прававед, адзін з заснавальнікаў навук. школы юрыспрудэнцыі ў ВКЛ. Па паходжанні італьянец. Вучыўся ў Падуі і Балонні. Выкладаў права ў Кракаўскім ун-це. Перасяліўшыся ў ВКЛ, служыў у жамойцкага біскупа Я.Даманеўскага і пакінуў вял.літ.-прававую спадчыну. У 1561 склаў для біскупства Канстытуцыю і Навелы — законапалажэнні і правілы, якімі яно павінна было карыстацца. У Вільні ўваходзіў у склад гаспадарскага суда, дзе разглядаліся апеляцыі ад гарадоў з магдэбургскім правам. Аўтар працы «Заключэнне Пятра Раізія, каралеўскага юрысконсульта, аб справах, што слухаліся на судовых пасяджэннях Літвы, і аб абскарджанні судовых рашэнняў» (выд. ў 1563 у Кракаве, у 1570 у Франкфурце-на-Майне, у 1572 у Венецыі). Прыходскую школу Р. ператварыў у вучылішча юрыспрудэнцыі, дзе арганізаваў падрыхтоўку суддзяў, адвакатаў і інш.суд. чыноўнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУМЯ́НЦАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,
помнік бел.-літ. летапісання; спіс пашыранай рэдакцыі «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», аналагічны тэксту Альшэўскага летапісу. Асн. змест Р.л. — гісторыя ВКЛ ад легендарных часоў да 1567. Найб. разгорнута і дэталёва апісаны перыяд княжання Вітаўта, пададзены паводле «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх». Збярогся ў гіст. зборніку 2-й пал. 17 ст. рускага паходжання, які ў 18 ст. бытаваў у Падмаскоўі, пасля ў б-цы графа М.П.Румянцава (ад гэтага і назва), цяпер у Рас.дзярж. бібліятэцы. Апрача бел.-літ. хронікі ў зборніку змешчана шмат летапісных урыўкаў і гіст. твораў, прысвечаных важным падзеям сусв. і рас. гісторыі: пра падзенне Іерусаліма, узяцце Канстанцінопаля туркамі, Кулікоўскую бітву. Р.л. упершыню апубл. ў 1902 Б.А.Вахевічам, перавыдадзены М.М.Улашчыкам у т. 35 «Поўнага збору рускіх летапісаў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬШЭ́ЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,
помнік беларуска-літоўскага летапісання 16 ст.; спіс пашыранай рэдакцыі «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», перакладзены на польскую мову, аналагічны тэксту Кракаўскага (на польскай мове) і Румянцаўскага спісаў (гл.Румянцаўскі летапіс). У 19 ст. захоўваўся ў б-цы А.Хамінскага ў маёнтку Альшэва (ад яго і назва) каля Нарачы (Мядзельскі р-н). Датуецца 1550.
У Альшэўскім летапісе пададзена гісторыя ВКЛ ад легендарнага кн. Палемона да сярэдзіны 15 ст.Найб. падрабязна асветлены перыяд княжання Вітаўта, выкладзены паводле «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх». У канцы летапісу змешчана «хронічка» — збор кароткіх датаваных звестак за 1307—1535. Альшэўскі летапіс — самы ранні пераклад на польскую мову бел.-літ. летапісу. Зберагаецца ў Нац. б-цы ў Варшаве. Апубл. С.Пташыцкім асобным выданнем (Вільня, 1907) і ў Поўным зборы рус. летапісаў (т. 17, 1907), перавыдадзены М.М.Улашчыкам тамсама (т. 35, 1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІПА́ЦЬЕЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,
агульнарускі летапісны збор 13 — пач. 14 ст., помнік гісторыі і культуры ўсх. славян. Найб.стараж. спіс 15 ст. знойдзены М.М.Карамзіным у Іпацьеўскім манастыры (адсюль назва) у г. Кастрама (Расія). Захавалася 7 спісаў І.л., з якіх найб. каштоўныя Іпацьеўскі і Хлебнікаўскі (16 ст.). Складаецца з 3 частак: «Аповесці мінулых гадоў» (звесткі да 1117 уключна), Кіеўскага летапісу (1118—99) і Галіцка-Валынскага летапісу (1201—92). Апошні ўключае ўрыўкі з Пінскага летапісу і кароткі літ. летапісец князя Шварна. І.л. — адзіны помнік, у якім, паводле меркаванняў некат. вучоных, зберагліся ўрыўкі згубленага Полацкага летапісу. З’яўляецца важнай крыніцай па гісторыі Кіеўскага, Галіцка-Валынскага, Полацкага, Тураўскага княстваў і ВКЛ. Вылучаецца багаццем зместу, гіст. дакладнасцю, дасканаласцю выкладання. Здаўна вядомы на Беларусі. У 16 ст. ім карысталіся аўтары Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага і Хронікі Быхаўца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ТАПІСЫ БЕЛАРУ́СКА-ЛІТО́ЎСКІЯ.
Складаліся на Беларусі і ў Вільні на старабел. мове пераважна бел. летапісцамі, бытавалі да 19 ст. Умоўна іх наз. таксама заходнярускімі. Паводле зместу агульнадзярж. і паўафіцыйныя. У іх адлюстравана гісторыя бел. і літоўскага народаў перыяду Вялікага княства Літоўскага. Вядомы 4 асобныя помнікі 15—16 ст. — «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», Беларуска-літоўскі летапіс 1446, «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», Хроніка Быхаўца і гіст. кампіляцыя 17 ст.«Хроніка літоўская і жамойцкая», якая ўваходзіла ў склад бел.-ўкр. хранографа «Вялікая хроніка». Паслужылі крыніцай польскіх хронік М.Стрыйкоўскага, А.Гваньіні і М.Бельскага, распаўсюджваліся таксама на Украіне і ў Расіі. Л.б.-л. — каштоўныя помнікі гістарыяграфіі і грамадска-паліт. думкі бел. і літ. народаў, старабел. мовы і бел.гіст. прозы. Выдадзены ў Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 17, 1907; т. 32, 1975; т. 35, 1980). Гл. таксама Летапісы беларускія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСЦЯРЭ́ЎСКІ (Мікалай Лаўрэнцьевіч) (н. 31.3.1931, в. Бацюты Падляскага ваяв., Польшча),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1969). З 1963 працаваў на Івянецкай ф-цы маст. вырабаў, з 1966 у Бел.тэатр.-маст. ін-це, з 1969 на Мінскім маст. камбінаце. Працуе пераважна ў галіне маст. керамікі. Аўтар набору «Юбілейны» (1975), скульпт. кампазіцый «Спявачкі» (1978), «Лявоніха», «Поры года» (абедзве 1979), «Вясна» (1983), дэкар. пласты «Здароўе» (1978; у паліклініцы Нац.АН Беларусі), «З народнага жыцця» (1981; у сталовай ВА «Інтэграл»), на станцыі метро «Плошча Якуба Коласа» (1984, у сааўт.), пласты і кафлі для інтэр’ера кафэ «Бульбяная» (1983), афармленне рэстарана аэрапорта «Мінск 2» (1990; усе ў Мінску), універмага «Мінск» у г. Валгаград, Расія (1985), бюстаў Ф.Скарыны (1985), К.Каліноўскага, А.Міцкевіча, А.Багдановіча (усе 1998), плакетак «Каралі Вялікага княства Літоўскага, Жамойцкага і іншых» (2000), жывапісных кампазіцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАШТО́ЛЬД (Альбрэхт) (? — снеж. 1539),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ. З роду Гаштольдаў. Каля 1492 вучыўся ў Кракаўскім ун-це. Намеснік новагародскі (1503—06), падчашы ВКЛ (1505—09), ваявода новагародскі (1508—09), полацкі (з 1513), трокскі (з 1519), віленскі (з 1522), адначасова канцлер ВКЛ (з 1522). Староста бельскі ў 1513, мазырскі ў 1515, барысаўскі ў 1526. У 1503 удзельнічаў у бітве з крымскімі татарамі каля Давыд-Гарадка, у вайне Маск. дзяржавы з ВКЛ 1507—08 — у баях пад Смаленскам і Оршай і ў вайне 1512—14 — у абароне Полацка. Узначальваў групоўку літ.-бел. магнатаў, што выступала за поўную незалежнасць дзяржавы, супраць уніі з Польшчай. Для гэтага садзейнічаў абвяшчэнню ў 1529 Жыгімонта II Аўгуста вял. князем ВКЛ пры жыцці бацькі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы Статута Вялікага княства Літоўскага 1529. Верагодна, быў ініцыятарам стварэння «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага». Адзін з буйнейшых магнатаў ВКЛ, валодаў маёнткамі ў Ашмянскім, Трокскім, Віленскім, Менскім, Луцкім пав., на Падляшшы і інш. З 1529 меў тытул «графа на Мураваных Геранёнах».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗНА́НСКІ ЗБО́РНІК,
рукапісны помнік бел. л-ры 16 ст. Узнік каля 1580, верагодна, на Навагрудчыне ў асяроддзі бел. шляхты. Уключае творы стараж.бел. перакладной і арыгінальнай л-ры, якіх не было ў інш. рукапісах. Сярод іх: «Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву», «Гісторыя пра Атылу», «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» (поўная рэдакцыя). Пераклады рыцарскіх раманаў змешчаны пад агульным загалоўкам «Повесть о витязех с книг сэрбских, а звлаща о славном рыцэры Трысчане, о Анцалоте и о Бове и о иншых витезех добрых». Тэксты твораў адметныя багаццем і чысцінёй тагачаснай бел.літ. мовы.
П з. выяўлены ў 1846 В.Бадзянскім. Даследаваны А.Брукнерам. Бел. аповесці зборніка ўпершыню апублікаваў у 1888 А.Весялоўскі, летапіс — у 1907 С.Пташыцкі. Помнік зберагаецца ў публічнай б-цы імя Э.Рачынскага ў Познані (Польшча).
Літ.:
Веселовский А. Из истории романа и повести: Материалы и исслед. Вып. 2. Славяно-романский отдел. СПб., 1888.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТРЫЯ́РШЫ РУ́КАПІС,
гістарычны зборнік 2-й пал. 17 ст. Месца ўзнікнення дакладна невядома. Захаваў 3 помнікі бел. летапісання. Пад назвай «Кройника о великих князех литовских» у зб-ку змешчаны «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» у рэдакцыі, блізкай да 2-й ч. Летапісу Красінскага (т.зв. Патрыяршы А). У канцы твора шэраг гіст. запісаў, у т. л. пра Аршанскую бітву 1514 з доўгім пералікам рус. баяр, узятых у палон. У П.р. змешчаны таксама няпоўны (без пачатку і канца) тэкст 2-га бел.-літ. летапіснага зводу «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» — пашыранай рэдакцыі, аналагічны Румянцаўскаму летапісу (т.зв. Патрыяршы Б). Завяршае зборнік Баркулабаўскі летапіс, які захаваўся ў адзіным спісе. Астатнія бел. летапісныя творы П.р. не апублікаваны, выкарыстоўваліся толькі для розначытанняў да інш. спісаў у Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 17, 1907). У П.р. змешчаны таксама розныя царк.-рэліг. творы і летапісныя ўрыўкі на царк.-слав. і стараж.-рус. мовах. Да 1917 зберагаўся ў Патрыяршай б-цы (адсюль назва), цяпер у Гіст. музеі ў Маскве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСІ́НСКАГА ЛЕ́ТАПІС,
помнік бел.-літоўскага летапісання, спіс 2-га агульнадзяржаўнага бел.-літ. летапіснага зводу 1-й, кароткай рэдакцыі. Дайшоў у рукапісе 2-й пал. 16 ст.бел. паходжання, які зберагаўся ў б-цы графаў Красінскіх у Варшаве і загінуў у час 2-й сусв. вайны. Рукапіс без пачатку і канца. Апрача бел.-літ. хронікі ў ім змешчаны «Александрыя», «Хаджэнне ігумена Данііла», бел. пераклады біблейскай кнігі Товіт, «Аповесць пра Таўдала», «Сказанне пра Сівілу-прарочыцу» і інш. свецкія і рэліг. творы. К.л. складаецца з 2 частак: легендарнай гісторыі Літвы — «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», якая названа «Летапісцам», і «Кройники о великих князех литовских». У 1-й частцы выкладзена легенда пра паходжанне літ. князёў і шляхты ад рымскіх арыстакратаў (абрываецца на княжанні Трайдзена). 2-я частка складам блізкая да арыгінальнай часткі Слуцкага спіса 1-га агульнадзярж. бел.-літ. зводу — Беларуска-літоўскага летапісу 1446. Яна ўключае «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», «Аповесць пра Падолле», «Пахвалу Вітаўту» і шэраг апавяданняў па гісторыі ВКЛ канца 14—1-й пал. 15 ст. К.л. апісаны Я.Карскім у працы «Пра мову так званых літоўскіх летапісаў» (Варшава, 1894). Упершыню апубл. А.Бычковым у 1893.