ІНДУСТРЫЯ́ЛЬНАЕ МА́СЛА,
дыстылятнае нафтавае масла малой і сярэдняй вязкасці. Выкарыстоўваюць як змазачны матэрыял пераважна ў вузлах трэння станкоў, кавальска-прэсавага абсталявання, тэкст. машын, вентылятараў, помпаў і інш. механізмаў, а таксама як аснову пры прыгатаванні гідраўл. вадкасцей, пластычных і тэхнал. змазак. Вырабляюць І.м. з комплексам прысадак (антыакісляльнай, антыкаразійнай і інш.), якія захоўваюць дэталі ад іржаўлення, зніжаюць іх знос, павялічваюць даўгавечнасць вузлоў трэння.
т. 7, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСУ́РС (ад франц. ressource дапаможны сродак) тэхнічны, напрацоўка вырабу (машыны, тэхн. сістэмы) да дасягнення гранічнага стану, пры якім яго далейшая эксплуатацыя немагчыма, непажадана (з-за паніжэння эфектыўнасці) або небяспечна. Колькасна ацэньвае даўгавечнасць вырабу, яго надзейнасць. Выражаецца ў гадах, гадзінах, кіламетрах, гектарах, колькасці ўключэнняў і інш. Бывае поўны (за ўвесь тэрмін службы да канца эксплуатацыі), дарамонтны, міжрамонтны, выкарыстаны, астаткавы. Завязаны з безадказнасцю.
т. 14, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАМЕХАНІ́ЧНАЯ ПЕРАДА́ЧА,
камбінаваная перадача, якая складаецца з гідратрансфарматара (гл. Гідрадынамічная перадача) і мех. ступеньчатай каробкі перадач. Забяспечвае аўтам. бесступеньчатую змену і рэверсіраванне круцільнага моманту, зніжае дынамічныя нагрузкі ў трансмісіі, павышае яе даўгавечнасць і інш. Выкарыстоўваецца ў прыводах трансп. і тэхнал. машын. У аўтам. гідрамеханічных перадачах аўтамабіляў звычайна ўжываюць комплексныя, полімерычныя (блакіруюць гідратрансфарматар), вальныя або планетарныя каробкі перадач з пераключэннем ступеней фрыкцыёнамі і стужачнымі тармазамі.
В.А.Сяргеенка.
т. 5, с. 230
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗЬМІ́Н Артур Васілевіч (н. 26.3.1929, Мінск),
бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Канд. тэхн. н. (1964), праф. (1989). Скончыў БПІ (1953). З 1953 у БПА. Навук. працы па супраціўленні стомленасці і надзейнасці дэталей машын. Распрацаваў методыкі разліку на надзейнасць і даўгавечнасць дэталей машын агульнага прызначэння.
Тв.:
Расчеты деталей машин. 3 изд. Мн., 1986 (разам з І.М.Чэрніным, Б.С.Козінцавым), Прикладная механика. Мн., 1997 (у сааўт.).
т. 8, с. 564
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРКА́С (ад франц. carcasse шкілет),
касцяк, шкілет якога-небудзь вырабу, збудавання. Складаецца з асобных, змацаваных паміж сабой элементаў (стрыжняў, бэлек, калон, ферм, панэлей і інш.). Вызначае трываласць, устойлівасць, даўгавечнасць, форму вырабу (збудавання). Робіцца з металу, жалезабетону, дрэва і г.д. У буд-ве К. — нясучая канструкцыя з верт. стоек і замацаваных на іх гарыз. элементаў. Пашыраны зборныя К. з нясучымі вонкавымі агараджэннямі будынкаў і лёгкімі навяснымі панэлямі (гл. Каркасна-панэльныя канструкцыі).
т. 8, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЛЯДО́ЎНЫ АНА́ЛІЗ у матэматычнай статыстыцы,
метад рашэння статыстычных задач, пры якім неабходная колькасць назіранняў (аб’ём выбаркі) вызначаецца ў працэсе эксперыменту па яго выніках. Адна з пераваг — у многіх выпадках для атрымання абгрунтаваных вывадаў можна абмежавацца значна меншым аб’ёмам выбаркі, чым у метадах з загадзя вызначаным яе аб’ёмам. Вызначэнне неабходнай колькасці эксперыментаў — адна з задач планавання эксперыменту. П.а. выкарыстоўваецца ў статыст. радыёлакацыі, паслядоўным кантролі вытв-сці, выпрабаваннях вырабаў на даўгавечнасць.
т. 12, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛІЦО́ВАЧНЫЯ РАБО́ТЫ,
аддзелка вонкавых і ўнутр. паверхняў збудаванняў ліставымі і плітачнымі матэрыяламі, разнавіднасць аддзелачных работ. Павышаюць даўгавечнасць і паляпшаюць архітэктурна-маст. выразнасць будынкаў. Асн. аперацыі: сартаванне і падрыхтоўка абліцовачных матэрыялаў, прыгатаванне буд. раствораў, клеяў і масцік, падрыхтоўка і разметка паверхні, уласна абліцоўка. Вонкавыя абліцовачныя работы выконваюць адначасова з муроўкай сцен ці пасля іх узвядзення, унутраныя праводзяць па заканчэнні агульных буд. работ. Адзін з відаў абліцовачных работ — мазаічнае пакрыццё (гл. ў арт. Мазаіка).
т. 1, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ДЫС (Balodis) Карл (20.6.1864, Білсцінёс, Латвія — 13.1.1931),
латышскі вучоны-эканаміст і статыстык. Вучыўся ў Дэрпцкім (Тартускім) ун-це (1884—87), у Германіі (1895—99). З 1905 праф. Берлінскага ун-та. Апублікаваў працы «Смяротнасць, узроставы склад і даўгавечнасць праваслаўнага народанасельніцтва абодвух полаў у Расіі за 1851—1890 гг.» (1897, разам з Л.Бесер), «Дзяржава будучага» (1898). У апошняй з дапамогай статыстыкі імкнуўся даказаць магчымасць пабудовы сацыяліст. грамадства ў Германіі мірным (нерэвалюцыйным) шляхам. У 1-ю сусв. вайну саветнік ваен. мін-ва Германіі, па заданні якога распрацаваў сістэму харч. картак. У 1919 вярнуўся ў Латвію, праф. Рыжскага ун-та.
т. 2, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІ́ЗІКА АКТЫВАЦЫ́ЙНЫХ ТЭХНАЛО́ГІЙ дарожных кампазіцыйных матэрыялаў,
раздзел навукі аб будаўнічых матэрыялах, які даследуе ўплыў штучнай фізіка-хім. актывацыі на павелічэнне іх трываласці і даўгавечнасці. Аснову складаюць электронна-іонныя тэхналогіі апрацоўкі матэрыялаў, што грунтуюцца на ультрагукавым, электрагідраўлічным, трыбаэлектрызацыйным уздзеяннях і эфекце віхравога слоя (уздзеянне моцнага пераменнага эл.-магн. поля). Штучная актывацыя ініцыіруе хемасарбцыйныя міжфазныя ўзаемадзеянні паміж структурнымі кампанентамі буд. матэрыялаў, што павялічвае іх трываласць і даўгавечнасць; дазваляе выкарыстоўваць для вытворчасці буд. матэрыялаў адходы вытв-сці. На Беларусі даследаванні ў галіне Ф.а.т. праводзяцца ў Бел. нац. тэхн. ун-це.
Літ.:
Ковалев Я.Н. Активационные технологии дорожных композиционных материалов. Мн., 2002.
Я.М.Кавалёў.
т. 16, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІ́МІКА-ТЭРМІ́ЧНАЯ АПРАЦО́ЎКА металаў,
адначасовае хім. і цеплавое ўздзеянне на вырабы гал. чынам з металаў і сплаваў. Прыводзіць да змены хім. саставу і структуры ў паверхневых слаях, зрэдку ва ўсім аб’ёме вырабу. Асн. від Х.-т.а. — азатаванне, аксідаванне, алітаванне, барыраванне, храміраванне, цынкаванне, цыянаванне, цэментацыя і інш. Найб. пашыраны цэментацыя і азатаванне.
Пры Х-т.а. выраб награваюць у хімічна актыўным асяроддзі некалькі гадзін пры т-ры, роўнай 0,5—0,8 т-ры плаўлення асн. кампаненту. У час вытрымкі паверхня вырабу абагачаецца хім. элементамі за кошт дыфузіі на глыбіню ад некалькіх мікраметраў да некалькіх міліметраў. Павышае даўгавечнасць дэталей машын і вырабаў (павялічвае іх цвёрдасць, зносаўстойлівасць, каразійную стойкасць і інш.).
т. 17, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)