МІ́ЛЕР ((Miller) Мёртан Хоўард) (н. 1923),

амерыканскі эканаміст. Скончыў Гарвардскі ун-т. Праф. Лонданскай школы эканомікі, Ін-та тэхналогіі імя Карнегі, Вышэйшай школы бізнесу Чыкагскага ун-та. Працаваў у амер. дзярж. эканам. установах. У 1976 прэзідэнт Амер. фін. асацыяцыі. Даследаваў праблемы функцыянавання фін. рынкаў (тэорыя партфельнага выбару, фінансы карпарацый і інш.). Асн. праца «Кошт капіталу, фінансы прыватных карпарацый і тэорыя інвестыцый» (1958, разам з Ф.Мадыльяні). Нобелеўская прэмія 1990 (разам з Г.Маркавіцам і У.Ф.Шарпам).

т. 10, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУ́НТЛАНД ((Brundtland) Гру Харлем) (н. 20.4.1939, Осла),

дзяржаўны і палітычны дзеяч Нарвегіі. Скончыла ун-т у г. Осла і Гарвардскі ун-т (ЗША). У 1974—79 міністр па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя. З 1977 дэп. парламента. У 1975—81 нам. старшыні, з 1981 старшыня Нарвежскай рабочай партыі (НРП). У 1979—81 старшыня знешнепаліт. к-та сторцінга (парламента), з 1986 — Міжнар. камісіі па навакольным асяроддзі і развіцці. У 1981, 1986—89 і з 1990 прэм’ер-міністр Нарвегіі.

т. 3, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬЮ́ІС ((Lewis) Гілберт Ньютан) (23.10. 1875, г. Уэймут, ЗША — 23.3.1946),

амерыканскі фізікахімік, заснавальнік навук. школы. Чл. Нац. АН ЗША (1913). Замежны ганаровы чл. АН СССР (1942). Скончыў Гарвардскі ун-т (1896). З 1912 праф. Каліфарнійскага ун-та ў Берклі. Навук. працы па хім. тэрмадынаміцы і тэорыі будовы рэчыва. Прапанаваў электронную тэорыю непалярнай хім. сувязі (1912—16), адну з сучасных тэорый кіслот і асноў (1923). Атрымаў цяжкую ваду (1933, разам з Р.Макдональдам), вылучыў цяжкі ізатоп вадароду — дэйтэрый.

т. 9, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ́КАМ, Ньюкамб (Newcomb) Сайман (Сімон; 12.3.1835, г. Уоліс, Канада — 11.7.1909), амерыканскі астраном. Чл. Нац. АН ЗША (1869), Лонданскага каралеўскага т-ва (1877). Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1896). Скончыў Гарвардскі ун-т (1858). У 1861—77 праф. Марской акадэміі ў Вашынгтоне. Навук. працы па нябеснай механіцы, астраметрыі і навігацыйнай астраноміі. Даследаваў рух Месяца, планет і іх спадарожнікаў, праблемы паходжання астэроідаў. Папулярызатар астр. ведаў.

Тв.:

Рус. пер. — Астрономия для всех. Одесса, 1905.

Літ.:

Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966. С. 400—402.

т. 11, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЭ́ШАЎ ((Glaschow) Шэлдан Лі) (н. 5.12.1932, Нью-Йорк),

амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Нац. АН ЗША. Бацькі Глэшава паходзяць з Беларусі. Скончыў Корнелскі (1954) і Гарвардскі (1955) ун-ты. З 1966 праф. Гарвардскага ун-та. Навук. працы па фізіцы высокіх энергій і тэорыі элементарных часціц. Выказаў гіпотэзу пра існаванне новага квантавага ліку — чароўнасці (1964). Мадыфікаваў тэорыю слабага і электрамагнітнага ўзаемадзеяння Вайнберга—Салама і ўключыў у разгляд зачараваныя кваркі (1970). Прапанаваў тэорыю, якая аб’ядноўвае слабыя, эл.-магн. і моцныя ўзаемадзеянні (гл. «Вялікае аб’яднанне»). Нобелеўская прэмія 1979.

т. 5, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ ((Lee) Дэвід Морыс) (н. 20.1.1931, г. Рай, ЗША),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1991), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1990). Скончыў Гарвардскі (1952) і Канектыкуцкі (1955) ун-ты. З 1959 у Карнуальскім ун-це (з 1969 праф.). Навук. працы па фізіцы нізкіх і звышнізкіх т-р, па даследаванні ўласцівасцей вадкага гелію і атамарнага вадароду, звышправоднасці. Адкрыў з’яву звышцякучасці вадкага гелію-3 (1972). Нобелеўская прэмія 1996 (разам з Р.Рычардсанам, Д.Ошэрафам).

Тв.:

Рус. пер. — Необычные фазы жидкого ​3Не // Успехи физ. наук. 1997. Т. 167, № 12.

М.М.Касцюковіч.

Д.Лі.

т. 9, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУД ((Wood) Роберт Уільямс) (2.5.1868, г. Конкард, штат Масачусетс, ЗША — 11.8.1955),

амерыканскі фізік-эксперыментатар, заснавальнік ультрафіялетавай і інфрачырвонай фатаграфіі. Чл. Нацыянальнай АН ЗША (1912), ганаровы чл. АН СССР (1930). Скончыў Гарвардскі ун-т (1891). У 1901—38 праф. ун-та Дж.Хопкінса ў Балтымары. Навук. працы па фіз. оптыцы. Адкрыў аптычны рэзананс (1902). Заклаў асновы тэорыі атамных і малекулярных спектраў. Зрабіў значны ўклад у стварэнне аптычных прылад (спектрографаў, дыфракцыйных рашотак, установак для атрымання спектраў камбінацыйнага рассеяння і інш.).

Тв.:

Рус. пер. — Физическая оптика. М.; Л., 1936.

Літ.:

Сибрук В. Роберт Вуд: Пер. с англ. 5 изд. М., 1985.

т. 4, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫ́ДЖМЕН ((Bridgman) Персі Уільямс) (21.4.1882, г. Кеймбрыдж, штат Масачусетс, ЗША — 20.8.1961),

амерыканскі фізік і філосаф, заснавальнік фізікі высокіх ціскаў. Чл. Нацыянальнай АН ЗША. Скончыў Гарвардскі ун-т (1905), дзе і працаваў (у 1926—54 праф.). Распрацаваў метады атрымання ціскаў да 42,5 ГПа (425 тыс. атм), даследаваў уласцівасці многіх рэчываў пры высокіх цісках, што прывяло, у прыватнасці, да стварэння штучных алмазаў і цвёрдага (металічнага) вадароду. Заснавальнік аперацыяналізму — філас. кірунку, які тэарэт. веды зводзіць да эмпірычных працэдур вымярэння. Аўтар кніг «Аналіз размернасцяў» (рус. пер. 1934) і «Фізіка высокіх ціскаў» (рус. пер. 1935). Нобелеўская прэмія 1946.

т. 3, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДРЫ́Д УРТА́ДА ((Madrid Hurtado) Мігель дэла) (н. 12.12.1934, г. Каліма, Мексіка),

дзяржаўны дзеяч Мексікі. Скончыў Нац. аўт. ун-т Мексікі, Політэхнічны ін-т у Мехіка, Гарвардскі ун-т (ЗША). З 1960 на кіруючых пасадах у вышэйшых фін. установах і дзярж. апараце, у т.л. нам. міністра фінансаў (1972—73 і 1978), міністр па праграміраванні і бюджэце (1979—81). Прэзідэнт Мексікі ў 1982—88. Праводзіў палітыку аздараўлення нац. эканомікі, стрымлівання інфляцыі, барацьбы з беспрацоўем; у знешняй палітыцы выступаў супраць іншаземнага ўмяшання ў справы лац.-амер. краін. Пры ім Мексіка ўваходзіла (з 1983) у «Кантадорскую групу» па мірным урэгуляванні ў Цэнтр. Амерыцы.

т. 9, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ СЫН МАН (26.3.1875, б. прав. Хванхэ, Кар. Нар.-Дэмакр. Рэспубліка — 19.7.1965),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Рэспублікі Карэя. Д-р філасофіі (1910). Знаходзіўся ў роднасных сувязях з дынастыяй Лі. Скончыў Вашынгтонскі, Прынстанскі і Гарвардскі ун-ты (ЗША). З 1896 удзельнік кар. нац. руху; у 1898—1904 зняволены за арганізацыю студэнцкіх дэманстрацый. З 1904 у ЗША. У 1919—39 прэзідэнт т.зв. Кар часовага ўрада ў выгнанні. У вер. 1945 вярнуўся ў Карэю з амер. войскамі. З 1948 прэзідэнт Рэспублікі Карэя. Пад націскам масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у крас. 1960 падаў у адстаўку. З 1960 у эміграцыі на Гавайскіх а-вах (ЗША).

т. 9, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)