МАЙМАНІ́Д ((Maimonides) Майсей) (Машэ бен Майман; 30.3.1135, г. Кордава, Іспанія — 13.12.1204),
яўрэйскі ўрач, філосаф, тэолаг, кадыфікатар Галах (збору законаў). У 1148 з-за праследаванняў пакінуў Іспанію, жыў у Марока, Палесціне, з 1165 у Егіпце. У 1187 стаў прыдворным урачом каірскага султана Салах-ад-дзіна; рабін у Каіры. Упарадкаваў і растлумачыў паданні Талмуда. У 1190 у Егіпце на араб. мове апублікаваў свой гал.філас. твор «Даведнік для тых, хто сумняваецца», які неаднаразова перакладаўся і выдаваўся на іўрыце, лац., ням. і рус. мовах. У філас. творах М, як паслядоўнік Арыстоцеля, імкнуўся сінтэзаваць біблейскае адкрыццё і арабскі арыстацелізм. Яго творы паўплывалі на развіццё схаластыкі 13—15 ст., асабліва на Альберта Вялікага і Фаму Аквінскага. Прыхільнікам М. быў С.Майман.
Тв.:
Рус.пер. — Путеводитель колеблющихся // Григорян С.Н. Из истории философии Средней Азии и Ирана VII—XII вв. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМА́СК,
араб.Дымашк, Дымішк, горад, сталіца Сірыі. Адм. ц. мухафазы Дамаск. Знаходзіцца ў даліне р. Барада, ва ўсх. перадгор’ях Антылівана. 1444 тыс.ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Галоўны гандл.-прамысл., фін. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: харч. (асабліва цукр., мукамольная, піваварная, тытунёвая, шакаладная, вытв-сць цукатаў), цэм., шкляная, тэкст., фармацэўтычная, радыёэлектронная, металічная. Рамесніцкая вытв-сць (залатыя, сярэбраныя, медныя, латунныя, скураныя, драўляныя вырабы, дываны, парчовыя тканіны). Цэнтр турызму. Ун-т. Дамаская і Арабская акадэміі. Музеі, тэатры.
Упершыню ўпамінаецца ў 16 ст. да н.э., калі знаходзіўся пад уладай егіп. фараонаў. З канца 11 да 732 да н.э. цэнтр Дамаскага царства, пазней у складзе Ахеменідаў дзяржавы. з 4 ст.н.э. пад уладай Візантыі. У 635 заваяваны арабамі. Росквіту дасягнуў, калі стаў сталіцай Амеядаў халіфата (661—750). З канца 11 ст. цэнтр супраціўлення крыжаносцам (у 1148 беспаспяховая аблога горада Конрадам III). У 13 — пач. 16 ст. цэнтр караваннага гандлю і рамесніцтва. У 1260 захоплены мамлюкамі, у 1401 — Цімурам, у 1516 —туркамі на чале з Селімам I. Фанатыкі-мусульмане ў 1840 выразалі яўр., у 1860 — хрысц. насельніцтва горада. Да канца 1-й сусв. вайны ў складзе Асманскай імперыі. У 1920—43 адм. ц.франц. падмандатнай тэрыторыі. З 1943 сталіца Сірыі.
Рэгулярная планіроўка асобных кварталаў бярэ пачатак ад эліністычнага і рым. перыядаў. Сярод помнікаў рым. часу рэшткі абарончых сцен, акведук (функцыянуе), карынфская каланада ўвахода ў свяцілішча Юпітэра Дамаскага (1 ст.н.э., на месцы арамейскага храма Хадада, у візант. час перабудаваны ў царкву Іаана Хрысціцеля). Помнікі сярэдневяковай араб. архітэктуры: Амеядаў мячэць, марыстан Нур-ад-дзіна (1154, засн. як шпіталь і мед. школа), маўзалей Салах-ад-дзіна (12 ст., рэстаўрыраваны ў 19 ст.), медрэсэ ан-Нурыя (1172), Адылія (1171—1222, цяпер Араб. акадэмія) і Захірыя (1277, цяпер Нац.б-ка), мячэці асманскага часу Такія Сулейманія (1554, арх. Сінан), Дэрвішыя (1574), Сінан-пашы (1586—91), шматлікія караван-сараі (ханы) 15—18 ст., палац Азема (1749, цяпер Музей нар. мастацтва). Забудоўваецца па генпланах 1929 і 1967. Старадаўні цэнтр маст. рамёстваў. Стары Д. уключаны ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБІ́ДСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1848—52,
антышахскія і антыкаланіяльныя нар. паўстанні ў Іране пад кіраўніцтвам бабідаў (прыхільнікаў Баба). Былі рэакцыяй на адсутнасць наспелых у краіне сац.-эканам. рэформаў і ўмяшанне Англіі, Расіі і інш. дзяржаў ва ўнутр. справы Ірана. 1-е паўстанне адбылося ў вер. 1848 — маі 1849 у Мазендэране. Каля 2 тыс. паўстанцаў, гал. чынам сялян і рамеснікаў, пабудавалі на беразе р. Талар (на ПдУ ад г. Барфаруш) крэпасць. На чале з муламі Махамедам Алі Барфарушскім і Хасейнам Башруе яны спрабавалі адмяніць прыватную ўласнасць, абвясціць усю маёмасць агульным набыткам, ажыццявіць роўнасць людзей (харчаваліся з агульнага катла). Задушана шахскімі ўладамі. 2-е паўстанне праходзіла ў г. Зенджан (май—снеж. 1850) пад аналагічнымі лозунгамі. Паўстанцы абвясцілі пра заснаванне новага вечнага царства са справядлівымі парадкамі. Вераломна задушана ўладамі. 3-е паўстанне ў чэрв. 1850 у г. Нейрыз пратрымалася ўсяго некалькі дзён. Пасля яго задушэння бабідскі рух страціў масавы характар. У жн. 1852 бабіды здзейснілі няўдалы замах на жыццё шаха Наср-эд-дзіна. Уцалелыя ад шахскіх рэпрэсій бабіды ўцяклі ў Ірак і інш. краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГАДЫ́ША, Мукдыша,
горад, сталіца Самалі. Знаходзіцца на ПдУ краіны, на ўзбярэжжы Індыйскага ак.Адм. ц.вобл. Банадыр. 997 тыс.ж. (1997). Вузел аўтадарог. Гал. порт краіны. Міжнар. аэрапорт. Найбуйнейшы прамысл. цэнтр краіны (каля 50% агульнай колькасці прадпрыемстваў апрацоўчай прам-сці). Прам-сць: харч., гарбарна-абутковая, метала- і дрэваапр., нафтаперапр., суднабуд. і суднарамонтная. Ун-т. Нац. музей. Арх. помнікі 13—19 ст. (мячэці Фахр-ад-дзіна, Абд аль-Азіза, руіны крапасных збудаванняў).
Засн. араб. і перс. купцамі ў 12 ст. У 12—17 ст. цэнтр аднайм. дзяржавы, буйнейшы араб. горад на ўсх. узбярэжжы Афрыкі. Гандлявала па моры з араб. краінамі і Індыяй, караванным шляхам — з унутр. абласцямі Афр. Рога, чаканіла ўласную манету. У 1499 горад моцна пацярпеў ад абстрэлу партуг. эскадры Васка да Гамы. У канцы 17 ст. далучана да Аманскага султаната, з пач. 19 ст. пад намінальнай уладай Занзібара, з 2-й пал. 19 ст. фактычна пад кантролем самалійскага султаната Геледы. У 1905—41 адм. цэнтр Італьян. Самалі. У 2-ю сусв. вайну ўзята брыт. войскамі. З 1950 адм. цэнтр падапечнай тэр. Самалі пад кіраваннем Італіі. З 1960 сталіца незалежнага Самалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЕРЫХО́Н (стараж.-яўр.Ерыхо, грэч. lerichō, араб.Эрыха),
горад у Палесціне, на тэр.Заходняга берага ракі Іардан, на ПнУ ад Іерусаліма. Каля 7 тыс.ж. (1990). І. самы нізка размешчаны горад у свеце (250—260 м ніжэй узр. м.). Харч.прам-сць. Гандл. і рамесны цэнтр с.-г. раёна (плантацыі бананаў, апельсінаў). Турызм.
Самае стараж. ў свеце паселішча, пазней умацаваны мурамі горад першабытных земляробаў. У 7—2-м тыс. да н.э. горад у Палесціне. У 3-м тыс. да н.э. дасягнуў росквіту (развіваліся вінаробства, гандаль серай, бітумам, соллю і інш.). У 13 ст. да н.э. захоплены яўр. плямёнамі. У 7—6 ст. да н.э. адбудаваны, у 587 да н.э. разбураны вавілонцамі. У час Іудзейскай вайны 66—73 разбураны Веспасіянам. У 7 ст. захоплены арабамі, у 1099 — крыжакамі, у 1187 без бою ўзяты войскамі Салах-ад-дзіна. У заняпадзе да 19 ст. З 1948 у межах Іарданіі. У выніку ізраільска-арабскай вайны 1967 далучаны да тэр. Ізраіля. Паводле ізраільска-палесцінскага пагаднення 1993 атрымаў аўтаномію.
У выніку раскопак 1907—56 (з перапынкамі) адкрыты рэшткі ўмацаваных паселішчаў эпохі неаліту і бронзы, руіны горада 18—16 ст. да н.э. з магутнымі сценамі, вял. шахтавыя грабніцы; знойдзены скульпт. галовы з гліны, налепленай на чалавечыя чарапы. Паводле біблейскага падання, сцены І. абваліліся ад гукаў труб заваёўнікаў (адсюль выраз «іерыхонскія трубы).
Я.Ф.Шунейка (гісторыя, архітэктура).
Да арт.Іерыхон. Ж.Фуке. Узяцце Іерыхона. Мініяцюра. 1470-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНІСЛАМІ́ЗМ,
ідэалогія і паліт. рух, накіраваны на аб’яднанне ўсіх мусульман свету. Як рэліг. канцэпцыя П. існуе з часу ўзнікнення ісламу (7 ст.), новы сэнс набыў у перыяд еўрап. экспансіі на Б. Усходзе ў канцы 19 ст. і стаў рэакцыяй мусульм. грамадства на ўварванне еўрап. цывілізацыі. У аснову ідэалогіі П. ляглі ідэі мусульм. салідарнасці рэфарматара ісламу Джэмаль-ад-дзіна аль-Афгані (1-я пал. 19 ст.). У канцы 19 — пач. 20 ст. П. пашырыўся ў мусульм. краінах Азіі і Паўн. Афрыкі. Пры султане Абдул-Хамідзе II [1876—1909] П. фактычна стаў дзярж. ідэалогіяй Асманскай імперыі. П. прытрымліваліся младатуркі. Паражэнне і распад Асманскай імперыі знясілілі пазіцыі П. Халіфацкі рух 1920-х г. у Індыі не атрымаў далейшага развіцця. Панісламісцкія канферэнцыі (Мекка, 1924; Каір, 1926; Іерусалім, 1931; Жэнева, 1935) паказалі арганізацыйную слабасць П. У гэты час П. сутыкнуўся з канкурэнцыяй інш. ідэалогій і паліт. рухаў (камунізм, панарабізм, мясц. нацыяналізм і г.д.). Пасля 2-й сусв. вайны пачалося ажыўленне П., які стаў неад’емнай ч. руху ісламскага фундаменталізму. Шэраг мусульм. краін (Саудаўская Аравія і інш.) садзейнічалі стварэнню міжнар. панісламісцкіх арг-цый. Ліга мусульм. свету (1962) аб’яднала няўрадавыя ісламскія арг-цыі. У 1969 створана Арганізацыя Ісламскай канферэнцыі, якая ажыццяўляе каардынацыю палітыкі і праграм эканам. супрацоўніцтва мусульм. дзяржаў.
Літ.:
Шарипова Р.М. Панисламизм сегодня: Идеология и практика Лиги исламского мира. М., 1986;
Левин З.И. Ислам и национализм в странах зарубежного Востока. М., 1988;
Landau J.M. The politics of panislam: Ideology and organization. Oxford, 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЛІ,
горад, сталіца Індыі і адм. ц. саюзнай тэр. Дэлі. Знаходзіцца на Пн краіны на р. Джамна (прыток р. Ганг), каля паўн.-ўсх. падножжа ўзгорыстай грады Аравалі. 7,2 млн.ж., з прыгарадамі 8,4 млн.ж. (1991). Складаецца са Старога Д. (Шахджаханабада, гіст. ядро горада), тэр.ваен. пасялення і Новага Д. (Нью-Дэлі з нас. 301,3 тыс.ж., 1993), які лічыцца афіц. сталіцай. Вузел 5 чыгунак і 11 аўтадарог. Міжнар. аэрапорт (Палам). Буйны прамысл., фін. і культ. цэнтр краіны. Развіты галіны прам-сці, што абслугоўваюць патрэбы сталіцы: тэкст. (баваўняныя і шарсцяныя тканіны), швейная, трыкат., хім., фармацэўтычная, гарбарна-абутковая, шклокерамічная, металаапр., паліграф., буд., некат. галіны машынабудавання (станкабудаванне, радыёэлектронная прам-сць). Маст. рамёствы (філігранныя сярэбраныя і залатыя ювелірныя вырабы, кераміка, разьбярства па слановай косці і камені, вырабы з пап’е-машэ), саматужнае ткацтва. Цэнтр турызму. 4 ун-ты. Акадэмія музыкі, танца і драмы.
Паводле «Махабхараты» ў 1-м тыс. да н.э. горад быў рэзідэнцыяй царскай дынастыі Пандаваў і меў назву Індрапрастха. Сучасная назва з 736 пасля буд-ва на месцы стараж. гарадзішча г. Дхіліка (Дэлі). У 1206—1526 сталіца мусульман Дэлійскага султаната, з 1658 — імперыі Вялікіх Маголаў. У 1803 захоплены англічанамі, якія ў 1858 перанеслі сталіцу ў Калькуту. Адзін з цэнтраў Індыйскага народнага паўстання 1857—59. З 1911 сталіца Брыт. Індыі, з 1947 — дамініёна, з 1950 — Рэспублікі Індыя.
У Старым горадзе захаваліся гар. муры з брамамі (часткова), Саборная мячэць (1644—58), крэпасць Лал-Кіла (Чырвоны форт, 1639—48, з палацамі Ранг-Махал, Дывані-Ам, Дывані-Кхас, усе 1639—48, і Жамчужнай мячэццю, каля 1660). На Пд ад Старога горада — руіны г. Фіразабад (1351—88), палацава-крапасны ансамбль Пурана-Кіла (закладзены ў 1540; мячэці Кулан, 1380, і Кілаі-Кухна, 1545), маўзалей Хумаюна (2-я пал. 16 ст.). Прыкладна за 20 км на Пд ад Старога горада — 4 гарады-крэпасці: Сіры (будаваўся з 1303), Джаханпанах (14 ст.), Туглакабад (1325; маўзалей Гіяс-ад-дзіна) і Лал-Кот (канец 12 ст.; жал. калона, 415; руіны мячэці Куват-уль-Іслам, пачата ў 1193; мінарэт Кутб-Мінар, каля 1200—20; маўзалей Ільтутмыша, пасля 1235). Новы Д. — буйны раён з шэрагам плошчаў, паркаў і вуліц, якія радыяльна ад іх разыходзяцца. Уключае ансамбль урадавых будынкаў 1912—30-х г., «Браму Індыі» (помнік салдатам, якія загінулі ў сусв. войнах), нац. стадыён, абсерваторыю Джантар Мантар (1725), храм багіні Лакшмі Нараян (1938—39), мемар. музей М.Гандзі (канец 1960-х г., арх. А.Канвіндэ). Музеі: Нац. музей Індыі, нац. галерэя сучаснага мастацтва, Міжнар. музей лялек, мемар. музеі М.Гандзі, Дж.Нэру і інш.
Літ.:
Короцкая А.А., Сапожников Б.Н. Дели. Л., 1983.
Да арт.Дэлі. Брама ў Чырвоным форце.Да арт.Дэлі. Храм багіні Лакшмі. Нараян. 1938—39.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУНВА́ЛЬДСКАЯ БІ́ТВА 1410,
вырашальная бітва Вялікай вайны 1409—11 паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польшчай з аднаго боку і Тэўтонскім ордэнам з другога. Адбылася 15.7.1410 каля населеных пунктаў Грунвальд і Таненберг (цяпер Альштынскае ваяв., Польшча). З’явілася гал. этапам вайны, план якой быў распрацаваны польск. каралём Ягайлам і вял.кн.ВКЛ Вітаўтам на Берасцейскай сустрэчы 1409. У ліп. 1410 войскі саюзнікаў (каля 30—40 тыс.чал.) злучыліся ў раёне Казініц і рушылі на сталіцу ордэна Марыенбург (Мальбарк). 15 ліп. яны былі вымушаны прыняць бой на адкрытай мясцовасці з крыжацкім войскам (каля 15—20 тыс.чал.). Войска крыжакоў (уваходзілі таксама рыцары з Германіі, Англіі, Францыі, Швейцарыі, Чэхіі і інш. краін) складалася з 51 харугвы, войска ВКЛ і Польшчы (уваходзілі таксама татары саюзнага Вітаўту хана Джэлал-ад-Дзіна і наёмнікі) — з 90 харугваў, 40 з іх належалі ВКЛ (Трокская, Гарадзенская, Ковенская, Лідская, Смаленская, Полацкая, Віцебская, Пінская, Новагародская, Берасцейская, Ваўкавыская, Драгічынская, Старадубская, Мсціслаўская і інш.). Крыжакі занялі больш выгадную для атакі пазіцыю на ўзвышшы. Перад баявымі парадкамі крыжакоў стаялі гарматы і арбалетчыкі. Войскі саюзнікаў размяшчаліся трыма лініямі на беразе р. Маршы. Бітва пачалася атакай 1-й лініі крыла Вітаўта і змешчаных на яе правым флангу татар. Атакуючых сустрэлі гарматным агнём, потым супраць іх рушыла левае крыло крыжацкага войска, сітуацыя схілілася на іх карысць. Верныя сваёй улюбёнай тактыцы, татары арганізавалі прытворныя ўцёкі. Услед за імі пабегла 1-я лінія войска ВКЛ, акрамя трох харугваў са Смаленскай зямлі (мсціслаўскай, смаленскай і няпэўнай прыналежнасці) на чале з мсціслаўскім кн. Лугвенам. Націск крыжакоў спынілі 2-я і 3-я лініі войск Вітаўта. Адначасова 1-я лінія палякаў атакавала правае крыло крыжакоў. Атака была няўдалая, крыжакі ледзь не захапілі вял. каралеўскі сцяг. Становішча выправілася з увядзеннем 2-й польск. лініі. Пасля 6 гадз напружанай бітвы сілы ордэна пачалі адкочвацца ад свайго лагера. Імкнучыся пераламіць ход бітвы, магістр ордэна Ульрых фон Юнгінген павёў у наступленне апошнія 16 харугваў рэзерву. Яны прарвалі фронт і выйшлі ў тыл польск. войска, але былі акружаны і знішчаны, загінуў і сам магістр ордэна. У рукі саюзнікаў трапілі ўмацаваны лагер крыжакоў і ўсе іх сцягі. Паражэнне Тэўтонскага ордэна ў Грунвальдскай бітве абумовіла вынік вайны ў цэлым. Паводле Тарунскага міру 1411 ва ўладанне ВКЛ і Польшчы адышлі Добжынская і Жамойцкая землі. Магутнасць ордэна была падарвана. У 1960 на месцы бітвы пастаўлены помнік.
Літ.:
Длугош Я. Грюнвальдская битва: [Пер. с лат.]. М.; Л., 1962;
Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmódzka i wszystkiej Rusi. Т. 1. Warszawa, 1846;
Ekdahl S. Die Schlacht bei Tannenberg 1410. Quellenkritische Untersuchungen. Bd. 1. Berlin, 1982;
Kuczyński S.M. Bitwa pod Grunwaldem. Katowice, 1987. Nadolski A. Grunwald;
Problemy wybrane. Olsztyn, 1990.
Ю.М.Бохан.
Грунвальдская бітва 1410. Літаграфія М.Басалыгі. 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАІ́Р,
горад, сталіца Егіпта. Знаходзіцца на правым беразе і астравах Ніла, на Пд ад дэльты. 9690 тыс.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог, рачны порт. Міжнар. аэрапорт. У К. і яго наваколлі сканцэнтравана каля 1/4прамысл. вытв-сці краіны. Прам-сць: металургічная, металаапр., маш.-буд., тэкст., харчасмакавая, цэм., папяровая, гарбарна-абутковая, хім., паліграфічная. Маст. рамёствы (вырабы з металу, скуры, дрэва, керамічныя і інш.). Метрапалітэн. Акадэмія. Ін-т Егіпта, ун-ты Каірскі, аль-Азхар, Айн-Шамс і інш. Тэатры.
Засн. Фатымідамі ў 969, у 973—1171 сталіца Фатымідаў халіфата. Пры Айюбідах (1171—1250) і мамлюках (1250—1517) буйны рэліг.-паліт., гандл. і рамесніцкі цэнтр. У 1517 захоплены і зруйнаваны туркамі-асманамі. У 1798—1801 акупіраваны франц. войскамі. Цэнтр нац.-вызв. руху (паўстанні 1798, 1800 супраць французаў, 1795, 1804—05 супраць мамлюкаў і туркаў). У 1882 акупіраваны брыт. войскамі, адм. ц.брыт. пратэктарата (1914—22). З 1922 сталіца Каралеўства Егіпет, з 1953 — Егіп. Рэспублікі, з 1958 — Аб’яднанай Араб. Рэспублікі, з 1971 — Араб. Рэспублікі Егіпет. У 2-ю сусв. вайну месца правядзення Каірскай канферэнцыі 1943.
Сярод пабудоў рым. часу (канец 1 ст. да н.э.) — вежа ў крэпасці Вавілон (арх. Апаладор), візантыйскага (4—7 ст.) — копцкія цэрквы св. Сергія і Вакха, Божай Маці і св. Варвары (у той жа крэпасці), раннеарабскія — мячэці Амра ібн аль-Аса (641-42, перабудавана ў 9 ст.) у Фустаце, Ібн Тулуна (876—79), ніламер (715; 3-ярусны каменны калодзеж з 8-граннай калонай у цэнтры) на в-ве Рода. На тэр.Стараж. горада з вузкімі вуліцамі з глінабітнымі і каменнымі 2—4-павярховымі дамамі 16—18 ст. захавалася больш за 400 помнікаў архітэктуры: рэшткі каменных гар. сцен з умацаванымі варотамі (11 ст.), мячэці аль-Азхар (970—72, неаднаразова перабудавана), аль-Хакіма (990—1012), маўзалеі Саб’а Банат («Сем дачок», 11 ст.), Ум Кульсум (1122), жылыя дамы 10—11 ст., цытадэль Салах-ад-дзіна (1176—93, 1315 ст.), рынак Хан аль-Халіль (засн. ў канцы 13 ст.) з майстэрнямі рамеснікаў, комплекс султана Калауна (1284—85, са шпіталем), комплекс мячэці-медрэсэ султана Хасана (1356—63), маўзалеі мамлюкаў 15 — пач. 16 ст., мячэці Сінан-пашы (1571), Мухамеда Алі (1830—48, арх. Ю.Бохна), султана ар-Рыфаі (1869) і інш. Новы горад з прамымі шырокімі вуліцамі, плошчамі і набярэжнымі ўздоўж Ніла забудаваны шматпавярховымі будынкамі: ансамбль будынкаў Егіпецкага музея, атэля «Ніл-Хілтан» (абодва 1959, арх. В.Бекет, М.Рыяд), Лігі араб. дзяржаў (1967, арх. Рыяд, міжнар. аэрапорт (1962, арх. С.Зайтун і інш.), гранітная набярэжная з будынкам тэлецэнтра (1967, арх. Дж.Момін). Перад ун-там (1-я пал. 20 ст.) — манумент «Абуджэнне Егіпта» (1919—28, арх. М.Мухтар). Музеі: Егіпецкі нацыянальны музей, Копцкі, Ісламскага мастацтва і інш.
Літ.:
Ходжаш С.И. Каир. 2 изд. М., 1975.
Да арт.Каір. Мячэць султана ар-Рыфаі. 1869.Да арт.Каір. М.Сабры. Раён Каіра. Пастэль.Каір у пач. 19 ст.Да арт.Каір. Порцік мячэці Мухамеда-Алі. Арх. Ю.Бохна. 1830—48.Царква святога Георгія ў Каіры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛЬСКІЯ ЗАВАЯВА́ННІ ў 13 ст., шэраг заваёўніцкіх войнаў і паходаў манголаў супраць народаў Азіі і Еўропы. Пачаліся пасля аб’яднання да 1206 Чынгісханам мангольскіх плямён і стварэння дзяржавы. У ходзе М.з. склалася Мангольская імперыя. Баяздольнасць манг. войска, размеркаванага на тумены (дзесяткі тысяч), цьмы (тысячы), сотні, дзесяткі, была абумоўлена жорсткай дысцыплінай, вял. манеўранасцю і мабільнасцю, выкарыстаннем ваен. і тэхн. дасягненняў захопленых краін і народаў, перадавой ваен. тактыкай, хітрасцю і інш. Гэта дазваляла манголам перамагаць нават намнога большыя сілы праціўніка, браць добра ўмацаваныя крэпасці і гарады (з тэхнікай аблогі гарадоў манголы пазнаёміліся ў Кітаі). У 1207—11 манголы падпарадкавалі народы Паўд. Сібіры і Усх. Туркестана. З 1211 пачалося заваяванне Кітая, у 1215 захоплены Пекін (Яньцзін). У канцы 1218 манг. войскі (каля 200 тыс.чал.) на чале з Чынгісханам уварваліся ў Сярэднюю Азію, у 1219—21 разбілі войскі харэзмшаха Мухамеда і яго сына Джэлал-ад-дзіна, захапілі і разбурылі большасць буйных гарадоў, у т. л. Харэзм, Хаджэнт, Мерв, Ургенч. У 1220 войска на чале з Джэбе і Субэдэем уварвалася ў Паўн. Іран, адтуль — у Закаўказзе і ў 1222 разбіла груз. войска. Потым манголы перайшлі Каўказскія горы і ўварваліся ў палавецкія стэпы. 31.5.1223 яны перамаглі войска рус. і палавецкіх князёў у бітве на р. Калка і ў 1224 вярнуліся ў Манголію. У 1226—27 знішчана тангуцкая дзяржава Сі-Ся. У час праўлення сына Чынгісхана Угедэя канчаткова заваяваны Паўн. Кітай і знішчана дзяржава чжурчжэняў (1234). У 1236 пачаўся вял. паход на Захад на чале з унукам Чынгісхана Батыем (Бату). Разграміўшы Балгарыю Волжска-Камскую, манг. войска ўварвалася ў паўн.-ўсх. Русь. 21.2.1237 яно захапіла Разань, у снеж.—лютым 1238 — б.ч. Уладзімірска-Суздальскай зямлі. 4.3.1238 у бітве на р. Сіць разгромлена аб’яднанае войска ўладзімірска-суздальскіх князёў, загінуў вял. князь Юрый Усеваладавіч. У 1240 Батый пачаў новы паход на Пд Русі і Захад. 6.12.1240 захоплены і разбураны Кіеў. У пач. 1241 манг. войска спустошыла Галіцка-Валынскія землі, пацярпелі і некаторыя гарады Палесся. Пачалася мангола-татарская няволя на Русі (пра манг. паходы на ПнЗ Русі і адносіны манголаў з ВКЛгл. ў арт.Залатая Арда). У лют. 1241 манголы ўварваліся ў Польшчу, 3.3.1241 разбілі каля Кракава польск. войска на чале з Баляславам V, 9.4.1241 — апалчэнне ням. і польскіх князёў пры Лягніцы. аднак пасля гэтага яны пацярпелі паражэнне ад чэхаў 24.6.1241 у Оламаўцкай бітве 1241. Другое манг. войска ўварвалася ў Венгрыю, дзе 11.4.1241 у бітве пры Шаё разбіла войска караля Белы IV. У канцы 1241 пачаўся новы паход, спынены весткай пра смерць вял. хана Угедэя. М.з. аднавіліся ў час праўлення Мункэ. Яго брат Хулагу заваяваў у 1256 Іран, у 1258 захапіў Багдад і ліквідаваў халіфат Абасідаў, але быў спынены пасля паражэння 3.9.1260 пры Айн-Джалуце ад войск егіп. султана. У той жа час пачалося заваяванне Паўд. Кітая (скончана ў 1279). М.з. завяршыліся паходам 1300 у М’янму, аднак драпежніцкія паходы мангола-татар на Русь і інш. краіны працягваліся ў 14—15 ст. М.з. былі адной з вял. катастроф у гісторыі: загінула вял. колькасць людзей, былі знішчаны цэнтры стараж. цывілізацыі, што негатыўна паўплывала на далейшае развіццё народаў Азіі і Усх. Еўропы.