Мінеральнае жыўленне сельскагаспадарчай жывёлы 7/210
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЎЛЕ́ННЕ РАСЛІ́Н,
працэс паглынання і засваення пажыўных рэчываў раслінамі; састаўная частка абмену рэчываў. Паводле тыпу жыўлення іх падзяляюць на аўтатрофы (самі сінтэзуюць арган. рэчывы) і гетэратрофы (выкарыстоўваюць гатовыя арган. рэчывы). Некат. расліны з розным тыпам жыўлення існуюць у сімбіёзе. Неабходныя для сінтэзу арган. злучэнняў пажыўныя рэчывы расліны, як правіла, паглынаюць у форме вуглякіслага газу (гл. Фотасінтэз), вады (гл. Водны рэжым раслін) і іонаў мінер. солей. Корань як орган жыўлення прыстасаваны да паглынання солей і вады з глебы, ліст засвойвае вуглякіслы газ з паветра. Мех. і функцыян. сувязь паміж імі ажыццяўляецца сцяблом. Корань, сцябло і ліст пранізаны бесперапыннай сістэмай праводзячых пучкоў, па якіх транспартуюцца прадукты фотасінтэзу з ліста ў корань, а вады і іонаў пажыўных солей з кораня ў ліст. Насякомаедныя расліны атрымліваюць дадатныя, пераважна азоцістыя, арган. рэчывы шляхам ператраўлівання насякомых.
т. 6, с. 475
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРА́ЛЬНАЕ ЖЫЎЛЕ́ННЕ РАСЛІ́Н,
сукупнасць працэсаў паглынання з раствораў мінер. солей, перамяшчэння і ўключэння ў абмен рэчываў раслінамі хім. элементаў, неабходных для іх нармальнай жыццядзейнасці. Разам з фотасінтэзам складае адзіны працэс жыўлення раслін. Да элементаў М.ж.р. адносяцца макраэлементы (азот, фосфар, сера, калій, кальцый, магній, жалеза) і мікраэлементы (бор, кобальт, медзь, цынк, марганец, малібдэн і інш.). Паглынаюцца ў форме іонаў (, , , , , K+, Ca2+, Mg2+ і інш.), у аднаклетачных і водных раслін — усёй паверхняй, у наземных вышэйшых — паверхняй маладых каранёў (пераважна каранёвымі валаскамі) і, часам, лістоў. Аніёны трапляюць у клетку актыўна (энергаёмісты ферментатыўны працэс), катыёны — звычайна пасіўна (працэсы адсорбцыі, дыфузіі). Элементы ў клетцы перамяшчаюцца пры кругавым руху цытаплазмы (цыклозе), ад клеткі да клеткі — праз злучальныя цытаплазматычныя перамычкі (плазмадэсмы) і па аб’яднаных клетачных абалонках (апапласце), у цэлай расліне — з узыходнай плынню вады па праводных элементах ксілемы. Элементы М.ж.р. уваходзяць у склад усіх арган. злучэнняў, каталізуюць біяхім. рэакцыі, рэгулююць тургар, інтэнсіўнасць фотасінтэзу, пранікальнасць мембран, забяспечваюць стабільнасць клетачных структур і інш. Пры іх недахопе выкарыстоўваюцца мінеральныя ўгнаенні.
т. 10, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
вугляро́дны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да вугляроду. Вугляроднае жыўленне раслін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аграхі́мія, ‑і, ж.
Навука пра жыўленне раслін, выкарыстанне ўгнаенняў і хімічных сродкаў абароны раслін з мэтай атрымання высокіх устойлівых ураджаяў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
-трафія
(гр. trophe = ежа, жыўленне)
другая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на сувязь з паняццямі «ежа», «жыўленне».
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
-трофы, -трофны
(гр. trophe = ежа, жыўленне)
другая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на сувязь з паняццямі «ежа», «жыўленне».
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
вегета́цыя
(лац. vegetatio = жыўленне)
рост і жыццядзейнасць расліны.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
гетэратрафі́я
(ад гетэра- + -трафія)
жыўленне арганізмаў гатовымі арганічнымі рэчывамі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
атрэпсі́я
(ад а- + гр. threpsis = жыўленне)
цяжкая форма разладу харчавання ў немаўлят.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)