адме́рзнуць, ‑не; пр. адмёрз, ‑мерзла; зак.

Загінуць ад марозу; вымерзнуць. Агуркі адмерзлі. // Разм. Страціць гібкасць, адчувальнасць на холадзе; прымерзнуць; моцна азябнуць (пра часткі цела). Пальцы адмерзлі. □ Але здаровая ступня ўжо, мабыць, адмерзла — значыць, .. [Сотнікаў] зусім аставаўся без ног. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

РАБАТЫЗА́ЦЫЯ вытворчасці,

развіццё аўтаматызацыі вытворчасці з выкарыстаннем прамысловых робатаў; аснова стварэння бязлюдных тэхналогій.

Паляпшае ўмовы працы, павышае тэхніка-эканам. паказчыкі работы прадпрыемстваў, забяспечвае больш высокую эфектыўнасць вытв-сці, большую гібкасць тэхн. і арганізац. рашэнняў, зніжэнне тэрмінаў камплектацыі і запуску ў вытв-сць аўтаматызаваных сістэм. Найб. эфектыўна пры стварэнні рабатызаваных тэхналагічных комплексаў, што ўваходзяць у склад гібкіх вытв. сістэм (гл. Гібкая аўтаматызаваная вытворчасць).

Літ.:

Скотт П. Промышленные роботы — переворот в производстве: Пер. с англ. М., 1987;

Промышленные роботы. Внедрение и эффективность: Пер. с яп. М., 1987;

Соломенцев Ю.М., Сосонкин В.Л. Управление гибкими производственными системами. М., 1988.

Г.​І.​Хуцкі.

т. 13, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

gibkość

ж.

1. гібкасць, гнуткасць; эластычнасць;

2. перан. спрыт; выкрутлівасць

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

МАКРАМАЛЕ́КУЛА (ад макра... + малекула),

малекула палімера. Складаецца з аднолькавых або розных структурных адзінак — састаўных звёнаў (атамаў ці груп атамаў), злучаных паміж сабой кавалентнымі сувязямі ў ланцуг, які характарызуецца колькасцю звёнаў (ступенню полімерызацыі) ці адноснай малекулярнай масай (гл. таксама Высокамалекулярныя злучэнні).

Асн. стэрэахім. характарыстыкай М. з’яўляецца канфігурацыя. Пэўнай канфігурацыі М. адпавядае набор канфармацый, што ўзнікаюць з-за мікраброўнаўскага цеплавога руху ў выніку абмежаванага вярчэння атамаў (груп атамаў) адносна простых валентных сувязей. Ступень свабоды гэтага вярчэння вызначае гібкасць М. — адну з асн. характарыстык, з якой звязаны каўчукападобная эластычнасць, здольнасць палімераў да ўтварэння надмалекулярных структур, многія фіз. і хім. ўласцівасці палімераў. Лінейныя М. складанай будовы здольныя да ўтварэння другасных структур (упарадкаваны стан М., які ўзнікае ў выніку спецыфічных між- і ўнутрымалекулярных узаемадзеянняў), якія дасягаюць высокай ступені дасканаласці і спецыфічнасці ў М. важнейшых біяпалімераў — бялкоў і нуклеінавых кіслот.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 9, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФАРМАЦЫ́ЙНАЯ ТЭХНАЛО́ГІЯ,

сукупнасць сістэматычных і масавых метадаў і прыёмаў апрацоўкі інфармацыі ва ўсіх відах дзейнасці чалавека з выкарыстаннем сродкаў сувязі, паліграфіі, выліч. тэхнікі і праграмнага забеспячэння; раздзел прыкладной інфарматыкі. У канкрэтна-прыкладным аспекце сучасная І.т. — высокаарганізаваны канвеер апрацоўкі інфармацыі.

І.т. — неад’емная і істотная частка цывілізацыі, яе развіццё ўзаемаабумоўлівала паралельнае развіццё вытв-сці, навукі, мастацтва і адукацыі. У аснову І.т. пакладзены розныя тэхн. вынаходствы (друкарскі станок, тэлеграф, фотаапарат, тэлефон, гука- і відэазапіс і інш.). З’яўленне ЭВМ, асабліва мікрапрацэсара, прывяло да істотных змен І.т.: ЭВМ стала гал. сродкам аўтаматызацыі фіз. і разумовай працы, з дапамогай беспапяровага спосабу справаводства, электроннай пошты, машыннай графікі, безнаборнага спосабу друку і інш. аб’яднала ўсе сродкі І.т., надала ім гібкасць і ўзаемадапаўняльнасць.

На Беларусі даследаванні па праблемах І.т. вядуцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі, БДУ, Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. БПА і інш. Каардынацыю работ праводзіць Фонд інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Поппель Г.Л., Голдстайн Б. Информационная технология — миллионные прибыли: Пер. с англ. М., 1990.

Г.​Р.​Маньшын.

т. 7, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

зняме́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Пазбаўлены здольнасці гаварыць (ад здзіўлення, страху, нечаканай радасці і пад.); анямелы. [Тамара] стаяла сярод пакоя белая, як сцяна, знямелая. Арабей.

2. Які страціў адчувальнасць, гібкасць; здранцвелы. [Вісарыён] не мог павярнуць галавы, так балела знямелая шыя. Самуйлёнак.

3. перан. Застылы, пануры, маўклівы. Сярод цішы начной знямелай Калыска скрыпнула — раз, два. Колас. Трынаццаты дзень у дарозе. Трынаццаты дзень сярод знямелых гор. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

подви́жность

1. руха́васць, -ці ж.;

2. (лёгкость, живость в движениях) руха́васць, -ці ж.; (живость) жва́васць, -ці ж.; (гибкость) гі́бкасць, -ці ж., гну́ткасць, -ці ж.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

здранцве́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які страціў адчувальнасць, гібкасць ад холаду або нязручнага становішча; амярцвелы, адзеравянелы. Хведар доўга пляскаў рукамі, саграваючы здранцвелыя ад холаду пальцы. Новікаў. Каб крыху сагрэцца і размяць здранцвелыя са сну ногі, Мішка палез на высокую хвою. Лынькоў.

2. перан. Які прыйшоў у стан нерухомасці, знямення ад моцнага перажывання, страху і пад. Людзі пахаваліся па скляпах і, здранцвелыя, чакалі канца бою. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здранцве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Страціць адчувальнасць, гібкасць ад холаду або нязручнага становішча; амярцвець, адзеравянець. — Усё цела здранцвела: мусіць, гадзін пяць ляжалі нерухома. Маўр. Ногі Андрэя так здранцвелі, што ён ледзь адчуваў іх. М. Ткачоў.

2. перан. Прыйсці ў стан нерухомасці, знямення ад моцнага перажывання, страху і пад.; замерці. [Гольц-Мілеру] раптам стала ясна, што брат памірае, і ўсё ў ім здранцвела... Мехаў. Фішар таксама ўчуў нешта і як быў, укленчыўшы ў іржышчы, так і здранцвеў у напружанай позе сполаху. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зняме́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Страціць магчымасць гаварыць (ад здзіўлення, страху, нечаканай радасці і пад.). Пятрок і Грышка знямелі ад страху, стаіліся каля печы і пазіралі на бацькоў перапалоханымі вочкамі. Колас. Ад гэтых слоў Звераў, здавалася, знямеў, ён не мог прамовіць ні слова. Алешка.

2. Страціць адчувальнасць, гібкасць; здранцвець. У Паўла і Віці ад хвалявання знямелі ногі: недзе тут павінен быць карабель, які панясе іх у космас. Шыцік.

3. перан. Сціхнуць, змоўкнуць, застыць у маўчанні. Нясцерпны боль пранізаў горла, коратка бліснула хмарнае неба, і ўсё назаўжды знямела. Быкаў. Плюхнула, нібы камень з разгону, ёмкая рыбіна. І зноў усё сціхла, змоўкла, знямела. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)