ГАРАДЗЕ́ЦКАЯ РАЗМАЛЁЎКА,
рускі нар. мастацкі промысел. Існуе ў раёне г. Гарадзец Ніжагародскай вобл. з сярэдзіны 19 ст., калі замяніла мясц. вытв-сць калаўротаў з інкрустацыяй і разьбой (існавала з 18 ст.). У 1936 засн. арцель, з 1960 ф-та «Гарадзецкая размалёўка», якая вырабляе сувеніры, цацкі. Гарадзецкая размалёўка (жанравыя сцэнкі, фігуры коней, пеўняў, кветкавыя ўзоры) яркая, лаканічная, выконваецца тэмперай, характэрны свабодны мазок з белай і чорнай графічнай абводкай.
Літ.:
Маврина Т.А. Городецкая живопись: [Альбом]. Л., 1970.
т. 5, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1648—50,
выступленне сялян і гараджан у вызваленчую вайну ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Пачалося 13.10.1648 выступленнямі сялян вёсак Будымлі, Бухлічы, Варані, Векаровічы, Старое Сяло, Струга, гараджан Давыд-Гарадка, мяст. Гарадзец. Паўстанцы на чале з войтам Давыд-Гарадка І.Багдашэвічам (выбраны палкоўнікам) стваралі атрады на казацкі ўзор. У кастр. — снеж. 1648 паўстанне ахапіла ўсю Давыд-Гарадоцкую вол. і суседнюю ч. Пінскага пав. Сяляне грамілі маёнткі феадалаў, знішчалі дакументы на правы іх уладанняў і інш. Паўстанне працягвалася больш за 2 гады, задушана войскамі Рэчы Паспалітай.
т. 5, с. 567
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́ЦКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Закладзены ў 2-й пал. 19 ст. на б. хутары Гарадзец (Шаркаўшчынскі р-н Віцебскай вобл.). Парк пейзажнага тыпу. Пл. каля 10 га. Тэрыторыю перасякае р. Мнюта. На высокім правым беразе стаіць сіметрычны 1-павярховы сядзібны дом з 2-павярховай цэнтр. часткай, адметнай 4-калонным порцікам. Перад домам партэр у форме эліпса. За ракой па восі будынка паляна з групамі бяроз і вадаём. Па перыметры парку пасадкі мясц. лісцевых парод з паасобнымі елкамі. У парку растуць елка калючая блакітная, лістоўніца еўрапейская, вярба белая ніцая і дэкар. кусты — спірэя, шыпшына, бэз і інш.
т. 5, с. 40
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́ЦКІ ПРЫГО́ННЫ КВАРТЭ́Т У.Г.КАСТРЫЁТА-СКАНДЭРБЕ́КА Існаваў у канцы 1840—50-я г. Створаны кампазітарам-аматарам У.Г.Кастрыёта-Скандэрбекам
(блізкі сябра М.Глінкі і А.Даргамыжскага) у яго маёнтку Гарадзец на Магілёўшчыне з прыгонных сялян, прафесійна падрыхтаваных ням. скрыпачом Бекерам. У склад квартэта ўваходзілі С.Іваноў (1-я скрыпка),
М.Міхайлаў (2-я скрыпка), В.Андрэеў (альт), К.Васільеў (віяланчэль). Ансамбль меў вял. рэпертуар. Пра высокі ўзровень яго выканальніцкага майстэрства сведчыць выкананне ўсіх 16 квартэтаў Л.Бетховена, апошнія з якіх — найскладанейшыя творы сусв. квартэтнай л-ры. Квартэт пад кіраўніцтвам свайго ўладара вёў шырокую канцэртную дзейнасць на Магілёўшчыне; у 1858 тройчы выступаў у Магілёве з выкананнем твораў В.А.Моцарта і Бетховена.
Літ.:
Skrobecki L. Korespondencia z Mohilewa nad Dnieprem // Ruch muzyczny. 1858. № 27.
А.Л.Капілаў.
т. 5, с. 40
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРБА́ Вера
(сапр. Сакалова Гертруда Пятроўна; н. 14.1.1942, в. Высокі Гарадзец Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэтэса. Скончыла БДУ (1964). Працавала ў рэдакцыі газ. «Літаратура і мастацтва» (1972—77), час. «Беларусь» (1980—83). Друкуецца з 1948. Маладосць і каханне, пачуцці мацярынства, роздум над гісторыяй бацькоўскай зямлі, складанымі і супярэчлівымі праблемамі сучаснасці — асн. матывы лірыкі паэтэсы (зб. «Вочы вясны», 1962, «Белыя пісьмы», 1967, «Высакосны год», 1969, «Альфа», 1978, «Яраслаўна», 1986, і інш.). Паэзія Вярбы рамантычна ўзнёслая, летуценная, не пазбаўленая рэаліст. матываў і вобразаў. Творча пераасэнсоўвае паэтыку і вобразнасць вуснай нар. творчасці. Аўтар ліра-эпічнай паэмы «Каліна» (1968), прысвечанай В.Харужай і яе паплечнікам, паэмы «Сіняя бухта» (1975) пра сцежкі маленства, родны край, паэм «Падаліст» (1975, пра гісторыю Мінска, лёс свайго народа), «Снежная горка» (1976) і інш. Верш Вярбы «Ручнікі» стаў папулярнай песняй (муз. М.Пятрэнкі). Піша і для дзяцей (зб. «Пралеска», 1968). Пераклала на бел. мову аповесць Р.Фраермана «Дзікі сабака Дзінга, альбо Аповесць пра першае каханне» (1975).
Тв.:
Выбранае. Мн., 1976;
Мая маленькая планета. Мн., 1982;
Белыя пісьмы: Вершы, паэмы. Мн., 1987;
Апошні верасень: Выбранае. Вершы і паэмы. Мн., 1995.
І.У.Саламевіч.
т. 4, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)