён, які ад Навагрудка накіроўваўся да Міра, даведаўся, што Даву ўжо заняў Валожын і тым самым адрэзаў шлях на Мінск. У баях каля Міра (гл. Мірскі бой 1812) і Раманава ар’ергард 2-й арміі затрымаў прасоўванне праціўніка, і Баграціён бесперашкодна адступіў на Слуцк і Бабруйск, імкнучыся апярэдзіць французаў у руху да Магілёва. Але 20 ліп. Даву першы заняў горад. Спроба Баграціёна з боем прарвацца праз Магілёў, каб злучыцца з 1-й арміяй (бітва каля Салтанаўкі), не ўдалася. Гал. сілы 2-й арміі 24 ліп. пераправіліся цераз Дняпро каля Нова-Быхава і рушылі на Мсціслаў і Смаленск. Тым часам 1-я армія 23 ліп. перайшла на левы бераг Зах. Дзвіны і заняла пазіцыю за р. Лучоса, чакаючы падыходу Баграціёна з боку Оршы, каб даць Напалеону ген. бітву. У выніку бою каля Астроўна 25—26 ліп. наступленне французаў прыпынена. 30 ліп. — 1 жн. адбыліся Клясціцкія баі 1812 паміж войскам Вітгенштэйна і корпусам Ш.​Удзіно. На крайнім левым флангу «Вялікай арміі» Ж.​Макданальд накіраваў адну са сваіх дывізій на Рыгу, 1 жн. заняў Дынабург. 1-я і 2-я рус. арміі 3 жн. злучыліся ў Смаленску і, выкарыстаўшы раскіданасць напалеонаўскіх войск на фронце ад Веліжа да Магілёва, 7 жн. перайшлі ў наступленне на Віцебскім напрамку. Праз 5 дзён сустрэчнае наступленне пачаў Напалеон. 16—17 жн. адбылася першая ген. бітва (гл. Смаленская аперацыя 1812). Рускія вымушаны былі пакінуць Смаленск, але, маючы забяспечаны тыл, арганізавана адступілі па маскоўскай дарозе.

Марадзёрства, рабаванне і насілле чужынцаў выклікалі гнеў і нянавісць насельніцтва. Сяляне перашкаджалі франц. арміі нарыхтоўваць харчы і фураж, знішчалі салдат, часам ішлі ў лясы і стваралі партыз. атрады. Ствараліся і армейскія партыз. атрады Дз.В.Давыдава, І.С.Дорахава, Сяславіна, Фігнера, Кудашова і інш.

У гэты час Вітгенштэйн спрабаваў выцесніць войскі Удзіно з Полацка, але быў адкінуты і адышоў да Дрысы (гл. Полацкія бітвы 1812). Ваен. дзеянні на паўд. флангу вяліся самастойна, без непасрэднай сувязі з цэнтр. напрамкам. Армія Тармасава 18 ліп. рушыла з Луцка на Кобрын і 27 ліп. перамагла пях. брыгаду корпуса Ж.​Рэнье (гл. Кобрынскі бой 1812). Карпусы К.​Шварцэнберга і Рэнье 12 жн. атакавалі Тармасава каля Гарадзечна (гл. Гарадзечанская бітва 1812), нанеслі яму вял. страты і гналі да Луцка. З Прусіі і Варшаўскага герцагства карпусы К.​Віктора і П.​Ф.​Ажэро рушылі на Вільню. Супраць гарнізона Бабруйскай крэпасці (гл. Бабруйская абарона 1812) і корпуса Эртэля з Магілёва была накіравана дывізія Я.Г.Дамброўскага, а ў склад корпуса Рэнье з герцагства — зводны атрад А.​Касінскага.

Для кіравання акупіраванымі тэр. Беларусі і Літвы Напалеон зацвердзіў у Вільні Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага, улада якога пашыралася на Віленскую, Гродзенскую, Мінскую губ. і Беластоцкую вобл., ператвораныя ў дэпартаменты з мясц. і франц. адміністрацыяй. Аналагічна былі арганізаваны Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ., хоць яны не падпарадкоўваліся Часоваму ўраду. Рабаўніцкая сістэма фуражных і харч. нарыхтовак для франц. арміі, спроба акупац. улад правесці рэкруцкі набор у «літоўскія» войскі паводле рас. закону, рашэнне Напалеона захаваць на Беларусі і ў Літве да канца вайны прыгоннае права прывялі да масавых сял. хваляванняў.

Пасля Смаленскай бітвы 1-я і 2-я рус. арміі (каля 111 тыс. чал.) рухаліся як адна армія. 20 жн. Аляксандр I прызначыў галоўнакаманд. усімі арміямі М.І.Кутузава. Наступленне французаў актывізавалася; Напалеон ірваўся да Масквы, каб тут прадыктаваць Расіі ўмовы міру. Кутузаў вырашыў даць ген. бітву за 110 км ад сталіцы каля в. Барадзіно. 7 вер. адбылася Барадзінская бітва 1812, у якой рускія, паводле слоў Напалеона, «здабылі славу быць непераможнымі». Абодва бакі мелі велізарныя страты (у рускіх каля 46 тыс. чал.), таму Кутузаў аддаў загад адступаць далей. На ваен. нарадзе ў Філях (13 вер.) было вырашана пакінуць Маскву без бою, каб захаваць армію. Адступіўшы ад Масквы, Кутузаў скрытна перавёў армію з Разанскай на Калужскую дарогу і размясціў пад Таруцінам (т.зв. Таруцінскі манеўр). Рус. армія выйшла з-пад удару ворага, атрымала магчымасць папоўніць войскі людскімі і матэрыяльнымі рэсурсамі. Пачаліся пажары, дэмаралізаваныя і галодныя акупанты рабавалі горад. 6 дзён, што правялі ў Маскве Напалеон і яго армія, былі вырашальным фактарам, які змяніў ход вайны на карысць Расіі. Узмацніўся патрыят. рух насельніцтва, якое перашкаджала французам у нарыхтоўцы харчавання і фуражу, парушала іх камунікацыі на лініі Масква—Смаленск.

Пераканаўшыся, што заключыць мір не ўдасца, Напалеон 19 кастр. пакінуў Маскву і вырашыў адступаць па Калужскай дарозе праз багатыя паўд. губерні. Але Кутузаў бітвай пад Малаяраслаўцам 24 кастр. прымусіў Напалеона адступаць па спустошанай Смаленскай дарозе. Голад, які пачаўся ў франц. войску, гібель коней узмацніліся з вял. маразамі. Рус. армія гнала ворага, б’ючы яго з флангаў і тылу. У баях каля Краснага 16—18 ліст. французы страцілі каля 25 тыс. чал., аднак усе іх карпусы (акрамя ар’ергарда М.​Нея) прабіліся па дарозе на Дуброўну, перайшлі Дняпро і ўступілі ў Оршу.

Да гэтага часу змяніліся абставіны і на стратэг. флангах. На Валыні з 3-й арміяй Тармасава 19 вер. злучылася Дунайская армія П.В.Чычагова, што дало колькасную перавагу рус. арміі над праціўнікам (60 тыс. чал. супраць 43 тыс.). 30 кастр. армія Чычагова рушыла па пінскім шляху праз Пружаны на Слонім, 13 ліст. каля Новага Свержаня яна перайшла Нёман. Войскі Вітгенштэйна пасля Полацкай бітвы 18—20 кастр. адцяснілі французаў да Лепеля і Докшыц, пасля Чашніцкіх баёў 1812 — да Чарэі. Пераправай Напалеона (за ім і арміі Кутузава) цераз Дняпро пачалася Бярэзінская аперацыя 1812. У ёй рус. камандаванне планавала акружыць і знішчыць праціўніка канцэнтрычнымі дзеяннямі арміі Чычагова, Вітгенштэйна, 1-й і 2-й армій Кутузава. 16 ліст. войскі Чычагова ўзялі Мінск, а 21 ліст. — Барысаў, што абазначала поўнае перасячэнне шляхоў адступлення французаў. Толькі рашучыя і дакладныя дзеянні Напалеона, які, стрымліваючы націск Кутузава і Вітгенштэйна, выбіў Чычагова з Барысава і 26—28 ліст. пераправіў свае войскі цераз Бярэзіну, дазволілі рэшткам «Вялікай арміі» адступіць на Смаргонь і Вільню. Тым не менш вынікі бярэзінскай пераправы былі для Напалеона катастрафічныя. Пад яго камандаваннем заставалася не больш як 10 тыс. чал., і баявога значэння гэтая група практычна не мела. Пасля Маладзечанскага бою 1812 супраціўленне французаў па сутнасці спынілася. Галодныя і замёрзлыя салдаты кідалі зброю і неарганізаваным натоўпам рухаліся да Вільні. 5 снеж. ў Смаргоні Напалеон, даручыўшы камандаванне Мюрату, паехаў у Парыж. У Вільню Мюрат прывёў каля 4 тыс. баяздольных салдат. 10 снеж. іх выбіў з горада армейскі авангард Я.​І.​Чапліна, а рэшткі ўцяклі праз Коўна да прускай граніцы. Поўны разгром цэнтр. групоўкі Напалеона вызначыў і становішча войск на флангах, якія адступілі праз Беласток на Варшаву і праз Шаўлі ва Усх. Прусію. Прыбыццё 22 снеж. Аляксандра I у гал. кватэру Кутузава ў Вільні і пераход да цара ўсёй паўнаты ваен.-паліт. кіраўніцтва азначалі завяршэнне абарончага перыяду вайны і курс на вайну ў Еўропе.

Руска-англа-шведскі саюз склаў аснову 6-й антыфранц. кааліцыі, да якой на працягу 1813 далучыліся Прусія і Аўстрыя. Вайна скончылася поўным падзеннем і паражэннем імперыі Напалеона, рэстаўрацыяй у Францыі каралеўскай улады і дынастыі Бурбонаў. У вызваленых краінах Еўропы аднаўляліся феад.-абсалютысцкія рэжымы, для іх падтрымкі ў 1815 створаны Свяшчэнны саюз. Паводле Парыжскага мірнага дагавору 1814 і пастаноў Венскага кангрэса 1814—15 Варшаўскае герцагства пераходзіла пад кіраванне Расіі, утворана Каралеўства Польскае. Аляксандр I адхіліў прапанову Кутузава аб канфіскацыі маёнткаў шляхты, якая выступіла на баку Напалеона, і абвясціў амністыю жыхарам зах. губерняў — удзельнікам вайны супраць Расіі пры ўмове, што яны вернуцца на радзіму на працягу 2 месяцаў (пазней гэты тэрмін быў прадоўжаны).

Вайна прынесла велізарныя страты абодвум бакам. Людскія страты напалеонаўскай арміі ацэньваюцца ў 80%, рус. — у 50% ад колькасці воінаў, што прымалі ўдзел у вайне. Скарацілася колькасць насельніцтва Беларусі, асабліва гарадскога. Матэрыяльныя страты 5 бел.-літ. губерняў і Беластоцкай вобл., паводле тагачасных падлікаў, склалі каля 160 млн. руб. серабром. Толькі добрыя ўраджаі 1813 і 1814 выратавалі ад масавага голаду і эпідэмій.

У гонар перамог рус. войск над арміяй Напалеона на тэр. Беларусі пастаўлены помнікі ў Брэсце, Верхнядзвінску, Віцебску, Кобрыне, Маладзечне, Полацку, Друі, у вёсках Астроўна, Капцэвічы, Клясціцы, Паддубна, Салтанаўка, Сапяжынка, Студзёнка і інш.

Літ.:

Богданович М. История Отечественной войны 1812 г. по достоверным источникам. Т. 1—3. СПб., 1859—60;

Харкевич В.Н. Война 1812 г. От Немана до Смоленска... Вильна, 1901;

Тарле Е.В. Нашествие Наполеона на Россию, 1812 г. М., 1992.

В.​В.​Антонаў.

Да арт. Вайна 1812. Атака данскіх казакаў М.​І.​Платава каля Нясвіжа. Чэрвень 1812. Хромалітаграфія 1912.
Да арт. Вайна 1812. Пераправа рускай арміі цераз Нёман у снежні 1812.

т. 3, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСНАЯ, ДРЭВААПРАЦОЎЧАЯ І ЦЭЛЮЛОЗНА-ПАПЯРОВАЯ ПРАМЫСЛОВАСЦЬ

Уключае дрэванарыхтоўчую, дрэваапрацоўчую, цэлюлозна-папяровую і лесахімічную прам-сць.

Лясная прамысловасць. У Беларусі бярэ пачатак з часоў узнікнення Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). У 13—15 ст. на тэр. княства развівалася рамесная вытв-сць, у т. л. дрэваапрацоўка (27 прафесій). З драўніны рабілі асн. часткі плугоў, сох, рыдлёвак і матык, хатнія рэчы, вёслы, граблі, выпальвалі вугаль і паташ. Драўніна шырока выкарыстоўвалася пры будаўніцтве вёсак і гарадоў, трансп. сродкаў. гандл. і ваен. караблёў, мастоў, грэбляў, абарончых збудаванняў. Водныя шляхі Транспарту выкарыстоўваліся для лесасплаву. Лес і яго прадукты станавіліся ўсё больш грунтоўным фактарам эканам. развіцця краіны. Драўніна і прадукты яе перапрацоўкі (вугаль, смала, дзёгаць, паташ), а таксама драўляныя вырабы сталі важнымі экспартнымі таварамі, якія водным шляхам дастаўляліся ў еўрап. краіны. Гандлем лесатаварамі разам з купцамі часта займаліся і феадалы, якія валодалі буйнымі ляснымі масівамі. Развіццю дрэваапрацоўкі спрыяла фальварковая гаспадарка, арыентаваная на рынак. Значную ролю ў развіцці лясной прам-сці адыгралі мануфактуры. У канцы 17 ст. ў ВКЛ былі 53 мануфактуры, у т. л. 9 дрэваапрацоўчых. На кожнай з іх працавала каля 20—25 рабочых. Адначасова хутка развівалася лесанарыхтоўчая вытв-сць і лесасплаў, пастаўка драўніны на замежныя рынкі. Драўніну дастаўлялі пераважна плытамі, на якіх будавалі буданы для складавання тавараў, прадуктаў харчавання, адзення Нягледзячы на цяжкую і працяглую транспарціроўку, гандаль ляснымі таварамі быў прыбытковым заняткам. Паводле звестак з архіваў Радзівілаў, у 1654 у г. Кралявец (цяпер Калінінград) прададзена лясных тавараў на 53 тыс. злотых. Сумарныя затраты на нарыхтоўку, апрацоўку і транспарт драўніны склалі 29 114 злотых (55%), прыбытак — 23 887 злотых (45%). У 1652—53 рэалізацыя піловачніку давала 38,6% чыстага прыбытку, ванчосаў і сліпераў — 23%, клёпкі французскай — 32,5%, смалы і паташу — 38,8%.

Развіццю лесанарыхтовак спрыялі паляпшэнне шляхоў зносін і рэгуляванне рэк, якія выкарыстоўваліся для суднаходства і лесасплаву, будаўніцтва дарог і мастоў. У 1784 завершана буд-ва канала, які праз рэкі Шчара, Ясельда і Прыпяць злучыў рэкі Нёман і Дняпро. У 1781—84 пабудаваны другі канал, які праклаў шлях з р. Прыпяць у Заходні Буг, што пашырыла магчымасці асваення лясных багаццяў. У канцы 18 — пач. 19 ст. лесанарыхтоўкі з промыслу аформіліся ў капіталіст. прам-сць. Значная колькасць лесу высякалася на дровы для абагрэву гарадоў і вёсак, спальвалася ў топках паравозаў (заменены каменным вугалем толькі ў 1890-я г.). Шмат драўніны спажывалі лесапільна-дрэваапр. прам-сць, цывільнае і ваен. будаўніцтва.

У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. на развіццё лесанарыхтоўчай прам-сці паўплывала буд-ва Пецярбургска-Варшаўскай, Лібава-Роменскай, Пецярбургска-Адэскай магістралей і Палескіх чыгунак. З драўніны рабілі шпалы, пераводныя брусы, тэлегр. слупы і інш. Чыг. транспарт спрыяў пастаўкам лясных грузаў за мяжу. У пач. 1-й сусв. вайны пачалі ўтварацца саюзы мясц. лесапрамыслоўцаў. Узніклі манапал. аб’яднанні «Камітэт запалкавых фабрыкантаў Заходняга краю», «Саюз лесапрамыслоўцаў Паўночна-Заходняга краю» і інш. З удзелам капіталу агульнарас. банкаў утвараліся акц. т-вы ў лесанарыхтоўчай, лесапільна-дрэваапрацоўчай, запалкавай і цэлюлозна-папяровай прам-сці. У 1913 на Беларусі функцыянавала 158 дрэваапр. прадпрыемстваў, 10 запалкавых, 17 кардонна-папяровых фабрык, значна павысілася роля прадуктаў перапрацоўкі драўніны. Пераважалі буйныя прадпрыемствы, аснашчаныя тагачаснай тэхнікай: запалкавыя ф-кі «Прагрэс-Вулкан» (424 чал.), «Вікторыя» ў Барысаве (496 чал.), «Бярэзіна» ў Нова-Барысаве (399 чал.), «Везувій» у мяст. Нова-Беліца Гомельскага пав. (346 чал.), «Маланка» ў Мазыры (334 чал.); шпулечна-фанерная ф-ка ў Пінску (462 чал.); фанерна-лесапільныя з-ды ў мяст. Вярхуціна Бабруйскага пав. (400 чал.), на ст. Капцэвічы (236 чал.) і Мікашэвічы (231 чал.) Мазырскага пав.; лесапільныя з-ды ў в. Парэчча Ігуменскага пав. (118 чал.); ф-ка механічнай апрацоўкі дрэва ў Рэчыцы (138 чал.). У 1872 у Добрушы на папяровай ф-цы (1276 чал.) пачала працаваць папераробная машына, у 1886 завершана будаўніцтва кардоннай ф-кі ў Чашніках (з 1894 выпускала і паперу), у 1898 — папяровай ф-кі ў Шклове, у 1899 — кардоннай ф-кі каля Пухавіч, у 1902 — кардонна-папяровай ф-кі ў Нова-Барысаве. У 1913 дзейнічала 17 кардонна-папяровых прадпрыемстваў (3201 чал.), якія выраблялі 20,4% драўнянай масы, 44,8% запалкавай саломкі, 62,3% паштовай і 23,5% шпалернай паперы, 10,3% кардону агульнарас. вытв-сці.

Хуткаму развіццю лесанарыхтоўчай і дрэваапрацоўчай прам-сці ў Беларусі спрыяла наяўнасць эканамічна даступных і каштоўных лясных рэсурсаў, пашыранай сеткі водных і сухапутных шляхоў транспарту, таннай рабочай сілы, блізкасць зах.-еўрап. рынку. У 1913 на долю прадпрыемстваў Беларусі прыпадала 20,8% агульнарас. экспарту лесаматэрыялаў (дзелавой драўніны, піламатэрыялаў, шпал, клёпкі). Доля лясной прам-сці Беларусі ў агульнарас. вытв-сці складала: хвойных піламатэрыялаў 26,8%, шпал дубовых 24,4%, прадукцыі каштоўных лісцевых парод 64,2%, клеенай фанеры 23,5%, гнутай мэблі 21,8%, запалкавай саломкі 44,8%.

Паспяхова развівалася лесахімічная прам-сць, якая вырабляла смалу, шкіпінар, каніфоль, дзёгаць. У 1900 на тэр. бел. губерняў дзейнічала больш за 160 смалакурных і дзягцярных прадпрыемстваў, дзе працавала каля 700 чал. Найбольшы быў Выдрынскі з-д у Аршанскім пав., які даваў больш за 60% лесахім. прадукцыі Беларусі.

У гады 1-й сусв. вайны аб’ём лесапрамысл. вытв-сці значна скараціўся. У 1917 дзейнічала толькі палова лесапільна-фанерных прадпрыемстваў, 53,8% запалкавых, 35,3% кардонна-папяровых. У 1922—29 на базе дробных прадпрыемстваў створаны дрэваапрацоўчы з-д «Пралетарый» у Мазыры, мэблевыя ф-кі ў Бабруйску, Мінску і Мазыры, дрэваапр. камбінат і запалкавая ф-ка ў Барысаве і інш. У 1927 заснаваны каніфольны з-д у Нова-Беліцы, у 1928 — Барысаўскі лесахім. з-д, што стала пачаткам айч. вытв-сці жывічнай і экстракцыйнай каніфолі, якую раней імпартавалі.

У 1930-я г. будаваліся новыя і рэканструяваліся з-ды, якія дзейнічалі раней. Пабудаваны Бабруйскі і Гомельскі дрэваапр. камбінаты, Рэчыцкі лесапільны з-д. У 1932 на Добрушскай папяровай ф-цы пачалі рабіць цэлюлозу. У 1940 на Беларусі дзейнічалі 27 лесазаводаў, 3 лесакамбінаты, 5 мэблевых ф-к, 66 леспрамгасаў, 6 фанерных і 4 запалкавыя з-ды, 12 папяровых ф-к, каніфольна-шкіпінарны з-д, на якіх было занята 67 тыс. чал. і выраблялася 34,7% фанеры, 6,3% паперы, 4,7% піламатэрыялаў агульнасаюзнай вытв-сці. На долю лесапрамысловага комплексу прыпадала 8,9% валавой прадукцыі прам-сці Беларусі.

За гады Вял. Айч. вайны разбурана 83,7% прамысл.-вытв. будынкаў, разрабавана 74,7% абсталявання лясной прам-сці. Пасля вайны пачалося аднаўленне лясной прам-сці. У канцы 1945 функцыянавалі 68 леспрамгасаў, 18 дрэваапр. прадпрыемстваў і 2 папяровыя ф-кі, якія давалі 23% прадукцыі адносна ўзроўню 1940. Да 1950 адноўлены дрэваапр. камбінаты ў Барысаве і Гомелі, лесазавод у Івацэвічах, камбінаты фанерна-дрэваапрацоўчы ў Бабруйску і фанерна-запалкавы ў Гомелі, мэблевыя ф-кі ў Бабруйску, Мазыры, Мінску, папяровыя прадпрыемствы ў Добрушы, Чашніках, Слоніме, Шклове. Усе яны працавалі на айч. драўнянай сыравіне. Вялася іх мадэрнізацыя, замест дробных прадпрыемстваў ствараліся буйныя: Маладзечанская мэблевая ф-ка(1954), Пінскі фанерна-запалкавы і Мастоўскі фанерна-дрэваапрацоўчы (1959) камбінаты, Гомельская мэблевая ф-ка «Прагрэс» і Мінскае эксперым. канструктарскае тэхнал. бюро мэблі (1963), Барысаўскі папярова-лесахімічны з-д (1971), Гомельскі папярова-лесахімічны камбінат (1972, з 1976 — з-д). У 1976 пачаў працаваць Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат.

Большасць прадпрыемстваў лясной прам-сці знаходзілася ў падпарадкаванні Мін-ва лясной і дрэваапр. прам-сці БССР (66% валавой прадукцыі лесанарыхтовак і дрэваапрацоўкі). З мэтай далейшай канцэнтрацыі вытв-сці на базе 70 прадпрыемстваў створаны 11 дрэваапрацоўчых і 8 лесанарыхтоўчых аб’яднанняў. Мінлеспраму перададзены прадпрыемствы і цэхі па вытв-сці буд. драўляных дэталей і канструкцый, на базе якіх створаны яшчэ 5 вытв. аб’яднанняў. Рэканструявана 13 механізаваных ніжніх складоў, пачалі працаваць 8 паўаўтам. ліній. На лесанарыхтоўках укараняліся сківічныя пагрузчыкі і інш. перспектыўнае абсталяванне. У сярэдзіне 1970-х г. здадзены ў эксплуатацыю цэхі драўнянавалакністых пліт у Віцебску, драўнянастружкавых пліт у Івацэвічах і Мастах, паркетнай дошкі ў Бабруйску і мэблевы ў Маладзечне; рэканструявана 19 цэхаў, у т. л. запалкавыя цэхі пераведзены на выпуск кардонных пачкаў. За гэты перыяд знята з вытв-сці 90 старых мадэлей мэблі і асвоены 93 новыя. На прадпрыемствах дрэваапрацоўкі ўкаранёна больш за 30 аўтам. і паўаўтам. ліній, 35 механізаваных установак і агрэгатаў.

У 1980-я г. лясная прам-сць развівалася па шляху тэхн. прагрэсу. На лесасечных работах укаранёны валачна-пакетаваныя машыны, бясчокерная тралёўка драўніны, механізацыя ачысткі ствалоў ад сукоў. У дрэваапр. прам-сці ўкаранялася новая тэхніка і мадэрнізавалася абсталяванне. У канцы 1980-х г. тэмпы росту і мадэрнізацыі галіны запаволіліся, а ў 1-й пал. 1990-х г. пачаўся спад вытв-сці. У 1995 нарыхтоўка дзелавой драўніны знізілася на 30%, вытв-сць піламатэрыялаў, драўняных пліт, клеенай фанеры, кардону скарацілася на 40—45%, паперы — на 85,4%. У 1991 Мін-ва лясной, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці пераўтворана ў Бел. вытворча-гандлёвы канцэрн лясной, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці. Шэраг прадпрыемстваў акцыяніраваны. Узніклі розныя формы ўласнасці канцэрна: рэспубліканская — 13,1%, камунальная — 19%, прыватная — 65,3%, з удзелам замежнага капіталу — 2,6%. З 1997 пачаўся паступовы рост аб’ёму вытв-сці. Аднак па выпуску асн. відаў прадукцыі ўзровень 1990 у 2002 яшчэ не быў дасягнуты (гл. табл.). Толькі часткова асвойваецца разліковая лесасека па гал. лесакарыстанні. Марудна абнаўляюцца вытв. фонды, знос якіх у 2002 склаў 60,9%.

На пач. 2003 на Беларусі было 308 прадпрыемстваў лясной прам-сці, аб’ём іх прадукцыі склаў 1264 млрд. руб., ці 5,1% валавой прадукцыі прам-сці краіны, а рэнтабельнасць — 10,6%. Экспарт драўніны і вырабаў з яе мае тэндэнцыю росту і ў 2002 дасягнуў 340 млн. дол., што склала 4,2% экспартнай прадукцыі краіны.

Лесанарыхтоўчая прамысловасць. Базавымі яе прадпрыемствамі з’яўляюцца леспрамгасы, якія ажыццяўляюць нарыхтоўку драўніны і вываз лесаматэрыялаў непасрэдна да шляхоў транспарту і на склады лесапільна-дрэваапр. прадпрыемстваў і інш. спажыўцоў сыравіны. Леспрамгасы разам з асн. вытв-сцю маюць дадатковую і пабочную (падсочка хвоі, здабыча пнёвага асмолу, шпалапілаванне, вуглевыпальванне і інш.). Лесанарыхтоўкі вядуць таксама Мін-ва лясной гаспадаркі і інш. ведамствы, якія валодаюць і карыстаюцца лясным фондам.

У пасляваенны перыяд (1945—65) 68 леспрамгасаў вялі прамысл. лесанарыхтоўкі ў аб’ёме, які перавышаў магчымасці штогадовай разліковай лесасекі ў 1,5—2 разы, што прывяло да вычарпання лесасыравіннай базы і парушэння аптымальнай узроставай структуры лясоў. У выніку аб’ём высечак гал. карыстання істотна скараціўся. У 1990—2002 агульны аб’ём лесакарыстання склаў 10—13 млн. м³, што менш за палову сярэдняга прыросту драўніны. Лесанарыхтоўкі ажыццяўляюць 15 леспрамгасаў канцэрна «Беллеспаперапрам», 94 лясгасы Мін-ва лясной гаспадаркі, інш. юрыд. асобы, якія маюць ліцэнзію на вядзенне такіх работ. У перспектыве да 2015 з паляпшэннем узроставай структуры лясоў аб’ём лесанарыхтовак будзе нарастаць і складзе 19—20 млн. м³.

Дрэваапрацоўчая прамысловасць — самая буйная галіна лясной прам-сці; на яе долю прыпадае 69,5% агульнага аб’ёму прадукцыі. Вырабляе піламатэрыялы, драўнянастружкавыя і драўнянавалакністыя пліты, паркет, аконныя пераплёты, дзверы, буд. драўляныя канструкцыі, габляваныя матэрыялы, запалкі, драўляныя дэталі для вагона-, судна- і аўтамабілебудавання, мэблю, спарт. інвентар і інш. У структуры дрэваапр. прам-сці вядучая роля належыць мэблевай прам-сці, якая ў асноўным сканцэнтравана на 26 буйных спецыялізаваных прадпрыемствах канцэрна «Беллеспаперапрам». Найбуйнейшыя з іх: ААТ Бабруйская мэблевая ф-ка, «Барысаўдрэў», «Віцебскдрэў», «Віцебскмэбля», «Гомельдрэў», Гомельская мэблевая ф-ка «Прагрэс», Гродзенская мэблевая ф-ка, «Івацэвічдрэў», Калінкавіцкая мэблевая ф-ка, «Мінскмэбля», «Мінскпраектмэбля», «Магілёўдрэў», «Мазырдрэў», «Мастоўдрэў», «Палатэск», «Рэчыцадрэў», «Слоніммэбля», «Слуцкмэбля»; ЗАТ «Бабруйскмэбля», «Маладзечнамэбля», «Пінскдрэў» і інш. Абнаўляецца вытв. база, пашыраецца асартымент, павышаецца канкурэнтаздольнасць мэблі. Значная частка мэблі экспартуецца.

Развіваецца лесапілаванне, вытв-сць фанеры і драўняных пліт. У лесапільнай вытв-сці за кошт комплекснай механізацыі і аўтаматызацыі тэхнал. працэсаў павышаецца вытв-сць піламатэрыялаў, у дрэваапрацоўчай — клеенай і габляванай прадукцыі. Асвойваюцца новыя ўстаноўкі для сушкі піламатэрыялаў з франтальнай загрузкай, якія аснашчаны камп’ютэрнай тэхнікай з праграмным кіраваннем тэхнал. працэсам, што дазваляе аптымізаваць рэжым работы ўстановак, расход цяпла і электраэнергіі, павысіць якасць прадукцыі. Удасканальваецца тэхналогія вытв-сці драўнянастружкавых і драўнянавалакністых пліт, што дазваляе атрымліваць канструкцыйныя матэрыялы новага тыпу, ужыванне якіх у мэблевай прам-сці павышае канкурэнтаздольнасць прадукцыі на знешнім рынку. На фанерных прадпрыемствах ажыццяўляецца тэхн. пераўзбраенне на аснове ўкаранення высокавытв. ліній лушчэння і сячэння шпоны, абсталявання па зрошчванню, што пашырае асартымент фанеры і зніжае энерга- і матэрыялаёмістасць вытв-сці.

Для тэхн. пераўзбраення выкарыстоўваюцца інвестыцыі замежнага капіталу, арганізуюцца сумесныя прадпрыемствы («Беларуска-брытанскае прадпрыемства «Белпаркет» і «Белшпона», Беларуска-германскае «Сымона-плюс» і інш.), што павышае канкурэнтаздольнасць прам-сці на знешнім і ўнутр. рынках.

Цэлюлозна-папяровая прамысловасць спецыялізуецца на выпуску кардонна-папяровай прадукцыі. Яе доля ў структуры валавой прадукцыі лесапрамысловага комплексу ў 2002 склала 18,6%. Вырабляе цэлюлозу, кардон, паперу і прадукты іх перапрацоўкі (шпалеры, школьныя сшыткі, кардонную тару і інш.). Уключае ААТ: Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат, «Гомельшпалеры», папяровыя ф-кі «Чырвоная зорка» ў Чашніках, «Спартак» у Шклове, «Герой працы» ў Добрушы, кардонныя фабрыкі маладзечанскую «Раёўка», у Пухавічах, УП папяровая ф-ка «Дзяржзнак» у Барысаве і інш. Для вытв-сці паперы і кардону выкарыстоўваецца як мясц. сыравіна (цэлюлоза, драўняныя балансы, макулатура, рыззё), так і прывазное, у асн. цэлюлоза, якая завозіцца з Расіі, ЗША і інш. Выпуск цэлюлозы ў 2001 склаў 51 тыс. т, паперы — 51,5 тыс. т, кардону — 165 тыс. т.

Прыярытэтны кірунак развіцця — стварэнне ўласнай вытв-сці сульфатнай беленай цэлюлозы, што дазволіць пашырыць наменклатуру кардонна-папяровай прадукцыі, павысіць яе якасць і канкурэнтаздольнасць, панізіць залежнасць ад імпарту цэлюлозы. Значная ўвага аддаецца развіццю вытв-сці па выпуску паўфабрыкатаў высокага выхаду (драўнянай масы), што пашырыць магчымасці выкарыстання нізкаякаснай драўніны розных дрэвавых парод. Намечана будаўніцтва 2-й чаргі Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната і ф-кі газетнай паперы ў Шклове.

Лесахімічная прамысловасць на Беларусі развіта параўнальна слаба і прадстаўлена ААТ «Лесахімік» (б. Барысаўскі лесахімічны з-д). На яго долю прыпадае 1,4% валавой прадукцыі лесапрамысловага комплексу. Вырабляе каніфоль, шкіпінар (тэрпенцінавае масла), дубільныя экстракты, каніфольныя кляі, лакафарбавую прадукцыю. У якасці сыравіны выкарыстоўваюць пнёвы асмол, хваёвую жывіцу. Плануецца павелічэнне нарыхтоўкі жывіцы, каб атрымліваць больш жывічнай каніфолі, шкіпінару, пакосту, у т. л. на экспарт.

Літ.:

Повышение эффективности использования лесосырьевых ресурсов БССР. Мн., 1989;

Янушко А.Д. Лесное хозяйство Беларуси: (История, экономика, проблемы и перспективы развития). Мн., 2001;

Экономические проблемы развития деревообрабатывающей промышленности. Мн., 2002;

Экономическая история Беларуси. 2 изд., Мн., 2004.

А.​Д.​Янушка.


Выпуск важнейшых відаў прадукцыі лесанарыхтоўчай, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці Рэспублікі Беларусь
Віды прадукцыі 1940 1960 1980 1990 1995 2000 2001 2002 2003
Вывазка дзелавой драўніны, млн. м³ 6,1 5,0 5,6 6,2 4,4 5,3 5,5 6,0 6,5
Піламатэрыялы, млн. м³ 1,6 3,0 2,9 3,1 1,7 2,3 2,1 2,2 2,3
Драўнянастружкавыя пліты, тыс. м³ — 7,3 377 524 283 295 311 316 375
Драўнянавалакністыя пліты, млн. м³ 0,7 3,0 30,1 42,4 26,4 44,6 49,7 52,2 58,2
Фанера клееная, тыс. м³ 253,9 169,7 212 192 94 126 138 168 —
Цэлюлоза, тыс. т — — 11,3 36,8 34,9 55,9 58,1 59,2 60,6
Папера, тыс. т 51,3 69,2 189 198 27 44 51 54 68
Кардон, тыс. т 9,8 32,4 192 219 106 176 165 165 174
Шпалеры, млн. умоўных кускоў — — 70 122 40 84 87 94 —
Выраб фанеры на Бабруйскім фанерна-дрэваапрацоўчым камбінаце.

т. 18, кн. 2, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)