РУДЭРА́ЛЬНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

[ад лац. rudus (ruderis) друз, буд. смецце], смеццевыя расліны, якія растуць каля будынкаў, на пустках, уздоўж шляхоў зносін і на падобных другасных (не палявых) месцах. Пераважна нітрафілы. Часта маюць прыстасаванні, якія дазваляюць ім пазбегнуць знішчэння чалавекам і жывёламі (непрыкметны выгляд, ядавітыя рэчывы, шыпы, жыгучыя валаскі і інш.). На Беларусі больш за 350 відаў з родаў аксамітнік, блёкат, вапнаўка, вярблюдка, герань, дурнап’ян, дурнічнік, крапіва і інш. Разам з сегетальнымі раслінамі складаюць групу пустазелля.

В.​М.​Прохараў.

т. 13, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Растро́п ’чартапалох, Carduus L.’ (Нас., Гарэц.), ’дурнап’ян, Datura L.’ (Гарэц., Касп.), параўн. укр. ростро́пша ’мардоўнік, Echinops sphaerocephalus L.’. Магчыма, да трапаць ’біць’ (гл.), паколькі расліна выкарыстоўваецца для магічных дзеянняў (гл. Мяркулава, Очерки, 96).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

НАРКАТЫ́ЧНЫЯ СРО́ДКІ, наркотыкі,

група псіхатропных сродкаў прыроднага ці сінтэтычнага паходжання, якія выклікаюць узбуджэнне ці прыгнечанне функцыі ц. н. с., парушаюць свядомасць і пры сістэматычным ужыванні выклікаюць паталаг. залежнасць (наркаманію). Многія расл. сродкі, што валодаюць падобным дзеяннем (напр., блёкат, дурнап’ян, каноплі, какаінавы куст, красаўка, опійны мак, некат. віды грыбоў), выкарыстоўваліся з глыбокай старажытнасці для выклікання асаблівага псіхічнага ўздыму, уздзеяння на псіхіку людзей. Лекары ўжывалі гэтыя рэчывы для абязбольвання. Тэрмін «Н.с.» ўведзены ў мед. практыку з вынаходствам наркозу (1846). У канцы 19 ст. пад ім аб’ядноўвалі рэчывы, якія выклікаюць у людзей своеасаблівае парушэнне псіхічнай дзейнасці — эйфарыю і могуць прывесці да злоўжывання імі. Паводле міжнар. класіфікацыі вылучаюць: сродкі адурманьваючага ўздзеяння, сродкі для інгаляцыйнага (напр., хлараформ, дыэтылавы эфір, закіс азоту) і неінгаляцыйнага (напр., гексенал, кетамін) наркозу, наркатычныя анальгетыкі (напр., гераін, кадэін, марфін), мясц. анестэтыкі (напр., какаін), псіхастымулятары (напр., амфетамін), галюцынагены (напр., дыэтыламід лізергінавай к-ты — ЛСД). Тэрмін «Н.с.» ўжываюць таксама ў наркалогіі, міжнар. дагаворах, нац. заканадаўствах, што рэгламентуюць кантроль за вытв-сцю і выкарыстаннем рэчываў, здольных выклікаць наркаманію. Паводле Канвенцыі ААН 1988 у Н.с. ўключаюць рэчывы, якія адпавядаюць 3 крытэрыям: мед. (здольнасць выклікаць наркаманіі і быць небяспечнымі для здароўя), сац. (адмоўнае ўздзеянне на эканам., культ. і паліт. асновы грамадства) і юрыд. (афіц. прызнанне рэчыва «наркатычным» адпаведным грамадскім органам).

М.​К.​Кеўра, А.​І.​Скугарэўская.

т. 11, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Люля́к ’дурнап’ян, Datura stramonium L.’ (ваўк., Сл. ПЗБ). Назва паходзіць з польск. lulek ’чорны блёкат, Нуосуаmus niger L.’, запазычанага праз ст.-в.-ням. (lolli) > с.-в.-ням. мову (дзе lulch, lulich > ням. Lolch ’жыцік’ з лац. lolium, якое называла не толькі расліну жыцік ап’яняючы ’Lollium temulentum L.’, але і іншыя атрутныя, адурманьваючыя расліны (Махэк, Jména, 206; Слаўскі, 4, 377–378).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дурма́н ’дурман’ (БРС), ’расліна дурнап’ян’ (Бяльк.). Рус. дурма́н, укр. дурма́н ’тс’. Паводле Фасмера (1, 555), звязана з дур‑ (што ў словах рус. дурно́й, одуря́ть). Таксама Махэк₂ (135) мяркуе, што запазычанае з рус. мовы чэш. durman звязана з durný, таму што расліна вельмі ядавітая. Іншая версія (падрабязна аб гэтым Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 212–213, з аглядам літ-ры) выводзіць слова з цюрк. моў, а сувязь са слав. dur‑, durьnъ і г. д. лічыць народнай этымалогіяй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЯДАВІ́ТЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, якія выпрацоўваюць ядавітыя рэчывы (фітатаксіны), што выклікаюць смерць ці паражэнне арганізма чалавека і жывёл. Адрозніваюць безумоўна Я.р. (з падгрупай асабліва ядавітых) і ўмоўна ядавітыя, таксічныя ў пэўных месцазнаходжаннях або пры няправільным захоўванні сыравіны, ферментатыўным уздзеянні грыбоў, мікраарганізмаў. Напр., многія кураваі становяцца ядавітымі, калі растуць на глебах з павышаным змяшчэннем селену; таксічнасць жыціку п’янючага ўзнікае пад уздзеяннем грыбка, які паразітуе на яго зярнятах; ядавіты глікаалкалоід саланін назапашваецца ў клубнях бульбы на святле.

Таксічная ахова з’яўляецца гал. сярод ахоўных стратэгій раслін Расліны, не здольныя схавацца ад нападаючага ворага. прадуцыруюць ахоўныя злучэнні — антыбіётыкі, фітанцыды, алкалоіды і інш. Горкі смак, рэзкі непрыемны пах, павышанае ўтрыманне эфірнага алею. гліказідаў, сапанінаў, смол, кіслот, танінаў. аксалатаў і інш. ядавітых. едкіх або вяжучых рэчываў — асн. сродкі барацьбы за самаахову ў раслін. Напр., прывабнае для спажывання лісце прадстаўнікоў родаў шчаўе, кісліца і рэвень мае значную колькасць аксалатаў, якія выклікаюць нефрыты і ўрэмію, моцнае ўзбуджэнне ц. н. с. (да сутаргаў), памяншаюць згусальнасць крыві. таму не паядаецца жывёлай. Таксічныя ўласцівасці адных і тых жа раслін адрозніваюцца паводле ўздзеяння на чалавека і розныя групы жывёл. Таксічныя для чалавека беладонна (красаўка) і дурнап’ян. няшкодныя для псовых. грызуноў, курэй. Ядавітыя ягады ландышу не выклікаюць атручэння лісоў, і многія псовыя выкарыстоўваюць іх для пазбаўлення ад гельмінтаў. Атручэнні раслінамі ўзнікаюць пераважна пры спажыванні, лек. атручэнні — пры няправільным выкарыстанні і перадазіроўцы прэпаратаў ландышу, наперстаўкі, адонісу, валяр’яну, чамярыцы, лімонніку, жэньшэню і інш. Радзей таксічнае ўздзеянне выклікаецца ўдыханнем ядавітых выдзяленняў (напр., багун, рададэндран), адбываюцца кантактныя пашкоджанні скуры і слізістых (напр., крапіва, малачаі, шалёны агурок), вытв. атручэнні рэспіраторна-кантактнага характару, спажыванне забруджаных расл. ядамі прадуктаў. У атручаных жывёл зніжаецца лактацыя, прадукцыйнасць і інш.

Разам з тым Я.р. з’яўляюцца крыніцамі незаменных рэчываў (лек., інсектыцыдных), многія — карысныя кампаненты прыродных экасістэм (нектараносы, мікарызаўтваральнікі, лек. сродкі для дзікіх жывёл і інш.). У выніку антрапагеннага ўплыву скарачаюцца генафонд і пашырэнне сыравінных раслін, таму ствараюцца спецыялізаваныя плантацыі па вырошчванні Я.р. (напр., спарынні, блёкату, чамярыцы, наперстаўкі).

т. 18, кн. 1, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пі́каць 1, пі́кнуць ’торкаць, соваць у твар, у нос; гаварыць насуперак, выстаўляць заганы’ (Нас.). Магчыма, в пи́ку ’на злосць каму-небудзь’; польск. pikać, piknąć ’укалоць; парнуць, бадануць’, в.-луж. pikać ’дзяўбсці дзюбай’, ’мармытаць незадаволена’, н.-луж. pikotaś ’паволі, патроху есці’, чэш. píkati ’калоць’, pifka, pivka ’злосць, лютасць, гнеў’, славац. pik, pyk ’прыкрасць, раздражэнне’, славен. píkati ’калоць; джаліць; уядаць’, ’дзяўбсці’, ’патроху есці’, píkec ’дурнап’ян, Datura stramonium’, серб.-харв. имати пи̏к (на некага), макед. има пик (на него) ’ненавідзець’, пикна ’цесна ўкладваць, напіхваць, усоўваць’, пикне ’перапаўняць’, балг. пикнам ’засунуць, запіхнуць’, харв. кайк. pȉkati ’калоць, мацаць’. Прасл. *pikati ’соваць, калоць, джаліць’ (Гарачава, Этимология–1978, 107–108), найбольш блізкае да літ. pỹkti ’зліцца, гневацца’, pykà ’злосць’, лат. pîkts ’злы, нядобры, раздражнёны’ (Махэк₂, 448; Мюленбах-Эндзелін, 3, 213; Фрэнкель, 589; Бязлай, 3, 35) < і.-е. *pei̯kʼ‑ ’быць варожа настроеным’ (Каруліс, 2, 47) ці да і.-е. pī̆k(k) ’нешта вострае’, параўн. н.-грэч. πίκα, арам. pică ’гнеў’, pičean ’мярзотнік’, алб. pikkëllój ’засмуціць’, англ. to pick at ’гнявіць’, франц. piquée ’сварка’, ’з’едлівасць’.

Пі́каць 2 ’пішчаць адрывіста, коратка’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), ’падаваць па радыё сігналы дакладная часу’ (шчуч., Сл. ПЗБ), пік! — пра падачу гуку наогул (мсцісл., Нар. лекс.), пі́кыць ’падаваць голас’ (Юрч. СНЛ). Укр. пі́кати ’пішчаць’, рус. пи́кать, пи́кнуть ’пішчаць, падаваць голас’, польск. piknąć, старое pikać ’(за)пішчаць’, ’адклікнуцца’, pik! ’грук, стук!’, чэш. pikat ’ціўкаць’, славац. pik! — гук пры стралянні, параўн. лат. pīka ’плаксівае дзіцё’, ’рачны уюн, пячкур (які выдае піск)’. Гукапераймальнае pi(s)k! (Ільінскі, KZ, 43, 179; Варш. сл., 4, 188; Траўтман, Altpreuß., 338; 398; Фасмер, 3, 260).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)