Разгламаздзі́ць ’разабраць, расплесці’ (Юрч. СНЛ), разгламазда́чыць, разгламаздзя́чыць ’разгрувасціць’ (Юрч. СНЛ), разгломоздзи́ць ’раструшчыць’ (Нас.), гламза́ ’неакуратная асоба’, гламжэ́нне ’псаванне, неакуратная работа’ (Юрч. СНЛ). Здзіўляе фармальнае падабенства з гламазда́ ’расцяпа, нехлемяжы і пад.’ (гл.), але ў такім выпадку застаюцца незразумелымі семантычныя сувязі. Апошнія формы можна параўнаць з літ. glamužỹs ’кіпа’, ’стос’, glámžymas ’камячанне’, glámžyti ’камячыць’. Фармальнае падабенства прымушае меркаваць і пра сувязь з гро́мазд (гро́мызд, гро́мыст) ’вялікія непатрэбныя рэчы, хлам’ (Юрч.; мсцісл., Нар. сл.), рус. гро́мо́зд ’куча непатрэбных рэчаў, хлам’, громозди́ть ’бязладна класці’, польск. gromaździć ’нагрувашчваць’, якія звязаны з грамада́ (гл.), а ‑л‑ на месцы ‑р‑ узнікла пад уплывам слова гламазда.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гламава́ты ’прыдуркаваты’ (Шат.). Няяснае слова Можа, звязана з групай слоў, якія Слаўскі (1, 281) прыводзіць для польск. glamać ’чмякаць у час яды, неакуратна есці’ (серб.-харв. glamàzati ’багата і не да ладу гаварыць; абдурваць і да т. п.’) і якія ён лічыць гукапераймальнымі. Няпэўна. Параўн. яшчэ гламазда́ (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мазголіць 1 ’біць, у прыватнасці, па галаве’, ’уціраць масла ў валасы’, ’брудзіць чым-небудзь тлустым’ (Нас.), мазголіцца ’доўга поркацца з якім-небудзь прадметам’, ’пэцкацца (напр., грызучы косць)’ (Нас.). Разам з мазоліць, мазоліцца (гл.), астр, мазолі́ць (Сл. ПЗБ) належыць да гнязда мазол (гл.), якое з прасл. mozgoliti ’ціснуць, націраць мазоль’, а апошняе ў выніку метатэзы ўзнікла з glomoziti, параўн. чэш. (h)lomoziti, бел. гламаздзіць ’біць па галаве’, гламазда́, гламаздава́ты (гл.) (гл. Махэк₂, 377); Брукнер (346) выводзіць гэту лексему з літ. mãzgas ’супель’, ’почка на дрэве’, а Фасмер (2, 638–639) — з *мъзга. Сюды ж: мазголенне ’важданне, порканне’, ’частыя ўдары па галаве’, ’мазанне валасоў’ (Нас.).
Мазголіць 2 ’выдумваць’ (лід., Сцяшк. Сл.). Утворана ад мазгол ’чалавек, з галавой’. Параўн. рус. разан. мозгаль ’тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)