ГДА́НЬСКІ ЗАЛІ́Ў, Гданьская бухта (польск. Zatoka Gdańska),
заліў Балтыйскага м., каля берагоў Польшчы і Расіі. Даўж. да 74 км, шыр. каля ўваходу 107 км, глыб. да 115 м. У Гданьскі заліў упадае р. Вісла. Салёнасць 8 ‰. На ПнЗ Гэльская каса аддзяляе ад Гданьскага заліва Пуцкую бухту, на ПдУ Балтыйская каса — Віслінскі і Калінінградскі залівы. Прылівы мяшаныя (да 0,1 м). Гал. парты: Гдыня, Гданьск (Польшча), Балтыйск (Расія).
т. 5, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГДЫ́НЯ (Gdynia),
горад на Пн Польшчы. Пабудавана ў 1924—36 як адзіны на той час порт Польшчы на Балтыйскім м. 250,6 тыс. ж. (1993). Уваходзіць у агламерацыю Труймяста (Гдыня, Гданьск, Сопат). Марскі порт. Вываз вугалю, увоз руд, збожжа, нафтапрадуктаў. Суднабудаванне, разнастайнае машынабудаванне, харч. (рыбная, тлушчавая, мясная) прам-сць. Рыбалавецкая база. 2 ВНУ, 2 т-ры, 4 музеі (у т. л. ваенна-марскі). НДІ марскога рыбалоўства.
т. 5, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСТЭРПЛЯ́ТЭ (Westerplatte),
паўвостраў у Гданьскай бухце на тэр. г. Гданьск (Польшча). 1.9.1939 з бамбардзіроўкі Вестэрплятэ ням. браняносцам «Шлезвіг-Гольштэйн» пачалася 2-я сусв. вайна. 1—7 вер. польск. гарнізон (182 чал., сярод якіх былі беларусы і ўраджэнцы Зах. Беларусі, у т. л. Я.Брыль) трымаў тут гераічную абарону, стрымліваючы намнога большыя сілы ням.-фаш. войскаў і флоту. Каля ўваходу ў порт помнік абаронцам Вестэрплятэ (1966).
т. 4, с. 120
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЮКО́ВІЧ (Пётр Іванавіч) (16.8.1923, в. Казекі Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 11.2.1982),
поўны кавалер ордэна Славы. Працаваў у калгасе. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1942. Камандзір мінамётнага разліку сяржант К. вызначыўся: у чэрв. 1944 пры вызваленні Магілёва, у жн. 1944 пры авалоданні крэпасцю Асовец (Польшча), у сак. 1945 у баях за Гданьск і выхад да Балт. мора. Пасля вайны жыў у Оршы, працаваў на льнокамбінаце.
т. 8, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКА́НЧЫКАВА (дзявочае Ясюкевіч) Дзіяна Іванаўна
(н. 24.11.1937, Мінск),
бел. спартсменка (фехтаванне на рапірах). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1966). Засл. трэнер Беларусі. Скончыла Бел. ін-т фіз. культуры (1959). З 1960 на трэнерска-выкладчыцкай рабоце, з 1996 настаўніца фізкультуры (сярэдняя школа № 51, Мінск). Чэмпіёнка свету ў камандным першынстве (1961, г. Турын, Італія; 1963, г. Гданьск, Польшча; 1966, Масква). Чэмпіёнка СССР (1962, 1964) у камандным першынстве, бронз. прызёр (1962) у асабістым першынстве.
т. 11, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМУ́ЛКА ((Gomółka) Крысціна) (н. 8.4.1954, г. Гданьск, Польшча),
польскі гісторык. Скончыла Гданьскі ун-т (1977). Д-р габілітаваны (1993). У 1978—93 працавала ў Ін-це эканам. і гуманітарных навук, з 1993 — у політэхн. ін-це ў Гданьску. Даследуе гісторыю беларусаў паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі, паліт. эканам. і культ. жыццё сучаснай Беларусі, бел. дыяспару. З 1993 рэдактар польска-бел. час. «Dyskusja» («Дыскусія»).
Тв.:
Białorusini w II Rzeczypospolitej. Gdańsk, 1992.
т. 5, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕВЕ́ЛІЙ (лац. Hevelius) Ян
(28.1.1611, г. Гданьск, Польшча — 28.1.1687),
польскі астраном, заснавальнік селенаграфіі. Стварыў першыя падрабязныя карты Месяца (у творы «Селенаграфія, або Апісанне Месяца», 1647), адкрыў аптычную лібрацыю Месяца, фазы Меркурыя. Склаў першы сістэматычны агляд усіх назіраных камет, каталог становішчаў 1564 зорак. Адкрыў 4 каметы, вылучыў 11 новых сузор’яў. Вырабляў секстанты, квадранты без оптыкі (для дакладных вымярэнняў), рэфрактары даўжынёй да 70 м («паветраныя трубы»). Пабудаваў абсерваторыю ў Гданьску, якую апісаў у творы «Нябесная машына» (1673).
Літ.:
Еремеева А.И. Выдающиеся астраномы мира. М., 1966.
т. 5, с. 130
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІЗАРО́ЎСКІ (Аарон) (Адам, Аляксандр, 1618, Віцебшчына — 1659),
правазнавец, палітолаг, сацыёлаг. Вучыўся ў навуч. установах Беларусі, Польшчы, Аўстрыі, Германіі, Італіі. Д-р права (1645), праф. Віленскай акадэміі. Адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў свецкага кірунку ў сацыялагічнай і палітыка-прававой думцы Беларусі 17 ст. У працы «Аб палітычнай супольнасці людзей» (Гданьск, 1651) насуперак сярэдневяковым традыцыям, тэалагічным тэорыям пра дзяржаву і права разглядаў з’явы грамадскага жыцця з пункту гледжання прыроды чалавека і патрабаванняў чалавечага розуму, крытыкаваў паднявольную працу і прыгнёт сялян, заклікаў да грамадскакарыснай працы.
т. 1, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКУ́ЛЬСКІ (Сямён Пятровіч) (15.9.1896, в. Ківачына Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 8.5.1964),
генерал-лейтэнант (1944). Скончыў Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1929, 1934) і Генштаба (1948). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. 1918—20 і сав.-фінл. 1930—40 войнаў. У Вял. Айч. вайну на Ленінградскім, Волхаўскім, Карэльскім, 3-м Прыбалт. і 2-м Бел. франтах: камандзір дывізіі, нач. штаба, нам. камандуючага арміяй і войскамі Волхаўскай аператыўнай групы, камандзір корпуса, камендант г. Гданьск. У 1946—55 на выкладчыцкай рабоце.
т. 10, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛТЫ́ЙСКАЯ ГРАДА́,
паласа ўзгорыста-градавага рэльефу з азёрнымі катлавінамі ўздоўж паўд. і паўд.-ўсх. ўзбярэжжаў Балтыйскага м. ад Даніі на З да р. Зах. Дзвіна на У (у межах Германіі, Польшчы, краін Балтыі і часткова Беларусі). Даўж. каля 1500 км, шыр. 80—90 км, выш. да 329 м (г. Вяжыца недалёка ад г. Гданьск, Польшча). Пашыраны канцова-марэнны рэльеф, озы, друмліны, азёры (найб. Мюрыц, Снярдвы, Мамры).
Утварылася ў час апошняга зледзянення плейстацэну. На Пд да Балтыйскай грады прымыкаюць зандравыя раўніны, падзеленыя далінамі рэк на Мекленбургскае, Паморскае і Мазурскае паазер’і. У Беларусі да Балтыйскай грады адносяць Браслаўскую граду і ўсх. ч. Латгальскага ўзвышша. Расліннасць — мяшаныя і хваёвыя лясы.
т. 2, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)