ІАА́Н VI Кантакузін
(Iōannēs; каля 1293, Канстанцінопаль — 15.6.1383),
імператар Візант. імперыі [1341—54]. Пры Андроніку III Палеалогу [1328—41] галоўнакаманд. імператарскімі войскамі. З 1341 рэгент пры непаўналетнім Іаане V Палеалогу, узначаліў паўстанне супраць яго і ў кастр. 1341 абвешчаны імператарам. У 1347 з дапамогай туркаў захапіў Канстанцінопаль, зрабіў Іаана V суправіцелем і выдаў замуж за яго сваю дачку. У 1349 задушыў паўстанне зілотаў. На працягу свайго праўлення вёў беспаспяховыя войны, у выніку якіх зах. вобласці імперыі захапілі сербы, усх. — туркі, на астравах панавалі генуэзцы і венецыянцы. Усеагульная незадаволенасць яго ўнутр. і знешняй палітыкай прымусіла адрачыся ад трона (1354) і прыняць пострыг. У манастыры напісаў «Гісторыю» (ахоплівае падзеі 1320—56), каштоўную багатым фактычным матэрыялам.
т. 7, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКО́ЛЬД І ДЗІР,
кіеўскія князі ў 2-й пал. 9 ст. Паводле летапісных звестак былі баярамі Рурыка. У 860 узначальвалі першы паход на Канстанцінопаль, вялі барацьбу з печанегамі, улічамі, дунайскімі балгарамі. Учынілі паходы на драўлян, полацкіх крывічоў. Забіты ў 882 наўгародскім князем Алегам.
т. 2, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАА́Н II Камнін (lōannēs; 13.9.1087, Канстанцінопаль — 1143),
імператар Візант. імперыі [1118—43]. З дынастыі Камнінаў. Сын Аляксея I Камніна і прадаўжальнік яго палітыкі. Атрымаў перамогі над печанегамі (1122), сербамі (каля 1124), венграмі (1129), сельджукамі (1135), разграміў Кілікійскую Арменію (каля 1136), заваяваў Антыёхію (1137). Яго ўрад правёў рэформу кіравання флотам.
т. 7, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЯЗІ́Д I Маланкавы
(Bayezid I Yildirim; 1354? — 8.3.1403),
турэцкі султан у 1389—1402. З дынастыі Асманаў. Захапіў вял. тэрыторыі на Балканах і ў Малой Азіі. Войскі Баязіда ў 1394—1401 неаднаразова асаджалі Канстанцінопаль. У бітве з Цімурам каля Анкары (гл. Анкарская бітва 1402) разбіты і ўзяты ў палон, дзе і памёр.
т. 2, с. 368
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЎ VI (Leōn) Мудры, Леў VI Філосаф (1.9.866, г. Канстанцінопаль — 11.5.912), візантыйскі імператар [886—912]. З Македонскай дынастыі. Пацярпеў шэраг паражэнняў у войнах з балгарамі (893), арабамі (907), Кіеўскай Руссю (у 911 заключыў з кіеўскім князем Алегам дагавор, які гарантаваў рускім свабоду гандлю ў Канстанцінопалі). У 887—893 выдаў заканад. зборнік Васілікі і больш за 100 заканад. пастаноў, якія дапаўнялі Кодэкс Юсцініяна.
Н.К.Мазоўка.
т. 9, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХМЕ́Д II, Мехмет II (Mehmet) Фатых (Заваёўнік)
[30.3.1432, г. Эдырне, Турцыя — 3.4 (альбо 3.5). 1481],
турэцкі султан [1444; 1451—81]. Ажыццяўляў шырокую заваёўніцкую палітыку. 28.5.1453 захапіў Канстанцінопаль (з гэтага часу наз. Стамбул), спыніўшы існаванне Візант. імперыі. Заваяваў Сербію (1459), Марэю (1460), Трапезундскую імперыю (1461), Боснію (1463), в-аў Эўбея (1471), Албанію (1479), падпарадкаваў Крымскае ханства (1475). Пры ім складзены першы збор законаў Асманскай імперыі. Падтрымліваў развіццё гарадоў, будаўніцтва і мастацтва.
т. 10, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́Н РАГВАЛО́ДАВІЧ (Барысавіч),
безудзельны (?) князь з полацкага роду Ізяславічаў у 12 ст., сын полацкага кн. Рагвалода Усяславіча. Упамінаецца ў летапісах пад 1129. Адзін з 6 полацкіх князёў, якіх кіеўскі кн. Мсціслаў Уладзіміравіч за адмову ад сумеснага паходу супраць полаўцаў адправіў у ссылку ў Канстанцінопаль. Паводле В.М.Тацішчава, на службе ў візантыйскага імператара Іаана полацкія князі атрымлівалі плату і мужна ваявалі з арабамі. У 1140 І.Р., верагодна, вярнуўся на радзіму разам з братам Рагвалодам (Васілём).
А.В.Іоў.
т. 7, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКІ́ФАР III Ватаніят
(каля 1010 — пасля 1081),
візантыйскі імператар [1078—81]. Паходзіў з малаазійскай знаці. З сярэдзіны 11 ст. палкаводзец і намеснік шэрагу ваен.-адм. акруг. Узначаліў мяцеж малаазійскай знаці супраць імператара Міхаіла VII Дукі. У студз. 1078 абвешчаны імператарам, у сакавіку ўступіў у Канстанцінопаль. Беспаспяхова ваяваў з туркамі-сельджукамі, якія заснавалі на б. візант. землях Канійскі султанат (1080). Пры Н. III рэзка абвастрылася саперніцтва паміж малаазійскай і еўрап. ваен. знаццю. Скінуты Аляксеем I Камнінам, пастрыжаны ў манахі.
т. 11, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-ФРА́НКА-РУ́СКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1915 аб пралівах,
сакрэтнае пагадненне, заключанае ў 1-ю сусв. вайну. Аформлена ў выглядзе абмену памятнымі запісамі і нотамі ў крас.—маі 1915. Прадугледжвала пасляваенны падзел Турцыі (саюзніцы Германіі): са згоды Англіі і Францыі да Расіі (у выпадку яе ўдзелу ў вайне да перамогі над герм. кааліцыяй) павінны былі перайсці г. Канстанцінопаль (цяпер Стамбул), пралівы Басфор, Дарданелы і сумежныя з імі раёны еўрап. і азіяцкай часткі Турцыі. Практычных вынікаў для Расіі не мела, бо анулявана Дэкрэтам аб міры 1917.
т. 1, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАМА́ СЛАВЯНІ́Н (каля 760 — кастр. 823),
кіраўнік нар. паўстання ў Візантыі ў 820—823. Ратуючыся ад пакарання смерцю за ўдзел у змове супраць урада, уцёк у Абасідаў халіфат, дзе зрабіў прыдворную кар’еру. Дараваны імператарам Львом V і прызначаны военачальнікам адной з малаазійскіх фем. Выкарыстаўшы незадаволенасць сялян і салдат-стратыётаў падатковым і рэліг. уціскам, Ф.С. у 820 узняў паўстанне, якое хутка ахапіла б.ч. М. Азіі, частку Фракіі і Македоніі. Створаныя ім армія і флот на працягу года трымалі ў аблозе Канстанцінопаль. У 823 візант. ўрад з дапамогай войск балг. хана Амуртага задушыў паўстанне. Ф.С. узяты ў палон і пакараны смерцю.
т. 16, с. 313
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)