БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛЬНАЯ РА́ДА ў Гродне, культурна-асветная ўстанова ў 1920—21. Створана ў маі 1920 як філія Цэнтральнай беларускай школьнай рады. У прэзідыум рады ўваходзілі Л.Дзекуць-Малей (старшыня), У.Федарук (нам. старшыні), С.Кішка (сакратар), Я.Тарасевіч і інш. Кіравала дзейнасцю бел. школ і дзіцячых прытулкаў Гродзенскай губ.; стварыла Апякунчы камітэт для матэрыяльнай падтрымкі бел. школ у Гродне. Летам 1920 часова спыняла дзейнасць у сувязі з наступленнем Чырв. Арміі. Аднавіла работу ў ліст. 1920 пад кіраўніцтвам С.Рак-Міхайлоўскага. Намаганнямі рады ў снеж. 1920 адкрыта Гродзенская бел. гімназія. Працавала ў цесным кантакце з мясц. Бел. нац. к-там, Грамадой бел. моладзі ў Гродне, Цэнтральнай беларускай радай Віленшчыны і Гродзеншчыны, Часовым беларускім нацыянальным камітэтам і інш. арг-цыямі. У 1921 на базе Беларускай школьнай рады створана мясц. філія Таварыства беларускай школы.
У.В.Ляхоўскі.
т. 2, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГАЗЕ́ТА ГРОДЗЕ́НЬСКА»
(«Gazeta Grodzieńska»),
першае перыядычнае выданне на тэр. сучаснай Беларусі. Выдавалася з мая 1776 да 1783 (?) у Гродне на польск. мове раз на тыдзень на 2 старонках фарматам 15 × 20 см. Друкавалася ў Гродзенскай друкарні. У перадавых артыкулах абмяркоўваліся надзённыя грамадска-паліт. праблемы (на той час унікальная з’ява). Па патрабаванні караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Гродне была ўведзена пасада цэнзара, па загадзе якога рэдакцыйныя артыкулы часам замяняліся паведамленнямі з інш. выданняў. Змяшчала інфармацыю пра падзеі ў горадзе, аб’явы. Апошні выяўлены нумар газеты датаваны 28.12.1780.
т. 4, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЕ ПЕДАГАГІ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА.
Існавала ў 1907—14 у Гродне. Сярод арганізатараў выкладчыкі гімназіі і школ горада Я.Ф.Арлоўскі, К.У.Кемарскі, Д.Н.Кропатаў. Складалася з секцый: гісторыка-філал., прыродазнаўча-матэм., псіхал., выяўл. мастацтваў і музыкі; мела камісію па арганізацыі агульнадаступных чытанняў. Распрацоўвала навук. і пед. пытанні, праблемы эстэт. развіцця, папулярызавала дасягненні ў розных галінах навукі. Т-ва садзейнічала адкрыццю музея і кансерваторыі ў Гродне, правядзенню археал. раскопак у наваколлі горада, удзельнічала ў культ.-асв. мерапрыемствах. Выдавала час. «Педагогическое дело» (з 1911).
В.А.Цыбуля.
т. 5, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛІ́НСКІ (Ежы) (1765?, г. Паставы Віцебскай вобл. — 28.6.1840),
танцоўшчык. Да 1785 прыгонны А.Тызенгаўза. Вучыўся ў яго балетных школах у Гродне і Паставах (у Ле Ду). У 1785—94 у трупе «Таварыства танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве, удзельнічаў у спектаклях у каралеўскім замку і ў Лазенках, на сцэне Нац. т-ра. Выконваў сольныя партыі ў балетах «Казакі», «Лукас і Калінета», «Каралева Ванда». Пасля 1794 выступаў у спектаклях антрэпрыз С.Галніцкага і К.Аўсінскага ў Варшаве, у 1795 працаваў у Гродне, з 1795 зноў у Варшаве (да 1799 у трупах Трускаляскіх і В.Багуслаўскага, у 1800—23 выкладчык танцаў).
Г.І.Барышаў.
т. 3, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЯ́ЎСКІ (Восіп Фаміч) (1859, в. Райск Беластоцкага ваяв., Польшча — 1935),
бел. рэвалюцыянер-народнік, дзеяч польскага сацыяліст. руху. З 1878 чл. народніцкай арг-цыі «Зямля і воля». У 1879 перайшоў на пазіцыі «Народнай волі». Разам з чл. нарадавольскага гуртка ў Гродне планаваў серыю тэрарыст. актаў. Быў арыштаваны, прыцягваўся да дазнання па справах аб сацыяліст. прапагандзе ў Пецярбургу, Гродне, «працэсе 137-і» ў Варшаве. У 1880 высланы ў Кастраму, у 1881 — у Цюменскую вобл., дзе ў 1884 удзельнічаў у хваляваннях ссыльнапасяленцаў. У 1886 вярнуўся ў Беласток. За сувязі з «Народнай воляй» і польскай рэв. арг-цыяй «Пралетарыят» у 1887 арыштаваны, у 1888 высланы ў Іркуцкую вобл.
В.М.Чарапіца.
т. 3, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕКРАШЭ́ВІЧ (Іван Іосіфавіч) (н. 6.6.1937, в. Плотніца Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1997). Скончыў БПІ (1962). З 1962 у Брэсцкім аблпраекце, ін-це «Белпрампраекг», з 1976 гал. архітэктар ін-та «Белсельбудпраект», з 1987 гал. архітэктар, з 1998 нам. гал. архітэктара Мінскай вобл. Асн. работы: генпланы прамысл. вузлоў у Гродне, Магілёве, Бабруйску і інш. гарадах (1964—74), комплексы з-даў у Брэсце, Віцебску, Гродне, Жодзіне, Бабруйску і інш. (1965—75), забудова вёсак Астрамечава Брэсцкага, Асавец Любанскага р-наў, пас. Жамчужны (усе 1978—85, у сааўт.), серыя сельскіх дамоў з маналітнага бетону (1984—86). З 1988 удзельнічае ў карэкціроўцы генпланаў гарадоў Мінскай вобл.
т. 11, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКІ́Н (Павел Пятровіч) (14.1.1769—22.11.1826),
расійскі архітэктар. Да 1788 вучыўся ў Пецярбургскай АМ. У 1786 працаваў у Ч.Камерона. У 1803—05 Гродзенскі губернскі архітэктар. Аўтар праектаў мураванага моста цераз Нёман і ратушы (пабудавана ў 1807), фіксацыйных чарцяжоў стараж. пабудоў у Гродне.
т. 9, с. 364
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК) у Гродне, Гродзенскі беларускі камітэт, прадстаўнічы орган бел. нац. арг-цый Гродзеншчыны ў 1918—22. Утвораны ў ліст. 1918. У яго кіраўніцтва ўваходзілі Я.Натусевіч (старшыня), У.Курбскі, Л.Дзекуць-Малей, пазней кааптаваны П.П.Аляксюк, Л.І.Заяц, Т.М.Вернікоўскі і інш. Выступаў супраць прарасійскай арыентацыі органаў мясц. самакіравання і земскіх устаноў. Ствараў бел. школы, культ.-асв. гурткі, кааператывы, выступаў за наданне бел. мове афіц. статуса. У снеж. 1918 склікаў бел. сялянскі з’езд Гродзенскага пав. У пач. 1919 выдаваў газ. «Зорка», у кастр. 1920 — студз. 1921 газ. «Беларускае слова». Намаганнямі Вернікоўскага ў студз. 1919 у Гродне адкрыты бел. клуб «Наша хатка». У лют. 1919 БНК правёў у склад магістрата Дзекуця-Малея. З прыходам у горад польск. легіянераў у маі 1919 фактычна спыніў дзейнасць, аднавіў яе ў сак. 1920. Новае кіраўніцтва [старшыня С.Баран (Баранаў), віцэ-старшыня А.Бялецкі, Дзекуць-Малей, У.Федарук і інш.] арыентавалася на бел. эсэраў і стаяла ў паліт. апазіцыі да польск. акупац. улад. Пры к-це створаны адм., арганізац., культ.-асв., дабрачынны аддзелы, юрыд. бюро. БНК ініцыіраваў стварэнне ў маі 1920 Бел. школьнай рады ў Гродне і гродзенскага кааператыва «Беларусь». Працаваў у кантакце з Цэнтральнай беларускай радай Віленшчыны і Гродзеншчыны, Часовым беларускім нацыянальным камітэтам у Мінску, Грамадой беларускай моладзі ў Гродне. З прыходам Чырв. Арміі ў ліп. 1920 зноў спыніў дзейнасць. Чл. БНК Баран і Дзекуць-Малей у жн. 1920 увайшлі ў склад Гродзенскага губ. рэўкома. Пасля вяртання польск. войскаў кіраўніцтва ў БНК перахапілі т.зв. паланафілы на чале з В.А.Адамовічам, у студз. 1920 да кіраўніцтва вярнуліся бел. эсэры (старшыня Баран). У 1921 БНК перайшоў на нелегальнае становішча.
У.В.Ляхоўскі.
т. 2, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НСКІ (Давыд Львовіч) (1857, г. Гродна — пасля 1916),
ваенны ўрач, падарожнік. Скончыў Гродзенскую гімназію, Пецярбургскую ваенна-мед. акадэмію (1882). Д-р медыцыны (1893). З 1889 урач Гродзенскага гусарскага палка. У 1892 разам з групай афіцэраў палка здзейсніў коннае падарожжа ў Індыю. З 1893 палкавы ўрач у Гродне. Чл. Гродзенскага таварыства ўрачоў. Сябраваў з А.Я.Багдановічам. У час італа-эфіопскай вайны 1895—96 у складзе рус. сан. атрада ўдзельнічаў у аказанні дапамогі Эфіопіі (Абісініі). З 1898 гал. ўрач ваен. шпіталя ў Гродне. З 1905 у Пецярбургу. Аўтар прац па медыцыне і ўспамінаў аб італа-эфіопскай вайне.
Тв.:
Харрар и его обитатели. Гродно, 1897;
Жизнь русского санитарного отряда в Харраре: (Из воспоминаний об Абиссинии). Гродно, 1899.
В.М.Чарапіца.
т. 5, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ЧЫГУНАЛІЦЕ́ЙНЫ ЗАВО́Д ЗЕМЛЯРО́БЧЫХ МАШЫ́Н.
Дзейнічаў у 1904—13 у Гродне. Выпускаў сячкарні і інш. с.-г. інвентар, экіпажныя восі. У 1908—10 меў рухавік магутнасцю 8 к.с., у 1913 — 35 к.с. У 1908 працавала 14 чал., у 1913 — 100 рабочых, выраблена прадукцыі на 120 тыс. руб.
т. 5, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)