рызыко́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з рызыкай, напоўнены рызыкай. Самая цяжкая ўсё-такі служба ў парашутыстаў-дэсантнікаў. Мужная, смелая. І рызыкоўная. Хомчанка. Доўнар ведаў, што яшчэ маладым інжынерам Пазняк пайшоў на рызыкоўную падпольную работу ў тыле ворага. Дуброўскі.

2. Непрыстойны, двухсэнсоўны. Нявеста сарамліва апускала вочы, калі п’яныя, аўдавелыя маладзіцы спявалі рызыкоўныя прыпеўкі. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БУРМІ́СТРАЎСКА-РАДЗЕ́ЦКІ СУД,

мясцовы суд для гараджан у ВКЛ у 14—18 ст. Дзейнічаў адначасова з войтаўска-лаўніцкім судом у гарадах, якія атрымалі прывілей на магдэбургскае права. У склад суда ўваходзілі бурмістры і радцы, колькасць якіх залежала ад памераў горада. Суд разглядаў пераважна нязначныя правапарушэнні мяшчан, цяжбы купцоў і рамеснікаў.

Т.​І.​Доўнар.

т. 3, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЙТАЎСТВА,

1) адм.-гасп. адзінка ў ВКЛ і ў Польшчы ў 15—18 ст. У войтаўства ўваходзілі адна або некалькі вёсак, што найчасцей складалі невял. зямельнае ўладанне на велікакняжацкіх землях, якім кіраваў сельскі войт, або горад, часам з навакольнымі землямі, якім кіраваў гар. войт.

2) Назва пасады войта паводле Статута ВКЛ 1588.

Т.​І.​Доўнар.

т. 4, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́ЎШЧЫНА, галаўшчызна,

адзін з відаў пакарання, прадугледжаны крымінальным правам ВКЛ за забойства чалавека. Спаганялася ў выглядзе грашовага штрафу з вінаватага на карысць сваякоў забітага. Памеры штрафу залежалі ад саслоўнага становішча або пасады, якую займала ахвяра, часам і ад прафесіі забітага. За забойства па неасцярожнасці адказнасць вінаватага абмяжоўвалася толькі галоўшчынай. Закон асобна рэгламентаваў памер галоўшчыны па справах асоб нехрысціянскага веравызнання. У некат. выпадках яна вызначалася ў двайным памеры («совито»).

Т.​І.​Доўнар.

т. 4, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАГРА́МА (ад грэч. histos, тут слупок + ...грама),

слупковая дыяграма, від графічнага адлюстравання статыстычнага размеркавання якой-небудзь велічыні па колькаснай прыкмеце. Будуецца як сукупнасць сумежных прамавугольнікаў на адной прамой, плошча кожнага з якіх прапарцыянальная частаце знаходжання дадзенай велічыні ва ўсёй сукупнасці. У некаторых выпадках гістаграму можна лічыць шуканай функцыяй шчыльнасці размеркавання імавернасцей (гл. Матэматычная статыстыка). Выкарыстоўваецца ў апрацоўцы фіз. інфармацыі для выдзялення сігналу з шуму, пры аўтам. распазнаванні вобразаў, для скарачэння аб’ёму даных і інш.

С.​У.​Доўнар.

Гістаграма размеркавання дыяметра дэталей: а — інтэрвал групоўкі 0,05 мм; б — інтэрвал групоўкі 0,25 мм.

т. 5, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ТЧЫННЫ СУД,

суд феадала над залежнымі ад яго людзьмі — прыгоннымі сялянамі ў Расіі і ВКЛ у 15 — 1-й пал. 19 ст. Дзейнічаў на аснове стараж. звычаёвага права. Паводле вотчыннага права юрысдыкцыі феадала падлягалі не толькі залежныя сяляне, але і інш. асобы, што пражывалі на яго землях (гл. Вотчына). Судаводства ў вотчынным судзе ажыццяўляў сам феадал ці службовыя асобы яго дваровай адміністрацыі (соцкія, старосты і інш.). Меры пакарання (цялесныя ці інш.) феадал часам вызначаў адвольна. Фактычна існаваў да адмены прыгоннага права ў 1861.

Т.​І.​Доўнар.

т. 4, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЙТАЎСКІ СУД,

мясцовы суд у гарадах ВКЛ. Войт, які ўзначальваў адміністрацыю горада, меў права і ўласнага суда. У грамаце 1390 на магдэбургскае права Брэсту ўпамінаецца толькі адна крыніца ўлады і суда — войт. У грамаце 1498 Полацку гаворыцца, што бурмістры і радцы не маглі судзіць без войта. Каралева Бона ў 1551 запатрабавала, каб у велікакняжацкіх гарадах суд. спрэчкі старосты разглядалі сумесна з гар. войтам. У многіх прыватнаўласніцкіх гарадах, дзе не было ўведзена магдэбургскае права, таксама дзейнічаў або войтаўскі суд, або войтаўска-лаўніцкі суд. Поруч з войтаўскім судом існаваў бурмістраўска-радзецкі суд.

Т.​І.​Доўнар.

т. 4, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖУРНА́Л МИНИСТЕ́РСТВА НАРО́ДНОГО ПРОСВЕЩЕ́НИЯ»,

часопіс Міністэрства нар. асветы Расіі. Выдаваўся ў 1834—1917 у Пецярбургу на рус. мове. Змяшчаў матэрыялы мін-ва (афіц. частка) і артыкулы па нар. асвеце, класічнай філалогіі, гісторыі, л-ры і фальклоры (неафіц. частка). З публікацыямі пра Беларусь выступалі М.​В.​Доўнар-Запольскі, Ф.​І.​Леантовіч, П.​М.​Жуковіч, Я.​Ф.​Карскі, М.​П.​Шпілеўскі і інш. У часопісе змешчаны рэцэнзіі на працы М.​Я.​Нікіфароўскага, Е.​Р.​Раманава, М.​Федароўскага, П.​В.​Шэйна і інш. У 1837—55 друкаваў «Паказальнік новых кніг», што дало пачатак дзярж. бібліягр. рэгістрацыі.

Г.​А.​Пятроўская.

т. 6, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́КТЫ ЛІТО́ЎСКА-РУ́СКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ, «Акты Литовско-Русского государства»,

зборнік дакументаў па сац.-эканам. гісторыі ВКЛ 14—16 ст. Выдадзены ў Маскве (вып. 1, 1899; т. 2, 1897) М.​В.​Доўнар-Запольскім. Змешчаны дакументы на старабел. і лац. мовах з Метрыкі Вялікага княства Літоўскага: прывілеі гарадам на магдэбургскае права, велікакняжацкія граматы на землі, інвентары, матэрыялы Віленскіх 1563 і 1565, Гарадзенскіх 1567 і 1568, Люблінскага 1569 вальных соймаў, апісанне межаў ВКЛ з Маскоўскай дзяржавай 1523, попіс гарадоў ВКЛ з указаннем колькасці воінаў, адпраўленых імі на вайну (каля 1513), кантракты на арэнду велікакняжацкіх мытняў, корчмаў, прыходна-расходныя кнігі велікакняжацкіх пісараў, уставы сялянам гаспадарскіх уладанняў.

В.​Ф.​Голубеў.

т. 1, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЙТАЎСКА-ЛА́ЎНІЦКІ СУД,

адзін з мясц. судоў для гар. насельніцтва ВКЛ. Дзейнічаў у гарадах, якія мелі магдэбургскае права. Яго юрысдыкцыі падлягалі ў асн. мяшчане. З’яўляўся асаблівай суд. калегіяй у складзе войта і лаўнікаў. Старшынёй суд. пасяджэння найчасцей быў войт ці яго намеснік — ландвойт. Колькасць лаўнікаў залежала ад памераў горада. Пасяджэнне суда адбывалася пры ўмове прысутнасці не менш як палавіны лаўнікаў. Разглядаў крымін. справы, маёмасныя спрэчкі, сведчыў дагаворы куплі-продажу, завяшчанні маёмасці і інш. Судовыя рашэнні выносіў войт. Дзейнічаў поруч з бурмістраўска-радзецкім судом. У малых гарадах і ў большасці прыватнаўласніцкіх гарадоў лаўнікі, бурмістры і радцы ўваходзілі ў склад аднаго суда.

Т.​І.​Доўнар.

т. 4, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)