МЕНДЭЛЬСО́Н, Мендэльсон-Бартольдзі (Mendelssohn-Bartholdy) Якаб Людвіг Фелікс (3.2.1809, г. Гамбург, Германія —4.11.1847), нямецкі кампазітар, піяніст, арганіст, дырыжор, муз. дзеяч; адзін з прадстаўнікоў ням. рамантызму, заснавальнік лейпцыгскай школы. Музыцы вучыўся ў Л.Бергера (фп.) і К.Ф.Цэльтэра (кампазіцыя). З 1833 музік-дырэктар у Дзюсельдорфе, з 1835 дырыжор і кіраўнік аркестра Гевандхаўза. Заснавальнік першай ням. кансерваторыі (Лейпцыг, 1843). У творчасці спалучаў прынцыпы рамантызму з арганічным развіццём класічных традыцый. У яго музыцы яснасць і ўраўнаважанасць, элегічнасць тону, апора на быт. формы музіцыравання, інтанацыі ням. песеннасці і пратэстанцкага харалу спалучаюцца з маляўнічасцю аркестроўкі, трапяткой усхваляванасцю, прасветленай летуценнасцю. Адзін з заснавальнікаў рамант. сімфанізму, у т. л. жанру праграмнай канцэртнай уверцюры. Сярод твораў: оперы «Вяселле Камача» паводле М.Сервантэса (паст. 1827), «Вяртанне з чужыны» (паст. 1829), «Ларэлея» (паст. 1852, незак.), араторыі «Павел» (1836), «Ілія» (1846), «Хрыстос» (незак.), царк.хар. музыка, кантаты; 5 сімфоній (1824—42), у т. л. Італьянская (1833) і Шатландская (1842); 7 канцэртных уверцюр, у т. л. «Гебрыды, або Фінгалава пячора» (1830); 13 сімфоній для стр.арк. (1821—23); канцэрты з арк., у т. л. для фп. (1831, 1837), для скрыпкі (1844); камерныя ансамблі, у т. л. 4 фп., 7 стр. квартэтаў; творы для фп., у т. л. 48 «Песень без слоў» (1829—45), для аргана, у т. л. 6 санат; каля 60 хароў, больш за 100 песень; музыка да драм. спектакляў (у т. л. да п’есы «Сон у летнюю ноч» У.Шэкспіра) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛАНЕ́ЗІЯ [ад грэч. melas (melanos) чорны + nēsos востраў],
адна з асн. астраўных груп Акіяніі, у паўд.-зах.ч. Ціхага ак., якая працягнулася ад экватара да тропіка Казярога на 5 тыс.км. Гал. астравы і архіпелагі: Новая Гвінея, Бісмарка архіпелаг, Саламонавы астравы, Новыя Гебрыды, Новая Каледонія, Фіджы. Агульная пл. каля 1 млн.км². Нас. больш за 5 млн.чал. (1995). Астравы мацерыковага і вулканічнага паходжання, утвораныя ў альпійскую складкавасць. Складзены з крышт., метамарфічных, ападкавых і вулканічных адкладаў. Амаль усе астравы гарыстыя. Горы выш. да 2000 м на архіпелагу Бісмарка, Саламонавых а-вах; на Новай Гвінеі г. Джая — 5029 м. М. — раён вулканізму і сейсмізму (дзеючы вулкан Багана на в-ве Бугенвіль, вулканы на Новых Гебрыдах і інш.). Многія астравы абкружаны або складзены каралавымі рыфамі. Уздоўж зах. берага Новай Каледоніі доўгая паласа бар’ерных рыфаў. Клімат экватарыяльны, субэкватарыяльны, на паўд. астравах — трапічны. Сярэднія т-ры 25—28 °C. Гадавая колькасць ападкаў на наветраных схілах гор прыэкватарыяльных астравоў 7000—9000 мм, на астатняй тэрыторыі — 1000—2000 мм. Рачная сетка густая. Найб. колькасць рэк на Новай Гвінеі (буйныя рэкі Флай і Дыгул). На буйных паўн. астравах — вільготныя экватарыяльныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў (пальмы, хлебнае, дыннае дрэвы, фікусы-каўчуканосы і інш.). На схілах гор з выш. 900—1000 м размешчаны горныя гілеі. На астравах у цэнтр. і паўд. частках М. пераважаюць мусонныя лясы, а ў больш засушлівых абласцях — саванны. Трапічнае земляробства. Лесанарыхтоўкі. Рыбалоўства. Здабыча жэмчугу і перламутравых ракавін, руд нікелю (Новая Каледонія), медзі (Саламонавы а-вы).