КАНОПЛЕЎБО́РАЧНЫЯ МАШЫ́НЫ,

машыны для ўборкі і абмалоту канапель. Да іх адносяцца жняяркі-каноплеснопавязалкі, каноплемалатарні і каноплеўборачныя камбайны.

Жняярка-каноплеснопавязалка — прычапная да трактара «Беларусь»; скошвае (зразае) сцёблы канапель, ачышчае іх ад пустазелля і блытаніны, звязвае пяньковым шпагатам у снапы, а насенне збірае ў насеннеўлоўнікі. Шырыня захопу 2,1 м, прадукцыйнасць да 1,7 га/гадз. Каноплемалатарня (выкарыстоўваецца на таку) заціскным транспарцёрам падае снапы ў малацільны апарат, дзе насенныя галоўкі аддзяляюцца ад сцёблаў. Атрыманая куча падаецца ў цёрачны апарат, які разбурае насенныя галоўкі, потым у грохат, дзе выдаляюцца блытаніна і буйныя дамешкі. З дапамогай рашот, шнэкаў і вентылятара насенне ачышчаецца і ссыпаецца ў мяшкі. Прадукцыйнасць да 4,5 т/гадз. снаповай масы. Каноплеўборачны камбайн паўнавясны, агрэгатуецца з трактарам «Беларусь» і інш. класа 1,4; скошвае і абмалочвае каноплі, ачышчае і ссыпае насенне ў бункер, звязвае сцёблы ў снапы і скідвае іх на поле. Мае рэжучы, малацільны і вязальны апараты, цёрку, паветрана-рашотную ачыстку, транспарцёры, элеватар зерня. Шырыня захопу 1.75 м. прадукцыйнасць да 1,2 га/гадз.

Каноплеўборачныя машыны: 1 — жняярка-каноплеснопавязалка; 2 — каноплемалатарня; 3 — каноплеўборачны камбайн.

т. 7, с. 589

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗБОЖЖАЎБО́РАЧНЫ КАМБА́ЙН,

машына для ўборкі збожжавых культур прамым камбайнаваннем або раздзельным (двухфазным) спосабам. Абсталяваны адпаведнымі прыстасаваннямі, можа ўбіраць насеннікі траў і цукр. буракоў, кукурузу, сланечнік, зернебабовыя, крупяныя і інш. культуры. Пры прамым камбайнаванні З.к. ажыццяўляе ўборку за адзін праход: адначасова скошвае і абмалочвае збажыну, вылучае, ачышчае і збірае зерне ў бункер, скідвае салому ў капноўшчык або на поле (у валок ці рассыпае здробненую). Пры раздзельным спосабе ўборкі збажына ў стадыі васковай спеласці скошваецца жняяркай З.к. і ўкладваецца ў валкі, а калі зерне даспее і валкі падсохнуць, камбайн з дадаткова зманціраваным падборшчыкам (або з платформай-падборшчыкам) падбірае валкі і абмалочвае іх.

З.к. бываюць: самаходныя, прычапныя і навясныя; колавыя, паўгусенічныя і гусенічныя; 1-, 2- і 3-барабанныя. Найб. пашыраны самаходныя З.к., якія складаюцца з жняяркі (хедара), малатарні, капноўшчыка або здрабняльніка саломы з дэфлектарам, бункера для зерня, рухавіка, хадавой часткі, органаў кіравання (у найноўшых — з камп’ютэрам). У краінах СНД выкарыстоўваюць пераважна самаходныя З.к. расійскай вытв-сці: аднабарабанныя СК-5М «Ніва» (прапускная здольнасць 5,5 кг/с) і «Дон-1500» (8 кг/с); двухбарабанныя «Енісей—1200» (6 кг/с); ротарныя СК-10 «Ротар» (10—12 кг/с) і інш. Двухбарабанныя З.к. эфектыўныя на ўборцы вільготнай збажыны і збожжавых культур, якія цяжка абмалочваюцца. Першы З.к. сканструяваў рус. вынаходнік А.​Р.​Уласенка ў 1868, серыйны выпуск З.к. ў СССР пачаўся ў 1929 на з-дзе «Камунар» у г. Запарожжа (Украіна).

На Беларусі выкарыстоўваюць у асноўным З.к. «Ніва», «Дон-1500», а таксама камбайны вытв-сці ФРГ (Е-525, Е-527, МЕГА-218) і Фінляндыі.

В.​П.​Чабатароў.

Схема збожжаўборачнага камбайна: 1 — рэжучы апарат; 2 — матавіла; 3, 4 — шнэкавы і нахілены транспарцёры; 5,9 — прыёмны і адбойны бітэры; 6 — малацільны барабан; 7 — выгрузны шнэк; 8 — бункер; 10, 11 — зерневы і коласавы элеватары; 12 — рухавік; 13 — саломатрэс; 14 — саломанабівальнік; 15 — капноўшчык; 16 — рашотка; 17 — вентылятар ачысткі; 18 — грохат.
Збожжаўборачны камбайн «Дон-1500».

т. 7, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)