ІНДУКТЫ́ЎНАСЦІ ШПУ́ЛЯ,

скручаны ў спіраль ізаляваны праваднік, прызначаны для назапашвання магн. энергіі, раздзялення ці абмежавання эл. сігналаў рознай частаты і інш. Асн. параметры: індуктыўнасць, супраціўленне страт, дыхтоўнасць, тэмпературны каэфіцыент індуктыўнасці, уласная эл. ёмістасць.

І.ш. бываюць каркасныя і бескаркасныя, з адна- ці мнагажыльнага проваду, адна- і мнагаслойныя, з асяродкамі (магнітапровадамі) з ферамагнітных матэрыялаў і без іх, з фіксаванай і пераменнай індуктыўнасцю. Выкарыстоўваюцца ў якасці элементаў фільтраў, вагальных контураў, трансфарматараў, рэле, дроселяў, магн. узмацняльнікаў і інш. Разнавіднасць — плоскія пячатныя І.ш., а таксама абмоткі эл. машын, рамачныя і ферытавыя антэны.

Індуктыўнасці шпулі: а — цыліндрычная аднаслойная; б — мнагаслойная; в — з П-падобным асяродкам; г — узорная тараідальная; д — з цыліндрычным асяродкам; 1 — абмотка; 2 — каркас; 3 — асяродак.

т. 7, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́РЦАВЫ ГЕНЕРА́ТАР,

маламагутны генератар эл. аўтаваганняў, у якім электрамех. вагальнай сістэмай служыць кварцавы п’езаэл. рэзанатар. Характарызуецца высокай стабільнасцю частаты генерыруемых ваганняў (ад 5∙10​−6 да 10​−10). Выкарыстоўваюцца ў кварцавых гадзінніках, стандартах частаты і інш.

Асн. частка кварцавага рэзанатара — асобным чынам выпілаваная з крышталя кварцу пласцінка з пэўнай арыентацыяй плоскасці зрэзу. Пад уздзеяннем знешняга эл. напружання ў выніку адваротнага п’езаэл. эфекту (гл. П’езаэлектрычнасць) пласцінка ажыццяўляе строга пастаянныя мех. ваганні. Рэзанатар мае высокую (10​5—10​7) дыхтоўнасць, што і абумоўлівае надзвычай высокую стабільнасць частаты К. г. Паводле канструкцыі адрозніваюць К. г. дыскрэтныя (на дыскрэтных элементах), гібрыдныя (маюць таксама элементы, зробленыя па планарнай тэхналогіі; найб. пашыраныя) і інтэгральныя (усе элементы, акрамя актыўных, выкананы на адной п’езаэл. падложцы па планарнай тэхналогіі).

В.​І.​Вараб’ёў.

Прынцыповая схема кварцавага генератара з кварцавым рэзанатарам (КР) у вагальным контуры: C — кандэнсатары; R — рэзістары; L — шпуля індуктыўнасці; T — транзістар.

т. 8, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЫ́ЧНЫ РЭЗАНА́ТАР,

сістэма люстраных адбівальных паверхняў, у якой узбуджаюцца і падтрымліваюцца стаячыя ці бягучыя электрамагнітныя хвалі аптычнага дыяпазону. У адрозненне ад аб’ёмнага рэзанатара аптычны з’яўляецца адкрытым (няма бакавых сценак). Аптычны рэзанатар — адзін з важнейшых элементаў лазера. Асн. характарыстыка аптычнага рэзанатара — дыхтоўнасць (вызначае страты светлавой энергіі і характарызуе рэзанансныя ўласцівасці).

Прасцейшы аптычны рэзанатар — інтэрферометр Фабры—Перо, які складаецца з 2 плоскіх строга паралельных люстэркаў, што знаходзяцца на адлегласці L, значна большай за даўжыню хвалі λ. Калі паміж люстэркамі ўздоўж восі рэзанатара распаўсюджваецца плоская светлавая хваля, то ў выніку адбіцця ад люстэркаў і інтэрферэнцыі адбітых хваляў утвараецца стаячая хваля. Умова рэзанансу: L = q∙λ/2. дзе q — падоўжны індэкс ваганняў (колькасць паўхваляў, што ўкладаюцца ўздоўж восі аптычнага рэзанатара). У лазернай тэхніцы выкарыстоўваюцца канфакальныя рэзанатары, утвораныя сферычнымі люстэркамі, якія разнесены на адлегласць, роўную радыусу іх крывізны, а таксама кальцавыя аптычныя рэзанатары, што складаюцца з 3 і болей плоскіх або сферычных люстэркаў. У аптычным рэзанатары са сферычнымі люстэркамі ўзбуджаюцца таксама незалежныя бягучыя насустрач адна адной хвалі.

Літ.:

Ананьев Ю.А. Оптические резонаторы и проблема расходимости лазерного излучения. М., 1979.

В.​В.​Валяўка.

Схема аптычнага рэзанатара.
Віды аптычных рэзанатараў: 1 — плоскі лінейны; 2 — сферычны лінейны; 3 — плоскі кальцавы; 4 — сферычны кальцавы.

т. 1, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)