участак прыроднай тэрыторыі, прызначаны для захавання і аднаўлення аднаго або некалькіх кампанентаў прыроды і падтрымання экалагічнага балансу; адзін з відаў асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў. На тэр. З. пастаянна або часова забаронены ці абмежаваны пэўныя віды гасп. дзейнасці, якія могуць пашкодзіць яго стану (узворванне зямель, асобныя віды лесакарыстання, палявання і рыбалоўства, касьба, выпас жывёлы, збор ягад, пладоў, кветак і інш.), у той жа час у З. могуць быць дазволены сан. высечка лесу, адлоў і адстрэл жывёл з навук. мэтамі, або для рэгулявання іх колькасці, лесапасадкі, рассяленне новых відаў жывёл, лесагасп. і інш. віды работ, турызм. Пл. З. ад некалькіх да сотняў тысяч гектараў, напр., Алма-ацінскі — 800 тыс.га (Казахстан), Верхнекандзенскі — 242 тыс.га і Кірзінскі — 120 тыс.га (Расія), Налібоцкі — 86 тыс.га (Беларусь).
На Беларусі (на 1.1.1998) створана 85 З. рэсп. значэння агульнай пл. 656 тыс.га і больш за 600 мясц. значэння. Асн. віды З.: ландшафтныя заказнікі, біялагічныя заказнікі, гідралагічныя заказнікі і палеанталагічныя. Першы З. — Белавежская пушча, створаны ў 1541 для аховы зуброў, з 1640 у ім забаронена высечка лесу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРНІТАЛАГІ́ЧНЫ ЗАКА́ЗНІК,
біялагічны заказнік, асн. мэтай утварэння якога з’яўляецца ахова, захаванне і аднаўленне асобных відаў птушак, іх унікальных згуртаванняў і асяроддзя пражывання. На Беларусі 2 арніталагічныя заказнікімясц. значэння: Дымаўшчына ў Віцебскім і Езярышчанскі ў Гарадоцкім р-нах Віцебскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯРЭДНЕВЕНГЕ́РСКІЯ ГО́РЫ,
шэраг ізаляваных масіваў (Бакань, Вертэш, Буда і інш.) у Венгрыі, на З ад р. Дунай. Працягваюцца з ПдЗ на ПнУ на 150 км. Выш. 400—700 м. Складзены пераважна з вапнякоў і даламітаў, развіты карст. Стараж. вулканізм. Шыракалістыя лясы. Радовішчы баксітаў, марганцавай руды. Мінер. крыніцы. Ландшафтныя заказнікі (Вертэш, Герэчэ). У межах Буды — частка г. Будапешт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАВЕ́ДНЫ РЭЖЫ́М,
метад аховы прыродных тэрыторый, комплексаў і аб’ектаў шляхам поўнага ці абмежаванага неўмяшання людзей у прыродныя працэсы. Адрозніваюць абсалютна-запаведны (напр., у зонах абсалютнай запаведнасці ў запаведніках, нац. парках) або адносна-запаведны (напр., у зонах рэкрэацыйнага карыстання, кіроўных прыродных зонах нац. паркаў, заказніках) рэжым. Агульнае патрабаванне З.р. — недапушчальнасць атрымання эканам. выгады (выпас, касьба і інш.). Уводзіцца З.р. для захавання генафонду жывёл, раслін, дасягнення інш. мэт аховы прыроды на аснове падтрымання экалагічнай раўнавагі. На Беларусі З.р. ахоплены тэр. агульнай пл. каля 1,4 млн.га (заказнікі, запаведнікі, нац. паркі, помнікі прыроды).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМНАКАЛЯ́НУС (Limnocalanus macrurus),
беспазваночная жывёла атр. весланогіх ракападобных. Пашыраны ў чыстых, глыбокіх азёрах Паўн. паўшар’я. На Беларусі рэдкі ледавікова-марскі рэлікт антрапагенавага (чацвярцічнага) перыяду. Выяўлены ў 10 азёрах на ПнЗ Беларусі, у т. л. Доўгае, Рычы (заказнікі Л.), Воласа, Снуды, Струста (Браслаўскі нац. парк). Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 2,2 мм, цела членістае з вілаватым адросткам на канцы. 5 пар плавальных членістых канечнасцей. Дыхаюць паверхняй цела. Вельмі адчувальныя да дэфіцыту кіслароду ў вадзе. Кормяцца пераважна планктоннымі водарасцямі. Раздзельнаполыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ШЧА,
вялікі масіў густога, цяжкапраходнага лесу, нетры. Часцей складаецца з забалочаных, у мінулым рэліктавых высокаўзроставых лясоў. Паняцце «П.» ўжываецца пераважна ў дачыненні да лясных масіваў зах.ч. Беларусі, Польшчы, ПдУ Літвы, Латвіі. На Беларусі вядомы ў Гродзенскай (Аўгустоўская, Графская, Гродзенская, Катранская, Ліпічанская, Свіслацкая П.), Брэсцкай (Белавежская пушча, Ружанская, Шарашоўская П.), Мінскай (Налібоцкая П.) і Віцебскай (Старая, Цёмная, Галубіцкая П.) абласцях. У П. захаваліся унікальныя прыродныя комплексы з багатай флорай і фаунай, на аснове большасці з іх створаны ахоўныя прыродныя тэр.: нац. парк Белавежская пушча, заказнікі (Аўгустоўская, Галубіцкая, Графская, Катранская, Ліпічанская, Налібоцкая П.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАЭКАЛО́ГІЯ (ад агра... + экалогія), сельскагаспадарчая экалогія,
раздзел прыкладной экалогіі, які вывучае ўплыў фактараў асяроддзя (біятычных і абіятычных) на прадукцыйнасць культурных раслін, а таксама структуру і дынаміку згуртаванняў арганізмаў, што насяляюць с.-г. ўгоддзі, уплыў аграбіяцэнозаў на жыццяздольнасць раслін, якія культывуюцца. Асновы сучаснай аграэкалогіі распрацавалі вучоныя італьян. Дж.Ацы (1956) і ням. Тышлер (1965). Гал. задача аграэкалогіі — размяшчэнне і выкарыстанне с.-г. угоддзяў і прыродных экасістэм (участкі лясоў, лугоў, балот, помнікі прыроды, заказнікі і інш.) такім чынам, каб забяспечыць максімальную біял. прадукцыйнасць ландшафтаў і іх захоўванне. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС адной з цэнтр. праблем аграэкалогіі на Беларусі стала вывучэнне міграцыі радыенуклідаў у экасістэмах, у прыватнасці ў аграбіяцэнозах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЁМАНСКАЯ НІЗІ́НА.
На З Беларусі, пераважна ў Гродзенскай вобл., часткова ў паўд.-зах.ч. Літвы. Распасціраецца ўздоўж р. Нёман (яго верхняй і сярэдняй ч. басейна) ад Стаўбцоўскай раўніны да Балтыйскай грады. Мяжуе з Ашмянскім, Мінскім, Навагрудскім, Ваўкавыскім, Гродзенскім узвышшамі, Капыльскай градой. Працягласць з 3 на У 160 км, з Пн на Пд 15—55 км, пл. каля 8,3 тыс.км². Выш. 80—160 м над узр. м. Падзяляецца на Верхнянёманскую нізіну і Сярэднянёманскую нізіну. У рэльефе вылучаюцца пясчаныя раўніны і тэрасы прыледавіковых азёр, якія змыкаюцца з узроўнем верхніх тэрас Нёмана. Найб. азёры: Белае, Берштаўскае, Вераўскае, Зацкава, Рыбніца. Пад лесам 35% тэрыторыі (Нёманскія лясы). У межах Н.н. заказнікі: біял. — Гожаўскі, Налібоцкі, Парэцкі, Сапоцкінскі, ландшафтны — Азёры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ГАРАДНАЯ ЗО́НА,
тэрыторыя, якая з’яўляецца знешнім планіровачным поясам горада, знаходзіцца з ім у цеснай функцыян., эканам., экалагічнай і арх. узаемасувязі. Параметры П.з. і рэгламенты яе развіцця вызначаюцца пры распрацоўцы рэгіянальных і генеральных планаў гарадоў. Рацыянальнае выкарыстанне тэр. П.з. — неабходная ўмова ўстойлівага развіцця вял. гарадоў. Пры яе фарміраванні ўлічваюцца інтарэсы развіцця гар. гаспадаркі, аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання тэр. рэсурсаў. Арх. планіровачнае вырашэнне П.з. распрацоўваецца з улікам прыярытэтаў захавання зялёных насаджэнняў, водных прастораў і інш. тэрыторый, якія маюць прыродаахоўнае і сан.-гігіенічнае значэнне. У межах П.з. размяшчаюцца гарады-спадарожнікі і інш. паселішчы, катэджныя забудовы, асобныя прамысл. прадпрыемствы, аб’екты камунальнай гаспадаркі, элементы трансп. (аэрапорты, чыг. станцыі і інш.) і інш. (водазаборы, трубаправоды і інш.) інфраструктур, свабодныя эканамічныя зоны, лесапаркі, зоны адпачынку, курорты, заказнікі, помнікі прыроды і інш. Значныя плошчы адводзяцца пад зоны масавага адпачынку, дачныя пасёлкі, санаторыі, пансіянаты, спарт.-аздараўленчыя лагеры. На Беларусі ўсе буйныя гарады маюць П.з. Прыкладам комплекснага развіцця горада і яго П.з. з’яўляецца Мінск. У межах П.з. Мінска вылучаюцца паясы: унутраны — лесапаркавы (радыус 15—20 км) і знешні (радыус каля 50 км). Лясы вакол Мінска ў радыусе 50—80 км фарміруюць зялёную зону горада. Планіровачны каркас тэр. Мінска і яго П.з. мае радыяльна-кальцавую структуру, сфарміраваную аўтамаб. і чыг. дарогамі, рэкамі і азялененымі прасторамі. Яго важнай планіровачнай і кампазіц. воссю з’яўляецца водна-зялёны дыяметр. Склад гар. функцый, вынесеных у П.з. Мінска, ахоплівае ўсе віды гасп. і сац. дзейнасці. У межах П.з. фарміруюцца спецыялізаваныя паселішчы, якія паводле свайго функцыян. прызначэння з’яўляюцца працягам Мінска (Мачулішчы, Гатава, Калодзішчы, Самахвалавічы, Навінкі і інш.). Да структурных элементаў П.з. адносяцца курорт Ждановічы, зоны адпачынку Мінскае мора, Астрашыцкі Гарадок, Пціч, Вясёлка і інш., заказнікірэсп. значэння Падсады, Прылуцкі, Кайкаўскі, Пекалінскі і інш., свабодная эканам. зона «Мінск». Своеасаблівае арх.-планіровачнае вырашэнне маюць П.з. інш. гарадоў, напр., Гродна, Віцебска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАГІ́ЧНЫ ЗАКА́ЗНІК,
тэрыторыя, вылучаная з мэтай захавання і аднаўлення каштоўных водных аб’ектаў і комплексаў прыроды. Уключаюць азёрныя, балотныя і рачныя заказнікі. На Беларусі (на 1.1.1997) 14 гідралагічных заказнікаў рэсп. значэння: Балота Мох, Белае, Вялікае Астравіта, Глыбокае-Чарбамысла, Доўгае, Ельня, Карыценскі Мох, Крывое, Рычы, Сосна ў Віцебскай, Заазер’е ў Магілёўскай, Чарэмшыца ў Мінскай, Выганашчанскае ў Брэсцкай, Дзікае ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях (агульная пл. 93 825 га); 14 заказнікаў мясц. значэння: 2 у Брэсцкай, 8 у Віцебскай, 3 у Гомельскай і 1 у Мінскай абласцях.
На тэр. гідралагічнага заказніка забараняецца здабыча торфу, нарыхтоўка моху, правядзенне меліярацыйных работ. Пры ўмове захавання водаахоўнай ролі насаджэнняў дазваляецца высечка лесу, кустоў, нарыхтоўка прутоў, дубільнай кары, а таксама касьба, збор грыбоў і ягад. Паляванне і рыбная лоўля вядуцца па вызначаных правілах.