археалагічная культура плямён, якія ў 3-й чвэрці 1-га тыс.н.э. (храналаг. рамкі: канец 4—9 ст., найб. абгрунтаваная дата 5—7 ст.) насялялі большую частку бас. Дзясны, Сейма, вярхоўяў рэк Сула і Псёл, Гомельскае і Магілёўскае Падняпроўе, ніжняе цячэнне Бярэзіны, левабярэжжа Прыпяці ад вусця Пцічы да зліцця з Дняпром. Назва ад гарадзішча каля в.Калочын Рэчыцкага р-на. Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем і хатнімі промысламі. Асн. тыпам пасяленняў былі неўмацаваныя селішчы; нешматлікія гарадзішчы служылі сховішчамі на выпадак ваен. небяспекі. Жыллё — аднакамерныя паўзямлянкі зрубнай ці слупавой канструкцыі (часта з апорным слупам ў цэнтры), чатырохвугольныя ў плане. Характэрны адкрытыя агнішчы, трапляюцца печы-каменкі. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі пахаванняў на бескурганных і курганных могільніках, пахаванні урнавыя і ямныя. Насельніцтва вырабляла ляпныя гаршкі пераважна слоіка- і цюльпанападобных рабрыстых форм, а таксама прылады працы і зброю з жалеза, бронзавыя ўпрыгожанні і інш. Этнічная прыналежнасць К.к. спрэчная: В.В.Сядоў, І.П.Русанава, А.Р.Мітрафанаў, В.Б.Перхаўка адносяць яе да балтаў; П.М.Траццякоў, ЭА.Сымановіч, Я.А.Гаруноў, Л.Д.Побаль — да славян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЦІНО́ВІЧ (Аляксандр Андрэевіч) (н. 18.8.1946, в. Казловічы Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. літаратуразнавец, крытык, публіцыст. Скончыў БДУ (1968). Працаваў у раённым друку. З 1972 у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва». Друкуецца з 1964. Даследуе сучасную бел. л-ру, творчасць З.Бядулі, П.Галавача, І.Пташнікава, Б.Сачанкі, І.Шамякіна, І.Навуменкі, І.Чыгрынава і інш. Выдаў зб-кіліт.-крытычных артыкулаў «Далучанасць», «Пад небам вечнасці» (абодва 1990), «Дарога ў запаветнае» (1992), «Шляхам праўды», «Сувязь» (абодва 1994), «Дзе ж ты, храм праўды?» (1996), «Святло чароўнага ліхтарыка» (кн. 1—2, 1997—98). Аўтар краязнаўчай кнігі «Ля Каменкі бруістай» (1992), зб-каў гістарычных нарысаў і эсэ «Зерне да зерня» (1996, Дзярж. прэмія Беларусі імя К.Каліноўскага 1998), «Хто мы, адкуль мы...» (ч. 1—2, 1996—98), кніг для дзяцей «Віця Неслух у краіне Мурашоў» (1995, з Т.Мушынскай), «Святая Еўфрасіння» (1999). Складальнік кніг публіцыстыкі «Свабоднае» грамадства зблізку» (1986), паэзіі «Мы і яны» (1986) і «Слова міру і праўды» (1987) і інш.
Тв.:
Іван Чыгрынаў. Мн., 1999;
У часе прасветленыя твары: Гіст. эсэ, нарысы. Мн., 1999.