КРЫЖАНО́ЎСКІ (Сцяпан Андрэевіч) (н. 8.1.1911, г. Новы Буг Мікалаеўскай вобл., Украіна),

украінскі паэт, літ.-знавец. Д-р філал. н. (1962), праф. (1963). Скончыў Харкаўскі ін-т прафес. асветы (1933). У 1940—41 і 1949—87 у Ін-це л-ры імя Т.​Шаўчэнкі АН Украіны. Друкуецца з 1928. У зб-ках вершаў «Энергія» (1930), «Дні, дарогі, сябры» (1934), «Калінавы мост» (1940), «Яшчэ не вечар» (1961), «Формула шчасця» (1970), «Далягляд» (1980), «Летапіс» (1991) і інш. паэтызацыя чалавечых пачуццяў, прыроды. Аўтар літ.-знаўчых прац, прысвечаных класікам нац. л-ры («У жыцці маім да ўсяго маю справу...» і «Урокі Паўло Тычыны»; абодва 1979; Рэсп. прэмія імя А.​Білецкага 1980). Быў знаёмы з Я.​Купалам, яму прысвяціў паэт. творы, успаміны, літ.-крытычныя артыкулы. На ўкр. мову пераклаў асобныя творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, П.​Броўкі, П.​Глебкі, П.​Панчанкі, М.​Танка. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Э.​Валасевіч, М.​Калачынскі, П.​Місько.

Тв.:

Берізка: Вибр. поезії. Київ, 1971.

В.​А.​Чабаненка.

т. 8, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНЯЙЧУ́К (Аляксандр Еўдакімавіч) (25.5.1905, г. Хрысцінаўка Чаркаскай вобл., Украіна — 14.5.1972),

украінскі драматург. Герой Сац. Працы (1967). Акад. АН Украіны (1939). Акад. АН СССР (1943). Скончыў Кіеўскі ін-т нар. асветы (1929). Друкаваўся з 1925. Аўтар шматлікіх п’ес гіст.-рэв., гераічнага і камедыйнага жанру, вытрыманых у строгіх рамках сацыяліст. рэалізму, адметных шматграннасцю адлюстравання жыцця. Сярод п’ес: «Каменны востраў» (1931), «Гібель эскадры» (1934), «Платон Крэчат» (1935), «Праўда» (1937), «Багдан Хмяльніцкі» (1939), «У стэпах Украіны» (1941), «Фронт» (1942), «Макар Дубрава» (1948), «Калінавы гай» (1950), «Чаму ўсміхаліся зоркі» (1957), «Старонка дзённіка» (1964), «Памяць сэрца» (1969) і інш. Выступаў як публіцыст, літ.-знавец. П’есы К. перакладаліся на бел. мову і ставіліся ў многіх тэатрах Беларусі. На бел. мову яго паасобныя творы пераклаў А.​Макаёнак. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1943, 1949, 1951. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Р.​Шаўчэнкі 1971.

Тв.:

Зібрання творів. Т. 1—5. Київ, 1986—88;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—4. Л., 1976—77.

Літ.:

Вакуленко Д. Олександр Корнійчук. Київ, 1985.

В.​А.​Чабаненка.

А.Е.Карняйчук.

т. 8, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРЫ́ЦКІ (Анатоль Галакціёнавіч) (12.2.1895, Кіеў — 6.3.1964),

украінскі тэатр. мастак, жывапісец, графік. Нар. мастак СССР (1944). Вучыўся ў Кіеўскім маст. вучылішчы (1910—18), Вышэйшых маст.-тэхн майстэрнях у Маскве (1922—24). У 1946—50 выкладаў у Кіеўскім маст. ін-це (з 1947 праф.). Ствараў аб’ёмна-прасторавыя дэкарацыі ў жывапісна-дэкар. манеры, заснаванай на глыбокім вывучэнні нар. ўкр. мастацтва, да пастановак у т-рах Кіева, Харкава, Вял. т-ра ў Маскве. Аформіў оперы «Сарочынскі кірмаш» М.​Мусаргскага (1925), «Чаравічкі» П.​Чайкоўскага (1941), «Багдан Хмяльніцкі» К.​Данькевіча (1953), «Тарас Бульба» М.​Лысенкі (1955), «Вайна і мір» С.​Пракоф’ева (1956), «Дзекабрысты» Ю.​Шапорына (1953), балеты «Карсар» А.​Адана (1926), «Лілея» Данькевіча (1945), спектакляў «Вій» А.​Вішні (1925), «Багдан Хмяльніцкі» (1939), «Макар Дубрава» (1948) і «Калінавы гай» (1950) А.​Карнейчука. Аўтар станковых карцін («Натуршчыца», 1923; «Барыкады», 1925; «Парк у Харкаве», 1935), манум. размалёвак у Кіеве, Камянцы-Падольскім, паліт. плакатаў, ілюстрацый да кніг і часопісаў. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951.

Літ.:

Анатолій Петрицкий: Спогади про художника. Київ, 1981.

Л.​Ф.​Салавей.

А.Пятрыцкі. Эскіз касцюма да оперы М.​Лысенкі «Тарас Бульба».

т. 13, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯДЗЮ́ШКА (Уладзімір Іосіфавіч) (14.2.1905, Мінск — 30.3.1973),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1949), нар. арт. СССР (1971). Сцэн. дзейнасць пачаў як акцёр-аматар. У 1923—37 акцёр у т-ры У.​Галубка (БДТ-3). З 1937 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. Характарны, самабытны акцёр з яркім нац. каларытам; адзін з найб. буйных дзеячаў бел. т-ра. Яго творчасць вызначалася глыбінёй спасціжэння нар. характару, уменнем псіхалагічна абгрунтаваць учынкі герояў, надаць ролі выразную сцэн. форму. Асаблівы поспех меў у нац. рэпертуары: Сцяпан Крыніцкі («Паўлінка» Я.​Купалы), Мірон Бокуць («Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка), Ксаверый («Кацярына Жарнасек» М.​Клімковіча), Пытляваны («Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы; Дзярж. прэмія СССР 1952), Язэп («Салавей» З.​Бядулі), Моцкін («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка), Крушына («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона; і ў кіно). З інш. яркіх вобразаў: Іларыён («Я, бабуля, Іліко і Іларыён» Н.​Думбадзе і Р.​Лордкіпанідзе), Месны, Вакуленка («Фронт», «Калінавы гай» А.​Карнейчука), Пімен («Барыс Гадуноў» А.​Пушкіна), Дон Джэром («Дзень цудоўных падманаў» Р.​Шэрыдана). Здымаўся ў кіно («Несцерка», «Паўлінка», «Запомнім гэты дзень») і тэлевізійных пастаноўках («Людзі на балоце» паводле І.​Мележа, «Прымакі» Я.​Купалы) і інш.

У.І.Дзядзюшка.
У.Дзядзюшка ў ролі Крушыны (злева).

т. 6, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Калі́на ’расліна Viburnum opulus’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп., Маш., Радч., Сержп. Грам., Сцяшк., Яруш.). Паводле слоўніка Кісялеўскага каліна адзначаецца ў Беларусі паўсюдна. З новых крыніц фіксуюць Сл. паўн.-зах., ТС (тут яшчэ каліны ’ягады каліны’). Ёсць таксама шэраг вытворных, з якіх звяртае на сябе ўвагу калініца, адзначанае ў Бялькевіча, Насовіча і Радчанкі, якое апрача бел. сустракаецца ў смал. гаворках — калиница ’куст каліны’ (фальк.), ’ягада каліны’. Магчыма, гэта беларуская інавацыя (ва ўсх. гаворках), параўн., аднак, серб.-харв. калиница. У бел. гаворках зафіксаваны таксама калінавы мост (Бяльк., Доўн.-Зап.), параўн. Махэк₂, 236. Паралелі да бел. каліна: укр. калина, рус. калина (літар. і дыял.), польск. kalina, кашуб. kalëna, в.-луж. kalena, н.-луж. kalina, чэш. kalina, славац. kalina, славен. kalína, серб.-харв. ка̀лина, макед. калина (тут у значэнні ’дрэва гранат’), балг. калина. Звычайна ў слав. мовах значэнне ’расліна Viburnum opulus’, аднак сустракаюцца і розныя іншыя, відавочна, другасныя па паходжанню. Адносна этымона прасл. kalina існуюць розныя думкі. Адна з традыцыйных версій, паводле якой слав. лексіку суадносілі са ст.-в.-ням. holuntar, ням. Holunder ’расліна бузіна, Sambucus’, аспрэчваецца Фасмерам, 2, 168, і шэрагам іншых этымолагаў. Паводле Бернекера, 1, 473, слова суадносіцца з прасл. kalъ з першапачатковай матывацыяй ’куст з чорнымі ягадамі’. Відавочна, што гэта этымалогія абавязана «каляровай» версіі паходжання слав. kalъ. Фасмеру, 2, 168 яна ўяўляецца дастаткова правільнай. Бернекер (там жа) меркаваў аб імавернасці паходжання слова ад kaliti (у сувязі з ярка-чырвонымі ягадамі каліны). Брукнер (214) звяртае ўвагу, што kaliti этымалагічна не суадносіцца з назвай колеру (’каліць’ — ’рабіць цвёрдым, гартаваць’, а не ’распальваць’). У апошні час Трубачоў (Эт. сл., 9, 121) аддаў перавагу этымалогіі, паводле якой kalina суадносіцца з kalъ па прычыне вільгацелюбівасці расліны (так Якабсон, Word, 8, 4, 1952, 388; Махэк, Slavia, 23, 1954, 65; Махэк₂, 236, з літ-рай і семантычнымі паралелямі яшчэ ў Naše Reč, 11, 1927, 121–125). Слаўскі (2, 30) прыняў гэту этымалогію, прыводзячы паўд.-слав. kalina ’балота’. Трубачоў (там жа) падкрэслівае, што спачатку kalina азначала ’сырое месца’, а ўжо потым — вільгацелюбівую ’расліну. Сапраўды, семантычную паралель да гэтага можна ўбачыць ў слав. bagъno ’балота’ і ’расліна Ledum’. Параўн., аднак, Талстой, Геогр., 158 і інш., аб цяжкасці рашэння пытання, што было першым — назва балота ці назва расліны. У канкрэтным выпадку празрыстасць утварэння (калі прымаць этымалогію Махэка) не пакідае сумненняў першаснасці назвы балота. Разам з тым нельга не адзначыць, што яркія ягады расліны з’яўляюцца істотнай прыкметай (параўн. каліна як сімвал дзявоцтва, гл. падрабязней калінкі), апрача таго, існуюць розныя погляды на этымалогію слав. kaliti. Параўн. яшчэ ў Тураўскім слоўніку, 2, 179: «Стоіць певень над рэкою с чырвоною бородою» (загадка пра каліну). У сувязі з гэтым звяртае на сябе ўвагу серб.-харв. ка̏лики, ка̏љика ’рабіна, Sorbus aucuparia’ і дыял. калика ’невялікае дрэўца з плодам, падобным да рабіны, аднак неядомым’. Трубачоў (Эт. сл., 9, 120) адносіць гэта слова да kalina, kaliti (< kalъ), каlъ, аднак якая тут матывацыя? Параўн. яшчэ рус. валаг., арханг. кали́на́ ’моцны нагрэў, жар і да т. п.’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)