КУРАТО́ЎСКІ (Kuratowski) Казімеж

(2.2.1896, Варшава — 18.6.1980),

польскі матэматык. Чл. Польскай АН (1952). Замежны чл. АН СССР (1966). У 1913—20 вучыўся ва ун-тах Глазга і Варшавы. Праф. Львоўскага політэхн. ін-та (у 1927—34) і Варшаўскага ун-та (у 1921—27 і з 1934), у 1948—67 дырэктар Матэм. ін-та і віцэ-прэзідэнт (з 1957) Польскай АН. Навук. працы па тапалогіі, тэорыі графаў, тэорыі мностваў і тэорыі функцый рэчаіснай пераменнай, гісторыі матэматыкі. Дзярж. прэмія Польшчы 1951.

Тв.:

Рус. пер. — Топология. Т. 1—2. М., 1966—69.

т. 9, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБРАВО́ЛЬСКІ Ерафей Уладзіміравіч

(19.11.1903, в. Шалаеўка Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. — 21.4.1987),

генерал-лейтэнант (1945), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Кіеўскае пях. вучылішча (1931), курсы «Выстрал» (1940), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1947). У Чырв. Арміі з 1925. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 на Зах., Калінінскім, 1-м Прыбалт. і 1-м Бел. франтах: камандзір палка, нач. штаба, камандзір стралк. дывізіі, корпуса. Войскі 16-га корпуса на чале з Дабравольскім вызначыліся ў студз. 1945 у баях на р. Вісла каля г. Казімеж (Польшча) пры прарыве абароны і разгроме праціўніка. Да 1958 у Сав. Арміі.

т. 5, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙДУКЕ́ВІЧ (Ajdukiewicz) Казімеж

(12.12.1890, г. Цярнопаль, Украіна — 12.4.1963),

польскі логік, філосаф. Правадзейны чл. Польскай АН (з 1952). Праф. Львоўскага, Варшаўскага ун-таў (1925—38). У 1938 узначаліў Пазнанскае філас. т-ва, з 1953 гал. рэдактар час. «Studia logica» («Лагічныя даследаванні»). Прадстаўнік львоўска-варшаўскай школы, якая ставіла задачу лагічнага абгрунтавання і ўмацавання рацыяналізму ў процівагу ірацыяналізму. Паводле філас. поглядаў быў блізкі да ідэй лагічнага пазітывізму. Распрацаваў логіка-семантычную канцэпцыю значэння як спосабу ўжывання тэрміна ў пэўнай канцэптуальнай сістэме тэорыі лагічнага вываду, індуктыўнай логікі, азначэння, лагічнай семантыкі і сінтаксісу.

Тв.:

Język i poznanie. T. 1—2. Warszawa, 1960—65: The scientific world-perspective and other essays, 1931—63. Dordrecht, 1978.

Г.У.Грушавы.

т. 1, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРПІ́НСКІ (Kurpiński) Караль Казімеж

(6.3.1785, Влашакавіцы, Польшча — 18.9.1857),

польскі кампазітар, дырыжор, муз. тэарэтык. Музыцы вучыўся ў бацькі — арганіста Марціна К. З 1810 2-і дырыжор «Т-ра Нарадовы», у 1824—40 1-ы дырыжор і дырэктар «Т-ра Велькі» ў Варшаве. У 1835—40 кіраваў першай польск. Школай муз. і драм. мастацтва. Адыграў значную ролю ў стварэнні нац. оперы. Аўтар больш як 25 опер (усе паст. ў Варшаве), у т.л. «Шарлатан, або Уваскрэсенне з мёртвых», «Ядвіга, каралева Польшчы» (абедзве 1814), «Новыя кракавякі» (1816), «Замак на Чарштыне, або Баямір і Ванда» (1819), аперэт, балетаў, мес, кантат, арк. і камерна-інстр. твораў, арк. і фп. паланэзаў, песень; муз. падручнікаў і артыкулаў па муз. этнаграфіі.

Літ.:

Przybylski Т. K.Kurpmski. Warszawa, 1980.

т. 9, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́НДЫС (Brandys) Казімеж

(н. 27.10.1916, г. Лодзь, Польшча),

польскі празаік. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це. У раманах «Драўляны конь» і «Няскораны горад» (абодва 1946) адлюстраваў лёс і духоўныя пошукі польскай інтэлігенцыі. Партрэт маладога інтэлігента на фоне перадваен. і ваен. падзей стварыў у тэтралогіі «Паміж войнамі» (т. 1—4,1947—51), якую склалі раманы «Самсон», «Антыгона», «Трон — адкрыты горад», «Чалавек не памірае». Працэс станаўлення асобы прасачыў у рамане «Абывацелі» (1954). Маральна-філас. праблемы дамінуюць у зб-ках апавяданняў «Рамантычнасць» (1960), «Спосаб існавання» (1963), «Джокер» (1966), «Кірмаш» (1968), «Думка» (1974), «Ірэальнасць» (1977). У «Лістах да пані Z.» (т. 1—3, 1958—62) уражанні Брандыса ад падарожжа па краінах Еўропы. З 1981 на Захадзе, жыве ў Францыі. Аўтар дзённіка «Месяцы» (ч. 1—4, 1980—87), літ. эсэ «Характары і лісты» (1991).

Тв.:

Opowiadania. Warszawa, 1973;

Nowele filmowe. Warszawa, 1975;

Бел. пер. — Грамадзяне. Мн., 1958;

Рус. пер. — Между войнами Т. 1—2. М., 1957—58.

М.М.Хмяльніцкі.

т. 3, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСПЯ́НСКІ (Wyspiański) Станіслаў

(15.1.1869, г. Кракаў, Польшча — 28.11.1907),

польскі драматург, паэт, мастак, тэатр. дзеяч. Вучыўся жывапісу, вывучаў філасофію і л-ру ў Кракаве і Парыжы. Чл. т-ва мастакоў «Мастацтва» (з 1897). Праф. Кракаўскай акадэміі выяўл. мастацтваў (з 1906). У 1898—1905 мастак-дэкаратар і рэжысёр Кракаўскага т-ра (ажыццявіў 1-ю пастаноўку «Дзядоў» А.Міцкевіча). Выспянскі-драматург быў прыхільнікам вагнераўскага (які сінтэзаваў розныя мастацтвы) т-ра, развіваў традыцыі польск. рамантычнай драмы, зведаў уплыў антычнай трагедыі. Філас. асэнсаванне тэмы лёсу, супрацьстаяння яму ў драмах на антычныя сюжэты «Мелеагр», «Пратэсілай і Лаадамія» (абедзве 1899), а таксама ў «Праклёне» (1899) і «Суддзях» (1907), напісаных паводле рэальных падзей. У п’есах пра паўстанне 1830 «Варшавянка» (1898), «Лістападаўская ноч» (1904), а таксама «Легіён» (1900), драм. трылогіі «Вяселле» (1901, найб. значны твор Высоцкага) — нац.-паліт. праблематыка, філас. інтэрпрэтацыя польск. рэчаіснасці праз супастаўленне з гіст. мінулым. Аўтар драм «Баляслаў Смелы» (1903), «Зыгмунт Аўгуст» (не скончана), рапсода «Казімеж Вялікі» (1900) і інш. Уплыў Высоцкага на сваю творчасць зазнаў Я.Купала.

У выяўл. мастацтве Высоцкі імкнуўся захаваць нац. каларыт у рамках стылю «мадэрн». Стварыў паэтычныя і выразныя па манеры малюнка партрэты і пейзажы ў тэхніцы пастэлі (аўтапартрэты, каля 1900—02; «Аленка і кветкі», 1902; «Партрэт Элізы Парэнскай», «Від на пагорак Касцюшка», абодва 1905), драм.-экспрэсіўных, маляўнічых эскізаў вітражоў (для францысканскага сабора і касцёла на Вавелі ў Кракаве, 1896—1906). У афармленні кніг дасягнуў дэкар. адзінства шрыфту і мяккага стылізаванага расліннага арнаменту. Выконваў эскізы касцюмаў і дэкарацый да ўласных спектакляў у Кракаўскім т-ры («Варшавянка», «Вызваленне», «Баляслаў Смелы»), эскізы мэблі, тканін, вырабаў з металу, афармлення інтэр’ераў.

Тв.:

Dzieła zebrane. Т. 1—16. Kraków, 1958—71;

Рус. Пер. — Драмы. М., 1963.

Літ: Оконьска А. С.Выспяньский: Пер. с пол. М., 1977; Zbijewska K. Orzeł w kurniku. Warszawa, 1980; Natanson W. Stanisław Wyspiański. 2 wyd. Warszawa, 1982.

С.Д.Малюковіч, І.М.Марціновіч.

т. 4, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)