БЕЛАРУ́СКАЯ ПА́РТЫЯ ЗЯЛЁНЫХ (БПЗ),

палітычная партыя сацыяльна-экалагічнага кірунку. Створана ў снеж. 1992. Кіруючы орган паміж з’ездамі — Зялёная рада. Асн. мэты — забеспячэнне грамадзянам Беларусі права пражывання ў здаровым асяроддзі, удзел у распрацоўцы заканад. актаў па ахове навакольнага асяроддзя і падрыхтоўцы праектаў рашэнняў, у т. л. альтэрнатыўных, якія маюць дачыненне да аховы і аздараўлення навакольнага асяроддзя. Найбольшыя арг-цыі ў Гомелі, Магілёве, Віцебску, Брэсце, Салігорску, Светлагорску.

т. 2, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ВА ПРЫТУ́ЛКУ,

права на ўезд і пражыванне, якое даецца дзяржавай замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства, якія на нявызначаны час застаюцца на тэрыторыі дадзенай дзяржавы, калі на радзіме яны церпяць праследаванне за паліт., рэліг. і інш. перакананні або нац. прыналежнасць. Дазвол на прытулак не цягне за сабой аўтаматычнага набыцця грамадзянства краіны. П.п. ў Рэспубліцы Беларусь замацавана ў арт. 12 Канстытуцыі. Асобам, абвінавачаным у крымінальных ці інш. злачынствах, П.п. не прадастаўляецца.

т. 12, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕРЫКА́НА-КІТА́ЙСКІ ДАГАВО́Р 1946 аб дружбе, гандлі і навігацыі.

Падпісаны 4.11.1946 у Нанкіне паміж ЗША і ўрадам Чан Кайшы. Фактычна нераўнапраўны дагавор меў на мэце замацаваць і пашырыць ролю амер. капіталу ў эканоміцы паўкалан. Кітая, забяспечыць манаполіям і грамадзянам ЗША усе правы, якімі карысталіся кіт. карпарацыі і грамадзяне; дэклараваў роўныя правы кітайцам у іх эканам. дзейнасці ў ЗША, што было не па сіле эканамічна слабаму Кітаю. Скасаваны ў 1949 пасля ўтварэння КНР.

т. 1, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВАКА́Т (лац. advocatus),

асоба, якая аказвае юрыд. дапамогу грамадзянам, прадпрыемствам, установам і арг-цыям, выступае ў якасці абаронца абвінавачанага на следстве і ў судзе. На Беларусі адвакатам можа быць грамадзянін, які мае вышэйшую юрыд. адукацыю, стаж работы па спецыяльнасці не менш як 3 гады або прайшоў стажыроўку ў адвакатуры, здаў кваліфікацыйны экзамен і атрымаў ліцэнзію на права займацца адвакацкай дзейнасцю. Прафесія вядома на Беларусі з 16 ст. Функцыі адваката ў судах выконваў пракуратар, правы і абавязкі якога былі рэгламентаваны Статутам ВКЛ 1588. Гл. таксама Адвакатура.

І.​І.​Пацяружа.

т. 1, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРО́Й ПРА́ЦЫ,

ганаровае званне, якое прысвойвалася ў 1927—38 у СССР грамадзянам за асаблівыя заслугі ў вытв. сферы, навук. дзейнасці, дзярж. або грамадскай службе пры стажы работы ў якасці рабочага або служачага не менш за 35 гадоў. Устаноўлена ЦВК і СНК СССР 27.7.1927. Узнагароджаныя і члены іх сем’яў карысталіся льготамі ў галіне жыллёвых правоў, нар. адукацыі, пенсіённага забеспячэння і падаткаабкладання. На Беларусі званне Героя Працы прысвойваў Прэзідыум, пазней Сакратарыят ЦВК БССР па прадстаўленні Цэнтр. Саюза прафсаюзаў Беларусі (ЦСПСБ). З увядзеннем у 1938 звання Герой Сацыялістычнай Працы прысваенне звання Героя Працы спынена.

т. 5, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КААПЕРАТЫ́Ў (ад лац. cooperatio супрацоўніцтва),

добраахвотнае аб’яднанне асоб на роўнапаявой аснове для сумеснай вытв-сці, збыту, закупкі, спажывання тавараў і аказання паслуг, буд-ва жылых дамоў і інш. Засн. на асабістым прац. удзеле сваіх членаў, выкарыстанні ўласнай або арандаванай маёмасці. Вышэйшы орган кіравання — агульны сход, які прымае статут, выбірае старшыню (у буйных К. — праўленне), зацвярджае ўтварэнне і размеркаванне даходаў (каштарыс). Адрозніваюць К.: вытворчыя (вырабляюць прадукцыю, выконваюць работы, прадастаўляюць платныя паслугі прадпрыемствам, арг-цыям, грамадзянам), спажывецкія (забяспечваюць патрэбы сваіх членаў і інш. грамадзян у гандл., быт. абслугоўванні і інш.), пасрэдніцкія (заняты ў сферы абарачэння, арг-цыі абмену, размеркавання і выкарыстання матэрыяльных даброт, садзейнічаюць пасрэдніцтву) і інш.

т. 7, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЛАДА́Я ПО́ЛЬШЧА»

(«Młoda Polska»),

польская эмігранцкая дэмакр. арг-цыя, якая існавала ў 1834—36 у Швейцарыі. Засн. ў г. Берн групай польск. карбанарыяў, была звязана з арг-цыяй «Маладая Еўропа». Выступала супраць сістэмы Свяшчэннага саюза, з дапамогай сваіх эмісараў вяла прапагандысцкую дзейнасць у Польшчы пад лозунгамі незалежнасці краіны, надання паліт. правоў усім яе грамадзянам, ажыццяўлення радыкальных сац. рэформ. Пазней «М.П.» ўзначаліў І.Лялевель, сярод інш. дзеячаў Ш.Канарскі, К.​Стольцман, Ф.​Навасельскі, К.​Залеўскі. Дзейнасцю арг-цыі ў Польшчы кіраваў створаны ў 1835 у Бруселі тайны «Саюз дзяцей польскага народа». Пасля 1836 чл. «М.П.» перайшлі ў арг-цыю «Аб’яднанне польскай эміграцыі» і ў Польскае дэмакратычнае таварыства.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 9, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́ЙНЯЯ НЕАБХО́ДНАСЦЬ (юрыд.),

становішча, пры якім асоба шляхам учынення грамадска небяспечных дзеянняў прадухіляе небяспеку, што пагражае інтарэсам дзяржавы, грамадства, грамадзянам або непасрэдна дадзенай асобе і яе правам. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь не лічыцца злачынствам і выключае крымін. адказнасць пры ўмове, што небяспека не магла быць прадухілена інш. сродкамі, а нанесеная пры К.н. шкода менш значная, чым тая, якая была прадухілена. Аднак шкода, нанесеная пры К.н., падлягае кампенсацыі асобай, якая яе нанесла. Прымаючы пад увагу абставіны, пры якіх была нанесена шкода, суд можа ўскласці абавязак яе кампенсацыі на трэцюю асобу, у інтарэсах якой дзейнічаў той, хто яе нанёс, або вызваліць іх ад кампенсацыі шкоды поўнасцю ці часткова.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 8, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫЯ ЛЕ́НІНСКІЯ ПРЭ́МІІ МІ́РУ,

ганаровыя ўзнагароды, якія прысуджаліся К-там па Міжнар. Ленінскіх прэміях міру (створаны Прэзідыумам Вярх. Савета СССР з удзелам прадстаўнікоў міралюбівых арг-цый інш. краін) грамадзянам любой краіны і міжнар. грамадскім арг-цыям за выдатныя заслугі ў барацьбе за мір і дружбу паміж народамі. Засн. ў 1949 як Міжнар. Сталінскія прэміі «За ўмацаванне міру і дружбы паміж народамі», у 1956—89 — Міжнар. Ленінскія прэміі «За ўмацаванне міру паміж народамі». Прысуджаліся да 1990. Сярод лаўрэатаў вядомыя палітыкі, вучоныя, дзеячы л-ры і мастацтва: Ф.Жаліо-Кюры (1950), Ж.Амаду (1951), П.Робсан (1952), П.​Нэруда (1953), Л.Кардэнас (1955), М.С.Хрушчоў (1958), Сукарна (1959), Д.Сікейрас, Р.Кент (1966), С.Альендэ Госенс (1972), І.Гандзі (1985, пасмяротна) і інш.

т. 10, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУ́ЛЬНАЯ ЎЛА́СНАСЦЬ,

маёмасць, якая адначасова належыць двум і болей уласнікам, незалежна ад формы ўласнасці. У Рэспубліцы Беларусь можа належаць двум або некалькім арг-цыям, дзяржаве і адной або некалькім арг-цыям, двум і болей грамадзянам. Агульная ўласнасць, у якой вызначана доля, што належыць кожнаму ўласніку, з’яўляецца іх долевай уласнасцю. Агульная ўласнасць, дзе такая доля не вызначана, — іх сумесная ўласнасць. Валоданне, карыстанне і распараджэнне агульнай уласнасцю ажыццяўляецца са згоды ўсіх яе ўдзельнікаў; у выпадку рознагалосся вызначаецца праз суд па іску любога з яе ўдзельнікаў.

Кожны ўдзельнік агульнай долевай уласнасці абавязаны суразмерна са сваёй доляй удзельнічаць у выдатках на зборы, падаткі і інш. плацяжы па агульнай маёмасці; мае права на адчужэнне сваёй долі інш. асобе ці вылучэнне яе з агульнай маёмасці. Пры продажы долі пабочнай асобе астатнія ўдзельнікі агульнай долевай уласнасці маюць пераважнае права куплі.

Г.​А.​Маслыка.

т. 1, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)