ГІПАКО́ТЫЛЬ (ад гіпа... + грэч. kotylē паглыбленне, чаша), падсемядольнае калена,
самы ніжні ўчастак сцябла праростка насеннай расліны перад семядольным вузлом. Унізе пераўтвараецца ў корань і часта мае анатамічную будову з прыкметамі сцябла і кораня. У некат. раслін даўжыня гіпакотыля малая і ён увесь застаецца ў глебе (семядолі не выносяцца на паверхню; напр. у дуба, гароху).
т. 5, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАТАНІ́Я (ад гіпа... + грэч. tonos напружанне),
паніжэнне тонусу тканак арганізма і артэрыяльнага ціску крыві. Можа развівацца пасля вострых і хранічных інфекц. хвароб, вітаміннай недастатковасці, прафес. шкоднасцей, парушэнняў дзейнасці эндакрыннай і нерв. сістэм, страўнікава-кішачнага тракту. Прыкметы: хуткая стамляльнасць, слабасць, задышка, галавакружэнне. Лячэнне: правільны рэжым працы, адпачынку і харчавання, вітаміны, фізкультура, гармоны, курортатэрапія.
т. 5, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАЦЭ́НТР (ад гіпа... + цэнтр) землетрасення, цэнтральны пункт ачага землетрасення ў нетрах Зямлі. У гіпацэнтры раптоўна вызваляецца значная энергія (103—1018 Дж), якая выклікае каротка-перыядычныя ваганні зямной кары. Глыбіня гіпацэнтра пры звычайных землетрасеннях менш за 70 км, пры прамежкавых — 70—300 км, пры глыбокіх — 300—700 км (гл. таксама Эпіцэнтр).
т. 5, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАМАРФО́З (ад гіпа... + марф... + ...оз),
1) спрашчэнне арганізацыі (страта спецыялізацыі) арганізмаў у працэсе эвалюцыі. Звычайна абумоўлівае захаванне тых адносін арганізма з асяроддзем, якія характэрны для лічынкі ці маладой асобіны (напр., неатэнія хвастатых амфібій).
2) Рэдукцыя органа або яго часткі ў працэсе эвалюцыі, што прыводзіць да прагрэсіўных змен арганізма (напр., страта продкам сучаснага каня 2-га і 4-га пальцаў).
т. 5, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАМЕНАРЭ́Я (ад гіпа... + аменарэя), гіпаменструальны сіндром,
аслабленне менструальнага цыкла. Праяўляецца мізэрнымі менструацыямі (10—20 мл крыві), апсаменарэяй (працягласць менструацыі 1—2 дні) і алігаменарэяй (менструацыі праз 40—60 дзён); заканчваецца, як правіла, аменарэяй. Бывае пры хваробах, якія пашкоджваюць адно ці некалькі звёнаў, што рэгулююць менструальны цыкл: ц. н. с. (гіпаталамус — гіпофіз — яечнікі), шчытападобная залоза, наднырачнікі — матка.
т. 5, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАТАТЫ́П (ад лац. stratum слой + грэч. typos адбітак, форма, узор),
тыповы разрэз адкладаў стратыграфічнага падраздзялення (стратона), які з’яўляецца эталонам аб’ёму і межаў стратона пры карэляцыі. Адрозніваюць гала(першасны), неа- (новы), гіпа- (дадатковы), пара- (паралельны) С.; пры нявысветленасці мяжы вылучаецца С. мяжы (лімітатып). На Беларусі мясц. стратыграфічныя падраздзяленні маюць свае С., створаны рэгіянальныя стратыграфічныя схемы (1981).
С.А.Кручак.
т. 15, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАДЫНАМІ́Я (ад гіпа... + грэч. dynamis сіла),
зніжэнне мышачных намаганняў, што трацяцца на ўтрыманне позы, перамяшчэнне цела ў прасторы, фіз. работу. Прычыны гіпадынаміі: маларухомы спосаб жыцця, імабілізацыя, працяглы пасцельны рэжым, знаходжанне ва ўмовах бязважкасці, касм. станцый. Пры гіпадынаміі развіваюцца функцыян. і марфал. змены (парушаецца рэактыўнасць арганізма, паніжаецца яго ўстойлівасць да інфекцый і перагрузак, фіз. працаздольнасць, аб’ём цыркулявальнай крыві, мазгавы кровазварот і інш.).
т. 5, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАКСІ́Я (ад гіпа... + лац. oxygenum кісларод), анаксія, кіслароднае галаданне, кіслародная недастатковасць,
паніжаная колькасць кіслароду ў тканках арганізма. Пры гіпаксіі зніжаецца насычанасць кіслародам крыві (гіпаксемія). Бывае ў тых, хто падымаецца на вял. вышыню (лётчыкі, альпіністы), пры хваробах органаў дыхання, сардэчна-сасудзістай сістэмы, атручэнні ядамі. Прыкметы: боль галавы, моташнасць, частковая страта здольнасці рэальна ацэньваць абставіны і кіраваць рухамі. Лячэнне: ліквідацыя асн. хваробы, удыханне кіслароду, сардэчныя сродкі.
т. 5, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАТЭРМІ́Я (ад гіпа... + грэч. thermē цяпло),
ахаладжэнне, паніжэнне т-ры цела цеплакроўных жывёл і чалавека ў выніку цеплааддачы, якая перавышае цеплапрадукцыю. Памяншае спажыванне кіслароду органамі і тканкамі арганізма, павышае ўстойлівасць яго да гіпаксіі. Штучная гіпатэрмія выкарыстоўваецца ў хірургіі пры аперацыях на сэрцы, вял. сасудах і нейрахірургічных (траўмы ц. н. с., ацёкі, інтаксікацыі). Пры зніжэнні т-ры цела чалавека да 20—23 °C спыняюцца дыханне, дзейнасць сэрца.
т. 5, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАСПАДЫ́Я (ад гіпа... + грэч. spaō адцягваю ўніз, адрываю знізу), ніжняя шчыліна мочаспускальнага канала,
прыроджаны недахоп развіцця мочаспускальнага канала ў мужчын, калі вонкавая адтуліна канала адкрываецца на ніжняй паверхні палавога члена, машонцы ці на прамежнасці. Гіпаспадыя — самая частая анамалія развіцця органаў мочапалавой сістэмы. Прычыны гіпаспадыі: лішак жаночых палавых гармонаў, хваробы, што ўплываюць на развіццё плода (таксікоз і інш.). Пры гіпаспадыі бывае парушэнне мочавыдзялення і палавога жыцця. Лячэнне хірургічнае.
Літ.:
Савченко Н.Е. Гипоспадия и гермафродитизм. Мн., 1974;
Русаков В.И. Лечение гипоспадии. Ростов н/Д, 1988.
т. 5, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)