Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙЦЮ́НІШСКАЯ КАПЛІ́ЦА,
помнік архітэктуры барока з элементамі абарончага дойлідства. Пабудавана, ў 1614 (паводле інш. звестак у 1633) у в. Гайцюнішкі (Воранаўскі р-н Гродзенскай вобл.) каля Гайцюнішскага дома-крэпасці як кальвінская капліца па фундацыі дачкі ўладальніка Гайцюнішак П.Нонхарта Зузаны. Стала сямейнай пахавальняй Нонхартаў і інш. уладальнікаў вёскі кальвінскай веры. Кампактны прамавугольны ў плане мураваны будынак з развітой апсідай быў накрыты вальмавым дахам, з трох бакоў умацаваны магутнымі контрфорсамі. Над уваходам на даху ўзвышалася вежачка-сігнатурка. Тарэц апсіды быў завершаны трохвугольным франтонам. Аконныя праёмы мелі лучковыя завяршэнні. Захаваліся руіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЛАДАЎСКАЯ КАПЛІ́ЦА,
помнік архітэктуры неакласіцызму ў в. Моладава Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 1905—08 (праект віленскага арх. Т.Раствароўскага) пры гал. уездзе ў сядзібна-паркавы ансамбль Скірмунтаў (не захаваўся). Мураваны цэнтрычны храм-ратонда (дыяметр 8 м) завершаны сферычным купалам. Ніжэйшыя за асн. аб’ём прамавугольная, раскрапаваная пілястрамі апсіда і дарычныя порцікі з 3 бакоў надаюць плану крыжападобную форму. Апрацаваны гарыз. рустам цыліндрычны аб’ём завершаны шырокім фрызам з поясам ляпных гірляндаў і карнізам з сухарыкамі і мадульёнамі. Тымпаны франтонаў і ліштвы аконных праёмаў (мелі каляровыя вітражы) аздоблены ляпным расл. арнаментам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ЦЕНСКАЯ КАПЛІ́ЦА,
помнік рэнесансава-раннебарочнай архітэктуры. Пабудавана ў 1654 у в. Быцень (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.) пры базыльянскім кляштары. З 1845 — Успенская царква. Прамавугольны ў плане мураваны будынак накрыты вальмавым дахам з драўляным васьмігранным купальным барабанам у цэнтры (надбудаваны ў 2-й пал. 19 ст.). Плоскасныя фасады лаканічна крапаваны шырокімі лапаткамі, прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі. Сіметрычна-восевая пабудова гал. фасада падкрэслена прамавугольным уваходным праёмам і вял. арачным акном над ім. Па перыметры будынак апяразаны ўступам нізкага цокаля і прафіляваным карнізам у завяршэнні. Унутраная зала З парамі слупоў падзелена на 3 нефы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ КАПЛІ́ЦА,
помнік архітэктуры псеўдарускага стылю. Пабудавана ў 1870—89 у Гомелі паводле праекта арх. Я.Чарвінскага. Дэкар. работы выкананы мясц. майстрамі пад кіраўніцтвам мастака С.Садзікава. Рэстаўрыравана ў 1971—75. Размешчана ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі. Квадратнае ў плане мураванае збудаванне (пл. каля 30 м²) накрытае высокім 8-гранным шатром з люкарнамі і цыбулепадобнай галоўкай (агульная выш. 18 м). Падобныя галоўкі завяршаюць вуглы асн. аб’ёму. Фасады абліцаваны светлай цэглай, аздоблены керамічнымі дэталямі і каляровай маёлікай. На паўд. фасадзе ўваход з лесвіцай і арачным парталам. Побач з капліцай уваход у фамільную пахавальню Паскевічаў. Пахавальня складаецца з надземнай часткі (невял. мураваная пабудова, увянчаная маленькім барабанам з галоўкай), якая звязана лесвіцай са склепам — падземнай часткай (даўж. 28 м). Сцены склепа абліцаваны колатым каменем, пакрытым палівай, каля іх — мемар. пліты, на тарцовай — мазаічнае пано.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛАВІ́ДСКАЯ МЕМАРЫЯ́ЛЬНАЯ КАПЛІ́ЦА,
помнік архітэктуры неакласіцызму на Брэсцкай шашы, за 1,5 км ад в. Мілавіды Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 1930—33 у памяць» пра Мілавідскую бітву 1863 у час паўстання 1863—64. Капліца — цэнтрычнае збудаванне: на квадратным у плане цокалі ўстаноўлены 4 калоны, якія нясуць пліту антаблемента; у завяршэнні сферычны гранёны купал з ажурным крыжам. Унутр. прастора абмежавана міжкалоннымі арачнымі прасценкамі. На цокалі і пастаменце — памятныя надпісы.