МУРА́ВІНСКАЕ МІЖЛЕДАВІКО́ЎЕ (ад назвы в. Мурава Бярэзінскага р-на Мінскай вобл.),
мікулінскае міжледавікоўе (Расія), эмскае міжледавікоўе (Зах. і Цэнтр. Еўропа), познаплейстацэнавае міжледавікоўе, якое адбылося паміж сожскім зледзяненнем (па інш. меркаваннях — сожскай стадыяй дняпроўскага зледзянення) і паазерскім зледзяненнем 110—95 тыс. гадоў назад, паводле інш. меркаванняў — 120—90 тыс. гадоў назад. Адклады М.м. трапляюцца невял. ўчасткамі на ўсёй тэр. Беларусі. Пераважна яны пахаваны пад паазёрскімі і галацэнавымі акумуляцыямі, аголены на стромкіх абрывах берагоў рэк, яроў; з’яўляюцца маркіроўным гарызонтам антрапагенавай тоўшчы. Найб. вядомы разрэзы Мурава (рэгіянальны стрататып, які адкрыты і апісаны Г.Ф.Мірчынкам і Т.М.Мікулінай), Дарашэвічы, Борхаў, Пышкі і інш. Пераважаюць азёрныя (супесак, суглінак, гліна, прэснаводны мергель, гітыя), радзей трапляюцца рачныя і балотныя тыпы адкладаў. У час М.м. былі ўмерана цёплыя кліматычныя ўмовы, якія спрыялі пашырэнню шыракалістых дрэвавых парод (дуб, ліпа, граб, арэшнік). У пач. і канцы М.м. былі пашыраны бярозавыя і бярозава-хвойныя лясы. Лясная расліннасць нагадвала сучасную, толькі ў травяністым покрыве трапляліся пазаеўрапейскія віды. Акрамя сучасных відаў жывёл, на тэр. Беларусі ў канцы М.м. вадзіліся мамант і шарсцісты насарог. Рэльеф і рачная сетка падобныя да сучасных, за выключэннем паўн.ч. Беларусі, дзе асн. рысы рэльефу сфарміраваны пасля паазерскага зледзянення.
Літ.:
Матвеев А.В. История формирования рельефа Белоруссии. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́МНІКІ ПРЫРО́ДЫ,
прыродныя аб’екты, каштоўныя ў навуковых, культурна-пазнавальных і аздараўляльных адносінах. З’яўляюцца ўсенар. здабыткам і ахоўваюцца дзяржавай. Адна з форм аховы прыроды.
Каштоўныя прыродныя аб’екты і комплексы аб’яўляюцца П.п. з прычыны іх нязначнай плошчы ці адасобленасці, што не дае магчымасці стварыць запаведнік або заказнік, ці бясшкодна перавесці П.п. ў штучныя ўмовы. Вылучаюць П.п. рэсп. і мясц. значэння. Падзяляюцца на батанічныя помнікі прыроды, геалагічныя помнікі прыроды і гідралагічныя помнікі прыроды. Для кожнага П.п. складаецца спец. пашпарт, вызначаецца рэжым яго ўтрымання і меры аховы. У шырокім сэнсе да П.п. часам адносяць таксама запаведнікі, заказнікі, нац. паркі, якія ўяўляюць сабой эталонныя ці унікальныя прыродныя ўтварэнні. У 1972 падпісана Міжнар. канвенцыя па ахове помнікаў сусв.культ. і прыроднай спадчыны.
На Беларусі спісы П.п. зацверджаны ў 1923 і 1926. У 1963 прынята пастанова аб ахове П.п. Існуюць 303 П.п. рэсп. значэння, у т. л. 116 бат., 182 геал. і 5 гідралагічных (2000). У 1992 нац. парк Белавежская пушча ўключаны ЮНЕСКА у спіс аб’ектаў сусв.культ. і прыроднай спадчыны.
Помнікі прыроды: 1 — дэндрарый у батанічным садзе БСГА; 2 — валун Вялікі камень у Шумілінскім раёне Віцебскай вобл; 3 — Барэцкая дуброва ў Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобл.; 4 — агаленне Дарашэвічы ў Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобл.