БАБЫ́НІЧЫ,

вёска ў Полацкім раёне Віцебскай вобл., паміж азёрамі Бабынічы, Бабына і Нясета. Цэнтр сельсавета і калектыўнага с.-г. прадпрыемства. За 45 км на ПдЗ ад Полацка, 150 км ад Віцебска, 17 км ад чыг. ст. Загацце. 271 ж., 98 двароў (1995). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

Вядомы з 2-й пал. 15 ст. Належалі Корсакам. У 17—18 ст. прыватнаўласніцкае мястэчка. На пач. 20 ст. комплекс паселішчаў у Бабынічах складаўся з мястэчка (70 дамоў, 326 ж.), фальварка Бабынічы-Вовель, маёнткаў Бабынічы-Юраўшчына і Вуглы-Бабынічы. З 1922 у Полацкім пав. У 1924—31, 1935—60 Бабынічы — цэнтр сельсавета Ветрынскага, з 1960 — Полацкага р-наў.

т. 2, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАВЕ́ЧНА,

рака на тэр. Украіны і Беларусі, правы прыток р. Прыпяць. Даўж. 158 км, пл. вадазбору 3600 км² (у межах Беларусі адпаведна 109 км і 3000 км²). Пачынаецца за 3 км на ПдЗ ад в. Антонавічы Оўруцкага р-на Жытомірскай вобл. (Украіна), вусце за 3 км на ПнУ ад в. Вяжышча Нараўлянскага р-на Гомельскай вобл. У вярхоўі цячэ ў межах Оўруцкага кража, далей па забалочанай раўніне Мазырскага Палесся. Асн. прытокі: Ясенец, Жалонь (справа), Батыўля, Чэрцень (злева). Даліна трапецападобная, ніжэй в. Цешкаў Нараўлянскага р-на зліваецца з поймай р. Прыпяць; пераважная шыр. 700—1000 м, на некат. участках у сярэднім цячэнні да 2,5 км. Схілы ў верхнім цячэнні часцей умерана стромкія, моцна перасечаныя ярамі, ніжэй спадзістыя, слабапарэзаныя, выш. 2—5 м. Пойма двухбаковая, часцей забалочаная, шыр. 400—700 м, у ніжнім цячэнні да 2 км, у сярэднім і ніжнім цячэнні перасечаная старымі рэчышчамі і меліярац. каналамі. Рэчышча звілістае, на значным участку ў сярэднім цячэнні моцназвілістае, шыр. 2—8 м, у вярхоўі шмат камянёў і валуноў, на астатнім працягу пераважна разгалінаванае (з невялікімі пясчанымі астравамі, якія ў разводдзе затапляюцца), у некат. месцах у верхнім цячэнні на тэр. Украіны часткова каналізаванае. Берагі стромкія і абрывістыя, у нізоўі спадзістыя. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Веснавое разводдзе з сярэдзіны сак. да канца крас., найвыш. — у канцы сак.—пач. крас.; сярэдняя выш. над межанным узроўнем 2,3 м, у ніжнім цячэнні 1,8 м. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 13,7 м³/с. У С. па Свячанскім канале паступае частка сцёку з р. Жалонь. С. — водапрыёмнік меліярац. сістэм. На рацэ каля в. Славечна плаціна. У вадазборы С. наліўныя вадасх. Загацце і Свяча. Ніжняе цячэнне ракі ў зоне адсялення з-за радыяцыйнага забруджвання.

А.​А.​Макарэвіч.

т. 14, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)