ГО́МЕЛЬСКІ ГІСТПА́РТ,

першая ў Беларусі камісія па зборы і вывучэнні матэрыялаў па гісторыі Кастр. рэвалюцыі 1917 і РКП(б). Існаваў у снеж. 1920—27 як гіст.-рэв. аддзел пры Гомельскім губ. к-це РКП(б). Падтрымліваў сувязі з удзельнікамі рэв. руху і грамадз. вайны, арганізоўваў выстаўкі, лекцыі, вечары ўспамінаў, фарміраваў архіў па гісторыі бальшавізму і рэв. руху ў губерні. Друкаваў матэрыялы ў час. «Известия Гомельского губкома...». Выдаў зборнік артыкулаў і ўспамінаў «Рэвалюцыйная барацьба ў Гомельскай губерні» (1921), брашуры Г.Лялевіча «Кастрычнік ў стаўцы», «Стракапытаўшчына», «Лідзія Язерская...» (усе 1922), кнігу матэрыялаў па гісторыі с.-д. і рабочага руху ў 1893—1905 на Гомельшчыне «1905 год у Гомелі і Палескім раёне» (1925), рыхтаваў зб-кі дакументаў, матэрыялаў і ўспамінаў «Кастрычнік у Магілёўскай губерні», «1918 год» (пра падп. работу і партыз. рух на Гомельшчыне ў перыяд ням. акупацыі), «Да гісторыі грамадзянскай вайны» (пра стракапытаўскі мяцеж і інш.), зборнік біягр. матэрыялаў пра змагароў за сав. ўладу і інш.

У.М.Міхнюк.

т. 5, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ КААПЕРАТЫ́ЎНЫ ІНСТЫТУ́Т.

Засн. ў 1980 на базе Гомельскага філіяла (у 1976—79; у 1968—75 Гомельскі ф-т) Маскоўскага каап. ін-та. У 1996/97 навуч. г. ф-ты: камерцыйны, улікова-фінансавы, эканомікі і кіравання, завочны, павышэння кваліфікацыі, даінстытуцкай падрыхтоўкі, спец. ф-т (дае эканам. адукацыю). Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1995. Мае рэдакцыйна-выдавецкі аддзел.

т. 5, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ВАГОНАРАМО́НТНЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў 1874 як Гомельскія галаўныя майстэрні Лібава-Роменскай чыгункі. У 1928 перайменаваны ў Гомельскі паравозавагонарамонтны завод. У гады Вял. Айч. вайны разбураны. У ліп. 1944 аднавіў вытворчасць. З 1945 спецыялізуецца на рамонце. Асн. вытв. дзейнасць: пераабсталяванні пасажырскіх вагонаў (у тэхн.-службовыя, мостадаследчыя, флюараграфічныя, лятучай сувязі, бізнес-класныя, радыёстанцыйныя). Вырабляе больш за 1000 найменняў запчастак для чыг. транспарту, а таксама тавары нар. ўжытку.

А.А.Саламонаў.

т. 5, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д «СТРОМАЎТАЛІ́НІЯ»,

Гомельскі завод па вырабе абсталявання ў аўтаматычную лінію для вытворчасці будаўнічых матэрыялаў. Засн. ў 1895 як рамонтна-мех. майстэрні «Рухавік» па рамонце лесапільных, маслабойных з-даў і млыноў. У 1920-я г. наз. «Рухавік рэвалюцыі», выпускаў с.-г. машыны. З 1930 спецыялізаваўся на рамонтных работах і вытв-сці запчастак для трактароў. У Вял. Айч. вайну эвакуіраваны ў г. Аткарск Саратаўскай вобл. Пасля аднаўлення ў Гомелі (1943—44) выпускаў тарфяныя машыны. З 1966 Гомельскі з-д тарфянога машынабудавання («Тарфмаш»). З 1983 сучасная назва. Асн. Прадукцыя (1997): абсталяванне і запчасткі для прадпрыемстваў прам-сці буд. матэрыялаў. Пастаўляе прадукцыю ў краіны СНД, супрацоўнічае з Фінляндыяй, Германіяй, Францыяй, Італіяй, Кубай, Сірыяй.

т. 5, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ПОЛІТЭХНІ́ЧНЫ ТЭ́ХНІКУМ.

Засн. ў Гомелі ў 1946. Спецыяльнасці (1996/97 навуч. г.): электратэхніка; машыны і абсталяванне ляснога комплексу; тэхналогія дрэваапрацоўчых вытв-сцей; лесанарыхтоўка драўніны; маркетынг. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 5, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ РАЁН,

на У Гомельскай вобл. Утвораны 8.12.1926. Пл. 2,1 тыс. км². Нас. 73,6 тыс. чал. (1996), гарадскога 3,9%. Сярэдняя шчыльн. 35 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Гомель, рабочы пас. Бальшавік, 188 сельскіх нас. пунктаў, 25 сельсаветаў: Аздзелінскі, Бабовіцкі, Глыбоцкі, Грабаўскі, Давыдаўскі, Даўгалескі, Дзятлавіцкі, Зябраўскі, Красненскі, Маркавіцкі, Пакалюбіцкі, Прыбарскі, Прыбыткаўскі, Рудня-Марымонаўскі, Старабеліцкі, Улукаўскі, Урыцкі, Целяшоўскі, Цярухскі, Цярэніцкі, Цярэшкавіцкі, Шарпілаўскі, Чарацянскі, Чанкаўскі, Яромінскі. Раён моцна пацярпеў у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986).

Раён размешчаны ў межах Гомельскага Палесся, паўн.-зах. частка — у межах Чачорскай раўніны. Паверхня пераважна нізінная, выш. 120—140 м, найвыш. пункт 160,3 м (каля в. Зябраўка). Карысныя выкапні: торф, гліны для грубай керамікі, пясок. Сярэдняя т-ра студз. -6,9 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 590 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Асн. рака Сож з прытокамі Іпуць, Вуць, Церуха, Уза. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, дзярнова і дзярнова-карбанатныя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 34,9% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя, бярозавыя і дубовыя. Пад балотамі 14,1 тыс. га, найб. масівы — Кабылянскае балота, Вадапой, Жарэбна-Конскае балота.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 95 тыс. га, з іх асушаных 33,9 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 14 калгасаў, 19 саўгасаў, 3 птушкафабрыкі, саўгас «Цяплічны», 8 дапаможных гаспадарак. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, агародніцтва, бульбаводства. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, шкляной, харч. і паліўнай прам-сці. Гомель — чыг. вузел, напрамкі на Мазыр, Жлобін, Навазыбкаў (Расія), Бахмач, Чарнігаў (Украіна); аўтадарогі на Магілёў, Бабруйск, Калінкавічы, Чарнігаў, Навазыбкаў. Суднаходства па р. Сож. У раёне (без Гомеля) 2 ПТВ, 24 сярэднія, 13 базавых і 7 пач. школ, 9 муз. школ, школа-інтэрнат, 38 дашкольных устаноў, 43 клубы і дамы культуры, 48 б-к, 7 бальніц, 38 фельч.-ак. пунктаў. Курорт Чонкі, турбаза «Сож». Помнікі архітэктуры: царква (1-й пал. 19 ст.) у в. Гадзічава; царква Раства Багародзіцы (1881) і будынак царк.-прыходскай школы (канца 19 ст.) у в. Глыбоцкае; парк (2-й пал. 19 ст.) у в. Грабаўка; сядзібны дом («паляўнічы домік», 2-й пал. 19 ст.) у в. Каралёўка; паштовая станцыя (2-й пал. 19 ст.) за 3 км на У ад в. Сеўрукі; Мікалаеўская царква (1-й пал. 18 ст.) і сядзіба (канца 18 — пач. 19 ст.) у в. Старая Беліца; Успенская царква (1865—68) у в. Чарацянка. Помнік абаронцам Гомеля ў пачатку Вял. Айч. вайны ў в. Пакалюбічы. Выдаецца газ. «Маяк».

Г.С.Смалякоў.

т. 5, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д «ЭМАЛЬПО́СУД».

Створаны ў 1925 на аснове прамысл. бляшанай арцелі «Молат». З 1956 наз. «Металазавод», з 1963 — «Сантэхабсталяванне», з 1977 — «Эмальпосуд». Асн. прадукцыя: сантэхн. чыгунныя эмаліраваныя вырабы, стальны эмаліраваны посуд, інш. тавары нар. ўжытку і вытв.-тэхн. прызначэння.

т. 5, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫ ТЭ́ХНІКУМ.

Засн. ў Гомелі ў 1956. Рыхтуе бухгалтараў, прававедаў, эканамістаў. Спецыяльнасці (1996/97 навуч. г.): бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт; эканоміка і кіраванне прадпрыемствам; правазнаўства. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 5, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ТЛУ́ШЧАВЫ КАМБІНА́Т.

Створаны ў 1932 як маргарынавы з-д. З 1936 тлушчавы камбінат з гідролізным і мылаварным з-дамі. У Вял. Айч. вайну разбураны. Адноўлены ў 1948. Асн. прадукцыя (1997): маргарын, маянэз, мыла гаспадарчае і туалетнае, саламас.

т. 5, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ПОЛІТЭХНІ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т імя П.В.Сухога. Засн. ў Гомелі ў 1981 на базе філіяла Бел. політэхн. ін-та. 27.6.1995 прысвоена імя П.В.Сухога. У 1996/97 навуч. г. ф-ты: машынабудаўнічы, аўтаматыкі і электрамеханікі, механіка-тэхналагічны, завочны, даінстытуцкай падрыхтоўкі. Аспірантура з 1994. Навучанне дзённае і завочнае. Мае музей гісторыі ін-та.

т. 5, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)