вёска ў Чэрвеньскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Чэрвень—в. Якшыцы. Цэнтр сельсавета. За 24 км на ПдУ ад г. Чэрвень, 86 км ад Мінска, 10 км ад чыг. ст.Градзянка. 444 ж., 166 двароў (1999).
З канца 18 ст. ў Ігуменскім пав. Мінскай губ. У 1897 было 377 ж., 65 гаспадарак, царква, крама, кузня. У 1917 існавалі Старыя і Новыя Л. З 1924 Старыя Л. — цэнтр сельсавета. У Вял.Айч. вайну ў студз. 1943 партызаны разграмілі фаш. гарнізон у Старых Л., за што гітлераўцы расстралялі 45 жыхароў вёскі. У 1966 Старыя і Новыя Л. аб’ядналіся ў адну вёску Л.
Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання. Магіла ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГУШЭ́ВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Бярэзінскім раёне Мінскай вобл., на р. Уса. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на ПдЗ ад г. Беразіно, 98 км ад Мінска, 30 км ад чыг. ст.Градзянка. 500 ж., 190 двароў (1995).
Упершыню ўпамінаюцца ў 1501 як маёнтак. У 1568 на Багушэвічы напалі ўзбр. сяляне Свіслацкай вол., што збеглі ад пана. Пазней Багушэвічы — рамесніцка-гандл. мястэчка з прыстанню, вадзяным млыном, 2 разы на год праводзіліся кірмашы. Належалі Завішам, Ваньковічам, Свентаржэцкім. У 18 ст. цэнтр графства. У 1862 адкрыта школа, працавалі пошта, касцёл, царква, 4 сінагогі. Пасля эміграцыі Б.Свентаржэцкага, які ўдзельнічаў ў паўстанні 1863—64, Аляксандр І падараваў мястэчка Шалгунову. У 1897 былі 524 ж. Да 1917 цэнтр воласці Ігуменскага пав., 785 ж. ў 1927. У 1929 арганізаваны калгас.
Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, аддз. сувязі, касцёл (помнік архітэктуры 19 ст.). Гарадзішча 1 ст. да нашай эры — 2 ст. нашай эры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІПО́ВІЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да чэрв. 1944 у г. Асіповічы і Асіповіцкім раёне. Аб’ядноўвала 33 падп. групы, больш за 120 чал. У ліп.—снеж. 1941 створаны групы на ст. Асіповічы і ў паравозным дэпо (кіраўнікі М.С.Шведаў, В.П.Сянюк, У.М.Бандарэнка, А.А.Пазняк), з рамонтнікаў паравознага дэпо (А.Ф.Чайкоўскі), у «Заготзбожжы» і прадуктовым складзе (М.Ф.Лемеш, В.К.Малевіч, Ф.У.Верхаводка), на радыёвузле (Ф.А.Крыловіч, Г.Б.Сакалоўскі), у чыг. і гар. бальніцах (П.С.Казак, Е.П.Шамко, В.А.Працко), у в. Брыцалавічы, Ліпень, пас.Градзянка, 2 групы ў горадзе. У Крас.—жн. 1943 у Асіповічах створана яшчэ 20 падп. маладзёжных груп. Патрыёты распаўсюджвалі лістоўкі, вялі разведку, здабывалі зброю і боепрыпасы, медыкаменты, рабілі дыверсіі на чыгунцы, вывезлі з друкарні шрыфт, паперу, фарбу. У ноч на 30.7.1943 здзейснілі адну з буйнейшых дыверсій Вял. Айч. вайны: падпольшчык Крыловіч дзвюма магнітнымі мінамі замініраваў эшалон з палівам; ад іх выбуху пачаўся пажар, ад якога на працягу 10 гадзін згарэлі 3 эшалоны з авіябомбамі і снарадамі, 1 эшалон з новымі танкамі «Тыгр», які накіроўваўся ў раён Курскай бітвы. Усяго падпольшчыкі на чыг. ст. Асіповічы ўзарвалі 30 воінскіх эшалонаў, вывелі са строю больш за 70 паравозаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАЗІНО́,
горад у Беларусі, цэнтр Бярэзінскага р-на Мінскай вобл., прыстань на р. Бярэзіна. За 101 км ад Мінска, 50 км ад чыг. ст.Градзянка, на аўтадарозе Мінск—Магілёў. 13,3 тыс.ж. (1995). У Беразіно прадпрыемствы паліўнай, харч., лясной, лёгкай прам-сці. Помнік архітэктуры 19 ст. — сядзібны дом.
Упершыню ўпамінаецца ў 1501 як мястэчка ў Любашанскім старостве ВКЛ. З 1560-х г. у Мінскім пав., наз. Ніжняе Беразіно, належала Сапегам, з 1671 — Тышкевічам. У 1641 пабудаваны драўляны касцёл (у 1914 згарэў). З 1668 Беразіно мела прывілей на гандаль і штогадовы кірмаш. У час антыфеад. вайны 1648—51 тут адбыліся вял. баі. З 1793 у Пагосцкай вол. Ігуменскага пав.Рас. імперыі, належала Патоцкім. У 1-й пал. 19 ст. дзейнічала суконная мануфактура. У 1880 у Беразіно 3181 ж. Купцы з Беразіно гандлявалі дрэвам, пянькой, прадуктамі са смалы. З 1892 працавалі бровар, канатная ф-ка, млын. У 1897 — 4987 ж., нар. вучылішча, школа. У 1905 адбыліся забастоўкі рабочых і рамеснікаў. У лютым—снеж. 1918 акупіравана герм., са жн. 1919 да ліп. 1920 — польск. войскамі. У 1924—62 і з 1965 цэнтр раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. З 3.7.1941 да 3.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі тут 1,2 тыс.чал.; дзейнічала падп. група. У 1962—65 у Чэрвеньскім р-не. З 7.3.1968 горад. У 1989 — 12,7 тыс.ж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІПО́ВІЦКІ РАЁН,
у Беларусі, на ПдЗ Магілёўскай вобласці. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,9 тыс.км². Нас. 25,5 тыс.чал. (1995), гарадскога 21%. Сярэдняя шчыльн. 14 чал./км². Цэнтр — г.Асіповічы; рабочыя пасёлкі Градзянка, Татарка, Ялізава, 153 сельскія нас. пункты. 12 сельсаветаў: Асіповіцкі, Вяззеўскі, Дараганаўскі, Дрычынскі, Камяніцкі, Карытненскі, Лапіцкі, Ліпеньскі, Пагарэльскі, Пратасевіцкі, Свіслацкі, Ясенскі.
Раён знаходзіцца ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Пераважаюць выш. 150—170 м, найвыш. пункт 206,5 м (за 4 км на З ад в. Пратасевічы). Карысныя выкапні: торф, буд. пяскі, гліны. Сярэдняя т-ра студз. -6,7 °C, ліп. 18,7 °C. Ападкаў 640 мм за год. Вегетацыйны перыяд 192 сут. Рэкі Бярэзіна з прытокам Свіслач і Пціч. Асіповіцкае вадасховішча (на Свіслачы). Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя і тарфяна-балотныя. Пад лясамі 57% тэр. раёна.
Пад с.-г. ўгоддзямі 61,7 тыс.га, з іх асушана 22,1 тыс.га. На 1.1.1995 у Асіповіцкім раёне 18 калгасаў і 1 саўгас. Развіты малочна-мясная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя (жыта, ячмень, авёс, пшаніца, грэчка), кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Прадпрыемствы па вытв-сці буд. матэрыялаў (шкло), дрэваапр. (штакет, піламатэрыялы, садовыя домікі), харч. (спірт, рыба, масла, кансервы) прам-сці. Торфапрадпрыемствы. Асіповіцкая ГЭС. Раён перасякаюць чыгункі Мінск—Бабруйск (з адгалінаваннем на Градзянку) і Магілёў—Баранавічы, шаша Мінск—Гомель. У раёне 19 сярэдніх, 4 базавыя і 2 пач. школы, дзіцяча-юнацкая старт. школа, 21 дашкольная ўстанова, 35 бібліятэк, 12 бальнічных устаноў, 21 фельчарска-акушэрскі пункт. Дзіцячыя санаторыі «Вяззе» і «Лапічы». Помнік прыроды — парк у в. Дуброва (закладзены ў 1909). Выдаецца раённая газ. «Запаветы Леніна».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ЧЫГУ́НКА,
вытворча-эксплуатацыйнае падраздзяленне трансп. комплексу Рэспублікі Беларусь. У сучасных межах дзейнічае з 1953. У снеж. 1991 аддзялілася ад адзінай чыгункі б.СССР і стала самастойная. Агульная эксплуатацыйная даўж. чыгункі 5542,8 км, з іх 875 км электрыфікавана (1995).
У канцы 19 ст. Беларусь стала адным з самых развітых чыгуначна-транспартных рэгіёнаў Рас. імперыі. За 1860—80 тут здадзена ў эксплуатацыю больш за 2 тыс.кмчыг. ліній, на пач. 20 ст. — яшчэ каля 1 тыс.км. У 1913 даўжыня чыг. сеткі перавышала 3,8 тыс.км. Паскоранае буд-ва чыгунак абумоўлена эканам. і ваенна-паліт. інтарэсамі Расіі ў перыяд яе капіталіст. развіцця і геагр. размяшчэннем Беларусі. Першая на Беларусі чыг. лінія Парэчча—Гродна (30 км) і далей да сучаснай граніцы з Польшчай пачала дзейнічаць у 1862 як частка Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі. У 1866—69 пабудаваны чыг. ўчастак Завольша—Віцебск—Полацк—Бігосава (уваходзіў у склад Рыга-Арлоўскай чыгункі). Але пачаткам развіцця беларускай чыгункі лічыцца 1871, калі ў эксплуатацыю здадзена магістраль Смаленск—Мінск—Брэст, якая на вузлах Орша, Мінск, Баранавічы, Брэст аб’яднала лініі розных напрамкаў і вызначыла асн. кірункі фарміравання беларускай чыгункі. У 2-й пал. 19 ст. пракладзена (адна з першых на Беларусі) вузкакалейка ад р. Сож да Старынкаўскага чыгуналіцейнага з-да (Слаўгарадскі р-н). У 1873 пабудаваны чыг. ўчастак Ковель—Брэст (частка чыг. лініі Брэст—Бярдзічаў), пачаўся рух паяздоў па лініі Вільня—Мінск—Гомель (участак будучай Лібава-Роменскай чыгункі). У 1882—87 пачала дзейнічаць сетка Палескіх чыгунак (працягласць больш за 1 тыс.км), якія звязалі Прыбалтыку з зах. губернямі Украіны і цэнтр. Расію з Польшчай. На пач. 20 ст. пракладзены яшчэ 2 чыг. магістралі, якія злучылі Пецярбург з паўд. губернямі Расіі і Польшчай: Віцебск—Орша—Магілёў—Жлобін—Оўруч (1904—16) і Невель—Полацк—Маладзечна—Ліда—Ваўкавыск (1907) з выхадам да сучаснай граніцы з Польшчай і адгалінаваннем Масты—Гродна. Пабудаваны таксама лініі мясц. значэння: Крулеўшчына—Варапаева, Вярэйцы—Градзянка, Асіповічы—Старыя Дарогі—Слуцк, Васілевічы—Хойнікі і інш.Буд-ва чыгунак вялося ўручную, выкарыстоўваліся рэйкі лёгкага тыпу, масты будаваліся пераважна драўляныя. Эксплуатаваліся паравозы малой магутнасці і 2-восевыя таварныя вагоны грузападымальнасцю 15—16 т. У 1915—17 пабудаваны чыг. лініі на ўчастках Жлобін—Калінкавічы, Калінкавічы—Оўруч (Украіна), Полацк—Ідрыца (Расія). У 1922 на базе Аляксандраўскай, Маскоўска-Балтыйскай і інш. участкаў дарогі створана Маскоўска-Беларуска-Балтыйская чыгунка. У эксплуатацыю ўведзены новыя чыг. лініі: Орша—Унеча (1923), Орша—Лепель (1927), Чарнігаў—Гомель (1930), Рослаў—Крычаў—Магілёў—Асіповічы (1931), Бабруйск—Старушкі (1939), Варапаева—Друя (1933). Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР (1939) створаны Брэст-Літоўская чыгунка і Беластоцкая чыгунка (кіраўніцтва ў Беластоку). У 1939 Беларусь абслугоўвалі Заходняя, Беларуская (кіраўніцтва ў Гомелі), Брэст-Літоўская і Беластоцкая чыгункі. У Вял. Айч. вайну, каб перашкодзіць дастаўцы жывой сілы і ваен. тэхнікі ворага на фронт, бел. партызаны вялі на беларускай чыгунцы актыўныя баявыя дзеянні, у т. л.рэйкавую вайну. Гітлераўскія акупанты ў час адступлення знішчалі чыг. палатно, паравозы, дэпо, станцыі. У пасляваен. перыяд беларуская чыгунка ў асн. адноўлена (да 1950). У 1951 Брэст-Літоўская чыгунка і Мінскае аддзяленне Зах. чыгункі аб’яднаны ў Мінскую чыгунку, якая ў 1953 далучана да беларускай чыгункі (кіраўніцтва ў Мінску). У 1957 Беларусі перададзены Аршанскае і Віцебскае аддзяленні Калінінскай чыгункі (РСФСР). У выніку чыг. сетка рэспублікі супала з адм. граніцамі БССР. Ажыццяўлялася рэканструкцыя і пераўзбраенне чыгункі, падведзены лініі да буйных новабудоўляў: да Салігорска, Бярозаўскай ДРЭС, Полацкага нафтаперапр. аб’яднання і інш. Да 1973 найважнейшыя магістралі пераведзены на цеплавую цягу. У 1963 электрыфікаваны першы ўчастак чыгункі Мінск—Аляхновічы. З 1981 рэгулярны рух электрапаяздоў адкрыты па маршруце Мінск—Масква, з 1989 — на ўсёй лініі Брэст—Масква. Электрыфікаваны таксама ўчасткі Аляхновічы—Маладзечна (1966) і Мінск—Асіповічы (1973). Скорасць пасаж. паяздоў дасягнула 120—140 км/гадз, грузавых — 100 км/гадз. На вакзалах і чыг. станцыях наладжана даведачна-інфарм. служба, з 1989 уведзена аўтаматызаваная сістэма браніравання і продажу білетаў «Экспрэс-2» на пасаж. паязды і даведачна-інфарм. сістэма «ВІЗІНФОРМ» у Мінску, Гомелі і Брэсце. Пачата (1989) буд-ва буйнога вакзальнага комплексу ў Мінску. Курсіруюць камфартабельныя паязды «Беларусь», «Буг», «Дняпро», «Мінскі», «Няміга» і інш. Дзейнічаюць 2 выліч. цэнтры (Мінск, Брэст) і спец. бюро па распрацоўцы аўтаматызаваных сістэм кіравання ў Гомелі.
Шчыльнасць чыг. сеткі Беларусі больш за 26 км на 1 тыс.км². У складзе беларускай чыгункі 6 аддзяленняў (Баранавіцкае, Брэсцкае, Віцебскае, Гомельскае, Магілёўскае, Мінскае), больш як 400 станцый, 9 дэпо па рамонце вагонаў, 17 дэпо па рамонце лакаматываў і інш. прадпрыемствы. Парк грузавых вагонаў налічвае каля 36 тыс. адзінак трансп. сродкаў, пасажырскі парк мае больш за 1 тыс. цягавых сродкаў (цеплавозы, электравозы, дызель-паязды, электрапаязды і інш.). У 1995 беларускай чыгункай перавезена 73,4 млн.т. грузаў і 147,3 млн. пасажыраў. Грузаабарот склаў 25,5 млн.т/км, пасажыраабарот — 12,5 млн. пасажыра-км. Беларуская чыгунка — чл.міжнар. Арганізацыі супрацоўніцтва чыгунак і Міжнар. саюза чыгунак. Гл. схему.
Літ.:
Кацяш Г. Стальныя магістралі рэспублікі. Мн., 1957;