КУХАРЭ́НКА (Юрый Уладзіміравіч) (2.4.1919, в. Чапля Ляцічаўскага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна — 6.1.1980),
археолаг. Д-ргіст.н. (1966). Скончыў Хабараўскі пед.ін-т (1943). З 1951 у Ін-це археалогіі АНСССР. Даследаваў археал. помнікі Палесся, Верхняга і Сярэдняга Падняпроўя ад неаліту да сярэдневякоўя (на Беларусі Атвержычы, Вароніна, Велямічы, Дубай, Рамель, Рубель, Хотамель, Чаплін і інш.). Даў найб. поўную характарыстыку зарубінецкай культуры, паклаў пачатак сістэматызацыі паморскіх старажытнасцей у Беларусі, прасачыў пранікненне плямён вельбарскай культуры на тэр.Усх. Еўропы.
Тв.:
Памятники железного века на территории Полесья. М., 1961;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́БАЙСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Створаны ў 2-й пал. 18 ст. ў в.Дубай Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Парк рэгулярнага тыпу сіметрычна-восевай планіроўкі. Пл. каля 5 га. У плане квадрат, абмежаваны каналамі. У цэнтры ўсх. канала быў круглы вадаём (дыяметр каля 30 м) з фантанамі (не зберагліся), па вуглах — прамавугольныя вадаёмы. Унутры парку сіметрычнай сістэмай каналаў і сажалак створаны цэнтр. плошча і 2 астравы з паркавымі пасадкамі і прамавугольнымі ўчасткамі пладовых садоў. У канцы 18 ст.цэнтр. плошча, на якой размяшчаліся 2-павярховы мураваны сядзібны дом (не збярогся) з партэрам перад ім, капліца і гасп. пабудовы, перапланавана ў пейзажным стылі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ РАЁН Размешчаны на Пд Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940
(у сучасных межах з 1962). Пл. 3,2 тыс.км². Нас. 61,3 тыс.чал. (2000),
гарадскога 4,5%. Сярэдняя шчыльн. 19 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Пінск. Уключае г.п.Лагішын, 179 сельскіх нас. пунктаў, Лагішынскі пасялковы Савет, 24 сельсаветы: Аснежыцкі, Ахоўскі, Барычавіцкі, Бобрыкаўскі, Бярозавіцкі, Валішчанскі, Гарадзішчанскі, Дубайскі, Загародскі, Калавуравіцкі, Лапацінскі, Ласіцкі, Лемяшэвіцкі. Лышчанскі, Малоткавіцкі, Мерчыцкі, Навадворскі, Парахонскі, Парэцкі, Пінкавіцкі, Плешчыцкі, Сошненскі, Ставоцкі, Хойнаўскі. Паўднёвая ч. раёна пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Большая ч. тэрыторыі ў межах Прыпяцкага Палесся, зах. — узвышанай раўніны Загароддзе. Паверхня пераважна плоская, забалочаная, 75% яе ніжэй за 150 м. Найвыш. пункт 174 м (за 2 км на Пд ад в. Мерчыцы) Карысныя выкапні: торф, гліны і суглінкі, ляскі, мел. Сярэдняя т-растудз. -5,2 °C, ліп. 18,6 °C. Аладкаў 573 мм за год. Вегетац. перыяд 201 сут. Найб.р. Прыпяць і яе прытокі Піна, Ясельда з Мерачанкай і Мышшу, Бобрык 1-ы з Вісліцай, Стыр. Найб. азёры: Палескае возера (Гарадзішча), Пагосцкае возера, Кончыцкае, Семяховічы, Вылазскае; вадасх.: Пагост, Жыдча; каналы: ч. Дняпроўска-Бугскага, Агінскага, Ясельдаўскага, Дубаўскі. Пераважаюць глебы: тарфяна-балотныя (38,2%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (18,3%), дзярновыя і дзярнова-карбалатныя забалочаныя (18,2%), поймавыя (алювіяльныя) забалочаныя (13,4%), дзярнова-падзолістыя (11,7%). Пад лесам 32% тэр. раёна; пераважаюць хваёвыя, ёсць бяроза, дуб, чорная вольха, граб, асіна, ясень. Пад балотамі 43 520 га (13,6%). Найб балоты: Хварашчанскае, Гарадзішчанскае, Дубнік, Жук, Дамашыцы, Панцялеева (ч. з іх уваходзіць у Пінскія балоты). На тэр. раёна заказнікі рэсп. значэння: ландшафтныя — Прастыр, Сярэдняя Прыпяць (часткова), біял.Тырвовічы; мясц. значэння: біял. — Ступскае, мікразаказнікі біял. — Ізін, Кончыцы, Падмосце, Тур, Ермакі; ахоўныя тарфянікі: Булгары, Вуйвічы, Гарадзішчанскае, Дамашыцы, Дублік, Сляпоўскае. Помнікі прыроды рэсп. значэння: парк у в. Парэчча, насаджэнне піхты белай у парку в.Дубай.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 130,1 тыс.га, з іх асушаных 81,7 тыс.га. На 1.1.2000 у раёне 27 калгасаў, 3 саўгасы, 21 фермерская гаспадарка, с.-г.калект. прадпрыемства «Ніва», гасп. прадпрыемства «Паўднёвае» па вытв-сці свініны, рыбгас «Палессе», зверагаспадарка Белкаапсаюза, с.-г. прадпрыемства «Беларускія журавіны», Пінскае дзярж. прадпрыемства па буд-ве і эксплуатацыі меліярац. і водагасп. сістэм, адкрытыя акц. т-вы «Пінскае аўтатранспартнае прадпрыемства», «Пінская сельгастэхніка», «Пінскі райаграпрамзап». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вытв-сці збожжа і цукр. буракоў, вырошчваюць кармавыя культуры, бульбу, лён, агародніну. Прадпрыемствы харч. (лікёра-гарэлачныя вырабы, віны, вінныя і безалкагольныя напіткі, піва, кандытарскія вырабы, кісель, крухмал), металаапр., кааператыўнай, швейнай прам-сці; лясгас (піламатэрыялы, дзелавая драўніна), вытв.-гандл. прадпрыемства «Медтэхніка» (мед. абсталяванне). Па тэр. раёна праходзяць: чыг. Брэст—Лунінец, аўтадарогі Брэст—Гомель, Брэст—Мінск—Лунінец, Івацэвічы—Лагішын—Пінск—Столін, Ганцавічы—Пінск. У раёне 30 сярэдніх, 27 базавых, 6 пачатковых, 6 муз., 1 спарт. школы, спецшкола-інтэрнат, завочная школа, с.-г. тэхнікум, СПТВ, цэнтр пазашкольнай работы, дзіцячая турыстычная база, дзіцяча-юнацкі клуб фізічнай падрыхтоўкі, 36 дашкольных устаноў, у т. л. 2 садкі-школы, 74 б-кі, 78 клубаў, 11 бальніц, 2 псіханеўралагічныя інтэрнаты, 4 амбулаторыі, 54 фельч.-ак. пункты, дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Світанак», санаторый «Ясельда», турыстычны цэнтр «Палессе». Музеі: літаратурныя А.Блока (в. Лапаціна), Я.Янішчыц (в. Парэчча), Я.Коласа (в. Пінкавічы); этнаграфіі (в. Жабчыцы), гіст.-краязнаўчы (г.п. Лагішын). Арх. помнікі: цэрквы — Раства Багародзіцы (1758) у в. Ахова, Ушэсця (канец 18 ст.) у в. Боркі, Пакроўская (1878) у в. Бярозавічы, Прачысценская (1720) у в. Востраў, Ільінская (1788) у в. Вуйвічы, Раства Багародзіцы (1787) у в. Вылазы, Раства Багародзіцы (1826) у в. Вяляцічы, Троіцкая (18 ст.) у в. Дабраслаўка, Раства Багародзіцы (1811) у в.Дубай, Параскевы Пятніцы (1788) у в. Жабчыцы, Мікалаеўская (сярэдзіна 19 ст.) у в. Камень, царква (19 ст.) у в. Кашэвічы, Мікалаеўская (1892) у в. Купяцічы, Раства Багародзіцы (1885) у в. Лемяшэвічы, Троіцкая (1875) у в. Месткавічы, Параскевы Пятніцы (1794) у в. Мясяцічы, св. Кірылы і Мяфодзія (2-я пал. 19 ст.) у в. Пагост-Загародскі, Раства Багародзіцы (1888) у в. Парахонск, Раства Багародзіцы (1912) у в. Парэчча, Пакроўская (1830) у в. Пінкавічы, Ушэсця (1855) у в. Ставок, Пакроўская (1856) у в. Тырвовічы; манастырскі будынак (канец 18 ст.) у в. Гарадзішча, касцёл Ўзвіжання св. Крыжа (18 ст.) у в.Дубай, капліцы (19 ст.) у в. Болгары, Дубай, Каўбы, Ласіцк, Чухава; сядзіба (1920-я г.) у в. Заполле, паркі сярэдзіны 18 ст. ў в.Дубай, 1-й пал. 19 ст. ў в. Парэчча, 19 ст. ў в. Сташаны; сядзібныя дамы (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Заполле, Паўтаранавічы; сінагога і будынак Талмуду-Торы (пач. 20 ст.) у в. Пагост-Загародскі. Выдаецца газ. «Полесская правда».
Літ.:
Свод памятников истории и культуры Белоруссии: Брестская обл. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫЗА́ЙЛЬ (франц. grisaille ад gris шэры),
від дэкаратыўнага жывапісу, які выконваецца ў розных адценнях якога-н. аднаго колеру (пераважна шэрага). Выкарыстоўваецца ў насценных размалёўках і пано. Імітуе скульпт. рэльеф або арх. кампазіцыі, вызначаецца выразнай святлоценявой мадэліроўкай выяў. Грызайлю называюць і размалёўкі аднаколернай эмаллю (шэрай, карычневай, ружовай) з прамалёўкай золатам, у якіх таксама дасягаецца эфект рэльефнасці выявы (гл.Ліможская эмаль). Вядома з 17 ст., найб. пашырана ў размалёўках класіцызму. На Беларусі грызайль шырока ўжывалася ў дэкарыраванні культавых і палацавых будынкаў канца 18 — пач. 19 ст. (палацы ў Гомелі, Свяцку Гродзенскага, Залессі Смаргонскага р-наў; касцёлы езуітаў у Гродне, у вёсках Гальшаны Астравецкага, Будслаў Мядзельскага р-наў; цэрквы Варварынская ў Пінску, у в.Дубай Пінскага р-на і інш.).
Размалёўка ў тэхніцы грызайль інтэр’ера касцёла бернардзінцаў у в. Будслаў Мядзельскага раёна Мінскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ ВАРВА́РЫНСКІ МАНАСТЫ́Р,
жаночы манастыр у г. Пінск Брэсцкай вобл. ў 16—19 ст. Вядомы паводле пісьмовых крыніц з 1520, калі кн. Фёдар Яраславіч з жонкай адпісалі яму вёскі Высокае, Гальцы, Дубай, Ласіцк, двор Піскалаўшчына ў в. Асобавічы. Аднак, верагодна, манастыр першапачаткова засн. ў Тураве ў часы ўдзельнага княства і быў пераведзены ў Пінск у 15—16 ст. У 16—18 ст. ігуменні паходзілі з вядомых родаў — Валовічаў, Велятыцкіх, Войнаў, Ордаў, Пачапаўскіх, Сапегаў, Трызнаў, Шырмаў. Пры ігуменні Ефрасінні Трызне (канец 16 — пач. 17 ст.) манастыр стаў уніяцкім, ігумення набыла вёскі Завідчыцы і Жытнавічы; манастыру належалі 32 валокі зямлі і 732 душы, 23 пляцы ў Пінску і 2 у Слуцку. Пасля Полацкага царкоўнага сабора 1839 манастыр зноў стаў праваслаўны. У 1842 дзяржава пакінула яму 147 дзес. зямлі і 100 сялян, з казны была прызначана гадавая пенсія 1455 руб., графіня Г.Арлова запісала манастыру 10 тыс.руб. серабром. У той час жыло 9—14 манашак, мелася вучылішча для дачок дваран і святароў (навучалі чытанню, пісьму, рукадзеллю). Будынкі былі драўляныя. У 1858—75 манастыр размяшчаўся ў арх. комплексе б.Пінскага касцёла і кляштара бернардзінцаў, потым пераведзены ў Мінск. У 1993 дзейнасць манастыра адноўлена ў Пінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НА,
рака ў Іванаўскім і Пінскім р-нах Брэсцкай вобл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 40 км. Пл. вадазбору 2460 км². Пачынаецца каля в. Пераруб Іванаўскага р-на (паводле інш. звестак — каля в.Дубай Пінскага р-на з даўж. рэчышча 27 км), вусце ў межах г. Пінск. Цячэ па нізіне Прыпяцкае Палессе. Асн. прытокі: канавы Выценская, Таўкачыха, Кобельская, без назвы каля в. Хамічава (справа), рэкі Струга, Няслуха, Піліпаўка (злева). На тэр. вадазбору пад азёрамі 1% (найб. Пясчанае, Скорань, Завішчанскае), пад балотамі і забалочанымі землямі 31%, пад лесам 28%, разарана 25%. Даліна слабавыразная. Рэчышча слабазвілістае, шыр. 30—40 м. У выніку каналізацыі лукавіны выпрастаны, рэчышча паглыблена на перакатах. Берагі нізкія, стромкія, выш. 1—1,5 м, складзеныя з пясчаных і тарфяністых грунтоў, месцамі насыпаныя. Жыўленне мяшанае: снегавое, дажджавое, грунтавое.
Сярэднегадавы расход вады ў вусці 8,6 м³/с. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае каля 50% гадавога сцёку. Ледастаў з сярэдзіны снеж. да 2-й пал. сакавіка. Веснавы ледаход 4 сут. Сярэдняя вышыня найб. ўзроўню веснавога разводдзя над межанным 1,8 м, воднасць ракі падтрымліваецца перакідам часткі сцёку з р. Прыпяць праз сістэму Выжаўскага і Белаазерскага каналаў. П. з’яўляецца ч.Дняпроўска-Бугскага канала. Суднаходная. У сутоках П. і Прыпяці г. Пінск (порт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАСІЦЫ́ЗМ (ад лац. classicus узорны),
мастацкі стыль і эстэт. кірунак у еўрап. л-ры і мастацтве 17 — пач. 19 ст., адметнай рысай якіх быў зварот да вобразаў і форм антычнай л-ры і мастацтва як да эстэт. эталона.
У літаратуры сфарміраваўся на мяжы 16—17 ст. як вынік крызісу рэнесансавай свядомасці і спроба знайсці з яго пазітыўны выхад. Абапіраўся на прымат розуму і нязменнасць ідэалу прыгажосці. Полем маст. пошуку і даследавання К. зрабіў чалавечую душу і свядомасць. Унутраны свет чалавека падаваўся буйным планам і часта ў адрыве ад знешняга свету (асабліва ў трагедыі). К. імкнуўся стварыць узорны вобраз, пазачасавае ўвасабленне таго ці інш. характару, таму звяртаўся да матываў і сюжэтаў, апрабаваных часам, найперш да антычных. Грунтуючыся на законе гармоніі, К. падпарадкоўваў твор яснай і дакладнай логіцы, яскравай ідэі; адсюль патрабаванне ў драматургіі выканання правіл трох адзінстваў, якія давалі магчымасць сціснуць час, прастору і дзеянне, сканцэнтраваць увагу на свеце чалавечай свядомасці, стварыць стройны і адмысловы твор. Эстэтыка К. ўстанаўлівала строгую іерархію жанраў: «высокія» — трагедыя (вядучы жанр), эпапея, ода і «нізкія» — камедыя, сатыра, байка. Не дапускалася змяшэння высокага і нізкага, трагічнага і камічнага, гераічнага і паўсядзённага. Мове класіцыстаў уласціва яснасць, празрыстасць, афарыстычнасць. К. адлюстроўваў не рэальныя рэчы, а іх унутраную логіку, заканамернасць. Найб. поўна праявіўся ў 17 ст. ў Францыі (оды Ф.Малерба, трагедыі П.Карнеля, Ж.Расіна, камедыі Мальера, проза М.М.Лафает; тэарэтыкі — Ж.Шаплен, Г. дэ Бальзак, Н.Буало; у Германіі — у тэарэт. працах і ў паэзіі М.Опіца (у злучэнні з барока), у Англіі — у творчасці Б.Джонсана, У.Конгрыва, часткова — Дж.Мільтана. На новай ступені развіваўся ў 18 ст. (т. зв. асветніцкі К.), часцей за ўсё ў перапляценні з барока, ракако, сентыменталізмам. Найб. яскрава прадстаўлены ў паэзіі А.Поўпа (Англія), драматургіі Вальтэра (Францыя), тэарэт. працах і драматургіі І.К.Готшэда (Германія), В.Альф’еры (Італія). К. эпохі Асветніцтва пазбаўлены жорсткай жанравай і тэматычнай рэгламентацыі (узнікае мяшчанская драма і трагедыя) і стварае непаўторныя нац. і індывід. варыянты. Буйнейшыя тэарэтыкі — Д.Дзідро, Г.Э.Лесінг, а таксама І.І.Вінкельман, пад уплывам якога склаўся «веймарскі К.» (творчасць І.В.Гётэ і Ф.Шылера веймарскага перыяду — 1780—90-я г.), эстэт. праграма якога абапіралася на канцэпцыю антычнасці Вінкельмана і эстэтыку І.Канта і зыходзіла з разумення, што дасягнуць сапраўднай свабоды можна толькі праз выхаванне прыгажосцю. Для «веймарскага К.» характэрны жанравая і стылёвая поліфанічнасць, імкненне да гармоніі дасканалай формы і глыбокага зместу, індывідуалізацыі і шырокага філас. абагульнення, пастаноўка глабальных праблем гісторыі, культуры, цывілізацыі (найб. поўнае ўвасабленне — «Фауст» Гётэ). Ва Усх. Еўропе К. выявіўся пераважна ў эпоху Асветніцтва. Сярод прадстаўнікоў К. ў Расіі пісьменнікі А.Кантэмір, В.Традзьякоўскі, М.Ламаносаў, А.Сумарокаў, Г.Дзяржавін, Дз.Фанвізін і інш.
На Беларусі, у Польшчы і Літве тэндэнцыі К. прыкметныя з 17 ст. На лац. паэзію і ант. эстэтыку як на ўзоры арыентаваўся М.Сарбеўскі (трактаты «Пра дасканалую паэзію, або Вергілій і Гамер», «Пра вартасці і недахопы элегіі, або Авідзій» і інш.). Спалучэнне стыляў рэнесансу, барока і К. відавочнае ў творах Сімяона Полацкага. Асн. рысы К. ў бел. л-ры 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. — абагульненасць вобразаў, перавага рацыянальнага над эмацыянальным, культ антычнасці, імкненне да гармоніі — выявіліся ў творчасці пісьменнікаў, якія пісалі на польск. (А.Нарушэвіч, Ю.Нямцэвіч, Ф.Багамолец, С.Богуш-Сестранцэвіч), рус. (І.Сакольскі, І.Галянеўскі, І.Яленскі) і лац. (М.Карыцкі) мовах. Для «высокіх» жанраў лічыліся прыдатнымі «высокія» (польск., рус., лац. або стараслав.) мовы. Бел. прастамоўе дапускалася толькі для «нізкіх» жанраў. Гэтым нарматыўная эстэтыка К. стрымлівала развіццё беларускамоўнай л-ры. Трагедыі «Свабода ў няволі» К.Марашэўскага, «Фемістокл» М.Цяцерскага, «Крэз» І.Юрэвіча, прысвечаныя «ўзвышаным» тэмам з ант. гісторыі, напісаны па-польску. У «нізкую» камедыю («Доктар па прымусу» Цяцерскага, «Камедыя» Марашэўскага) уводзілася бел. мова. У гэтых творах захавана адзінства часу, месца, дзеяння, што адпавядала патрабаванням К. Эстэтыка К. паўплывала на бел. пісьменнікаў 19 ст.: Я.Чачота (філамацкія вершы), Я.Баршчэўскага («Рабункі мужыкоў», «Гарэліца»), В.Дуніна-Марцінкевіча («Ідылія», «Залёты»), у якіх класіцысцкія рысы спалучаліся з элементамі сентыменталізму, рамантызму і рэалізму.
У архітэктуры і мастацтве, 1) у шырокім сэнсе — кірунак, які грунтуецца на ўвасабленні традыцый ант. мастацтва: каралінгскі рэнесанс, атонаўскі рэнесанс, італьян. протарэнесанс, Адраджэнне, барочны К. (паладыянізм), неакласіцызм.
2) Стыль у еўрап. мастацтве 17—1-й пал. 19 ст. К. ўласцівы кананізацыя ант. класікі як дасканалага ўзору для наследавання, нарматыўнасць эстэт. крытэрыяў, ідэалізацыя і абстрактнасць вобразнага абагульнення (тыпізацыя) без усебаковага выяўлення непаўторна-асаблівага (індывідуалізацыі), дынамікі і жыццёвай зменлівасці гіст. канкрэтнай рэчаіснасці. Грунтаваўся на традыцыях Адраджэння і разам з тым сінтэзаваў дасягненні процілеглага яму барока, якое папярэднічала і часткова суіснавала з новым кірункам. Тэндэнцыі К. вызначыліся з 2-й пал. 16 ст. ў арх. тэорыі, трактатах і практыцы А.Паладыо, трактатах Дж.Віньёлы, С.Серліо, больш паслядоўна — у 17 ст. ў творах Дж.П.Белоры, у эстэт. нарматывах акадэмістаў балонскай школы жывапісу. У цэласную сістэму К. склаўся ў франц.маст. культуры 17 ст. (т.зв. Вялікі стыль Людовіка XIV). З 18 ст. стаў агульнаеўрап. стылем (у сусв. мастацтвазнаўстве гэты перыяд звычайна называюць неакласіцызмам), што было абумоўлена павышэннем цікаўнасці да ант. мастацтва ў сувязі з археал. раскопкамі ў Пампеях, Геркулануме і інш.
Архітэктура К. заснавана на выкарыстанні структурных і маст.-дэкар. магчымасцей ант. ордэрнай сістэмы (пераважна дарычнай), на выяўленні яе тэктанічных заканамернасцей, прапарцыянальнасці і сувымернасці аб’ёмаў і дэталей будынка. Пераважаў тып крыжова-купальнай кампазіцыі, распрацаваны ў малюнках Леанарда да Вінчы, Д.Брамантэ, Рафаэля і Мікеланджэла. У 17 ст. станаўленне К. ў Францыі звязана з пабудовамі Ф.Мансара (палац Мезон-Лафіт каля Парыжа, 1642—51), К.Перо (усх. фасад Луўра), Л.Лево, Ф.Бландэля. З 2-й пал. 17 ст. ў франц. К. з’явіліся некаторыя элементы барока (палац і парк Версаля, арх. Ж.Ардуэн-Мансар, А.Ленотр). У 17 — пач. 18 ст. К. сфарміраваўся ў «паладыянскай» архітэктуры Англіі (І.Джонс), архітэктуры Галандыі (Я. ван Кампен, П.Пост), Швецыі (Н.Тэсін Малодшы) і інш. На ўзор сабора св. Пятра ў Рыме франц.арх. Ж.Ж.Суфло з 1755 пачаў будаваць у Парыжы царкву Сент-Жэнеўеў, якая ў 1791 па асацыяцыі са стараж.-рым. звычаем была ператворана ў Пантэон і стала ўзорам для шэрагу інш.еўрап. пабудоў. У канцы 18—1-й пал. 19 ст.арх. К.Н.Леду, Ж.Ф.Шальгрэн, П.Віньён (Францыя), Р.Адам, Р.Смёрк (Англія), Л.Каньёла (Італія), К.Г.Лангханс, К.Ф.Шынкель (Германія), А.Захараў, А.Манферан, В.Бажэнаў, М.Казакоў, І.Староў (Расія) стваралі палацы і грамадскія пабудовы з развітой ордэрнай сістэмай, портыкамі порцікамі*, купаламі, імкненнем да манументальнасці і велічы. Горадабудаўніцтва К. 17 ст. развівала ў планах гарадоў-крэпасцей канцэпцыі «ідэальнага горада», стварыла тып рэгулярнага абсалютысцкага горада-рэзідэнцыі (Версаль і інш.). З 2-й пал. 18 ст. складаліся новыя прыёмы планіроўкі, якім уласціва арган. спалучэнне гар. забудовы і прыроды, стварэнне адкрытых плошчаў, што прасторава зліваліся з вуліцай або набярэжнай. Пашырылася садова-паркавае мастацтва. Гл. таксама Ампір.
У архітэктуры Беларусі К. выявіўся ў 1770-я г. і развіваўся паралельна з познім барока; у канцы 18 ст. стаў асн.маст. кірункам. Для яго характэрна спалучэнне зах.-еўрап. і рус. культуры з мясцовымі маст. традыцыямі. Сярод помнікаў пераходнага перыяду ад барока да К. Свяцкі палацава-паркавы ансамбль, Ружанскі палацавы комплекс. Распрацоўваліся новыя схемы планіроўкі гарадоў (у форме квадратаў, шматвугольнікаў), тыпы будынкаў адм. і навуч. устаноў. Для палацава-сядзібнага буд-ва характэрны геаметрычнасць планіроўкі тэрыторыі, цэнтрычная ў плане пабудова палаца з купалам (Грудзінаўскі палацава-паркавы ансамбль), галерэі-каланады (сядзіба ў в. Закозель Драгічынскага р-на), манум. порцік (сядзіба ў в. Дзедзін Міёрскага р-на, Маламажэйкаўская сядзіба, дом Э.Ваньковіча ў Мінску), анфіладная планіроўка парадных памяшканняў і калідорная жылых. Неад’емным элементам арх. ансамбляў былі ландшафтныя паркі з уключэннем збудаванняў малых форм (Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль, Сноўскі палацава-паркавы ансамбль). Палац або сядзібны дом размяшчаўся паміж парадным дваром і паркам (палац у в. Алешкавічы Мастоўскага р-на). Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя касцёлаў і цэркваў К. — пераважна прамавугольны ў плане кампактны аб’ём з 2-схільным дахам (касцёлы ў в. Мамаі і Мосар Глыбоцкага, г.п. Жалудок Шчучынскага р-наў); будаваліся храмы-ратонды (Лідскі Іосіфаўскі касцёл, у в.Дубай Пінскага р-на царква Раства Багародзіцы, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор). К. паўплываў і на драўлянае дойлідства, дзе выкарыстоўваліся формы класічных ордэраў (Радзівілімонтаўскі палацава-паркавы комплекс). Сярод архітэктараў: бел. Б.Захарэвіч, А. і П. Макарэвічы, Л.Гуцэвіч, М.Шульц, К.Падчашынскі, італьян. К.Спампані, шатландскі Дж.Кларк, польскія Ш.Цуг, А.Ідзкоўскі, рус. М.Львоў, Староў, В.Стасаў і інш.
У выяўленчым мастацтве эстэтыка К. ўстанавіла іерархію жанраў, якія падзяляліся на «высокія» (гіст., міфалагічны, рэліг.) і «нізкія», ці «малыя» (пейзаж, партрэт, нацюрморт), і мелі строгія межы і фармальныя прыкметы. Вобразны лад твораў вызначаўся тэктанічнасцю, строгай ураўнаважанасцю пабудовы, рацыяналіст. яснасцю, пластычнай завершанасцю і скульптурнай акрэсленасцю форм, лагічнасцю вырашэнняў, гал. роляй кампазіцыі і малюнка, абстрактнай ідэалізацыяй, адмаўленнем ад рэальных вобразаў сучаснасці і негіст. трактоўкай ант. мастацтва як абсалютнай нормы. У жывапісе пашырыўся «ідэальны пейзаж», які ўвасобіў мару класіцыстаў аб «залатым веку» чалавецтва. Сярод прадстаўнікоў К.: скульптары Б.Торвальдсен (Данія), Л.Барталіні, А.Канова (Італія), Ж.А.Гудон (Францыя), Дж.Флаксмен (Англія), І.Г.Шадаў, К.Раўх (Германія), Ф.Шубін (Расія) і інш., жывапісцы Ж.Л.Давід, А.Ж.Гро, П.П.Прудон, Н.Пусэн (Францыя), А.Р.Менгс, Ф.Рунге (Германія), Дж.Бэры (Англія), К.А.Енсен (Данія), А.Апіяні (Італія), Б.Уэст (ЗША), А.Ласенка, Ф.Бруні (Расія) і інш. Рысы К. ўласцівы творам Ж.А.Д.Энгра (Францыя) і Ф.Гоі (Іспанія).
У мастацтве Беларусі К. з’явіўся ў 2-й пал. 18 ст.Найб. ярка выявіўся ў дэкар.-прыкладным мастацтве (мэбля, тканіны, урэцка-налібоцкае шкло і інш.). У скульптуры і жывапісе шырокага развіцця не атрымаў. У аздабленні палацава-паркавых ансамбляў, гар. і сельскіх сядзіб выкарыстоўвалі гермы, карыятыды, атланты, рэльефы з адлюстраваннямі класіцыстычных эмблем, алегарычных фігур. Рысы К. прыкметны ў жывапісных творах І.Аляшкевіча, Ф.Смуглевіча, ранніх творах В.Ваньковіча і Я.Дамеля. У 1-й пал. 19 ст. выцеснены рамантызмам.
У тэатральным мастацтве К. садзейнічаў больш глыбокаму раскрыццю ідэі драм. твора, пераадоленню перабольшанасці ў выяве пачуццяў, уласцівых сярэдневяковаму тэатру. Майстэрства выканання класіцыстычнай трагедыі падпарадкоўвалася прынцыпам эстэтыкі Н.Буало. Акцёр трагедыі павінен быў эмацыянальна выразна чыгаць вершы і пры гэтым не імкнуцца да стварэння ілюзіі сапраўдных перажыванняў героя.
Сцвярджэнне К. ў акцёрскім мастацтве звязана з творчасцю франц. акцёраў Мандары, Фларыдора, Дзюпарк, М.Шанмеле. У 18 ст. асветніцкі К. адлюстраваўся ў творчасці А.Л.Лекена, Клерон, Дзюменіль. Дэмакр. тэндэнцыі К. найб. выявіліся ў сцэн. практыцы Мальера. У перыяд Франц. рэвалюцыі 1789—99 дзеячы тэатра надалі К. рэв.-гераічнае гучанне (Ф.Ж.Тальма і інш.). Франц. К. 17—18 ст. паўплываў на тэатр інш. краін Еўропы. Сярод буйнейшых яго прадстаўнікоў Ф.К.Нейбер у Германіі, Т.Бетэртан, Дж.Кембл у Англіі, Э.Рашэль у Францыі. У 19 — пач. 20 ст.эстэт. нормы К. ўласцівы спектаклям т-ра «Камеды Франсэз», акцёрам Ж.Муне-Сюлі, С.Бернар і інш. Для рус. К., які ўзнік у 1730—50-я г., характэрны нац.-патрыят. тэматыка, выхаваўча-асветніцкія тэндэнцыі. Буйнейшыя драматургі К. — А.Сумарокаў, Я.Княжнін, акцёры — Ф.Волкаў, І.Дзмітрыеўскі, В.Каратыгін, С.Сандуноў, К.Сямёнава, Т.Траяпольская.
Праваднікамі прынцыпаў К. ў тэатр. жыцці Беларусі 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. былі прыгонныя, прафес. і аматарскія драм. трупы Нясвіжа, Слоніма, Мінска і інш. У іх рэпертуары — трагедыі Карнеля («Сід»), Ж.Расіна («Федра»), Вальтэра («Заіра», «Марыяна»), камедыі Мальера («Цырымонлівыя паненкі», «Лекар паняволі», «Сганарэль», «Мешчанін у дваранах», «Жорж Дандэн», «Маскарыль»).
У музыцынайб. выявіўся ў муз.-сцэн. жанрах. Яго пачынальнік — Ж.Б.Люлі, які стварыў оперны жанр лірычнай трагедыі з характэрнай ант. і міфалагічнай сюжэтыкай, высокай героікай і ўзнёсласцю стылю. Яго оперы вылучаліся лагічнай яснасцю, адпаведнасцю строгім правілам і нарматывам, арыентацыяй на драм. рэчытатыў і арк. развіццё. Спалучэнне рыс К. і барока характэрна для творчасці кампазітараў неапалітанскай опернай шкалы, оперы-серыя з яе ўнутр. адзінствам, рэгламентацыяй муз. форм і адначасова віртуознасцю вак. партый, эфектнасцю сцэн. афармлення. У эстэтыку муз. К. 18 ст. значны ўклад зрабіў рэфарматар оперы-серыя і лірычнай трагедыі К.В.Глюк. Якасна новая стадыя ў развіцці муз. К. — творчасць прадстаўнікоў венскай класічнай школы І.Гайдна, В.А.Моцарта, Л.Бетховена, дзе найб. росквіту дасягнулі вядучыя інстр. жанры — сімфонія, саната, стр. квартэт, сфарміраваліся санатна-сімф. цыкл і сімф. аркестр. На мяжы 18—19 ст. новыя формы К. характэрны для музыкі кампазітараў франц. рэвалюцыі канца 18 ст. Ф.Гасека, Э.Меполя, Л.Керубіні і інш. У рус. музыцы рысы К. ў спалучэнні з элементамі інш.маст. кірункаў выявіліся ў творах М.Беразоўскага, Дз.Бартнянскага, В.Пашкевіча, Е.Фаміна, І.Хандошкіна.
У муз. спадчыне кампазітараў Беларусі (Міхал Казімір Агінскі, М.Радзівіл, В.Казлоўскі) К. існаваў у спалучэнні з сентыменталізмам, элементамі рамантызму, барока і ракако, развіваўся ў рэчышчы агульнаеўрап. традыцый. У 1770—90-я г. ў магнацкіх т-рах Нясвіжа, Слоніма, Гродна ставілі камічныя оперы італьян. кампазітараў («Фраскатанка, ці Залатая дзева» Дж.Паізіела, «Джаніна і Бернардоне» Д.Чымарозы, «Вясковыя сцэны рэўнасці» Дж.Сарці і інш.). Тыповыя рысы К., характэрныя для еўрап. опернага мастацтва, увасоблены ў муз. помніку школьнага т-ра — оперы «Апалон-заканадаўца, ці Рэфармаваны Парнас» Р.Вардоцкага на лібр. М.Цяцерскага, створанага для т-ра Забельскага дамініканскага калегіума. Рысы К. маюць творы паслядоўніка берлінскай і венскай класічных школ Я.Д.Голанда (опера «Агатка, або Прыезд пана», опера-вадэвіль «Чужое багацце нікому не на карысць», уверцюра да балета «Арфей у пекле»), музыка Радзівіла (6 паланэзаў і дывертысмент для камернага аркестра), Казлоўскага (да трагедыі «Фінгал», скрыпічны канцэрт і інш.). У традыцыях ранняга К. напісаны творы літургічнай музыкі 18 ст. (месы ў гонар Дзевы Марыі, у гонар Нараджэння Хрыста і інш.).
Літ.:
Ренессанс. Барокко. Классицизм: Проблема стилей в западноевропейском искусстве XV—XVII вв. М., 1966;
Конон В.М. От Ренессанса к классицизму. Мн., 1978;
Виппер Ю.Б. Формирование классицизма во французской поэзии начала XVII в. М., 1967;
Литературные манифесты западноевропейских классицистов. М., 1980;
Обломиевский Д.Д. Французский классицизм. М., 1968;
Русский и западноевропейский классицизм: Проза. М., 1982;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Ливанова Т.Н. История западноевропейской музыки до 1789 г.Кн. 1—2. 2 изд. М., 1986—87;
Музыкальный театр Белоруссии: Дооктябрьский период. Мн., 1990;
Інструментальная музыка Беларусі XVIII ст.Мн., 1991;
Дадиомова О.В. Музыкальная культура городов Белоруссии в XVIII в. Мн., 1992.
Да арт.Класіцызм. Сядзібны дом у в. Алешкавічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобл. Малюнак Н.Орды. 19 ст.Да арт.Класіцызм. А.Р.Менгс. Парнас. 1761.Да арт.Класіцызм. Палац Мезон-Лафіт каля Парыжа. Арх. Ф.Мансар. 1642—51.