караце́лька, ‑і, ДМ ‑льцы, Р мн. ‑лек; ж.

1. Сорт морквы з кароткім акруглым коранем.

2. Жарт. Пра кароткія афарыстычныя літаратурныя жанры (выслоўі, эпіграмы і пад.). Мініяцюры, Каламбуры, Карацелькі... Глытаеш, нібы карамелькі! Валасевіч.

[Ад лац. carota — морква.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

труве́р

(фр. trouvere)

сярэдневяковы паэт-спявак у паўночнай Францыі, які практыкаваўся ў жанры эпічнай паэзіі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

сцэна́рый, ‑я, м.

1. Літаратурны твор, напісаны як аснова для пастаноўкі кінафільма. Сцэнарый фільма [«Тартак»] — дэбют І. Пташнікава ў жанры драматургіі. «ЛіМ».

2. Сюжэтная схема, план п’есы, оперы, балета.

3. Спіс дзеючых асоб п’есы з указаннем парадку і часу выхаду на сцэну.

[Іт. scenario ад scaena.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папярэ́днічаць, ‑ае; незак.

Адбывацца, здарацца раней чаго‑н., перад чым‑н. [Заранік] і сапраўды адчуваў тую акрыленасць, якая.. папярэднічае творчаму натхненню. Хадкевіч. У беларускай літаратуры адлюстраванню падзей Вялікай Айчыннай вайны ў жанры аповесці і рамана папярэднічаў шырокі іх паказ у лірыка-эпічных паэмах. Дзюбайла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жанр, ‑у, м.

1. Род твораў у галіне якога‑н. мастацтва, які характарызуецца пэўнымі ўласцівасцямі, сюжэтнымі і стылістычнымі прыкметамі. Жанр бытавой аповесці. Жанр нацюрморта.

2. Жывапіс на бытавыя тэмы; асобная карціна на бытавы сюжэт. Пейзаж і жанр.

3. перан. Стыль, манера. Спектакль у новым жанры.

[Фр. genre.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рамані́стыка ​1, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж., зб.

Сукупнасць твораў, напісаных у жанры рамана (пэўнага пісьменніка, краіны, перыяду і пад.). Дзесяць гадоў назад працай А. Адамовіча «Беларускі раман» быў пакладзены пачатак грунтоўнаму вывучэнню беларускай раманістыкі. «Полымя».

рамані́стыка ​2, ‑і, ДМ ‑стыцы, ж.

Сукупнасць навук, якія вывучаюць мовы і культуру раманскіх народаў; раманская філалогія.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паэ́т

(лац. poeta, ад гр. poietes = тварэц, аўтар)

1) пісьменнік, які працуе ў жанры паэзіі, аўтар вершаваных твораў;

2) перан. чалавек узвышанай, паэтычнай натуры.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПУБЛІЦЫ́СТЫКА (ням. Publizistik ад лац. publicus грамадскі),

від твораў, прысвечаных актуальным праблемам і з’явам грамадскага жыцця. Скіравана на аператыўнае асэнсаванне рэчаіснасці (пераважна сучаснасці) шляхам спалучэння лагічнага і эмацыянальна-вобразнага спосабаў даследавання і адлюстравання жыцця. Спецыфічным чынам удзельнічае ў працэсах дзярж., грамадскага і гасп. кіраўніцтва, актыўна ўздзейнічае на ход практычных спраў ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці. Выконвае сац.-пед., прапагандысцкія, інфарм. функцыі, фарміруе грамадскую думку. Як від грамадска-паліт. л-ры найб. пашырана ў журналістыцы. Пісьменніцкая П. прасякнута кампанентамі маст. творчасці. Асн. якасці П.: тэарэт. абгрунтаванасць, доказнасць, праўдзівасць, прынцыповасць, тэндэнцыйнасць, паліт. вастрыня, эмацыянальнасць, палемічнасць (гл. Публіцыстычны стыль). Асн. жанры П.: артыкул, агляд, карэспандэнцыя, рэцэнзія. У ходзе сінтэзу маст. і публіцыстычных форм паявіліся маст.-публіцыстычныя жанры: нарыс, эсэ, фельетон, памфлет. На стыку навук. л-ры і П. ўзніклі навук.-папулярныя жанры, якія вызначаюцца выразнай публіцыстычнасцю.

Элементы П. ёсць у летапісах ВКЛ 15—16 ст. Публіцыстычная паводле свайго характару палемічная літаратура канца 16—1-й пал. 17 ст. Узор бел. публіцыстычнага слова — газ. «Мужыцкая праўда» К.​Каліноўскага, першая легальная газета на бел. мове «Наша ніва». Публіцыстычнымі з’яўляюцца асобныя творы Ф.​Багушэвіча, З.​Бядулі, М.​Гарэцкага, Цёткі, нарысы Я.​Лучыны. П. заняла значнае месца ў творчасці М.​Багдановіча. У 1920-я г. з публіцыстычнымі творамі выступалі Ц.​Гартны, М.​Зарэцкі, Я.​Скрыган, М.​Чарот. У гады Вял. Айч. вайны са старонак розных выданняў звярталіся да народа Я.​Купала, Я.​Колас, К.​Чорны, А.​Куляшоў, П.​Броўка, П.​Панчанка і інш. Публіцыстычныя па сваёй скіраванасці кнігі А.​Адамовіча, Я.​Брыля, У.​Калесніка «Я з вогненнай вёскі», С.​Алексіевіч «У вайны — не жаночы твар», створаныя на матэрыяле ўспамінаў жыхароў Беларусі пра Вял. Айч. вайну. Найб. ўклад у развіццё бел. П. пасляваен. часу зрабілі пісьменнікі Брыль, В.​Быкаў, І.​Дуброўскі, М.​Лынькоў, В.​Палтаран, Я.​Сіпакоў, М.​Танк, І.​Чыгрынаў, І.​Шамякін. У сучаснай П. працуюць Н.​Гілевіч, У.​Глушакоў, Л.​Екель, А.​Казловіч, Л.​Левановіч, У.​Ліпскі, С.​Шаўцоў, М.​Шыманскі, Л.​Юнчык, В.​Якавенка і інш. Трывалае месца заняла П. ў дакументальным кіно, на тэлебачанні і радыёвяшчанні.

Літ.:

Прохоров Е.П. Искусство публицистики. М., 1984;

Цікоцкі М.Я. Стылістыка публіцыстычных жанраў. Мн., 1971;

Стральцоў Б.В. Публіцыстыка: Жанры. Майстэрства. Мн., 1977;

Яго ж. Основы публицистики: Жанры. Мн., 1990;

Публицисты. Мн., 2000.

Б.​В.​Стральцоў.

т. 13, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАМО́ВІЧ (Багуслаў) (13.1.1870, Мінск — 1944),

бел. мастак. Працаваў у жанры партрэта, у т. л. мініяцюрнага. Сярод работ партрэты С.​Тарноўскай (1904, мініяцюра, Нац. музей Кракава), Ігната Дыгаса (1920, мініяцюра, акварэль, гуаш на косці, Тэатр. музей Варшавы) і інш.

т. 1, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНАЯ МУ́ЗЫКА,

музыка, прызначаная для аднаго муз. інструмента, ансамбля інструментаў або аркестра. Пачатковыя формы І.м. (сігналы, гукапераймальныя, магічна-абрадавыя найгрышы) вядомы з глыбокай старажытнасці. Розныя жанры І.м. прадстаўлены ў муз. культурах розных народаў свету. У еўрап. прафес. музыцы найб. пашыраны жанры мініяцюры, варыяцый, санаты, квартэта, квінтэта, трыо, сюіты, сімфоніі, сімфанічнай паэмы, канцэрта, фантазіі. Беларусы маюць разнастайны па жанрах і відах інстр. фальклор (гл. Народная музыка, Народныя інструментальныя ансамблі). У 11—12 ст. развіццё І.м. на Беларусі звязана з ваен., гар. і княжацкім замкавым побытам, дзейнасцю скамарохаў. З 15 ст. з будаўніцтвам касцёлаў культывуецца арганная музыка. Найб. ранні ўзор свецкай быт. ансамблевай І.м. т. зв. «Полацкі сшытак». Значны рост муз. культуры Беларусі ў канцы 18—19 ст., паяўленне таленавітых выканаўцаў-інструменталістаў, шматлікіх аркестраў і ансамбляў стымулявалі кампазітарскую інстр. творчасць. ААбрамовіч, І.Глінскі, М.Ельскі, Ф.Міладоўскі, Н.Орда стварылі багатую л-ру для скрыпкі і фп. (апрацоўкі нар. песень і танцаў, вальсы, мазуркі. паланэзы, накцюрны, маршы, праграмныя характарыстычныя п’есы, варыяцыі, санаты, скрыпічныя канцэрты). У перыяд станаўлення бел. прафес. кампазітарскай школы (1920—30-я г.) паявіліся першыя нац. сімфоніі, сімфаньеты, сімфанічныя сюіты, камерна-ансамблевыя творы, п’есы для духавых інструментаў, зарадзілася традыцыя выкарыстання ў прафес. музыцы нар. інструментаў (найперш бел. цымбалаў). У пасляваен. гады інтэнсіўна развіваюцца жанры сімфоніі, канцэрта, санаты, расшыраецца кола муз. інструментаў і складаў, для якіх бел. кампазітары пішуць творы, асвойваюцца новыя жанры (напр., камерная сімфонія, канцэрт для аркестра, таката, бурлеска і інш.). Значныя дасягненні ў сферы І.м. маюць кампазітары Л.​Абеліёвіч, М.​Аладаў, А.​Багатыроў, Г.​Вагнер, В.​Войцік, Г.​Гарэлава, Я.​Глебаў, І.​Жыновіч, В.​Капыцько, С.​Картэс, А.​Мдывані, П.​Падкавыраў, Ф.​Пыталеў, Дз.​Смольскі, Р.​Сурус, Э.​Тырманд, Я.​Цікоцкі, М.​Чуркін і інш.

І.​Дз.​Назіна.

т. 7, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)