ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ВАЛЮ́ТНАЯ СІСТЭМА (European Monetary System; ЕВС),

арганізацыйна-эканамічная форма адносін шэрагу краін Еўрапейскіх супольнасцей (з 1.11.1993 Еўрапейскага саюза) у валютнай сферы; рэгіянальная валютная сістэма ў структуры сусв. валютнай сістэмы. Створана ў 1979 з мэтай абмежаваць уплыў ваганняў курсу амер. долара (яго «плаваючы курс» уведзены ў 1971) на эканоміку краін, якія ўвайшлі ў ЕВС, забяспечыць устойлівыя суадносіны курсаў еўрап. валют для правядзення адзінай палітыкі стабілізацыі валютнай сферы і згладжвання вынікаў ваганняў курсаў валют. Уключае ўстанаўленне рамак ваганняў найб. слабых і найб. моцных валют краін — удзельніц ЕВС і межаў ваганняў для кожнай пары валют, увядзенне Еўрапейскай валютнай адзінкі (ЭКЮ); механізм аказання крэдытнай і фін. дапамогі для падтрымкі курсу валюты ў межах узгодненага дыяпазону адхілення. У адносінах да валют краін, якія не ўваходзяць у ЕВС, ажыццяўляецца рэжым «плаваючага» валютнага курсу.

Л.​І.​Шмыгава.

т. 6, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСХО́ДНЕ-ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ РАЎНІ́НА, Руская раўніна. Ва Усх. і часткова Зах. Еўропе, адна з найб. на зямным шары. Размешчана паміж Белым і Баранцавым на Пн, Чорным, Азоўскім і Каспійскім морамі на Пд, Скандынаўскімі гарамі на ПнЗ, гарамі Цэнтр. Еўропы і Карпатамі на З і ПдЗ, Каўказам на ПдУ, Уралам і Мугаджарамі на У. Пл. 3,8 млн. км². Найб. выш. на Кольскім п-ве, у Хібінах (да 1191 м), найменшая — на ўзбярэжжы Каспійскага м. (28 м ніжэй узр. м.). Геаструктурная аснова раўніны — дакембрыйскі крышт. фундамент Усходне-Еўрапейскай платформы, перакрыты асадкавымі адкладамі рознага ўзросту. Няроўнасці фундамента абумоўліваюць наяўнасць асн. форм рэльефу. Мае ўзвышшы (Валына-Падольскае, Прыволжскае, Прыдняпроўскае, Сярэднярускае, Ціманскі краж і інш.) і нізіны (Палеская, Прыдняпроўская, Прыкаспійская, Прычарнаморская, Пячорская). На рэльеф паўн. і паўн.-зах. ч. вял. ўплыў зрабілі зледзяненні — характэрны плоскія міжрэччы з участкамі марэнна-ўзгорыстага рэльефу. На Пд ад мяжы зледзянення — рэльеф парэзаны ярамі і лагчынамі, якія далей змяняюцца марскімі акумуляцыйнымі раўнінамі. Большая ч. раўніны адносіцца да вобласці ўмеранага пояса, дзе назіраецца паступовы пераход ад марскога клімату да кантынентальнага. Сярэднія т-ры студз. ад -3, -5 °C на З да -22 °C на ПнУ; ліп. ад 9 °C на Пн да 25 °C на ПдУ. Ападкаў за год 600 мм і больш на З, 400 мм на У, да 200 мм на Пн, 150 мм на ПдУ. Рэкі паўн. ч. належаць да бас. Паўн. Ледавітага ак. (Анега, Мязень, Паўн. Дзвіна, Пячора), зах. і паўд. ч. да Балтыйскага м. (Вісла, Зах. Дзвіна, Нёман і інш.).

Чорнага м. (Днестр, Дняпро, Паўд. Буг) і Азоўскага м. (Дон); Волга і Урал упадаюць у Каспійскае мора. Буйныя азёры — Анежскае, Ладажскае і інш. Характэрна выразная гарыз. занальнасць з Пн на Пд. Мохава-лішайнікавыя тундры ўзбярэжжа Баранцава м. на Пд змяняюцца лесатундрай, далей лясная зона — цёмнахваёвая тайга і мяшаныя лясы, якія паступова пераходзяць на Пд у лесастэпавую і стэпавую зоны. На Прыкаспійскай нізіне — паўпустыні і пустыні. У межах раўніны Астраханскі запаведнік, Варонежскі запаведнік, Асканія-Нова, нац. парк Белавежская пушча, Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік і інш.

Усходне-Еўрапейская раўніна.

т. 16, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ НАВЕ́ЙШАЙ ГІСТО́РЫІ,

гл. Міжнародная асацыяцыя навейшай гісторыі Еўропы.

т. 6, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Еўрапейская сістэма знакаў і дарожных паказальнікаў 4/587

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ПАТЭ́НТНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ (ЕПА),

рэгіянальная арганізацыя, задачай якой з’яўляецца выдача еўрап. патэнтаў на аснове норм агульных для ўсіх удзельнікаў краін Еўрапейскай эканамічнай супольнасці. Засн. ў 1977. Асн. мэта — спрашчэнне справаводства па патэнтных заяўках у Еўропе: замест некалькіх патэнтных заявак на розных мовах можна падаць заяўку на адной мове і весці справаводства ў адным ведамстве для набыцця патэнтаў у некалькіх еўрап. дзяржавах. Месцазнаходжанне ЕПА — г. Мюнхен (Германія).

т. 6, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ КАМІ́СІЯ ААН (ЕЭК),

орган ААН, створаны ў 1947 у мэтах садзейнічання эканам. адраджэнню разбураных вайной краін Еўропы. Статус пастаяннага органа ААН набыла ў 1951. Членамі ЕЭК з’яўляецца большасць еўрап. дзяржаў, у т. л. Беларусь і Расія. ЕЭК садзейнічае развіццю гандлю і навук.-тэхн. супрацоўніцтва, ажыццяўляе доўгатэрміновае эканам. планаванне, накіроўвае і каардынуе работу сваіх дапаможных органаў. ЕЭК узначальваецца выканаўчым сакратаром. Кіруючым органам ЕЭК з’яўляецца чарговая сесія, якая праводзіцца штогод. Месцазнаходжанне сакратарыята ЕЭК — г. Жэнева (Швейцарыя).

т. 6, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСХО́ДНЕ-ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ПЛАТФО́РМА, Руская платформа,

старажытная (дарыфейская) глыба кантынент. зямной кары (кратон), якая складае ядро Еўрап. мацерыка. Уваходзіць у склад Еўразіяцкай літасфернай пліты. Тэктанатып стараж. платформ. Мае форму няправільнага пяцівугольніка пл. каля 6 млн. км². Абмежавана насовамі і покрывамі складкавых збудаванняў: байкалід (рыфейскі Ціман), каледанід (Скандынавія, Польшча і Украіна — Тэйсера—Торнквіста лінія), герцынід (Урал, Перадкаўказзе, Прычарнамор’е), альпід (Карпаты). Некат. даследчыкі ўключаюць у склад платформы Баранцаваморска-Пячорскую пліту. Фундамент платформы складзены з крышт. моцна метамарфізаваных, змятых у складкі і магматычных парод архею — ніжняга пратэразою. У фундаменце адны даследчыкі вылучаюць 3 сегменты паводле ўзросту горных парод: на ПнЗ — Фенаскандыя (у асн. раннепратэразойскі), на ПдЗ — Сарматыя і У — Волга-Уралія (пераважна архейскі); іншыя вылучаюць 3 сегменты паводле рэчыўнага складу: зах. і ўсх. сегменты (пераважна складзеныя з гранулітавых комплексаў) і цэнтр. (амфібалітава-гнейсавы).

На ПнЗ і Пд платформы фундамент выходзіць на паверхню Зямлі і ўтварае Балтыйскі шчыт і Украінскі шчыт. Астатняя ч. платформы перакрыта платформавым чахлом Рускай пліты, на крайнім ПдЗ — Валына-Падольскай пліты. На З Рускай пліты ў скляпенневых ч. Беларускай антэклізы і Варонежскай антэклізы фундамент залягае каля паверхні Зямлі, часам утварае агаленні. На У пліты найб. буйная Волга-Уральская антэкліза. Цэнтр. ч. Рускай пліты займае Маскоўская сінекліза, якая на ПнУ пераходзіць у Мезенскую. На ўсх. ускраіне пліты Камска-Бельскі перыкратонны прагін, на зах. — Балтыйска-Прыднястроўская зона перыкратонных прагінаў, у складзе якой Балтыйская сінекліза, Падляска-Брэсцкая ўпадзіна. На ПдУ платформы Прыкаспійская ўпадзіна (найб. глыбокая). Паміж антэклізамі шэраг позніх (палеазойскіх) аўлакагенаў: Прыпяцка-Данецкі, Вяцкі, Дона-Мядзведзіцкі. У мезазоі і раннім кайназоі над Прыпяцка-Данецкім аўлакагенам утварылася Прыпяцка-Дняпроўская сінекліза. Перад горнымі збудаваннямі Урала і Карпат утварыліся Перадуральскі і Перадкарпацкі краявыя прагіны. Праз усх. ч. Балтыйскага шчыта, Латвійскую і Палескую седлавіны, Беларускую антэклізу праходзіць Балтыйска-Украінская зона прыўзнятага залягання фундамента (гал. субмерыдыянальная тэктанічная вось платформы). Платформавы чахол магутнасцю да 5—6 км, радзей да 10—20 км, складзены з асадкавых адкладаў, радзей эфузіўных утварэнняў рыфею — фанеразою. Чахол падзяляюць на структурныя мегакомплексы: квазіплатформавы (гоцкі і дальсландскі комплексы ніжняга — сярэдняга рыфею; асадкава-эфузіўны), катаплатформавы (ніжнебайкальскі комплекс верхняга рыфею — ніжняга венду; эфузіўна-асадкавы) і ортаплатформавы (верхнебайкальскі, каледонскі, герцынскі, кімерыйска-альпійскі комплексы верхняга венду — антрапагену; асадкавы, часткова эфузіўны). З пародамі фундамента звязаны радовішчы жал. руды (Крыварожскі жалезарудны басейн, Курская магнітная анамалія і інш.), руд нікелю, медзі, тытану; слюды, пегматыты, паклады апатытаў і інш. У асадкавым чахле паклады гаручых газаў і нафты (Волга-Уральскі нафтагазаносны басейн і інш.), каменнай і калійных солей (Прыпяцкі саляносны басейн і інш.), выкапнёвых вуглёў (Данецкі вугальны басейн і інш.), фасфарытаў, баксітаў, буд. сыравіны, прэсных і мінер. вод і інш.

Р.​Г.​Гарэцкі.

т. 16, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ ПРАФСАЮ́ЗАЎ (ЕКП),

міжнародны рэгіянальны прафцэнтр. Створаны 8.2.1973 у Бруселі (Бельгія). Аб’ядноўвае прафсаюзы с.-д. і хрысц. кірунку зах.-еўрап. краін. У апошнім кангрэсе (1995) удзельнічала 79 прафцэнтраў (больш за 46 млн. чал.) з 22 краін. Кіруючыя органы: кангрэс, выканком. сакратарыят на чале са старшынёй, ген. сакратаром і яго намеснікам. Гал. мэты ЕКП — прадстаўніцтва і абарона сац., эканам. і культ. інтарэсаў працоўных на еўрап. узроўні ў цэлым і ва ўсіх еўрап. ін-тах; барацьба за захаванне і ўмацаванне дэмакратыі ў Еўропе і інш. ЕКП ажыццяўляе работу на галіновым узроўні праз еўрап. прафс. камітэты, кіруе створаным у 1978 Еўрап. прафс. ін-там — цэнтрам дакументацыі і даследаванняў па прафс. і сац.-эканам. пытаннях.

т. 6, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ СУПО́ЛЬНАСЦЬ (ЕЭС),

«Агульны рынак», група з 12 зах.-еўрап. краін (Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, Грэцыя, Данія, Ірландыя, Іспанія, Італія, Люксембург, Нідэрланды, Партугалія, Францыя), якія ў 1957 аб’ядналіся ў эканам. саюз і ажыццявілі інтэграцыю сваіх эканомік. У ЕЭС створаны адзіны ўнутр. рынак, зняты абмежаванні на свабоднае перамяшчэнне тавараў, капіталаў, рабочай сілы паміж краінамі, створана адзіная валютная сістэма, устаноўлена агульная с.-г. і трансп. палітыка. У 1967 органы Еўрапейскага аб’яднання вугалю і сталі і Еўрапейскай супольнасці па атамнай энергіі зліліся з органамі ЕЭС і трыадзіная інтэграцыйная арг-цыя пачала афіцыйна называцца Еўрапейскімі супольнасцямі, а неафіцыйна з 1992 — Еўрапейскай супольнасцю, якая мае агульныя выканаўчыя, прававыя і заканад. органы. Супольнасць мае таксама цесныя сувязі з краінамі, якія сталі на шлях развіцця. Кіруючыя органы ЕЭС — Камісія і Савет Міністраў — знаходзяцца ў г. Брусель (Бельгія).

т. 6, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЕ-ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ МАЛАДА́Я ПЛАТФО́РМА,

платформавая вобласць з палеазойскім складкавым фундаментам і мезазойска-кайназойскім (месцамі верхняпермскім) чахлом, якая знаходзіцца ў Зах. і Сярэдняй Еўропе паміж альпійскімі складкавымі збудаваннямі Пірэнеяў і Альпаў на ПдЗ і Пд, акіянскімі плітамі катлавіны Нансена і Баранцава мора на Пн і краявым швом (зонай Тэйсейра—Торнквіста) Усходне-Еўрапейскай старажытнай платформы на У. Для яе характэрна рэзка акрэсленая блокавая будова: платформа разбіта на высока ўзнятыя масівы (Багемскі, Рэйнскі, Армарыканскі, Цэнтральны) і выступы (Гарц, Вагезы, Шварцвальд) і глыбока апушчаныя ўпадзіны (Польска-Германская, Паўд. Германская, Парыжская, Аквітанская, Цюрынгская, Субгерцынская). У межах платформы развіты рыфтавыя сістэмы: кайназойская рэйнская і мезазойская паўночнаморская. З паўночнаморскай звязаны буйнейшыя радовішчы нафты і газу. Да адкладаў цэхштэйна (верхняя перм) прымеркаваны буйныя радовішчы каменнай і калійнай солей, да кам.-вуг. адкладаў — каменны вугаль, пермскіх і неагенавых — буры вугаль.

Р.​Г.​Гарэцкі.

т. 7, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)