ДЗІ́КЕНС ((Dickens) Чарлз) (7.2.1812, г. Портсмут, Вялікабрытанія — 9.6.1870),

англійскі пісьменнік. Вучыўся ў прыватнай школе, працаваў клеркам, парламенцкім стэнографам. рэпарцёрам. Шырокую вядомасць прынёс яму першы твор «Нарысы Боза» (1833—36). Серыя спарт. нарысаў пра дзівака і няўдачніка містэра Піквіка ператварылася ў камічную эпапею — раман «Пасмяротныя запіскі Піквікскага клуба» (1837). У раманах «Прыгоды Олівера Твіста» (1838), «Жыццё і прыгоды Нікаласа Нікльбі» (1839) адлюстраваў заняпад духоўнасці і маралі ў віктарыянскай Англіі; сац. праблемы разглядаліся ў іх сувязі з маральна-этычнымі, праз крытэрыі дабра і зла. Традыцыі «рамана выхавання», рэаліст. асэнсаванне рэчаіснасці, увага да вечных маральных праблем характэрны для раманаў «Домбі і сын» (1848) і «Дэвід Коперфілд» (аўтабіяграфічны, 1849—50). Паглыбленне ў сутнасць жыцця адбывалася разам з узмацненнем сімволікі і сатыр. трактоўкі вобразаў у раманах «Халодны дом» (1853), «Цяжкія часы» (1854), «Крошка Дорыт» (1857). Аўтар гіст. рамана «Барнабі Радж» (1841), сац.-псіхал. раманаў з элементамі дэтэктыва «Вялікія спадзяванні» (1861), «Наш агульны сябар» (1865), «Таямніца Эдвіна Друда» (1870, незакончаны). На бел. мове выдадзены раманы Дз. «Домбі і сын» (1938) і «Вялікія спадзяванні» (1940). Паводле яго твораў т-р імя Я.​Коласа паставіў спектакль «Жорсткі свет» (1953).

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. T. 1—30. М., 1957—63.

Літ.:

Сильман Т. Диккенс: Очерки творчества. Л., 1970;

Уилсон Э. Мир Чарльза Диккенса. М., 1975.

Г.​Я.​Адамовіч.

Ч.Дзікенс.

т. 6, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРНО́Ў, Сарноф (Sarnov, Sarnoff) Давід (Дэвід, 27.2.1891, в. Вузляны Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 12.12.1971), амерыканскі сувязіст і бізнесмен, адзін з заснавальнікаў радыё- і тэлевяшчання ў ЗША. Ганаровы д-р Калумбійскага, Нью-Йоркскага і інш. ун-таў. Брыгадны генерал (1944). З 1900 у ЗША. З 1906 у «Кампаніі бяздротавага тэлеграфа Марконі» (Нью-Йорк). З 1919 у Радыёвяшчальнай карпарацыі Амерыкі (з 1922 віцэ-прэзідэнт, з 1930 прэзідэнт, у 1947—70 старшыня савета дырэктараў). З пач. 1920-х г. дарадца 10 прэзідэнтаў ЗША. 14.4.1912 прыняў радыётэлеграму аб крушэнні лайнера «Тытанік», які тануў, і 3 сут падтрымліваў сувязь з выратавальнікамі. Выказаў ідэі муз. радыёвяшчання і выпуску радыёпрыёмнікаў (1915—16). Заснаваў Нац. радыёвяшчальную кампанію Эн-Бі-Сі (1926). Арганізаваў рэгулярнае тэлевяшчанне ў ЗША (з 1939). Пад яго кіраўніцгвам створана сістэма каляровага тэлебачання, сумяшчальная з чорна-белай (1949), зроблены запіс тэлеперадачы на магн. відэастужку (1956), зняты першы тэлевізійны маст. фільм (1964). Удзельнічаў у стварэнні сістэм касм. сувязі, камп’ютэрызацыі ЗША. Міжнар. ін-т інжынераў-электрыкаў заснаваў прэмію яго імя за дасягненні ў галіне электронікі (1959).

Тв.:

Looking ahead: The papers of David Sarnoff. New York, 1968.

Літ.:

Lyons E. David Sarnoff: A biography. New York, 1966;

Dreher C. Samoff: An american success. New York, 1977;

Bilby K.W. The General: David Samoff and the rise of the communications industry. New York, 1986.

М.​М.​Касцюкавіч.

Д.Сарноў.

т. 14, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)